Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-07-11 16:06:34

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

В. Вячорка. Палеміка з "Нашым словам" наконт назвы Падляшша

ЗНОЎ ПРА ПАДЛЯШША


Шаноўная і Паважаная Рэдакцыя,

Я выказаў гіпотэзу, што слова “Падлесьсе”, якое ўжываецца ў газэце,  штучна прыпісана рэгіёну Падляшша шляхам адваротнага перакладу з польскай мовы з памылковай этымалягізацыяй (гл. http://pawet.net/files/ns1117.pdf). Дзякую за пацьверджаньне гэтага. Паколькі ў адказе Рэдакцыі выказаныя пярэчаньні без спасылак і абгрунтаваньняў, да спасылак давядзецца зьвярнуцца мне. Я не гісторык, ня буду заглыбляцца ў праблемы дакладнай лякалізацыі рэгіёну і палітычных акалічнасьцяў вакол яго. Зазначу толькі, што гэта рэгіён відавочнага балцкага субстрату і адносна позьняга славянскага засяленьня (прынамсі яго паўночная частка), што ён належаў ВКЛ, а да Кароны адышоў у выніку Люблінскай уніі ў 1569 годзе. І засяроджуся на моўных фактах.

***

БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА “ПАДЛЯШША”

Паводле Рэдакцыі, “назва “Падляшша” не з’яўляецца ні народнай, ні беларускай”. Яна пачала ўжывацца ў нейкія “наступныя часы”, каб “паказаць прыніжаны статус беларускага насельніцтва, якое там знаходзілася пад дамінаваннем ляхаў”.

Што ж, зьвернемся да хрэстаматыйных беларускіх тэкстаў.

Кроніка літоўская и жамойцкая, канец XVI ст.

Року 1258… Потом далѣй тягнул Радивил и найшол над Немном старое городище, замок от Батия збуреный, збудовал замок другий и назвал его Городком, a оттоля тягнул на Подляше, где в той час ятвяги мешкали, найшол там Бересте, Хмелник, Дорогичин, Сурож, Бѣлско, Бранско, мѣста и замки побуроные от Батия.

Кестутови Троки Старые зо всѣм князством Жомойтским, з Городном и Ковном, Упитом и Лидою, аж до Подляша при границѣ пруской идучие; Кориатови Новгород князство з Волковыйском и Мстибоговом, которое князство тягло до Случи рѣки…

Баркулабаўскі летапіс, запіс пачатку XVII ст.:

Новины в[ашей] м[илости] ознаймую, которые ми в тую пришлую среду праве вседаючому, на рокош c Подляша мене дошли.

Прамова Мялешкі, 1589 г.:

Проч Жикгимонта короля! Того нечего и в люди личити, бо Подляше и Волынь наш вытратив, ляхом менечися.

Аўтар “Кронікі” ня мог назваць зямлю вольналюбівых яцьвягаў словам, якое мела б значэньне паняволеньня. Пагатоў у момант напісаньня тэксту ніякіх паноўных ляхаў там не было. Але найбольш красамоўная апошняя цытата. Для “Мялешкі”, які думае, гаворыць і піша па-беларуску, які выступае як патрыёт ВКЛ, назва Падляшша, па-першае, цалкам звычайная (і звычайная для ягоных чытачоў, г. зн. агульнапрынятая), па-другое, ня мае ніякага адмоўнага значэньня накшталт “паняволены ляхамі край”. Наадварот, аўтар абураецца, што “нашае” спрадвечнае Падляшша Жыгімонт Аўгуст страціў, аддаў Польшчы, бо сам стаў сябе лічыць палякам.

Аўтар, схаваны пад псэўданімам Мялешка, -- клясык старабеларускай літаратуры, “Прамову” вывучаюць у школе, у 9 клясе. Літаратуразнаўцы кажуць, што “Прамова” напісаная яскраваю народнаю беларускаю моваю. У плыні якой натуральна гучыць спрадвечнае беларускае слова Падляшша.

Нават на падставе прыведзеных цытатаў (а такіх сотні) відаць, што шаноўная Рэдакцыя памыляецца.

Навукоўцы добра ведаюць сэмантычную матывацыю ўтварэньняў з прыстаўкай пад-. Як я казаў у першым допісе, Падляшша – тыповая прэфіксальна-суфіксальная мадэль, якая мае мноства рэалізацыяў у беларускай тапаніміцы і абазначае мясцовасьць у кірунку да аб’екту ці ў суседзтве з аб’ектам, абазначаным коранем (Падазер’е). Разглядаючы акурат тапонім Падляшша, такія словаўтваральныя мадэлі на пад- 175 гадоў таму падаў у шырэйшым славянскім кантэксьце Павал Шафарык у сваіх знакамітых “Славянскіх старажытнасьцях”. Ён супастаўляе Падляшша з Падчэхамі ў Польшчы, Падрусьсем у Галічыне, Падлітоўем у Ноўгарадзкай губэрні (гл.: Pavel Jozef Šafářik. Slowanské starožitnosti: Oddjl děgepisný. W Praze, 1837. С. 283, зноска 59). Можна дадаць яшчэ тапонім Podniemcowizna ў Польшчы і г.д.



***

НАЗВА ВАЯВОДЗТВА

Ад назвы “Подляше” – Падляшша – паводле законаў беларускага словаўтварэньня ды фанэтыкі ўтварыўся прыметнік падля(ш)скі, напр., Падля(ш)скае ваяводзтва. А не наадварот, як сьцьвярджае Рэдакцыя.

У беларускай мове шыпячыя гукі асымілююцца наступнымі сьвісьцячымі: Нясьвіж – нясьвіскі, Добруш – добрускі, Падляшша – падляскі. Так у вымаўленьні й у клясычным Тарашкевічавым правапісе новай беларускай літаратурнай мовы, які жывое вымаўленьне адлюстроўвае. Але ў старабеларускай мове выкарыстоўваўся марфалягічны правапіс, у якім аддаецца перавага нязьменнаму напісаньню каранёў ды іншых марфэмаў, нават калі гэта разыходзіцца з вымаўленьнем. Ніякай фанэтычнай розьніцы ў чытаньні напісаньняў з “ш” ці безь яго няма ані ў беларускай, ані ў польскай мовах. Мае значэньне, што ў корані пішацца “я”. Вымаўлялі “падляскі”, пісалі часьцей подляш(ь)скии (у польскай у гэтай пазыцыі “sz” прапускаецца: podlaski).

Падам некалькі назваў дакумэнтаў манаршай канцылярыі на беларускай мове XVI ст., дзе такі прыметнік у марфалягічным напісаньні ўжываецца:

1566.VIII.18. Ліст Жыгімонта Аўгуста “до воеводы Подляшского пана Василья Тишкевича о зданье, на котором бы местцу послов московских принять розумел и о небезпеченствах от князя Московского”.

[1558?]. Прывілей Жыгімонта Аўгуста “пану Василю Тишковичу на воеводство Подляшское”.

1558.XII.22. Прывілей Жыгімонта Аўгуста “пану Павлу Ивановичу Сопезе, воеводе Подляшскому, на воеводство Новгородское”.

У беларускіх дзяржаўных дакумэнтах назва зямлі (ваяводзтва) фіксуецца як Подляшская пасьлядоўна. Другі Статут ВКЛ, выдадзены ў 1566 г., заканадаўча фіксаваў тэрытарыяльны склад нашае дзяржавы да Люблінскай уніі, г. зн. да перадачы Падляшша Кароне, наступным чынам:

АРТЫКУЛЪ 1.

(…) Напередъ мы Господаръ обѢцуемъ и шлюбуемъ… ижъ всихъ княжатъ, пановъ радъ духовныхъ и свѢцкихъ, панов хоруговныхъ, шляхту, мѢста и всихъ подданыхъ нашихъ и всихъ становъ въ томъ панствѢ нашомъ Великомъ КнязствѢ Литовскомъ, также и земль Русскихъ Кіевское, Жомоитское, Волынское, Подляшское и иныхъ земль прислухаючыхъ къ тому панству нашому, …тыми одными правы писаными отъ насъ даными судити исправовати.

АРТЫКУЛЪ 2.

(…) Тежъ предъречонымъ прелатомъ княжатомъ, понятомъ, паномъ, радамъ духовнымъ и свѢцкимъ, паномъ хоруговнымъ шляхтамъ и мѢстамъ земли Великого Князства Литовского, Руское, Кіевское, Жомоитское, Волынское, Подляшское, Смоленьское, Полоцкое, Витебское, Мстиславское и иныхъ земль Великого Князства Литовского, обѢцуемъ словомъ нашимъ господарскимъ, ижъ надъ жадного человѢка выданье албо осоченье явное таемное и подозрѢнье тыхъ становъ вышеймененыхъ карати не хочемъ (…)

Статуты ВКЛ – нашая першая Канстытуцыя. Дык вось Падляшская -- канстытуцыйная назва гэтай зямлі. І няўжо ж статутная камісія на чале зь Мікалаем Радзівілам Чорным ды сам гаспадар Жыгімонт Аўгуст, які падпісаў кодэкс, хацелі гэтаю назваю, як піша Рэдакцыя, “паказаць прыніжаны статус беларускага насельніцтва”?



***

ВАЧЫМА ПОЛЬСКІХ І РАСЕЙСКІХ НАВУКОЎЦАЎ

Паводле правілаў польскай фанэтыкі й правапісу, падобна як у беларускай мове, ад назоўніка Podlasze ўтвараецца прыметнік podlaski (як Kalisz -- kaliski). Таму калі па-польску пісалася (і пішацца) фанэтычна --  województwo podlaskie, гэта зусім ня сьведчыць пра паходжаньне назвы ад “лесу”. Зазначу, што “народныя этымолягі”, якія ёсьць у кожным народзе, маглі постфактум узводзіць Podlasie да lasu. Але славісты ведаюць: у гэтай пазыцыі ў польскай мове старажытны ě (ѣ) кораня (а праславянскі корань такі і быў – lěsъ/лѣсъ) дае рэгулярнае чаргаваньне ia/ie. Параўн.: świat – na świecie; miasto – przedmieście; las – Zalesie, Przylesie, Podlesie; biały – Podbiel, Podbiele. У Польшчы, паводле вядомага “Słownika geograficznego Królestwa Polskiego...”, толькі чатыры паселішчы з назваю Podlasie (ад lach). А вёсак і мястэчак Podlesie (ад las), паводле таго ж слоўніка, -- больш за сотню. Усё заканамерна: корань лес у краіне ляхаў больш тапанімічна прадуктыўны за корань лях.

Для польскіх мовазнаўцаў і гісторыкаў не падлягае сумневу, па-першае, што назва Падляшша прыйшла ад “русінаў”, а па-другое, што “лясы” тут ні пры чым:

“Подляше. Менавіта такая форма зьяўляецца прынамсі ў гаспадарскіх дакумэнтах, пісаных на рускіх мовах. У тых самых дакумэнтах ды іншых крыніцах палякі былі называныя ляхамі, што дае нам найбольш мэтадалягічна абгрунтаваную этымалёгію гэтай назвы. Подляше – гэта тэрыторыя, памежная зь землямі ляхаў, альбо палякаў, якая знаходзіцца пад мяжой зь ляхамі, альбо Каронай”. (Моніка Крэса, дыялектоляг. Тут і далей пераклады з польскай мае. – В. В.)

Клясык польскай мэдыявістыкі Ежы Вісьнеўскі (родам з Падляшша) адназначна сьцьвярджаў, што назва прыйшла ў Польшчу з ВКЛ:

“Новая назва – Подляше – зьявілася сярод літоўскіх ураднікаў для абазначэньня земляў у Троцкім ваяводзтве, якія ляжалі за пушчай уздоўж мяжы ляхаў. Ва ўсіх літоўскіх крыніцах, пісаных па-руску, выступае заўсёды форма Подляше, подляшский, а на лаціне Podlachia, podlachensis. Для ліцьвінаў дарога вяла ў край ляхаў праз Падляшша, як у горы вядзе праз Падгор’е. Зьявілася ўпершыню толькі ў 1495 г. у літоўска-рускіх крыніцах. У польскіх крыніцах у той час наагул не была вядомая. Пачала спарадычна выступаць у іх з 1517 г., а шырэй толькі з 1563 г. Назваю Podlasze напачатку акрэсьліваліся толькі землі каля мяжы Кароны паміж Берасьцем і Парчэвам, пазьней яна пашыраецца на ўвесь абшар земляў паміж “ляцкай”, мазавецкай мяжой і пасам пушчаў”. (Jerzy Wiśniewski. Osadnictwo wschodniej Białostocczyzny: geneza, rozwój oraz zróżnicowanie i przemiany etniczne. У: Acta Baltico-Slavica", XI. 1977 r.)

“Пры нагодзе належыць заўважыць, што тэрмін Podlasie зусім ня быў вядомы ў сярэднявеччы. (…) Сапраўднаю формаю гэтай назвы ёсьць Podlasze, ні ў якім разе не Podlasie, што аўтаматычна паказвае на значэньне гэтай назвы – пад Ляхамі (ад лясоў было б Podlesie)”. (Jerzy Wiśniewski, рэц. на: Maria Biernacka:  Wsie drobnoszlacheckie na Mazowszu i Podlasiu. PAN, 1966. У: Rocznik Mazowiecki 2, 1969. С. 405.)

Тут Е. Вісьнеўскі спасылаецца на аўтарытэт Аляксандра Ябланоўскага, які яшчэ ў 1910 г. выдаў грунтоўную манаграфію пра Падляшша. Мы таксама зьвернемся да мэтра, чыя праца вымагае даўжэйшага цытаваньня:

“Найменьне “Podlasie”, якое намякае на паняцьце краю, што ляжыць “пад лясамі”, цалкам няправільнае. Узьнікла яно пад уплывам вымаўленьня мазураў, гаворка якіх ня ведае гуку “ш” і замяняе яго на “сь”: як „wisznia” на „wiśnia” і г.д. Папраўдзе ж найменьне краю, якім мы зоймемся, гучыць „Podlasze”, што азначае зямлю, якая ляжыць “пад Ляхамі”, ля польскіх рубяжоў распасьцертую (“Podlachia”).

А калі так, дык назва гэтая зусім ня польская; аднак паколькі славянская, не літоўская, дык толькі руская магла быць. …Мусіла гэта быць якаясьці далейшая Русь, якую аддзяляў ад Ляхаў край, пра які нам тут ідзецца. (…)

Відавочна, назву „Podlasze” палякі перанялі ад Русі – і толькі ператварылі яе па-мазавецку на „Podlasie”. Але немагчыма, каб ня мелі яны і ўласнае назвы для гэтага краю, перш чым засвоілі сабе тую рускую. Вось жа здаецца, што ўвесь той пас разьмежаваньня паміж лясным Мазоўшам, уласна Літвой і рускім дрыгавіцкім Палесьсем звалі ў нас пачатна проста “Яцьвяскаю” зямлёю (…)”

Першыя “рускія” фіксацыі назвы Падляшша, паводле Ябланоўскага, адносяцца да апошняй чвэрці XII ст. Ён спасылаецца на Тацішчава, які ў сваю чаргу паклікаецца на Полацкі летапіс: пад 1182 г. Васілька сын Яраполка кн. дарагічынскі (з тураўскай лініі) саступае вобласьць Падляшша свайму швагру і саюзьніку Лешку. Аднак, кажа Ябланоўскі, невядома, што гэта за абшар. (Гл. Jabłonowski Aleksander. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. 6 cz. ІІ, Podlasie (województwo), Warszawa 1910.)

Сапраўды, В. Тацішчаў распавядае пра падзеі ў Надбужжы ў 1182 г., выкарыстоўваючы тэрмін [вобласьць] Падляшша і ўскосна спасылаючыся на полацкія крыніцы:

“Владимирко Володаревичъ собравъ паки войско… пошелъ къ Бресту, чрезъ девять дней Брестъ взялъ… потомъ пошелъ за Бугъ [въ Подляшїе] на Василька… …Едва Василько съ малыми людьми къ тестю своему Лешку ушелъ, которой тотчасъ еще собравъ войско, пошелъ на Владимирка, и принудилъ его, оставя Подляшїе область Василькову, вытти къ Бресту за рѣку Бугъ”.

“Сіе взято изъ манускрипта Хрущова; а въ прочихъ пропущено. Изъ сего видно, что нѣкто въ области Полоцкой писатель Несторову лѣтопись дополнялъ”. (Спасылка 530, у тэксьце памылковая нумарацыя 430)

У спасылцы 561 Тацішчаў палемізуе наконт гэтага эпізоду з Длугашам, кажа, што трактоўка Стрыйкоўскага блізкая да ягонай, і дае зразумець, што ў яго іншыя, чым у іх, крыніцы.

(Исторія Россійская съ самыхъ древнѣйшихъ временъ. Собранная и описанная В. Н. Татищевымъ. Книга третія. Москва, 1774. С. 247, 497, 504.)

М. Карамзін (Примѣчанія къ ІІІ тому Исторіи Государства Россійскаго. У: Н. М. Карамзин. История государства Российского. Репринтное воспроизведение издания 1842—1844 годов. М.: Книга, 1988. С. 44, спасылка 87) крытыкуе Тацішчава за фактычныя недакладнасьці ў гэтым эпізодзе; наагул Тацішчаў, як вядома, ня можа быць надзейнаю крыніцаю, хаця пэўная верагоднасьць ужываньня тапоніму Падляшша ў цытаваных ім крыніцах ёсьць. Тады гэта азначала б, што гісторыя рэгіёніму Падляшша старэйшая на 300 год і сягае канца XII ст.



***

ЛАЦІНА

У польскіх крыніцах з XII ст. (першы – Kadłubek у 1192 г.) фіксуецца назва Pollexiani ў дачыненьні да яцьвягаў. “Тут відавочна назва краю перанесеная ўжо на народ, які пачатна ім валодаў”, кажа Ябланоўскі. З XIII ст. тэрміны Polexia, Polexici ўжываюцца ў папскіх лацінамоўных булях (Гл. Jabłonowski A. Цыт. праца).

Але ў юрыдычных лацінскіх тэкстах, што пішуцца ў Кароне і Княстве, запаноўвае іншая, ужо згаданая ў цытаце Вісьнеўскага, форма. Сам акт стварэньня асобнага Падляскага ваяводзтва ў складзе ВКЛ, які датуецца 1520 годам, напісаны на лаціне і завяршаецца ўрачыстымі словамі: “Creatio Palatini Podlachiae” – і подпісам гаспадара Жыгімонта. (І дзе ж тут той лес?)

Лацінская мова афіцыйных дакумэнтаў пасьлядоўна выкарыстоўвае гэтую форму, параўн. таксама “Mathias Sawicki – castellanus Podlachiae” (пацьвярджальны прывілей Сьцяпана Батуры месту Горадні, 1576 г.).



***

ПОЛЬСКІЯ КРЫНІЦЫ

Рэдакцыя сьцьвярджае: “Нідзе ў польскіх дакументах такога тэрміну [Падляшша] няма”. Што ж, зноў прыпадаем да крыніцаў.

Вось радасная паэтычная рэакцыя паляка на перадачу Падляшша Польшчы ў выніку Любліна:

Toż nas też pocieszyło, że wszystko Podlasze, / Jak się ku temu miało, już teraz jest nasze (Ян Панэнтоўскі, 1569 г.).

А вось цытаты знакамітых храністаў і падарожнікаў XVI—XVII ст.:

“A Podlasze wszytko aż do Prus z Wołynia począwszy, osiedli byli, Nowogródek też zamek i okoliczne wołości w Litwie trzymali”

“...Podole wszystko Olgerd do Wielkiego Xięstwa Litewskiego przyłączył i wszystki krainy Ruskie do Lwowa, Krzemieńca i Bełza, także wszystko Podlasze za Brzeście Litewskie i Parczow z Polskim królestwem rozgraniczył”.

“Konradus zaś Koborg, komendator z Balgi, z wojskiem Niemieckim na Podlasze Litewskie wtargnął...”

“A tak Alexander z drugiej strony ruszył Litwę, Żmodź, Russaki, Wołyń i Podlaszany...” (Мацей Стрыйкоўскі, 1582 г.).

„Drugie hordy Roksolanów obrócili się na północz, tamże osiedli, gdzie dziś zową Podlasze, drudzy na Wołyniu” (кроніка М. Бельскага, 1597 г.).

„Podlasze kraina jest szeroka”,  -- піша Аляксандар Гваньніні ў працы “Z kroniki Sarmacyi Europskiej” (пераклад на польскую Марціна Пашкоўскага, 1611 г.)

“Moskwa opanowawszy wszystkę litwę Fortece Popodlaszu grassowali. (…) Iakesmy tedy weszli w Podlasze Moskwa ustąpili ku Mscibowu”. Chryzostom Pasek. Pamiętniki 1656—1688. S. 79, 81. Паводле http://sxvii.pl (Polska Akademia Nauk, Instytut Języka Polskiego. Słownik języka polskiego XVII i 1. połowy XVIII wieku).

Як бачым, у акадэмічным слоўніку старапольскае мовы зафіксаванае як тагачасная норма слова Podlasze. Формы Podlasie ў ім няма.

Судовыя дакумэнты XVIII ст.:

„resyduiąc w Podlaszu” (скарга намесьніка Супрасьлеўскага манастыра Інакенція Харкевіча, 1714 г.)

„rezyduiąc w Podlaszu” (судовая пастанова ў справе паміж супрасьлеўскімі базылянамі і абшарнікам Смагарэўскім, 1715 г.)

і г. д.

М. Стрыйкоўскі ці не адзін зь першых спрабаваў разабрацца ў этымалёгіі назвы:

“А язігі альбо язьвінгі, аднае зь Літвою мовы, як некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, і тых самых звычаяў і набажэнства паганскага былі, а жылі ў лясах літоўскіх, да палякаў прылеглых, каторы край сёньня Палесьсем, альбо Падляшшам, ад прылегласьці лясоў завуць, альбо таксама Падляшшам, як бы пад ляхамі, прылеглы да палякаў край русакі назвалі”. (Maciej Stryjkowski. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi, 1582. Паводле выданьня Мікалая Маліноўскага і Ігната Даніловіча, Том І. Warszawa, 1846. С. 184)

Як бачым, Стрыйкоўскі не ўжываў формы Podlasie, толькі Podlasze (якая ня можа быць утвораная ад las), а лясы як этымон згадаў у зьвязку з Палесьсем (зь якім блытаў Падляшша). Для Стрыйкоўскага не падлягае сумневу, што былы край яцьвягаў названы Падляшшам таму, што ён суседзіць зь ляхамі, а не падлеглы ім.

Наступныя пасьля Стрыйкоўскага аўтары, ужо гісторыкі ў сучасным сэнсе слова, ідэю “лесу” як этымону назвы краю адхілілі катэгарычна. Відаць, першым навукоўцам, які сыстэматычна апісаў гісторыю краю, быў клясык гістарычнай навукі Язэп Ярашэвіч, удзельнік Віленскай прафэсарскай групы гісторыкаў-беларусаў з Падляшша (разам з Баброўскім, Даніловічам, Анацэвічам), сам родам зь Бельску:

У многіх рускіх летапісах, а нават у літоўска-рускіх дыпляматычных актах старадаўняя зямля яцьвягаў не называецца Podlasie, як быццам яна разьмешчаная пад літоўскімі лясамі, бо і сама яна была лясістая, але Podlasze, г. зн. край, які толькі межаваў зь ляхамі, але ляхамі пачатна заселены ня быў (Гл. Jaroszewicz Józef. Obraz Litwy pod względem jej cywilizacji od czasów najdawniejszych do końca XVIII w. Wilno, 1844-1845).

Ярашэвіч ня быў мовазнаўцам, таму не ўзгадаў тут лінгвістычнай прычыны зьяўленьня формы Podlasie з Podlasze ды немагчымасьці ўтварыць Podlasze ад las. Пра гэта вычарпальна напісалі й закрылі дыскусію пазьнейшыя навукоўцы, якія цытуюцца вышэй.

Вось жа шаноўнаму ананімна-калектыўнаму апанэнту варта апэраваць навуковымі фактамі й спасылкамі, а не паклікацца на размовы зь ня менш ананімнымі “рэдактарамі польскіх газет”, якія “ніякага Падляшша ніколі ня чулі”. Правільна, ня чулі, бо на сучасную польскую Падляшша перакладаецца як Podlasie. Але тыя рэдактары, відаць, не з Падляшша і ня дужа адукаваныя, бо ў самім краі адукаваныя людзі ўсіх нацыянальнасьцяў ведаюць пра фанэтычную эвалюцыю Podlasze  Podlasie. Гэта аксіёма, пра гэта можна прачытаць у любым тамтэйшым краязнаўчым даведніку ці нарысе, скажам, гісторыі лесаводзтва краю.



***

А ШТО БЕЛАРУСЫ ПАДЛЯШША?

Перш чым па-валюнтарысцку пераймяноўваць край, варта было б спытаць людзей. Як ставяцца да тапоніму Падляшша самі беларускія насельнікі рэгіёну, ці лічаць яго прыніжальным для сябе? Лягічна даць слова беларускаму патрыярху краю – сьв. п. Сакрату Яновічу. Па-майстэрску сьцісла, адным сказам, ён апісаў пачатак гісторыі Падляшша:

“Пасьля пераломнай Грунвальдзкай бітвы гэтую нічыйную пасьляяцьвяскую тэрыторыю (…) інкарпаравала Вялікае Княства Літоўскае як асобную правінцыю Падляшша (г. зн. у бок Ляхаў)”. (Сакрат Яновіч. Эўропа пачалася на Падляшшы. Пераклад з польскай, у тэксьце ўжытая форма Podlasze).

Сакрат – перакананы патрыёт Падляшша і Беларусі:

“…Я зразумеў, што Падляшша вельмі важнае ў Эўропе. Тут узьнікалі ўсе культурныя і палітычныя плыні. Тут пачатак беларускага палітычнага руху. Адсюль выводзяцца пачынальнікі і змагары – Язэп Ярашэвіч, Кастусь Каліноўскі, Усевалад Ігнатоўскі… (…) Уся беларуская ідэя пачалася з Падляшша”. (“Ніва”)

Ці ёсьць (сама)назва жыхароў краю? А як жа. Вось знойдзеная Язэпам Янушкевічам п’еса «Лiтвiн, падляшук i варшавяк: Арыгiнальная камедыя ў I акце, напiсаная вершам» (аўтар Л. Дмушэўскi, 1823 г.). Слова падляшук даволі часта ўжывае беластоцкая “Ніва”.



***

АФІЦЫЙНАЯ НАЗВА І ЯЕ ІМПЭРСКІЯ АПАНЭНТЫ

Вернемся да беларускіх дакумэнтаў. Рэдакцыя сьцьвярджае, што з 1513 году пачаў шырока ўжывацца “тэрмін падляскі, які дакладна абазначае падлескі”. А папраўдзе?

25 верасьня 1513 г. была выдадзеная Пацьвярджальная грамата Жыгімонта (ІІ) віленскаму ваяводу Мікалаю Радзівілу на маёнтак Гонязь. У ёй згадваецца “воевода  Подляшьскии  маршалокъ  и  секрѢтарь  нашъ намѢстникъ  Бряславскии  панъ Иванъ СопѢга” (Сборникъ палеографическихъ снимковъ древнихъ грамотъ и актовъ, хранящихся въ Виленском центральномъ архиве и Виленской публичной библиотеке. Изданіе Виленской Археографической Коммиссіи.  Выпускъ І-ый (1432-1548 гг.). Вильна, 1884).

1542 г. – судовае рашэньне каралеўскіх дворных судзьдзяў у спрэчнай справе аб спадчыне падляскага маёнтку Сьвяска і Дзецель: “Жаловалъ  намъ Янъ Миколаевичъ Третинича (на) Ганну Войтеховую тымъ обычаемъ: держитъ она именье нашо отчизное на Подляшьи у повете Дорогичинскомъ” (Тамсама).

1535 годам датуецца ліст караля Жыгімонта аб перадачы ўраду войскага Яну Сьвяціцкаму, адрасаваны “ВоеводѢ Подляшскому,  маршалку  нашому,  старосте  Дорогицкому  пану  Ивану  Богдановичу СопѢзе” (Тамсама).

Усе дакумэнты выдадзеныя да Люблінскай уніі. Беларуская мова ў ВКЛ дзяржаўная. Падляшша належыць ВКЛ, яго адміністрацыйна ўпарадкоўваюць, даюць новаўтворанаму ваяводзтву імя, утворанае ад беларускай народнай назвы краю.

Але – увага! -- у зборніку Віленскай археаграфічнай камісіі 1884 г., дзе дакумэнты апублікаваныя, апошняму з цытаваных укладальнікам даецца наступная назва: “Листъ короля Сигизмунда 1-го подлѢсскому маршалку о передачѢ должности ("уряда") войскаго Яну Светицкому”. Укладальнік зборніку – Сямён Шалковіч. Ён не пасьмеў рэдагаваць арыгінальныя дакумэнты, але памяняў Падляшша на “ПодлѢсье” ўсюды, дзе мог, -- у сваіх прадмовах, камэнтарах і назвах дакумэнтаў. У якасьці ілюстрацыі ягоных поглядаў – цытата: “Вотъ  какъ  хозяйничалъ  воевода  Радивилъ - Amor Poloniae [любімчык Польшчы] въ русскомъ ПодлѢсьи!”

С. Шалковіч – постаць вядомая, пра яго Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі піша: “Навуковыя погляды Шалковіча адрозніваліся крайнім манархізмам і паланафобіяй” (ЭГБ, т. 6. С. 191). Свае расейскія шавіністычныя погляды ён ня дужа кампэтэтна спрабаваў рэалізаваць у адвольным увядзеньні тэрміну “ПодлѢсье”, якога не было і не магло быць ані ў беларускіх, ані ў польскіх крыніцах. Вось такі папярэднік у прыхільнікаў “Падлесься”.


***

Мяняць назву цэлага рэгіёну – гэта тапанімічная рэвалюцыя. Для яе патрэбныя сур’ёзныя падставы і ўмовы. Іх не заменяць суб’ектыўныя адчуваньні.


Вінцук Вячорка

Апублікавана са зьменай правапісу ў "Нашым Слове" № 20, 2013 http://pawet.net/ns/2013/20/%E2%84%96_20_(1119).html
і ў арыгінале на партале "АРХЭ" http://www.arche.by/by/page/science/15111

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson