Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-05-21 19:43:46

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Мечыслаў Бурак. Як ставіцца да будаўніцтва ў Беларусі ЯЭС?

1.    Становішча ў ядзернай энэргетыцы
2.    Пасьля заканчэньня ў 1971 годзе Маскоўскай вучэльні імя Баўмана я “накіраваўся” на працу ў Менск у праектнае аддзяленьне аднаго маскоўскага навукова-дасьледчага і праектнага інстытуту. У 1974 арганізаваў тут дасьледаваньне трываласьці ядзерных рэактараў з пазыцыі мэханікі разбурэньня. Фінансаваў дасьледаваньні, пад маю адказнасьць, ніжагародзкі АКБМаш (тады Прадпрыемства п/с А-7755) – адно з трох прадпрыемстваў, якія ў савецкі час займаліся праектаваньнем ядзерных установак. У 1992 г., калі я ўжо ўзначальваў “сваё” дасьледчае МП (г.с. 1990), пачаў разглядаць, у ініцыятыўным парадку, варыянты выкарыстаньня  ядзернай энэргетыкі (ЯЭ) для нарошчваньня энэргамагутнасьцяў у Беларусі, для дывэрсыфікацыі крыніцаў яе энэргазабесьпячэньня, для інтэграцыі эканомікі Беларусі ў эўрапейскую гаспадарку. Нешта з таго, не без падтрымкі З. Пазьняка, было мною нават апублікавана (“Зьвязда” ад 12.01.1993 і “Навіны БНФ” за 03.1993) і агучана на Сойме. І потым пытаньня стварэньня ў Беларусі ЯЭ – цяпер больш ужо ў яго цывілізацыйным і палітэканамічным аспэктах – я не пакідаў без увагі.

Зьмены ў стаўленьні розных краінаў да выкарыстаньня ядзернай энэргіі сьведчаць, што сёньня ў сьвеце стан справаў у ЯЭ вызначаюць два моманты.

Першы: на пачатку ХХІ стагодзьдзя лідэры цывілізацыйнага разьвіцьця канчаткова вызначыліся з пытаньнем, будаваць ці не будаваць ядзерныя электрычныя станцыі (ЯЭС). Адказ – будаваць. Дасьведчаныя краіны ўсьвядомілі, што іх далейшае цывілізацыйнае разьвіцьцё немагчымае без павелічэньня долі ЯЭ ў іх энэргабалянсе. Толькі ЯЭ валодае тэхналягічнымі магчымасьцямі вырабіць неабходную ў пэрспэктыве колькасьць энэргіі, толькі ЯЭ дае магчымасьць пазьбегнуць катастрафічнага ўзьдзеяньня энэргетыкі на жыцьцёвае асяродзьдзе, толькі ЯЭ дае магчымасьць пераадолець рэсурсавыя абмежаваньні паліўнай энэргетыкі. Пацьверджаньне гэтаму – вялізныя аб’ёмы рэальных замоваў на выраб ядзерных рэактараў у ЗША, Кітаі, Расеі, Індыі, Бразыліі, Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

Другі момант – тыя, хто прымае правамоцныя рашэньні аб будаўніцтве ЯЭС, разумеюць, што бясьпека сучаснай ЯЭС (у комплексе з захаваньнем радыяцыйных адыходаў і вывядзеньнем станцыі з эксплюатацыі) ёсьць не навукова-тэхнічнай, а грамадзка-сацыяльнай праблемай, і што ў цывілізавана жыцьцеўпарадкаваным грамадзтве бясьпека ЯЭС можа быць дастаткова надзейна гарантаваная.

У сьвятле выкладзенага вышэй пытаньне, будаваць ЯЭС ці не, не стаіць. Цяпер пытаньне аб будаўніцтве ЯЭС будзе гучаць так:

-    Калі маем патрэбу, то як можна пабудаваць ЯЭС?
-    І канчатковае рашэньне аб будаўніцтве будуць прымаць (чытай – даваць дазвол на будаўніцтва) ня тыя, хто хоча мець ЯЭС, а тыя, хто валодае неабходнымі для гэтага магчымасьцямі – тэхналягічнымі, вытворчымі, фінансавымі, палітычнымі і г. д. Пры гэтым кіравацца яны будуць сваімі інтарэсамі й сваімі меркаваньнямі наконт здольнасьці краіны-прэтэндэнта “забратаць” небясьпечны сродак жыцьцезабесьпячэньня, наконт яе эканамічнай платаздольнасьці, наконт здольнасьці нацыі несьці адказнасьць перад астатнім сьветам за сваё гістарычнае быцьцё. Без наяўнасьці зразумелых падставаў іх удзелу, бязь іх упэўненасьці ў слушнасьці прынятага краінай-прэтэндэнтам рашэньня яны не падтрымаюць такога жаданьня апошняй.

Беларусь відавочна не валодае дастатковым для самастойнай рэалізацыі такога праекту патэнцыялам. Давядзецца наладжваць супрацу з тымі, хто валодае адпаведнымі кампэтэнцыямі. Каб прыняць праект, іх уласны аналіз грамадзка-сацыяльнага ладу жыцьця ў Беларусі, яе эканамічнага становічша ў сьвеце і ўзровень цывілізацыйнага разьвіцьця нацыі павінен будзе прывесьці іх, як мінімум, да трох станоўчых высноваў.

Першая – у Беларусі існуюць умовы для гарантаванага забесьпячэньня бясьпекі ЯЭС на зададзеным узроўні.

Другая – эканоміка Беларусі ў стане асіліць такі праект.

Трэцяя – беларуская нацыя валодае дастатковым маральным, мысьлярным і арганізацыйным рэсурсамі для прыняцьця ў сваё жыцьцёвае асяродзьдзе ЯЭС.

Сёньняшняя сытуацыя ва ўсіх сфэрах чалавечай дзейнасьці ў Беларусі і стан яе чалавечага капіталу сьведчыць, што гэта, на жаль, ня так. Коратка выкладу сваё меркаваньне па гэтых трох пазначаных аспэктах.

3.    Спачатку – рэформы, ЯЭС – потым
4.    Гарантаваньне бясьпечнага выкарыстаньня сродкаў вытворчасьці (энэргія, тэхналёгіі, матэрыялы, абсталяваньне і г. д.) ёсьць працэс рэалізацыі цывілізацыйных магчымасьцяў грамадзтва станоўча ўжываць гэтыя сродкі для атрыманьня дабротаў. Гэтыя магчымасьці залежаць ад дачыненьняў да выкарыстоўваных рэсурсаў і вынікаў дзейнасьці ў працэсе вытворчасьці, абмену і спажываньня дабротаў. У нашым выпадку – ад дачыненьняў уласнасьці на сродкі вытворчасьці.

Для больш бясьпечнага іх выкарыстаньня сродкі вытворчасьці павінны быць індывідуалізаваныя – павінны быць уласнасьцю канкрэтнай асобы, якая можа мець статус дзяржаўнай, аднак гэта не павінна быць сама дзяржава. Без індывідуалізацыі ўласнасьці нельга пэрсаніфікаваць адказнасьць, вызначыць яе форму, сфармуляваць яе крытэры й даць ёй меру. Індывідуалізацыя ўласнасьці дазваляе надаць адказнасьці рэчаіснасьць – хто адказвае, за што адказвае, якім чынам адказвае, у якім памеры. Гэты ёсьць гарантыя, празь якую рэфлексіўнае (залежнае ад нашага ўяўленьня аб рэчаіснасьці) паняцьце бясьпекі зьвязваецца з дэтэрмінісцкім паняцьцем адказнасьці. Таму без упарадкаваньня дачыненьняў уласнасьці нельга вызначыць адказнасьць. А без адказнасьці няма гарантыі, без гарантыі няма бясьпекі.

Таму цывілізаваныя дачыненьні ўласнасьці забясьпечваюць ня толькі больш эфэктыўнае выкарыстаньне абмежаваных рэсурсаў (пра што мы ўжо добра ведаем ня толькі з падручнікаў), але і больш бясьпечнае выкарыстаньне небясьпечных сродкаў жыцьцезабесьпячэньня. Доказ таму – Чарнобыль. ЯЭС – гэта тэхналёгія ХХ стагодзьдзя, а ў Беларусі дачыненьні ўласнасьці – мары ўтапістаў ХIХ стагодзьдзя. Без рэфармаваньня дачыненьняў уласнасьці ніхто ў цывілізаваным сьвеце не падтрымае будаўніцтва ЯЭС у Беларусі. Гэта была б міна пад Эўропу.

Пры разглядзе эканамічных магчымасьцяў Беларусі атрымліваем таксама адмоўны вынік. Для будаўніцтва ЯЭС Беларусь ня мае сваіх унутраных крыніцаў фінансаваньня. Можна запрасіць кампаньёнаў, можна ўзяць крэдыты. Аднак наўрад ці хто дасьць гэтыя крэдыты альбо пойдзе ў кампаньёны. Яны ж разумеюць, што каб аддаць даўгі, трэба вырабляць канкурэнтаздольныя на ўсясьветным рынку прадукты. Іх няма. На сёньня дэфіцыт гандлёвага балянсу Беларусі складае 2 млрд даляраў. Нават пры такіх спрыяльных для Беларусі умовах з нафтаю, газам, калійнымі ўгнаеньнямі гаспадарка Беларусі няплатаздольная. Сёньня беларусы жывуць у доўг.

Таму ў першую чаргу трэба рэфармаваць гаспадарку адпаведна патрабаваньням часу. Без стварэньня новай, сучаснай эканомікі разгляд пытаньня аб будаўніцтве ЯЭС падобны да бяседы падчас чумы. Прэзыдэнт жа прыйшоў і адыдзе, а беларускі народ застанецца зь незабясьпечанымі даўгамі.

Што да чалавечага фактару, дык у стаўленьні да жыцьцёвых пераменаў Беларусь і па сёньня застаецца “Вандэяй”, як яе “ахрысьціў” яшчэ напачатку 90-х Алесь Адамовіч. Як сьледзтва – няўключанасьць краіны ва ўсясьветны цывілізацыйны працэс, што сьведчыць пра дэфіцыт маральнага, мысьлярнага й арганізацыйнага рэсурсаў беларускага грамадзтва. Я маю доказы недастатковасьці маральнасьці і мысьлярнай здольнасьці сучаснага беларускага грамадзтва, аднак хацеў бы тут абмежавацца зусім дастатковым абмеркаваньнем дэфіцыту толькі аднаго арганізацыйнага рэсурсу.

Адзін з кампанэнтаў згаданага рэсурсу – давер паміж удзельнікамі праекту. Будаўніцтва ЯЭС у Беларусі мае на ўвазе ўключэньне яе ў глябальную эканоміку. А ўключэньне ў глябальную эканоміку немагчымае без даверу да краіны. Аднак стаўленьне цывілізаванага сьвету да ўлады і кіраўніцтва Беларусі сьведчыць, што даверу няма. Таму вырашыць задачу будаўніцтва ЯЭС сёньняшняя ўлада ня здолее.

Такім чынам, у сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі адсутнічаюць палітэканамічныя, эканамічныя і цывілізацыйныя падставы для будаўніцтва ЯЭС. Таму відавочна, што да рашэньня гэтай улады пабудаваць ЯЭС трэба ставіцца адмоўна. І шукаць падтрымку нашым меркаваньням трэба ў людзей. Я ўпэўнены, што ўлады будуць вымушаныя правесьці рэфэрэндум па гэтым пытаньні. Безь яго станоўчага выніку ніхто з тых, хто рэальна можа ўплываць на сытуацыю, ня будзе нават разглядаць такую прапанову, якой, дарэчы, і быць ня можа без рэфэрэндуму. Гэта прынятая практыка. Таму трэба рыхтавацца да рэфэрэндуму. Тут ёсьць шанц. Як яго выкарыстаць?



5.    Ад Чарнобыльскага Шляху да шляху ў будучыню
6.    Прыведзенае вышэй паказвае, што гэтая ўлада ня здолее рэалізаваць праект будаўніцтва ЯЭС. Ані Захад (ЗША, ЭЗ, а таксама Японія), ані Ўсход (Расея), кожны са сваіх меркаваньняў, не падтрымаюць рашэньня беларускай улады. Гэта – авантурнае рашэньне. Да таго ж, без рэфэрэндуму яго ніхто нават ня будзе браць пад увагу. І не таму, што ўвесь сьвет такі дэмакратычны, а таму, што добра ведаюць:людзі могуць і прыпыніць будаўніцтва, і забараніць эксплюатацыю ўжо гатовай станцыі. Не адзін раз гэта ўжо было. Праўда, у Эўропе. Таму ўлада рыхтуе рэфэрэндум. І адбудзецца ён, думаю, увосень, разам з выбарамі дэпутатаў. Ёсьць шанц атрымаць падтрымку людзей, калі здолеем запусьціць рэфлексіўны працэс нарастаньня адмоўнага стаўленьня да будаўніцтва. Чым больш улады будуць “абгрунтоўваць” неабходнасьць будаўніцтва ў адказ на нашае давядзеньне аб яго нерэальнасьці, тым больш людзей будуць галасаваць (а не выступаць) супраць будаўніцтва. Якая тут павінна быць стратэгія?

Па-першае, трэба правесьці ўсебаковы палітэканамічны, эканамічны й цывілізацыйны аналізы магчымасьцяў будаўніцтва. Трэба паказаць, што існы рэжым грамадзка-сацыяльных адносінаў не адпавядае ўмовам гарантаваньня бясьпекі ЯЭС, што эканоміка Беларусі ня здолее акупіць будаўніцтва станцыі, што беларуская нацыя сёньня не гатовая рэалізаваць праект будаўніцтва.

Па-другое, давесьці да беларускага грамадзтва і усясьветнай супольнасьці нашае адмоўнае стаўленьне да рашэньня ўлады. Заклікаць іх падтрымаць лёзунг – “Ад Чарнобыльскага Шляху да шляху ў будучыню”.

Як гэта ажыцьцявіць? Стварыць рабочую групу, якая грунтоўна адкажа на пытаньні: ці ёсьць у Беларусі ўмовы для гарантаваньня бясьпекі ЯЭС, ці акупіцца для інвэстараў будаўніцтва ЯЭС у Беларусі, ці здолее беларуская нацыя здабыць падтрымку цывілізаванага грамадзтва для будаўніцтва. На падставе аналізу трэба выпрацаваць нашае стаўленьне да рашэньня ўлады. Гэтаму стаўленьню трэба надаць легітымны статус і прыняць палітычнае рашэньне разгарнуць прапаганду нерэальнасьці прынятага ўладамі рашэньня. Выпрацаваць лёзунгі. Арганізацыйную работу сканцэнтраваць на рэфэрэндуме. Мяркую, што гэта можа даць плён, параўнальны з Чарнобыльскім Шляхам.

Мечыслаў БУРАК
Член-карэспандэт Расейскай акадэміі прыродазнаўчых навук, к.т.н., супрацькрызысны кіраўнік 
25 красавіка 2008 г.

Offline

 

#2 2008-07-04 20:14:41

Валеры Грыцук
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-07-04
Паведамленьняў: 1

Re: Мечыслаў Бурак. Як ставіцца да будаўніцтва ў Беларусі ЯЭС?

На жаль нідзе не гучыць пытаньне: а якое абсталяваньне ( рэактары ) мае прадаць Беларусі Расія? Ці здольныя гэтыя рэактары назапашваць плютоній? Ці гатова сама Масква да таго, што у Беларусі будзе назапашвацца плютоній  альбо узбагачацца уран? Цэнтрыфугі і тэхналёгіі мы маем.

І інфармацыя.: сусветныя рэсурсы урана  (U)  вяkікія, можна  яго купляць у Казахстане.

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson