Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2010-12-17 01:36:42

Вінцук Вячорка
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-02-25
Паведамленьняў: 1

Вінцук Вячорка. Правапіс - люстэрка гісторыі („Спадчына“. 1991. № 4)

Народ, гісторыя, культура

ПРАВАПІС — ЛЮСТЭРКА ГІСТОРЫІ...

Беларускія перыядычныя выданні вяртаюць у культурны абыходак лепшае з даўнейшай публіцыстыкі, краснага пісьменства, гісторыяграфіі, што, незаслужана забытае, пылілася ў спратах і спачывала пад цэнзарскім замком. У „Спадчыне“ гэтую справу робяць рубрыкі „Скарбніца“, „Вяртаецца да чытача“, „Дакументы і людзі“. Большасць часопісаў і газет друкуе такія публікацыі правапісам арыгіналу, калі-нікалі досыць адлеглым ад заканадаўча прынятага цяпер.

Натуральна, ёсць няпісанае навуковае правіла публікаваць помнік як найбліжэй да першаўзору. Аднак да колішняга правапісу звяртаюцца і літаратурна-мастацкія выданні, ім друкуюцца новыя масавыя газеты, плакаты, перадвыбарчыя матэрыялы... Ды суіснаванне розных правапісных і граматычных варыянтаў для беларускай мовы XX ст. — рэч не новая.

Беларуская пісьмовая мова ўступіла ў новае стагоддзе ў двух абліччах: кірылічнае, або „грамадзянскае“, азбукі і лацінскай абэцэды. Кірыліца на Беларусі з часоў хросту, лацінка ж дапасаваная да гукаў нашае мовы пазней, у часы, калі пры двары Кароны Польскай беларускія дакументы сталі запісваць лацінкай польскага ўзору. Лацінка надта пашырылася ў XIX ст., магчыма, таму, што большасць беларускіх пісьменнікаў тады складалі каталікі, але, пэўна, уплывала імкненне кантрастна абазначыць розніцу з расейскаю мовай. У XX ст. першыя значныя выданні — лістоўкі БСГ, газеты „Наша доля“ і „Наша ніва“ — друкаваліся абодвума алфавітамі (у 1912 г. „Наша ніва“ спынілася на кірыліцы); пазней лацінкай выходзілі перыёдыкі „Крыніца“, „Беларуская крыніца“, часткова „Шлях моладзі“, падручнікі, кнігі, слоўнікі ў Заходняй Беларусі (у Беларусі Савецкай лацінка не ўжывалася). Лацінка побач з кірыліцай відаць у віленскіх выданнях да самай вайны, ёю друкавалася літаратура падчас вайны; зрэдку выходзіць і цяпер на эміграцыі ды на Беласточчыне. Беларуская лацінка набыла надзвычай істотную функцыю: ёю пішуцца беларускія ўласныя імёны ў англійскіх, нямецкіх ды іншых лацінапісьмовых тэкстах — на жаль, толькі на Захадзе, у нас жа па-ранейшаму колькі моваў, гэтулькі напісанняў; адразу і не ўцяміш, што гутарка пра адно: Baranovichi, Baranowitschi, Baranovitchi, Baranowicze, хоць прасцей паўсюль пісаць Baranavičy. Відаць, што не польская і не расейская назва; стандартнасці вымагае і міжнародная традыцыя напісання ўласных імёнаў.

<c.3>Кірыліца-„грамадзянка“ ў пачатку стагоддзя, як і лацінка, не набыла адметнага нацыянальнага аблічча і складалася фактычна, за невялікім выключэннем, з літараў расейскай азбукі: і альбо и пісалі ў адпаведнасці з расейскім правілам (гл. апублікаваныя ў [„Спадчыне“] № 3 за 1991 год агітацыйныя матэрыялы БСГ 1905 г.). Непаслядоўна абазначалася на пісьме беларускае аканне (поход, рэка), бессістэмна пісаліся іншамоўныя словы (делегація). Але ўжо на старонках „Нашае нівы“ выявілася імкненне пісаць бліжэй да вымаўлення, з кожным годам усё больш выразнае, што дазваляе прыблізна датаваць паводле правапісу розныя тагачасныя публікацыі. Акрамя чужамоўных уплываў, была яшчэ адна прычына неўсталяванасці пісьма: многія дапісчыкі „Нашае нівы“, часопісаў трымаліся вымаўлення сваіх родных мясцінаў — ад віцебскага зілянець да паўднёва-заходняга зялянець.

Наспела патрэба ў пісанай граматыцы, і з’явілася іх адразу некалькі: „Jak prawilna pisać pabiełarusku“ Антона Луцкевіча (Вільня, 1917), „Biełaruski prawapis“ Антона Луцкевіча і Янкі Станкевіча, граматыка Баляслава Пачобкі, арыгінальная кніжка нямецкага прафесара Рудальфа Абіхта і Янкі Станкевіча „prósty spósab stácca ŭ karótkim čáśe hrámatnym“, якая прапаноўвала для нашае мовы „ідэальны алфавіт“, дзе кожнаму гуку адпавядала б адна літара і не было б асобнага выгляду рукапісных і друкаваных, вялікіх і малых літараў. Кніжка выйшла ў Брэславе (Уроцлаве) у 1918 г. Усе граматыкі імкнуліся да фанетычнасці напісання, г. зн. да адпаведнасці яго вымаўленню, але, мусіць, адным аўтарам бракавала паслядоўнасці, праца ж іншых была занадта смелая на тыя часы. „Беларуская граматыка для школ“ Браніслава Тарашкевіча, што выйшла абедзвюма азбукамі ў 1918 г., шчасліва пазбегла крайнасцяў, вытрымала навуковы ўзровень і зусім дакладна выбрала за асноўны віленска-маладзечанскі дыялект беларускай мовы, які па сучаснай класіфікацыі адносіцца да сярэднебеларускіх гаворак. Сам Тарашкевіч быў родам з падвіленскіх Мацюлішак. Тарашкевічава „Граматыка“ апісвала і адначасова парадкавала моўныя з’явы — найперш скланенне і спражэнне. Раздзелы ж, прысвечаныя менавіта правапісу, хоць і невялікія, аднак маюць у „БГШ“ ці не галоўнае значэнне.

Тарашкевіч канчаткова замацаваў напісанні з „аканнем“ (праўда, напачатку толькі ў беларускіх з паходжання словах: малако, белага, але поэма). Ён вызначыў правілы „якання“ на пісьме для спрадвечнабеларускіх словаў: у першым складзе перад націскам е пераходзіць у яелень — зялёны), у другім — е пераходзіць у я, калі ў першым стаіць не а ці яепатрэ́бны, але нячува́ны). Правіла досыць складанае, але заснаванае на вымаўленні некаторых гаворак Віленшчыны. Вядома, замацоўвалася ў нескладовае, паказвалася цвёрдасць шыпячых (шырокі, чырвоны), дзеканне-цеканне (дзеці).

Вымаўленне і напісанне ў кожнай мове, якая карыстаецца алфавітам, у большай або меншай меры не супадаюць. Паўстае дылема: ці захоўваць нязменна, не зважаючы на вымаўленне, часткі слова (карані, суфіксы), ці, наадварот, зважаць найперш на вымаўленне, трымацца прынцыпу, сфармуляванага вялікім сербскім асветнікам Вукам Караджычам: „Пиши како говориш“. Паводле першага прынцыпу ў асноўным пішуць рускія (молоко, песчаный, хоць кажуць мълако, пищанъй).

Галоўнае адрозненне паміж старабеларускай літаратурнай мовай часоў Скарыны і Вялікага Княства, з аднаго боку, і беларускаю літаратурнаю мовай XX ст. — у тым, як пісьмо суадносіцца з вымаўленнем.

<c.4>Чатырыста гадоў таму нашыя продкі пісалі на царкоўнаславянскі ўзор ходити, литовъскии, хоць чыталі ды казалі хадзіці, літоўскі. Разыходжанне асвячонага традыцыяй пісьма і жывога слова надта нікому не шкодзіла, бо беларуская мова панавала ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, на спосаб чытання не ціснулі чужамоўныя ўзоры, а вымаўленчая завядзёнка перадавалася з пакалення ў пакаленне. Дарэчы, даволі значна адрозніваецца чытанне ад напісання ў англійскай, французскай мовах. Такое разыходжанне без рызыкі страціць самабытнасць, падпасці пад чужыя ўплывы, пацярпець у плане прэстыжнасці, як правіла, дазваляюць сабе мовы дзяржаўныя, трывала ўгрунтаваныя ў грамадскім жыцці свайго народу.

Для мовы паняволенага народу гэта не можа быць узорам — свядома ці падсвядома адчувалі ўпараднікі беларускага пісьма XIX — пачатку XX стст. 3 першых жа беларускіх тэкстаў XIX ст., запісаных лацінкай, а потым і кірыліцай, відаць няўхільная тэндэнцыя аўтараў, фалькларыстаў, святароў да гукавых, фанетычных напісанняў. Тарашкевіч замацаваў яе.

Вядома, Тарашкевічаў правапіс не быў механічнаю спробаю замацаваць на пісьме вымаўленне, гэта — задача навуковае транскрыпцыі. Але перадаць у пісанай форме асноўныя рысы беларускай фанетыкі, што адрозніваюць яе ад суседніх, найперш ад рускай, — ён змог. Гэта, акрамя згаданых, — і памякчэнне с, з, ц, дз перад наступнымі мяккімі (сьвет, зьвер, цьвік, дзьверы), і спрашчэнне збегаў зычных (нясьвіскі, добрускі), і паказ якання ў прыназоўніках і часціцах (ня той, бяз маткі). У той жа час аглушэнне зычных на пісьме не паказвалася, бо <c.5> гэта — ідэнтычная для беларускай, рускай і шмат у чым для польскай моваў з’ява (дзед чытаем як дзет). Зручнасць Тарашкевічавага правапісу, яго адпаведнасць духу жывой мовы гарантавалі яму ўсеагульнае прызнанне. Без урадавых пастановаў правапіс і граматыка Тарашкевіча (дазволім надалей сабе называць гэты варыянт упарадкавання беларускае літаратурнае мовы „тарашкевіца“) сталіся абавязковымі для выдаўцоў перыёдыкі ды кніг для пісьменнікаў і журналістаў, для настаўнікаў і выкладчыкаў у Менску ці ў Смаленску, у Вільні ці ў Пецярбурзе.

На падставе граматыкі Тарашкевіча пачалі ствараць падручнікі беларускай мовы браты Лёсікі, Радаслаў Астроўскі, іншыя. Прычым Я. Лёсік развіваў і ўдакладняў абыдзеныя ўвагай Б. Тарашкевіча або недастаткова разгледжаныя ім моманты, напрыклад, правапіс чужаземных словаў.

Тарашкевіч пісаў у „Граматыцы“: „Чужаземнае l (сярэдняе) перадаецца мяккім ль, як у словах лямка, пляц, плямка, клямка; Лёндан, лёзунг, монолёг...(...) Не зьмягчаюцца звычайна й зычныя з, с і ц: асыстэнт, магазын, пазыцыя...“ Але культурна-гістарычнае і навуковае абгрунтаванне гэтай відавочнай для кожнага тагачаснага носьбіта беларускай мовы яе рысы далі ўпершыню Язэп Лёсік і Ян Станкевіч. Лёсік у артыкуле „Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу“ („Полымя“, № 2, 1925) пісаў: „3 лацінскае мовы маем шмат слоў агульнакультурнага значэньня; яны зашлі да нас або праз Польшчу, або праз старасьвецкую школу, дзе некалі, як і ўсюды ў Эўропе, панавала латынь, дзеля гэтага словы лацінскага пахаджэньня найбольш пашыраны былі сярод шляхты і вуніяцкага духавенства“. Вымаўленне мяккага ль і цвёрдых іншых зычных у іншамоўных словах падобна тлумачыў Я. Станкевіч у працы „Да вымовы й правапісу чужых словаў“ („Родная мова“, Вільня, № 1—2, 1930), які паказаў, што ў народнай мове прыжыліся словы лямпа, шкарлятына, а ў сучаснай літаратурнай па той жа мадэлі аформіліся лёзунг, кляса і г. д. Пераканаўча гучаць доказы Станкевіча што да вымаўлення сыстэма, псыхіка: беларускія мяккія зь, сь надта далёкія ад заходнееўрапейскіх паўмяккіх з, с у гэтых словах. Даўнейшыя магазын, Зыдар, Базыль, Сымон далі ўзор і для пазнейшых запазычанняў.

Магутны ўздым беларускай культуры, якая выкарыстала часовую магчымасць развіцця па абодва бакі мяжы — і ў польскай, і ў савецкай частках падзеленай Беларусі, — прывёў да ўзнікнення велізарнага корпусу беларускіх тэкстаў і, што яшчэ больш важна, далучыў да беларускага пісьмовага слова мільёны людзей. У жывой практыцы сталі выяўляцца пэўныя „белыя плямы“, недасканаласці правапісу і нават алфавіту. 3 ідэяй перагляду некаторых палажэнняў тарашкевіцы і рэформы алфавіту выступілі Язэп і Антон Лёсікі, якія распачалі дыскусію ў прэсе (гл., напр., „Да рэформы беларускага правапісу“. „Полымя“, № 6, 1926).

Вынікам дыскусіі стала скліканне Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 г. Канферэнцыя праходзіла на дзяржаўным узроўні, на яе запрасілі найлепшых мовазнаўцаў абедзвюх частак Беларусі, беларускай дыяспары, іншых саюзных рэспублік і краін. У працы Канферэнцыі бралі ўдзел С. Некрашэвіч, П. Бузук, Я. Воўк-Левановіч, Я. Лёсік, Ул. Чаржынскі, Ан. Багдановіч (Менск), П. Растаргуеў з Масквы, А. Німчынаў з Украіны, знакаміты прафесар Макс Фасмэр з Германіі, Яніс Райніс з Латвіі. 3 Коўна, Рыгі і Прагі прыехалі В. Ластоўскі, К. Езавітаў і Ул. Жылка. Поль<c.6>скі ўрад не даў згоды на выезд у Менск віленскіх беларускіх навукоўцаў, у выніку чаго ані А. Луцкевіч, ані сам Тарашкевіч у працы форуму ўдзелу не бралі (Я. Станкевіч, маючы магчымасць паехаць, застаўся дзеля салідарнасці).

Справаздачы з Канферэнцыі друкавалі газеты, яе прывітаў урад. Цікавую і прарочую ацэнку атмасферы Канферэнцыі даў Яніс Райніс: „Што паказала канферэнцыя? Маладая Беларусь перажывае сваё духоўнае адраджэнне ў вялікім энтузіязме і ідэалізме“.

Канферэнцыя стала не толькі святам беларускага Адраджэння, але і сведчаннем яго сталасці. Дыскусія ішла карэктна, удзельнікі добра разумелі сваю адказнасць перад нацыяй. Канферэнцыя пастанавіла ўвесці ў беларускі алфавіт пазычаныя з сербскага літары ђ, џ для абазначэння гукаў [дзь] і [дж], літару j, перадаваць у чужаземных словах пераход [э] у [а] толькі ў першым складзе перад націскам, але пераход [о] у [а] — паўсюдна (пісалі: рэмонт, поэзія; прапанавалі ж — рамонт, паэзія). Вырашылі пісаць асобна не і без незалежна ад вымаўлення.

Праблему абазначэння г. зв. асіміляцыйнай мяккасці зычных (сьвятло і пад.) вынеслі на абмеркаванне браты Лёсікі, якія прапаноўвалі зняць мяккі знак з падобных становішчаў у слове дзеля эканоміі месца. Яны, як, дарэчы, і В. Ластоўскі, зыходзілі з пераканання і надзеі, што дзяржаўная мова Рэспублікі будзе развівацца на ўласнай аснове, што іншамоўныя ўплывы не паглынуць самабытнае стыхіі беларушчыны, што вымаўляць свае словы беларусы не развучацца, як бы тыя ні пісаліся.

Ластоўскі наогул прапаноўваў пісаць діед, не пазначаць дзекання-цекання, бо гэтак пісалі ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага; замілаваны ў тым часе, ён бачыў у вяртанні старабеларускага правапісу спосаб забеспячэння пераемнасці культуры.

Прапанову скасаваць мяккі знак у пэўных становішчах рашуча не падтрымалі абазнаныя ў настаўніцкай працы навукоўцы Я. Бялькевіч і С. Мялешка, якія пераконвалі аўдыторыю, што знікненне мяккага знака абцяжарыць навучанне грамаце. Небяспеку знікнення характэрнай фанетычнай рысы бачылі і папярэджвалі пра гэта С. Некрашэвіч, П. Растаргуеў, Я. Воўк-Левановіч. Наогул большасць удзельнікаў Правапіснае камісіі Канферэнцыі былі супраць скасавання асіміляцыйнага ь, аднак прагаласаваць па гэтым пытанні камісія не паспела. Супраць гэтай прапановы яшчэ да канферэнцыі выказаліся і віленцы, у тым ліку Б. Тарашкевіч.

Канферэнцыя стварыла Правапісную камісію ў межах БАН, якой даручыла давесці да ладу прапановы, выпрацаваць сістэму абноўленага правапісу. Вынікам працы камісіі стаў „Беларускі правапіс (праект). Апрацаваны Правапіснай камісіяй БАН“, які выйшаў у 1930 годзе. Праект захоўваў асноўныя Тарашкевічавы правілы, даў колькі прапановаў і адлюстраваў гарачыя спрэчкі ўдзельнікаў камісіі. „Трэба таксама адзначыць, што некаторыя пастановы Камісіі праходзілі самаю нязначнаю большасьцю галасоў“, — пісалася ў прадмове. Адна з такіх пастановаў — прапанова зняць мяккі знак у пазіцыях паміж зычнымі — прайшла толькі ў карэктуры, прычым Купала і Некрашэвіч настаялі на публікаванні іх асаблівае думкі. Варта прывесці Некрашэвічаву аргументацыю:

„Асаблівасьць адменна мяккага, сьвісьцяча-сычачага вымаўленьня беларускіх сьвісьцячых „з, с, ц, дз“ перад мяккімі зычнымі і ётаванымі галоснымі катэгорычна вымагае, каб гэтыя гукі, як гукі <c.7>асобныя, знайшлі на пісьме свой адбітак. Да вырашэньня пытаньня аб рэформе азбукі (як іх азначаць на пісьме) гэтае азначэньне можна перадаваць праз „ь“. Зусім-жа не азначаць іх на пісьме — гэта значыць сьцерці адну з характэрных асаблівасьцяй беларускае мовы“. Купала цалкам згаджаўся з папраўкаю; Ластоўскі, памяняўшы сваю думку, прапаноўваў пазначаць мяккасць рыскай, як у беларускай лацінцы.

3 1930 г. стала відавочна, што ВКП(б) зрабіла паварот у палітыцы. Калектывізацыя, масавыя рэпрэсіі, „абвастрэнне класавай барацьбы“... Неабходным звяном гэтага ланцужка стала барацьба з „нацыяналізмам“ нярускіх народаў. Пад моўную палітыку быў падведзены ідэалагічны падмурак:

„Трэба даць нацыянальным культурам развіцца і разгарнуцца, выявіўшы ўсе свае патэнцыі, каб стварыць умовы для зліцця іх у агульную культуру з адной агульнай мовай“ (I. В. Сталін, выступ на XVI з’ездзе ВКП(б), 1930 г.).

Зоркі беларускае філалогіі, сябры Правапіснае камісіі (1927—1930) С. Некрашэвіч, Я. Лёсік, В. Ластоўскі, Я. Бялькевіч, Ул. Чаржынскі, многія ўдзельнікі Канферэнцыі 1926 г. былі рэпрэсаваныя ўжо ў 1930 г. На Купалу, на Бузука распачалі маральны, псіхалагічны ціск. Памяняўся склад Інстытута мовазнаўства, П. Бузук быў пастаўлены дырэктарам Інстытута, вучоным сакратаром пры ім — П. Юргілевіч, былы сакратар райкама; вылучаўся грамадскай актыўнасцю малавядомы як мовазнаўца Я. Мацюкевіч.

Менавіта гэтыя трое аўтараў у справаздачным артыкуле „Год працы Інстытуту мовазнаўства БАН“ („Савецкая краіна“— былы „Наш край“, № 12, 1931) выставілі тым, хто ўжо не мог адказаць, абвінавачанне:

„А чаго толькі ні нарабілі нацдэмы ў галіне правапісу і граматыкі. Яны змагаліся супроць усіх формаў скланеньня і спражэньня, аднолькавых з расійскімі формамі... Іх спасланьне... на архаічныя сялянскія гаворкі беларускай мовы... нічога не даводзіла, а наадварот, яшчэ раз сьведчыла аб тым, на што арыентаваліся нацдэмы ў справе нармаваньня літаратурнае мовы (...) У процілегласьць нацдэмам, Інстытут у гэтай рабоце орыентуецца не на гаворкі старых бабулек глухіх куткоў Беларусі, кулацка-шляхоцкіх засьценкаў, а ў першую чаргу на вядучыя беларускія гаворкі рабочых, калгасьнікаў і наогул бядняцка-серадняцкага сялянства“. Ідэалагічны сігнал набыў „навуковую“ базу. Шлях да рэфармавання мовы быў адкрыты, пытанне зводзілася толькі да яго тэмпаў і тэрмінаў.

У 1931 г. асноўнаю працай грамадазнаўчых аддзяленняў БАН стала выкрыццё „нацдэмаўшчыны“ ў розных галінах беларускай навукі. Адмыслова створаная „брыгада катэдры марксізму-ленінізму“ выпусціла серыю брашураў пад агульнаю назваю „Навука“ на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі“, адна з якіх прысвячалася мовазнаўству (аўтары — Л. Бабровіч, Ів. Шпілеўскі, В. Бандарэнка, С. Вальфсон і ўсё той жа Я. Мацюкевіч). Пафас кніжкі ўгрунтаваны на „яфетычнай“ класавай тэорыі мовы акад. М. Я. Мара: „...Калі, па вядомаму ўказаньню Леніна, „у кожнай нацыі ёсьць дзьве нацыі“, то ў нас ёсьць усе падставы сказаць, што ў „кожнай мове ёсьць дзьве мовы“. „Нацдэмаў“ абвінавачвалі ў імкненні вывучаць і захоўваць „феадальную“ і „кулацкую“ мову, бо, маўляў, пралетарыят, „кляса-прэтэндэнт на грамадзкую гегемонію, маладая рэволюцыйная кляса стварае сваю мову, афарбоўвае яе ў пэўныя клясава-<c.8>эмоцыянальныя тоны, надае сваёй мове наўмысьля абвостраныя формы, што колюць, рэжуць, б’юць. (...) Яна наўмысьля часам грубаватай бравурнасьцю адкідае філёлёгічныя каноны, устаноўленыя тымі клясамі, з якімі яна ўступае ў гістарычную сутычку, руйнуе моўную традыцыю...“

Гэтая зброя, зброя класавай дэмагогіі, і сапраўды пачала калоць і рэзаць, біць і руйнаваць лёсы як нашых навукоўцаў, так і нашае мовы — на сваё няшчасце, мовы народу „непралетарскага“.

Правапісная камісія ў новым складзе працягвала працу. 3 1930 па студзень 1933 гг. яна правяла 15 паседжанняў. Спрачаліся наконт таго, ці варта, як у рускай мове, гаварыць і пісаць, незалежна ад граматычнага роду, двух лаваў і двух сталоў, згаджаліся перайсці ад канчаткаў лясом, у лясох да формаў лясам, у лясах ды інш.

Укладальнікі Праекта’33 адмяжоўваюцца ад папярэднікаў: праект 1930 г. „складзены яшчэ пры нацдэмаўскім кіраўніцтве Інстытута мовазнаўства“. „...Яны (нацдэмы), — сцвярджалі ўкладальнікі новага праекта, — імкнуліся даць такі правапіс, які быў-бы адарваны ад шырокіх рабочых і бядняцка-серадняцкіх сялянскіх мас, прытупляў-бы мову, як зброю клясавае барацьбы“. Здаецца, упершыню граматычныя з’явы ўводзяцца ў літаратурную мову пры дапамозе ідэалагічных аргументаў: „...Узаконьваюцца даўно ўжо ўжываемыя ў савецкім друку формы дзеяслоўных прыметнікаў абодвух часоў абодвух станаў: існуючы, -ая, -ае, існаваўшы, -ая, -ае, эксплёатуемы, -ая, -ае... супроць якіх так змагаліся нацдэмы, аргумэнтуючы адмоўныя адносіны да гэтых форм спасыланьнем на адсутнасьць іх у сялянскіх гаворках. Патрэбнасьць увядзеньня гэтых форм даказваецца неабходнасьцю адрозьніваць у мове сэнс такіх выразаў, як эксплёатуемая кляса ад выразу эксплёатаваная кляса і пад. Ясна, што прапанаваная нацдэмамі форма эксплёатаваны ў сэнсе дзеяпрыметніка цяперашняга часу прыводзіць да грубага політычнага скажэньня сэнсу“.

Але характэрна, што нават такі, амаль дарэшты ідэалагізаваны і падпарадкаваны „барацьбе з нацдэмамі“, праект не ўводзіў зменаў у правапіс, а, значыць, у „еўрапейскае“ вымаўленне зычных у іншамоўных словах:

„Упарадкавана перадача чужаземнага l... Наогул... проект ухіліўся вялікадзяржаўніцкіх тэндэнцый, якія выяўляліся ў імкненьні даныя факты замежных слоў перадаваць абавязкова ў рускім вымаўленьні“... Праект раіць пісаць блюза, навэля і г. д.

Аднак за летнія месяцы 1933 г., за час пасля публікацыі Праекта’33 (чэрвень), становішча абвастрылася яшчэ больш. 3 пачатку года, зважаючы на папярэджанне Сталіна пра тое, што „могуць аджыць і заварушыцца групы буржуазных нацыяналістаў у цэнтры і на ўскраінах“, „Правда“ пачала рэгулярна публікаваць матэрыялы з Беларусі пра недастатковую барацьбу з „нацдэмамі“ і „нацыянал-ухілістамі“. Быў зняты з пасады Пятро Бузук і сасланы ў Волагду. Дырэктарам быў прызначаны Андрэй Александровіч, пра мовазнаўчыя пазіцыі і пазнанні якога сведчыць праграмны выступ на адной з нарадаў: „Шмат нацдэмы нашкодзілі ў пытаннях „окання“ ў словах іншамоўнага паходжання. Такія словы, як „кааперацыя, калгас, трактар“ і іншыя, пісалі праз „о“, матывуючы гэта правіла тым, што словы „калгас“, „кааперацыя“ і другія не прыняты беларускай мовай, не ўвайшлі ў быт, што яны па сваёй прыродзе чужыя беларускай мове. Што слова „калгас“ і падобныя ім чужыя і варо<c.9>жыя нацдэмам гэта зразумела, як і зразумела буржуазна-класавая „апрацоўка“ правапіса нацдэмаўскімі „слупамі мовазнаўства“.

Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз „о“: у нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы „комуна“, „комунізм“, „рэволюцыя“, „совет“, „соцыялізм“, „большэвік“, „піонер“, „Комінтэрн“, „комсамол“, „пролетарый“... пішуцца і ў нас праз „о“, г. зн. захоўваецца ў корані іх першакрыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма“.

Прашу прабачэння за даўгаватую цытату і пакідаю чытачу магчымасць разбірацца самому, чаму пісаць „трактор“ ёсць нацыяналізм, а пісаць „комуна“— сведчанне пралетарскага інтэрнацыяналізму.

Трэба меркаваць, што менавіта пры чынным удзеле Александровіча былі ўнесеныя прынцыповыя дадаткі ды змены ў Праект’33. Пастанова Саўнаркама ад 26 жніўня 1933 г. „Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса“ цалкам дапасавала правапіс „л“ і наогул зычных у словах іншамоўнага паходжання да рускай традыцыі (план, сесія); уводзіла выключна аднолькавыя з рускімі канчаткі назоўнікаў давальнага і меснага склону множнага ліку (братам, у гарадах); скасавала адметныя формы загаднага ладу (было: нясеце, бярэце; стала — нясіце, бярыце); увяла цэлую катэгорыю „інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных“ словаў, дзе не дапушчалася аканне (совет, комуніст — але камунальны, хоць гэта і аднакарэннае з папярэднім слова).

Відавочна, рэформа змяняла не толькі правапіс. Яна ўрывалася ў далікатную сферу вымаўлення і граматычных нормаў, што наогул недапушчальна без грамадскай апрабацыі і відавочных тэндэнцыяў у жывой моўнай практыцы. Рэформа валявым чынам уводзіла ў беларускую мову катэгорыю „дзеяпрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць соцыяльны сэнс, напр.: пануючы клас, а не ... класа, якая пануе“.

Якуб Колас, вымушаны, як і астатнія пісьменнікі, нешта сказаць пра рэформу, зрабіў гэта, так бы мовіць, з прыхаванай іроніяй: „... асноўных прынцыпаў (рэформы) тры: палітычны прынцып, навуковы і прынцып практычны (...) Палітычнае ўгрунтаваньне не патрабуе каментарыяў — яно ясна і проста“. Аднак пераважная большасць пісьменнікаў выказалася куды больш пэўна. Так, I. Харык, забыўшыся, што ініцыятыўная прапанова скасаваць памякчэнне на пісьме зыходзіла ад „нацдэма“ Лёсіка, сцвярджае: „...беларускія фашысты таксама „скорбят“ аб лёсе літары „мяккага знака“, прычым вельмі ясна выступае за гэтым плачам і брэхам другі знак, а іменна фашысцкі, і вышчараныя воўчыя зубы гэтых паноў“.

Па другі бок „зялёнае мяжы“, у Вільні, на рэформу адназначна негатыўна адрэагавала практычна ўсё навуковае грамадства. Ніводная газета, часопіс, кніга, незалежна ад палітычнай арыентацыі іхніх аўтараў і рэдактараў, у Вільні да 1939—40 гг. не выйшлі правапісам узору 1933 г. Папулярны месячнік „Шлях моладзі“ змясціў вострую нататку „Недарэчная рэформа“: „Ня мае аднак ніякіх жыцьцёвых падставаў тая рэформа, якая йдзе наперакор духу мовы, і заместа ўсталіць пэўныя правы, існуючыя ўжо ў практыцы, — накідае згары правілы, будучыя ў супярэчлівасьці з жывой мовай, калечучы яе ў імя палітычных тэндэнцыяў“. Беларускае Навуковае Таварыства ў Вільні 31 кастрычніка 1933 г. правяло прысвечанае <c.10>рэформе паседжанне, дзе прыняло рэзалюцыю пратэсту, прызнаўшы прынамсі палову зменаў русіфікацыйнымі (у працы БНТ бралі ўдзел такія вядомыя навукоўцы і грамадскія дзеячы, як А. Луцкевіч, Р. Зямкевіч, Я. Шнаркевіч, А. Бартуль, М. Шкялёнак, М. Ілляшэвіч, Ул. Самойла, а. Ул. Талочка, Ян Станкевіч. Апошні прысвяціў падрабязнаму аналізу рэформы кнігу „Зьмены беларускага языка ў БССР“ (1937).

Сам Браніслаў Тарашкевіч, якога польскія ўлады ў свой час не выпусцілі ў БССР для ўдзелу ў Акадэмічнай канферэнцыі, досыць асцярожна паставіўся нават да яе рашэнняў: „...Непавязаныя, паасобныя зьмены „на лепшае“ могуць заграмазьдзіць і загарадзіць дарогу да запраўды добрай рэформы.

Дзеля гэтага аўтар устрымаўся ад увядзеньня і тых зьмен, якія прыняла „Акадэмічная Конфэрэнцыя...“ — пісаў Тарашкевіч у прадмове да V выдання свае „Граматыкі“. Напярэдадні той канферэнцыі Тарашкевіч адмоўна адказаў на пункт анкеты аб магчымым скасаванні асіміляцыйнага „ь“. Апынуўшыся ў 1933 г. у СССР, Тарашкевіч адразу адбыў у ганаровую ссылку ў Маскву, і пра яго сапраўднае стаўленне да рэформы нічога не вядома.

Рэформа 1933 г. яшчэ чакае ўсебаковай ацэнкі. Аднак ужо ў 1968 г. аўтарытэтныя менскія навукоўцы I. Крамко, А. Юрэвіч і А. Яновіч заўважалі, што для моўных зменаў у БССР „рашаючым, відаць, трэба прызнаць уздзеянне рускай літаратурнай мовы“.

У заходняй палове Беларусі правапіс развіваўся на аснове кірыліцы і лацінкі, захоўваючы пераемнасць з Тарашкевічавымі ідэямі, без умяшання дзяржаўнай волі. Поруч з больш традыцыйнаю мовай і пісьмом Антона Луцкевіча ці Адама Станкевіча вызначылася моўная школа Яна Станкевіча (яму належала прапанова абазначаць мяккасць у прыназоўніках: зь мейсцам, іншыя прапановы). „Родная мова“, „Родныя гоні“, „Нёман“, часткова „Шлях моладзі“ арыентаваліся болей на канцэпцыю ўдасканаленай тарашкевіцы Яна Станкевіча, хадэцкія ж выданні мелі за аўтарытэт мову Адама Станкевіча.

Тарашкевічаў правапіс выкарыстоўваўся на Беларусі падчас другой сусветнай вайны (граматыка Тарашкевіча выйшла ў Менску шостым выданнем накладам 100 тыс. асобнікаў). Удакладніў правапіс запазычанняў у Тарашкевічавай правапіснай традыцыі Антон Лёсік, якому пашчасціла вырвацца жывым са сталінскіх лагераў (ягоны „Беларускі правапіс“ пабачыў свет у Менску ў 1944 г. таксама вельмі вялікім накладам). Па вайне на эміграцыі было ўкладзена некалькі падручнікаў: арыгінальны — Яна Станкевіча (прызнанне меў невялікае) і больш вытрыманы ў традыцыйным Тарашкевічавым духу „Fundamental Byelorussian“ (падручнік беларускай мовы) Валянціны Пашкевіч, што жыве ў Канадзе. Гэты двухтомнік выйшаў у 1974—1978 гг., мае англа-беларускі і беларуска-ангельскі слоўнік і сёння з’яўляецца найбольш аўтарытэтным для большасці карыстальнікаў тарашкевіцы.

Суіснаванне двух варыянтаў правапісу і нават літаратурнай мовы ў аднаго народа — вялікая праблема. Аднак гэта — непазбежная расплата за гады, калі ў ахвяру прыносіліся і законы мовы, і нацыянальная годнасць.

Вінцук ВЯЧОРКА

Ад рэдакцыі. Спадзяемся працягнуць гутарку пра гісторыю правапісу на старонках „Спадчыны“.

Спадчына. 1991, № 4. С. 2-10.

Offline

 

#2 2017-05-31 05:28:12

Colas
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2017-05-31
Паведамленьняў: 1
Вэбсайт

Re: Вінцук Вячорка. Правапіс - люстэрка гісторыі („Спадчына“. 1991. № 4)

hmm

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson