Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-10-12 18:59:40

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Пётра Садоўскі. Час одуму (заканчэньне)

Пачатак гл. http://dziarzava.org/viewtopic.php?id=497

Трэцяя праблема слоўніка — спалучальнасць і шматзначнасць слоў. Чалавеку, які не валодае беларускай мовай з маленства, цяжка спасцігнуць ужывальнасць слоў у кантэксце, карыстаючыся Тлумачальным слоўнікам. Возьмем, напрыклад, кіраванне дзеясловаў, прасцей кажучы, асаблівасці іх ужывання з пэўнымі прыназоўнікамі і склонамі назоўнікаў. Пры неазначальнай форме дзеяслова, якая прыводзіцца ў слоўнікавых артыкулах, склон назоўніка і магчымы прыназоўнік даюцца толькі эпізадычна. Як ужываць, напрыклад, дзеяслоў «прабачыць» — каго ці каму? Пад пунктам 2 слоўнік дае форму загаднага ладу «прабач (це)». Лагічна было б прывесці сярод ілюстрацый сказ або словазлучэнне, дзе было б ясна паказана, што правільна гаварыць: «Прабачце мне, прабачце майму сябру, прабачце ім» і г. д. Або хаця б напісаць: «Прабачыць, каму-небудзь што-небудзь». Тады б чалавек мог сканструяваць сказ: «Прабачце мне мой нядобры ўчынак». А так журналісты пішуць: «Прабачце мяне за мой...» Па узору рускай мовы. А марфемна-этымалагічная структура слова вельмі празрыстая: «прабачыць» — значыць зрабіць так, быццам ты нешта «прабачыў», як праслухаў, прапусціў па-за ўвагай, — паступіў міласэрна і высакародна.

Ці іншы прыклад на спалучальнасць: як ужываць у мове слова «асабовы»? Слоўнік дае два значэнні слова. Другое значэнне раскрываецца ў спалучэннях «асабовыя канчаткі дзеяслова», «асабовыя займеннікі». А вось першае значэнне не ілюструецца ніякім|прыкладам. Проста указана: «Асабовы. Які ўласцівы пэўнай асобе; які мае дачыненне да пэўнай асобы». Усе словазлучэнні са словам «асабовы» (рахунак, справа, склад), якія сустракаюцца ў слоўніку, ніяк не суадносяцца з выразам «Які ўласцівы пэўнай асобе». Ці не таму ў моўнай практыцы ўзнікае яшчэ адно слова-паронім — «асобасны» — магчыма, па аналогіі з рускім «личностный»?

Або вазьміце прыклады, калі спалучальнасць няўзнак пераходзіць у шматзначнасць. Колькі добрых слоў загубілася ў слоўніку, якіх так не хапае для ажыўлення мовы, ачышчэння ад штампаў!

«У ім ніколі не мінаецца настаўнік», «Вада пабольшала», «Яна выбірала, гаварыць далей ці не», «Свет трасецца», «Чыста бацька!» «Кніжкі з людзьмі», «Ці канешне пану яешня». «Хмары раздаліся», «Ціхія поспехі ў навуцы», «Досыць вырабляцца, будзем гаварыць сур'ёзна», «Мы тады былі «сярдзітыя» з нашымі суседзямі», «Навяду, злажуся, чакаю каманду», «Я стану табе ў вялікай прыгодзе» і г. д. і да т. п. Гэта не проста нейкія экзатычныя дыялектызмы ці аўтарскія аказіяналізмы. Іх зразумее беларус з любой часткі Беларусі.

Звычайныя словы ў адметных спалучэннях складаюць спецыфіку мовы. Выразы «адыгрываць ролю», «мець значэнне» і да т. п. ёсць ва ўсіх еўрапейскіх мовах, бо яны ёсць у лацінскай мове. Іх добра ўжываць ў замежнай мове для перадачы інфармацыі. I не абавязкова было даваць прыклады на гэтае ўжыванне. Тлумачальны слоўнік усё ж павінен мець тлумачальны, а не перакладны характар. На жаль, з нашым слоўнікам не пачытаеш творы пачынальнікаў нашай літаратуры — прыходзіцца шукаць многія словы ў Насовіча ці ў рэгіянальных слоўніках. І не таму, што, напрыклад, Карусь Каганец ці Ядвігін Ш. ужывалі шмат дыялектных слоў. Звычайныя жывыя агульнавядомыя словы з твораў нашых пачынальнікаў не заўсёды знойдзеш у слоўніку. Дарэчы, пра слова «пачынальнікі». Раней мы цытавалі выказванне А. I. Жураўскага пра «непажаданыя» наватворы і дыялектызмы, якія «апошнім часам» з'яўляюцца ў беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх згадвалася і слова «пачынальнікі», пасля. якога ў дужках як сінонім давалася слова «пачатковец». Але ж гэта зусім не сінонімы. Францыск Скарына — не пачатковец, а пачынальнік нашага кнігадрукавання. Пісьменнікі-пачаткоўцы збіраюцца на свае штогадовыя нарады ў Каралішчавічах.

Тлумачальны слоўнік мала паможа таму, хто, прыходзячы да беларускай мовы не з вёскі, а з горада, спрабуе свае сілы ў драматургіі, дзе трэба пісаць жывыя дыялогі, карыстаючыся абавязкова натуральнымі гутарковымі сродкамі: выклічнікамі, зваротамі, устаўнымі і пабочнымі словазлучэннямі. Зноў жа, словы вядомыя, а вось паспрабуй зразумей, ужыві: «От табе маеш!», «Дзіва што!», «Ат!», «Вохці мне!», «Гвалт! Людцы — ратуйце!», «А ўжо ж!», «А то як жа», «Або ж?», «А тут!», «А тут табе!», «Гута-та, сіта-та!», «Кох-кох», «Столькі й столькі», «Дарма што!», «Такой бяды!», «А дармо!» і г. д. і да т. п. Слоўнік Насовіча вельмі багаты на жывую лексіку. Не выпадкова да яго часта звяртаюцца беларусы — ураджэнцы горада, каб зразумець некаторыя выразы, што сустракаюцца ў дыялагічнай мове персанажаў. Відаць, наспела пара стварыць слоўнік беларускай гутарковай мовы, дзе б адметная беларуская лексіка не была задаўлена шэрым валам невыразных слоў і словазлучэнняў.

У слоўніку шмат добрых слоў і выразаў для гутарковага сумоўя: «Гэта мне (мяне) не абыходзіць», «выказаць некага, даказаць на каго-небудзь», «мароз адваліўся», «у яго адабрала мову», «пагадзіць нешта з нечым», «казаў той», «згадзіць некага на нейкую працу», «бярэцца на мароз» і г. д. Гэта жывая мова. Гэта можна ўжываць і не толькі ў гутарковым, размоўным стылі, але ж гаварыць жывому чалавеку «Гэта мяне не датычыцца» нельга. Чалавек жа не канцылярская папка. Але таму, хто бярэцца вывучаць мову, трэба даць узоры жывога слова. На жаль, па сучаснай беларускай драматурги мовы не вывучыш. Можна было б напісаць не адну дысертацыю пра сінтаксіс (з практычнага пункту гледжання) Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Вячаслава Адамчыка. Апісання практычнага сінтаксісу беларускай мовы ў нас пакуль яшчэ няма. Сінтаксіс, праўда, не мае прамых адносін да слоўніка, але ж сінтаксічная сістэма мовы на ўзроўні словазлучэнняў павінна знаходзіць. сваё адлюстраванне ў лексікаграфіі, а менавіта ў спалучальна-семантычных гнёздах адпаведнага слова.


Чацвёртая праблема — абстрактная лексіка, дакладней, словы, што перадаюць абстрактныя паняцці. Пра гэта ўжо трохі гаварылася раней, калі закраналася пытанне стылёвых памет адметнай беларускай лексікі (успомніце слова «наканаваць»). Частка слоў такім чынам — зніжальнымі або звужальнымі («паэт.») паметамі — фактычна выключылася з ужытку. I многія рэдактары, карыстаючыся сваім фармальным правам, выкрэсліваюць шмат слоў, не зважаючы на волю аўтара. Але ёсць другая праява гэтай праблемы — уключэнне ў слоўнік тых «новых» слоў і словазлучэнняў, якія ўжываюцца ў мове, асабліва ў мастацкай публіцыстыцы, у літаратуразнаўстве, у паэзіі. У нас зараз у мове існуе ўжо не адна сотня слоў-прывідаў, якія па волі нашых лексікографаў ніяк не атрымаюць права грамадзянства. Я асабіста мог бы прывесці спіс такіх слоў, які налічвае ўжо 1 300 адзінак. Што гэта за словы? Па-першае, гэта так званыя «забытыя» словы, якія многімі сучаснымі мовазнаўцамі называюцца — «старасвецкія», «нашаніўскія», «украінізмы», «паланізмы» і г. д. Гэта словы тыпу: ганараваць, запачаткаваць, пустацікавец, багажня, гасцёўня, пачакальня, дахоўка, прыдобы, спаборнікі, гульцы, ад'язнікі, выправы, няўпраўны, змушана, чужапанец, заўсёднікі, навочна, выслаўляцца, навышні, пахаплівы, таварышаваць, крылаць, перазоры і г. д. Такіх слоў — сотні. Ім трэба надаць нейкі статус. А пакуль што яны — словы-прывіды.

Некаторыя з іх сапраўды могуць супадаць цалкам або адрознівацца толькі марфалагічным афармленнем з пэўнымі ўкраінскімі ці польскімі словамі, але ж гэта нармальна. Мы ж не аб'яўляем небеларускімі такія беларускія народныя песні, якія маюць падабенства ў меласе і ў вобразах з украінскімі ці якімі іншымі. Да таго ж мы забываемся на тое, што на працягу значнага гістарычнага часу многія рэгіёны Беларусі актыўна сутыкаліся з рускай, украінскай і польскай моўнай культурай. I сёння ў выніку мастацкага перакладу, творчых кантактаў гэтае ўзаемадзеянне працягваецца. Успомніце, напрыклад, нататкі Рыгора Барадуліна з нагоды 1500-годдзя Кіева, апублікаваныя ў «ЛіМе». Там было ўжыта не адно ўкраінскае слова, але наколькі натуральна гэта ўсё гучала па-беларуску! Мы часта забываемся на агульны культурна-гістарычны лес украінцаў і беларусаў, і нашы мовазнаўцы мала ўдзяляюць увагі сумеснай моўнай спадчыне. Нашым мовазнаўцам можна было б сур'ёзна супрацоўнічаць з украінскімі ў галіне стылістыкі, лексікаграфіі, фразеалогіі і г. д.

Па-другое, у апошнія гадоў дзесяць у мастацкай публіцыстыцы і асабліва ў паэзіі сталі з'яўляцца надзвычай цікавыя марфалагічныя і стылёвыя аказіяналізмы і марфалагічныя наватворы. Іх, дарэчы, вельмі цяжка адмежаваць ад раней узгаданых «забытых» слоў і дыялектызмаў. Цэлы слоўнічак абстрактнай лексікі можна скласці з твораў беларускіх перакладчыкаў. Выключна цікавая паэтычная мова, напрыклад, у Васіля Сёмухі, які па-майстэрску выкарыстоўвае магчымасці народнай мовы.

Некаторыя словы такога тыпу, як, напрыклад, повязь, слынны, незагойны, жыццядайны і г. д., настолькі трывала ўвайшлі ў паэтычную мову, што нават не верыцца, што іх няма ў слоўніку. Яны ўжо нават «перажылі» сваю паэтычную «стажыроўку» ў паэзіі і перайшлі ў мову публіцыстыкі і становяцца нават трохі звыклымі і зацёртымі, так і не набыўшы заслужанага лексікаграфічнага статусу. Словы-папялушкі!

Назавём колькі маладзейшых слоў з такім лёсам: пажадны, знелюдзелы, вячорны, вятрысты, плынны, лёткі, гойлівы, звячэлы, няісны, прахлы, вяртальны, сугалоссе, сумоўе, гарачынь, лістабой, посмех, вечнік, пажар-птушка, кілім-самалёт, абрус-самабор, спадман, роздараж, суцішак, помарак, чаканка, знявера, вакаём, неспатоля, непатоля, істненне, подзіў, нечап, полымнасць, адхланне, мінальнасць, наросхліст, няўсцерп, наўздзіў і г. д. (Прыклады з дыпломнай працы студэнткі філфака БДУ імя У. I. Леніна.)

З названых слоў многія ўжо шырока ўжываюцца не толькі ў паэзіі. Паназіраем за словам «сумоўе». Словы такой мадэлі ў нашай мове не новыя. Ёсць «сузор'е», «суладдзе», у моўнай практыцы даволі часта сустракаецца слова «сугалоссе», праўда, яно пакуль што ў Тлумачальны слоўнік не ўвайшло. I вось з'явілася слова «сумоўе». Яно ўзнікла як назоўнік для паняцця «зносіны людзей-аднадумцаў, паяднаных адзінай мэтай людзей, якія выказваюць думкі на роднай мове, калі выказанае найбольш поўна адпавядае эмацыянальнаму стану асобы». Так, у першым нумары часопіса «Мастацтва Беларусі» (першым з дня заснавання) у прывітальным артыкуле народны мастак БССР Андрэй Бембель пісаў: «Сёння нам яшчэ не стае ўвагі і павагі да іншых, да іх уласных меркаванняў, творчых праяў, гатоўнасці да шчырага, плённага дыялогу, ці, як гавораць цяпер маладзейшыя,— да сумоўя» (падкрэслена намі.— П. С.). Слова само, не пытаючыся санкцыі лексікографаў, прабіла сабе шлях у шырокі свет. Гэта адбылося, таму што такое слова было патрэбнае. Слова «зносіны» ў спалучэнні «моўныя зносіны» прыдатнае толькі для сухога навуковага стылю, яно не адпавядае мэтам мастацкай публіцыстыкі ці вуснага выказвання.

Вось нарадзілася слова «Каласавіны» — штогадовыя коласаўскія чытанні ў Мінску з выездам на дзень нараджэння песняра на яго радзіму, дзе адбылося свята паэзіі, выступленне фальклорных калектываў, кірмаш народных майстроў. Першае свята ўдалося. Адбыліся акцябрыны і «Каласавінаў». Будзе жыць свята — будзе жыць і слова.

Такіх патрэбных, але не ўлічаных, не заінвентарызаваных, без грамадзянскага статусу слоў вельмі многа. Апошнім часам давялося прачытаць тры нарысы Марыі Вайцяшонак у «Беларусі» і «Полымі». Якая жывая мова! Якая натуральнасць! З трох нарысаў выпісаў больш за дваццаць слоў і выразаў, якія б маглі ўпрыгожыць Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Кожны абзац кладзецца, як зруб. Сказ да сказа, як бервяно да бервяна. У гераіні апошняга нарыса «Тры песні» Ніны Антонаўны Марчук («Беларусь», 1986, № 1) усё ў хаце белае: белы настольнік, белы ручнік ў чырвоныя гваздзікі, белыя фіранкі на вокнах, белыя чалеснікі, дзверы ў пакой гаспадароў і дачкі, скрозь блішчаць вышытыя па белым кветкі... Чыстая, белая хата на Белай Русі: «На чыстату трэба не спаці, на чыстату трэба ахвоту маці... Суседка: змеркне і — спаць. Што ты ноч робіш, дзівіцца. А мяне сон не бярэ, сяджу, вышываю, і прасветку няма. Удзень таксама работы многа, але ж ногі не млеюць. Як прыйду з фермы ў белае, то, здаецца, і не стамілася. Прыйду, белую фіранку на печы адхіну і цеплю. Кладу бліны на чысты стол. Люблю, каб бела. Тады мне здаецца, што ў мяне свята, у мяне — госць...» I ў нашых бы слоўніках — усё б такое чыстае, такое белае, такое дагледжанае...


Наступная праблема слоўніка — фразеалагізмы. Прыказкі і прымаўкі — рэдкія госці на старонках слоўніка. Мала і адметных беларускіх устойлівых словазлучэнняў, якія можна разглядаць як фразеалагізмы.

Складальнікі слоўніка проста бралі з рускіх тлумачальных слоўнікаў фразеалагізмы і перакладалі іх, дакладней, калькавалі на беларускую мову. Часам тлумачальны слоўнік ператвараецца ў перакладны.

Напрыклад, у слоўнікавым артыкуле са словам «суд» сустракаем паміж іншым і такое словазлучэнне: «Шамякаў суд» — несправядлівы, прадузяты (?! — П. С.) суд (ад імя суддзі Шамякі з старой рускай аповесці)». Можа, трэба было пашукаць у беларускім фальклоры? У нашых казках і народных інтэрмедыях хапала адмоўных персанажаў на такія ролі. Былі тут і лісы, і ваўкі, і цыганы, і паны. I ёсць жа нарэшце ў нас класічны вобраз Кручкова з «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча. Ужываюць жа на уроках беларускай літаратуры выраз «кручкоўскі суд». Вось вам і фразеалагізм, калі трэба перадаць паняцце несправядлівага, загадзя прадуманага суда-фарса. У гэтым жа слоўнікавым артыкуле бачым і словазлучэнне «надворны суд» — судовы орган дваран Расіі XVIII—XIX стст.». Такое было б дарэчы ў перакладным слоўніку. А тут жа — тлумачальны.

Вазьміце словазлучэнні са словам «баба», «бабка». У слоўніку сустракаем выраз «снегавая баба». Штучна, кніжна. У беларусаў спрадвеку гавораць проста «баба», «дзеці лепяць бабу». У рускай мове гэта калька з французскага «bonhomme de neige» і нямецкага «Schneemann». Пра гэта пісалі ўжо рускія мовазнаўцы. У рускіх народных гаворках таксама гавораць проста «баба». У заходнееўрапейскіх мовах гэта гучыць як «(Добры) снежны чалавек». Разам з пятроўскімі рэформамі гэты выраз прыйшоў у Расію, прыблізна тады прыйшло і навагодняе хвойнае дрэва.  Раней нашы продкі ўпрыгожвалі лісцёвыя дрэвы і зусім не ў той час. Тут жа ў гэтым слоўнікавым артыкуле прыводзяцца словазлучэнні: базарная баба, бой-баба, хват-баба, бабка надвае сказала. Не надта яны цешаць вуха.

Добрую палову фразеалагізмаў, якія сабраў Фёдар Янкоўскі разам са сваімі вучнямі, у Тлумачальным слоўніку не знойдзеш. Не сустрэнеш тут і фразеалагізмаў, прымавак, выслоўяў, што ўжывалі і ўжываюць нашы пісьменнікі сёння: «Не да пацераў, калі хата гарыць», «Вазіць кафлю да Івянца», «Купа не рве пупа», «За борам баранскім, за лесам лясанскім», «Дарагі той куток, дзе рэзалі пупок», «А там — бог бацька», «Пусты колас высока тырчыць», «Цюк — дзяцюк» і г. д.

Калькаванне пэўных фразеалагізмаў-ідыёмаў — гэта. яшчэ паўбяды: яны адносна рэдка ўжываюцца ў мове. Страшней калькаванне свабодных словазлучэнняў і паняццяў, якія перадаюцца двума словамі і больш. Тут разбураюцца традыцыйныя асацыятыўныя сувязі паміж звычайнымі словамі ў мове. А гэта — вялікая небяспека для мовы.

Сустракаюцца ў слоўніку і адваротныя з'явы — пропуск лексічных адзінак беларускай мовы, што супадаюць з рускімі, нават калі ў выніку гэтага ўзнікаюць значныя семантыка-стылёвыя страты. Дазволю сабе працытаваць ілюстрацыю для гэтага выпадку з артыкула «Ад малой Радзімы да вялікай»: «Выраўніванне беларускай лексікі і стылістыкі пад рускую — такая ж заганная з'ява, як і «адштурхоўванне» ад агульнаўсходнеславянскіх з'яў, калі яны супадаюць з рускамоўнымі. Так, напрыклад, можна заўважыць, што ў мастацкіх творах, у публіцыстыцы некаторыя аўтары пазбягаюць ужывання слоў «знаць», «помніць», «пець» і г. д., а замест іх ужываюць толькі «ведаць», «памятаць», «спяваць». Аднак відавочна, што вельмі многія старыя ўтварэнні і фразеалагізмы ўжываюцца толькі з дзеясловамі «знаць», «помніць» і да т. п. Гаворыцца: «Век помніць буду», «Іх імёны помніць Радзіма», «Помніце пра жывых», «Помню, як свята», «Каб цябе помнілі і паміналі», «Папомні маё слова», «Не помніць карова зімы, дачакаўшыся лета» і г. д. (Прыклады з картатэкі сектара лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства АН БССР). «Памятаюць» у такіх выразах не вельмі прыдасца. Увогуле «помніць» больш звязана з «духоўна-маральнай» памяццю... «Памятаць» — дзеяслоў больш «фізічнага» характару, больш празаічны. Нездарма ж у беларускай мове ёсць слова «помнік».

Ці ўзяць, напрыклад, словы «баязлівец», «трус», «струсіць», «збаяцца». Тлумачальны слоўнік абмяжоўвае ўжыванне слоў «трус», «струсіць» стылёвай паметай «разм.». Цяжка растлумачыць, чаму так атрымалася. Магчыма, таму, што беларускае «трус» адпавядае рускаму «кролік», ці таму, што рускае «трус» значыць «баязлівец». Гэта выклікае пярэчанні па дзвюх прычынах. Па-першае, з пункту погляду этымалогіі рускае «трус» (баязлівец) і беларускае «трус» (жывёла) — словы роднасныя. Яны ідуць ад значэння «трусіцца» (трэсціся). (Параўн.: «землятрус», або ў Якуба Коласа: «Холад чуюць афіцэры ды хаваюць свае трусы».) Хто бачыў жывога труса, ведае, як «трусіцца» на ім скура разам з поўсцю. Так і «баязлівец» трасецца ад страху, як трус. Спачатку — «як трус», а потым — проста «трус». Але ж «баязлівец» — слова сканструяванае, штучнае, неэмацыянальнае, у ім празрыстая марфалагічная структура. Яно не можа ніяк замяніць эмацыянальна-ацэначнае, глыбока народнае слова «трус». У той жа час яно можа ўжывацца і ў нейтральным выказванні. Слоўнік, пазначаючы «трус» паметай «разм.», дае ілюстрацыю з Шамякіна: «Трус заўсёды радуецца смерці героя, магчыма, лічыць гэта за перамогу сваёй трусасці над адвагай і мужнасцю». Тут, аднак, стылёвая памета «разм.» ніяк не падыходзіць. I «баязлівец» тут таксама не ўжывеш. Бо тады ў адзін паняццевы рад са словамі «адвага» і «мужнасць» павінна стаць аморфнае, эмацыянальна недынамічнае слова «баязлівасць», а гэта парушыць сэнсавы рытм фразы. Дарэчы, слова «трус» у разнастайных стылёвых кантэкстах ужываюць пісьменнікі з розных мясцін Беларусі: Лынькоў, Панчанка, Машара, Шамякін, Бажко, Гурскі, Бялевіч, Няхай, Танк, Колас, Якімовіч, Гартны, Александровіч, Куляшоў, Сіўцоў, Карпюк, Асіпенка.

Дарэчы, Якуб Колас ужывае выраз «труса задаваць», а не «труса святкаваць» (гавораць жа ў нас: задаць драпака, задаць лататы): «Толькі не трэба труса задаваць: глядзі смела, кажы адважна, рэж з-за пляча — храбрасць гарады бярэ!» Вельмі выразнае слова «трус» у сказе: «Беларус — не трус: ад яго Кубэ здох, як прус» (А. Янголь).

Такім чынам атрымліваецца, што слова «трус» разам з нейтральным ужываннем можа заняць сваю стылёвую паліцу побач з «баязліўцам», які ўжо тады павінен будзе крыху страціць сваёй экспрэсіўнай афарбоўкі і ўспрымацца менш абразліва. Урэшце, уявіце сабе фразу: «Эх ты, баязлівец!» Гучыць даволі мякка, як нязлыя кпіны. Такое можа сказаць сябра сябру, які баіцца скочыць з берага ў ваду. «Эх ты, трус!» будзе ў гэтым выпадку замоцна, бо абразліва.

Цяжкавырашальная аказалася для слоўніка праблема сэнсавага, стылёвага, словаспалучальнага адрознення лексічных дублетаў, якія з'явіліся ў мове ў выніку складанага гістарычнага развіцця. Гэтых дублетных пар шмат: сцяг — флаг, ліст — пісьмо, цягнік — поезд, памятаць — помніць, кропля — капля, моцна — крэпка, імша — абедня, святар — свяшчэннік, казань — пропаведзь (у вельмі агульным сэнсе), прыпавесць — прытча, показка — анекдот, кляштар — манастыр, у почат святых — у лік святых, моц — сіла, магут — тытан, угрэў — санцапёк, хрост — хрышчэнне, навышні — усявышні, знак (знакі) — знаменне і г. д. На сённяшні дзень гэта адна з самых складаных праблем нашай лексікаграфіі. Ясна, што трэба вельмі ўважліва назіраць за жыццём слова, а не ісці па шляху забароны і безумоўных інструкцый. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на кантэкст у шырокім сэнсе: жанр, у якім ужыты словы, сінтаксіс сказа, знешнелінгвістычны кантэкст, характар персанажа, від мовы (аўтарская, няўласна-аўтарская і да т. п.). Трэба ўлічваць і асобу аўтара, яго моўную біяграфію.

У слоўніку адлюстроўваўся і агульны тэарэтычны стан нашых даследаванняў па некаторых раздзелах марфалогіі, арфаграфіі, анамастыкі. У слоўнікавых артыкулах і ілюстрацыях сустракаюцца прыметнікі з не ўласцівай для беларускай мовы марфемнай будовай, без ніякіх тлумачэнняў існуюць дублеты і нават, як пішуць навукоўцы, трыплеты асобных словаформаў. Баскскі, нарвскі, узбекскі, таджыкскі і г. д. цяжка вымаўляюцца. Ці не пара пачаць пісаць і вымаўляць: басконскі, нарвенскі (як зэльвенскі, эльбенскі), узбецкі і таджыцкі (як калмыцкі, якое ў нас пішацца так, таму што і па-руску так ужо сталі пісаць). Слоўнік не прывёў да ладу варыянты тыпу «манаскі — манашскі — манашаскі», заблытаў правіла напісання апострафа, замацаваўшы як норму ўжыванне яго не толькі перад націскным «і», але і перад ненаціскным, а таксама перад «а», «э». Сталі пісаць: з'імшыць, зымшыць, сымшыць; аб'інець, з націскам на «і» і з'інець з націскам на «е»; з'эканоміць і сэканоміць, з'араць, з'арыентавацца. Гэтая арфаграфічная навінка ўжо замацавана ў арфаграфічным слоўніку ў раздзеле «Правапіс апострафа». Туды ў спіс прыкладаў папала нават слова «засяродзіць» (увагу), якое цяпер ужо трэба пісаць «з'асяродзіць». Навукоўцы вырашылі раздзяліць прыстаўку за- на дзве часткі і перад «а» напісаць апостраф, зусім як чэхаўскі адстаўны ўраднік з хутара Бліны З'едзены пісаў у пісьме да вучонага суседа «сострил» з цвёрдым знакам: «съострил».

У слоўніку вельмі мала назваў жыхароў Беларусі. Можна знайсці назву жыхароў якога-небудзь афрыканскага горада, але не сустрэць назву жыхароў Віцебска.

Незацікаўленыя адносіны аўтараў Тлумачальнага слоўніка да роднага слова перадаліся і на іншыя слоўнікі, якія выходзілі разам з падрыхтоўкай і выданнем яго. Найбольш яскрава гэта праявілася ў «Слоўніку асабовых уласных імён», дзе беларускія імёны адпаведнымі паметамі былі аб'яўлены размоўнымі.
З гэтай нагоды Ян Скрыган пісаў: «Як толькі паявіўся «Слоўнік асабовых уласных імён» Міхаіла Судніка, у якім не толькі Янкі, а ўсе Петрусі, Міхасі, Кастусі, Юрасі, Алесі абвяшчаліся імёнамі гутарковымі і размоўнымі, юрыдычна неправамоцнымі, — памятаю, як пісьменнікі абураліся такою неспадзяванкаю. Дык што — значыцца, наша літаратура яшчэ падлеткавая? Нясталая? Нават імёны нашы бытавыя? Юрыдычна закасаваныя?.. Дый наогул, якая карысць, калі нешта жывое гіне сілком? Хіба такія імёны, як Міхал, Язэп, напрыклад, не могуць застацца сярод законных?..» («Беларусь», 1984, № 9).

Амаль пра гэта ж у Леаніда Дайнекі напісаўся цудоўны верш, праўда, з мінорнай, спаняверанай нотай:
«Маіх дзядоў сялянскія імёны
Марцін, Язэп, Давыд, Кандрат, Якуб,
Вы з далечы плывеце заімглёнай,
Каб зноў крануцца нейчых душ і губ.
Вас не шануюць у сталічных загсах,
Ды і ў вясковых выйшлі вы з цаны.
А вас насілі, мушу я прызнацца,
Майго народа лепшыя сыны.
Мы ў космасе суровым пабывалі.
Мы новых дзён узводзім вечны зруб.
Мы сеялі, спявалі, будавалі...
Прабачце мне, што вас не ўшанавалі
Марцін, Язэп, Давыд, Кандрат, Якуб…»


...Сказаліся горкія словы праўды. Нашы слоўнікі — гэта наша аблічча ва ўсіх яго праявах. Пра гэта трэба гаварыць — прылюдна, адкрыта, глыбока, зацікаўлена. Так, як мы зараз гаворым пра метал і хлеб. Бо ж не хлебам адзіным жывём. I не толькі сёння.

Полымя. 1986. № 5. С. 168—181.

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson