Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-10-12 22:43:28

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

С. Чыгрын. Вуліцы Слоніма

Сяргей Чыгрын

ВУЛІЦЫ СЛОНІМА

Слонім шмат перацярпеў на сваім вяку. Знішчаўся, гарэў і аднаўляўся. Адбудоўваў яго народ, які любіў сваю зямлю і свой горад, а таксама яго гісторыю. Так было заўсёды і так будзе. Бо ў тым родным краі, дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, дзе прайшлі маленства і юнацтва, дзе кожны камень дарагі, кожная вуліца, завулак, помнік, шыльда, — жылі нашы дзяды і прадзеды, якія не менш за нас любілі і бераглі свой куток. І тым больш западае ў сэрца ўсё тое, што звязана наогул з гісторыяй Бацькаўшчыны. Ды і гісторыя Слоніма, дзе мы жывём, ёсць паўсюдна, яна побач: у помніках, у музеях, у назвах вуліц, завулкаў і плошчаў і, нарэшце, у нас з вамі, у нашых сэрцах. І ад таго, як мы адносімся да мінулага, залежыць, якое стаўленне да яго будзе ў нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Без мінулага, як вядома, няма будучыні. Пра гісторыю нашага старажытнага горада можна пісаць бясконца. Пра адны толькі вуліцы Слоніма, пра іх з’яўленне, знішчэнне, перайменаванне і адраджэнне можна выдаць добрую манаграфію. Бо вуліцы Слоніма — гэта ягонае аблічча. Яны павінны і адпавядаць свайму часу, і захоўваць гістарычнае аблічча горада. На вялікі жаль, сёння не адпавядаюць часу многія назвы вуліц Слоніма, якія абыякава пераймяноўваліся, а таксама мянялі свой выгляд. Да сённяшняга часу няма ў старажытным горадзе над Шчарай вуліцы, якая б стала візітнай карткай Слоніма, як, напрыклад, Брадвей, Пікадзілі, Неўскі праспект, Арбат і г. д. Многія могуць падумаць: ну і параўнаў — Брадвей з Першамайскай у Слоніме. А чаму б і не? Няхай бы і ў нас быў свой маленькі Арбат у цэнтры горада — з фантанамі, прыгожымі чыстымі кафэ, барамі, рэстаранамі, з культурным абслугоўваннем, з музыкай Міхала Агінскага. І не гойсалі б машыны праз гістарычны цэнтр горада, а аб’язджалі б яго. Інакш мы хутка знішчым і тое, што пакуль уцалела і захавалася ад войнаў і акупантаў. Быў час, калі творчая інтэлігенцыя Слонімшчыны моцна спрачалася наконт перайменавання гістарычных назваў нашых вуліц. Некаторыя назвы вуліц у канцы 1990-х гадоў удалося выратаваць ад мясцовага манкурцтва. Вуліцы Ружанскай вярнулі яе гістарычную назву пасля Патрыса Лумумбы — афрыканскага негра. Вуліца Энгельса стала, як і 70 гадоў таму, называцца Опернай. Плошчы Горкага надалі імя славутага слонімскага старосты Льва Сапегі. Першы праспект у Слоніме стаў называцца праспектам Незалежнасці. А новая вуліца побач з гэтым праспектам стала насіць імя Францішка Скарыны. Хоць і не поўнасцю, але ўдалося вярнуць старую назву Студэнцкай вуліцы (палова ранейшай Студэнцкай вуліцы цяпер носіць імя Хлюпіна — палкоўніка, які ў гады вайны загінуў у танку каля Слоніма). Але многіх гістарычных назваў вуліц Слоніма вярнуць так і не ўдалося. Найперш тых, якія ў 1950–1980-х гадах мясцовымі камуністамі па-нахабнаму пераймяноўваліся. З’явіліся плошча Леніна, вуліцы К. Маркса, М. Тарэза, Войкава, Камуністычная, Савецкая, Камсамольская і г. д. Вось якія назвы плошчаў, вуліц і завулкаў (паводле гісторыка Васіля Супруна) былі ў Слоніме ў 1933 годзе.

Вуліцы: Абозная, бульвар Агінскага, Агародная, Акцызная, Андрэеўская, Альбярцінская, Баранавіцкая, Берагавая, Бернардзінская, Бэма, Бэрка Ёселевіча, Глухая, Гранічная, Грыбаўская, Гандлёвая, пляц Вольнасці, Віленская, Выганавая, Вясёлая, Доўгая, Жабінка, Жвіркі і Вігуры, Жыровіцкая, Жыромская, Загарадная, Замкавая, Зялёная, Касцельная, Касцюшкі, 11-га Лістапада, пляц Сапегі, Каляёвая, Магістрацкая, Манапольная, 3-га Мая, Маставая, Міцкевіча, Нарушэвіча, Оперная, Палявая, Папярэчная, Князя Панятоўскага, Правіянтовая, Пераскок, Маршалка Пілсудскага, Рыбацкая, Рэзкі, Сельская, Сенная, Славацкага, Студэнцкая, Сянкевіча, Татарская, Турэмная, Уланская, Школьная, Школьны Двор, Шасэйная, Астатняя, Падгорная, плошча Гандлёвая, Ружанская.

Завулкі: Андрэеўскі, Аптэчны, Багажны, Вузкі, Выганавы, Зялёны, Ганчарны, Драўляны, Кароткі, Кашаровы, Кафлёвы, Круты, Крывы, Бляхарскі, Малы, 3-га Мая, Мяшчанскі, Міхайлоўскі, Палявы, Новы, Князя Панятоўскага, Ружанскі, Рэзніцкі, Слясарскі, Татарскі, Турэмны, Цесны, Школьны, Чыгуначны.

А цяпер давайце адсочым, як у пасляваенны час у Слоніме пераймяноўваліся вуліцы, плошчы і завулкі пачынаючы з 1950-х гадоў. Альбярцінская вуліца стала вуліцай Гагарына, Жабінка — П. Марозава, Доўгая — Касманаўтаў, Глухая — Калініна, Абозавая — Астроўскага, Славацкага і Мангольская — Мічурына, Правіянтовая — Вясёлая, Ліпавая — Мірошніка, Скубішоўка — Катоўскага, Малы завулак — 8-га Сакавіка, Падгорная — Сінічкіна, Жыровіцкая — Марыса Тарэза, завулак Міра — завулак Дастаеўскага, Бернардзінская — Банкавая — В. Крайняга, Крывы завулак — Камуністычная, Шырокая — Гнідаша, Міхайлаўскі завулак — Някрасава, Гандлёвая плошча — плошча Леніна, Жыромская — Даватара, Рэзкі — завулак Уз’яднання, Галоўная — Карбышава, Школьны Двор — Савецкая, Анурсеўская —3-га Мая — Чырвонаармейская, Рыбацкая і Мокры завулак — К. Давідзюк, Замкавая — Камсамольская, Татарская — Кірава і г. д. Гэтымі савецка-камуністычнымі назвамі парушылася славутая гісторыя вуліц нашага старажытнага горада. З сённяшніх назваў нам здаецца, што гісторыя слонімскіх вуліц пачынаецца не раней як з 1945 года. Але гэта далёка не так. Яшчэ ў 1857 годзе ў Слоніме налічвалася 14 вуліц, у тым ліку 10 брукаваных, і дзве плошчы без назваў. Найбольш добраўпарадкаванымі былі Рынкавая, Маставая, Панасоўская, Ружанская, Жыровіцкая, Бернардзінская, Замкавая, Рыбацкая і Татарская вуліцы. Дарэчы, Татарская вуліца ў Слоніме існуе з 1717 года, а ў 1952 годзе яе перайменавалі ў вуліцу Кірава. У 1890 годзе ў Слоніме ўжо было 35 вуліц. Напрыклад, вуліца Агінскага існавала яшчэ ў другой палове XVІІІ стагоддзя. А вось Вакзальная вуліца з’явілася ў Слоніме ў 1886 годзе. Але, бадай, адной з самых старажытных вуліц у нашым горадзе лічыцца вуліца Васі Крайняга (першапачаткова яна называлася Спаскай, пасля Бернардзінскай, потым Банкаўскай). Вуліца існавала ўжо ў XVІІ стагоддзі. Калгасная вуліца мела некалі назву Французскі тракт (XІX ст.), а вуліца Пушкіна вядзе свой пачатак таксама з XVІІ стагоддзя як Панасоўская вуліца. У сярэдзіне 1930-х гадоў у Слоніме налічвалася ўжо 65 вуліц, 32 завулкі і 3 плошчы. Лёс многіх вуліц быў трагічны. Але вуліцы, як і людзі, — адны паміраюць, іншыя нараджаюцца. Сёння ў Слоніме налічваецца больш за 200 вуліц, завулкаў і плошчаў. Ёсць адзін праспект. Вядома, у наш час можна доўга дыскутаваць на тэму, наколькі апраўданы былі ўсе ранейшыя перайменаванні і якія назвы лепшыя — гістарычныя ці тыя, якія ўжо ёсць. А маладое пакаленне слонімцаў нават і не ведае, кім быў той чалавек, імем якога названа тая ці іншая слонімская вуліца, і што ён зрабіў для роднага горада. Таму паспрабуем коратка расказаць пра людзей, імёнамі якіх названы вуліцы Слоніма.

Міхал Казімір Агінскі (1730–1800) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысловых прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і музычную школы.

Мікалай Астроўскі (1904–1936), Мікалай Гогаль (1809–1852), Максім Горкі (1868–1936), Фёдар Дастаеўскі (1821–1881), Уладзімір Маякоўскі (1893–1930), Міхаіл Лермантаў (1814–1841), Мікалай Някрасаў (1821–1878), Аляксандр Пушкін (1799–1837), Леў Талстой (1828–1910) — рускія пісьменнікі. Ніякага дачынення да Слоніма яны не маюць.

Міхаіл Анішчык (1905–1973) нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне. У 1929 годзе з’яўляўся сакратаром Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ. У гады вайны быў адным з кіраўнікоў партызанскага падполля і партызанскага руху ў былой Баранавіцкай вобласці. Пасля вайны працаваў на партыйнай рабоце. У 1955–1963 гадах з’яўляўся дэпутатам ВС БССР.

Максім Багдановіч (1891–1917) нарадзіўся ў Мінску. Класік беларускай літаратуры. Творчасць яго прасякнута пафасам патрыятычнага служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа.

Канстанцін Заслонаў (1910–1942) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў гады вайны на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.

Уладзімір Бялько (1911–1933) нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У канцы 20–30-х гадоў змагаўся на Слонімшчыне за адкрыццё беларускіх школ. Выдаваў газету «Піянер». Закатаваны польскай паліцыяй у Касцянёўскім пастарунку.

Францішак Багушэвіч (1840–1900) нарадзіўся на Віленшчыне. Класік беларускай літаратуры. Рэвалюцыйны дэмакрат, адзін з пачынальнікаў крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, будзіцель гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа.

Мікалай Вінаградаў (1898–1977) — рускі вайсковец. У гады вайны вызваляў Слонім ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пётр Войкаў (1888–1927) — рускі рэвалюцыянер і кат. Прымаў удзел у забойстве былога імператара царскай Расіі Мікалая ІІ Раманава і яго сям’і. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Пётр Баграціён (1765–1812) нарадзіўся ў Дагестане. Рускі генерал ад інфантэрыі, герой Айчыннай вайны 1812 года. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Юрый Гагарын (1934–1968) — першы ў свеце касманаўт. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Мікалай Гастэла (1907–1941) — рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Кузьма Гнідаш (Гнедаш)  (1914–1944) — рускі вайсковец. У 1944 годзе ля Слоніма, каб не трапіць да немцаў у палон, узарваў сябе гранатай.

Іван Дабрыян  (1913–1970) нарадзіўся ў вёсцы Какошчыцы Слонімскага раёна. Быў сакратаром Слонімскага райкама КПЗБ, сакратаром Навагрудскага акруговага камітэта камсамола. У гады вайны — арганізатар партызанскага руху на Слонімшчыне. Пасля вайны ўзначальваў калгас імя Леніна, быў старшынёй Слонімскага райвыканкама.

Леў Даватар (1903–1941) нарадзіўся на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.

Клара Давідзюк (1924–1944) — маскоўская камсамолка. У гады вайны была радысткай, каля Слоніма ўзарвала сябе гранатай.

Фелікс Дзяржынскі (1877–1926) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору» і ініцыятараў стварэння сталінскіх лагераў. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Міхаіл Калінін  (1875–1946) — расійскі рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны дзеяч. Да Беларусі і Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.

Дзмітрый Карбышаў (1880–1945) — рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.

Сяргей Кіраў (1886–1934) — дзеяч камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Якуб Колас  (1882–1956) — народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Класік беларускай літаратуры.

Юрый Кавалеўскі  (1906–1936) нарадзіўся ў вёсцы Шылавічы. Актыўны беларускі дзеяч на Слонімшчыне ў 20–30-х гадах мінулага стагоддзя. Узначальваў Слонімскі акруговы камітэт камсамола.

Леў Сапега (1557–1633) — беларускі дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, слонімскі староста. Адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, які спрыяў культуры і прамысловасці Слоніма, яго палітычнай значнасці.

Сяргей Каралёў (1907–1966) — савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Да Беларусі і Слоніма ніякага дачынення не мае.

Сяргей Лазо (1894–1920) — удзельнік грамадзянскай вайны ў Сібіры і ў Прымор’і Расіі. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не меў.

Ганна Кароль  (1902–1948) нарадзілася ў вёсцы Чамяры. Прымала актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі. Была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Валерыян Куйбышаў  (1888–1935) — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Расіі, савецкі дзяржаўны дзеяч. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Янка Купала  (1882–1942) — народны пісьменнік Беларусі. Класік беларускай літаратуры. У 1939 годзе быў у Слоніме, сябраваў з многімі слонімскімі пісьменнікамі.

Рыгор Катоўскі (1881–1925) — савецкі военачальнік. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Міхаіл Кутузаў (1745–1813) — расійскі палкаводзец, дыпламат, генерал-фельдмаршал. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Васіль Крайні (1929–1944) нарадзіўся ў вёсцы Сяргеевічы. Піянергерой, партызан.

Уладзімір Ульянаў (Ленін)  (1870–1924) — заснавальнік камуністычнай партыі ў Расіі і савецкай дзяржавы. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Яўген Леашэня (1900–1981) нарадзіўся ў Альбярціне. Беларускі вайсковец, краязнавец. Генерал-лейтэнант інжынерных войск.

Міхаіл Ламаносаў (1711–1765) — рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Карл Маркс (1818–1883) — мысляр, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Дзмітрый Мендзялееў  (1834–1907) — расійскі вучоны, членкарэспандэнт Пецярбургскай АН. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Мікалай Мірошнік (1925–1944) — яфрэйтар з Харкаўшчыны. У гады вайны пры вызваленні Слоніма закрыў сабою варожы дот.

Адам Міцкевіч  (1798–1855) — класік польскай і беларускай літаратуры, грамадскі дзеяч, публіцыст.

Валерый Чкалаў (1904–1938) — рускі лётчык-выпрабавальнік, Герой Савецкага Саюза. Да Беларусі і Слоніма ніякага дачынення не мае.

Мікалай Шчорс  (1895–1919) — герой грамадзянскай вайны на Украіне. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.

Вера Харужая (1903–1942) — дзяячка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыстка, партызанка, арганізатар камуністычнага падполля ў гады вайны ў Віцебску. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.

Іван Мічурын  (1855–1935) — расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Аляксандр Сувораў (1730–1800) — расійскі палкаводзец. Кат беларускага і польскага народаў. Ніякага станоўчага дачынення да Слоніма і Беларусі не мае.

Іса Пліеў (1903–1979) — рускі вайсковец, двойчы Герой Савецкага Саюза. У гады вайны вызваляў Слонім.

Францішак Скарына  (1490–1551) — вялікі беларускі асветнікгуманіст, першадрукар, грамадскі дзеяч, вучоны-медык, пісьменнік.

Фёдар Сінічкін  (1901–1962) — рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Працаваў старшынёю Слонімскага гарвыканкама.

Валянцін Таўлай  (1914–1947) — беларускі пісьменнік. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі на Слонімшчыне.

Марыс Тарэз (1900–1964) — дзеяч міжнароднага камуністычнага і рабочага руху. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Уладзімір Яршоў  (1906–1979) — рускі вайсковец. У гады вайны вызваляў Слонім.

Іван Тутарынаў  (1904–1978) — рускі вайсковец. У 1944 годзе вызваляў Слонім.

Канстанцін Цыялкоўскі (1857–1935) — расійскі вучоны і вынаходнік у галіне аэрадынамікі і ракетнай тэхнікі. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.

Паўлік Марозаў  (1918–1932) — старшыня піянерскага атрада ў Свярдлоўскай губерні Расіі, данёс уладам на свайго бацьку-«кулака». Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Іван Чарняхоўскі (1906–1945) — савецкі ваенны дзеяч, двойчы Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.

Ёсць яшчэ вуліцы ў Слоніме, якія носяць імёны Галаўскога, Плятніцкага, Чапаева, якія ніякіх адносін да гісторыі нашага горада не маюць. Адна з крайніх вуліц Слоніма носіць імя Васіля Пеляніцына, які ў свой час быў старшынёю Слонімскага гарвыканкама, трымаў у горадзе парадак і дысцыпліну, яго вельмі паважалі гараджане. А цяпер, шаноўныя землякі, давайце падлічым, колькі выпадковых людзей трапіла ў гісторыю нашых вуліц. І за што ім ад нас такая пашана і памяць? У іх ёсць свае радзімы, і няхай іх там ушаноўваюць. А гонар і традыцыі нашых продкаў на Слонімшчыне павінны абараняць мы, нашчадкі. Іншая справа, што гэта ў нас не робіцца. На абыякавасць, бязграматнасць і бяспамяцтва захварэлі тыя чыноўнікі, якія непасрэдна адказваюць за гістарычнае аблічча нашых вуліц і плошчаў. Ды і бяздумна таптаць гісторыю горада над Шчарай нельга. Да сённяшняга часу ў Слоніме няма вуліц, якія б насілі імёны нашых самых слынных землякоў: гісторыка, археолага, краязнаўца Язэпа Стаброўскага, дактароў медыцынскіх навук Андрэя Пракапчука і Венцаслава Пелікана, доктара філалагічных навук Канстанціна Пушкарэвіча, братоў Уладзіміра і Яўгена Хлябцэвічаў, пісьменнікаў Гальяша Леўчыка, Сяргея Дарожнага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Кандрата Лейкі, Алега Лойкі, Янкі Саламевіча, доктара гістарычных навук Міхаіла Міско, мастака Антона Карніцкага, кампазітара Міхала Агінскага, маршалка Войцеха Пуслоўскага, рэлігійных дзеячаў Лукаша Дзекуць-Малея, Хведара Данілюка, кіраўніка паўстання 1833 года Міхала Валовіча, палітыка Максіма Бурсевіча, кампазітара і музыканта Антона Валынчыка, краязнаўца і гісторыка Аляксандра Жукоўскага, рэжысёра Мікалая Варвашэвіча і многіх іншых слонімцаў. Божа ж мой, дык мы нічога не зрабілі, каб ушанаваць памяць пра нашых знакамітых слонімскіх людзей! Хто ж пра іх калі-небудзь успомніць, як не мы?..

Апублікавана: Сяргей Чыгрын. Слонімскія падмуркі /Гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы. — Мн.: Кнігазбор, 2012.

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson