Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-07-11 00:24:17

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. У народных выслоўях гісторыя і душа

І на чужы Сьвяты не кідáй у ніты…

Быў сёньня на Камароўцы. Камароўскі кірмаш – мініятура нашага грамадзтва. Хаджу сюды з пачатку 60-х гадоў. Памятаю яшчэ малдаўскія бочкі з сухім віном, апетыя Рыгорам Барадуліным у вершы „Камароўка“. Перад Вялікаднем і Калядамі, калі яны не супадаюць у праваслаўных і заходнікаў, добра заўважаецца, колькі якіх вернікаў тут і як яно тут выглядае. Сёньня няма маёй Марыі, у якой ужо колькі гадоў купляю твораг. Яна пайшла да касьцёлу. А ейная суседка па прылаўку, Іра, кажа: „Я буду толькі ў пятніцу. Бо сьвяткую па-руску...“. „Праваслаўны атэіст“ Васіль з-пад Смалявічаў, у якога купляю цыбулю і моркву, стаіць на сваім месцы, як ён кажа, і „на палякі“, і „на праваслаўныя“. Такіх цяпер тут бальшыня, бо асноўныя прадаўцы – менскія кабеты ды дзяўчаты, што працуюць „з прыварку“. Прыемна глядзець, як тут кожны гавораць пра сваё і вельмі добразычлівы да суседа.

Прыгадалася мне з гэтай нагоды прымаўка, што я ў загаловак паставіў.

Гадоў да 12-ці я рос, як бы цяпер сказалі, у шматэтнічнай вёсцы. Усе пісаліся беларусамі і гаварылі аднолькава па-нашаму, на полацка-ветранска-ушацка-празароцкай гаворцы, але ж звычаі і побытавая арыентаванасьць былі шмат у чым адрозныя. У загаловак я вынес нашу мясцовую прымаўку, якая вымаўлялася як рыфмаванка з націскамі на апошніх складах у словах „сьвяты“ і „ніты“. „Сьвяты“ значыла тут „сьвятая асоба“. „На Сьвяты“ значыла: на Мікола, на Юр’я, на Язэп… Менавіта так – не скланяючы. Зь нітамі складаней. Гэта – тэрміналягічнае словазлучэньне. Калі „навівалі кросны“, то частка працэсу называлася „кідаць у ніты“ – злучаць ніткі петляў у кроснах для падыманьня „асновы“ – па чатыры, па 12, а то і па 16. Тады казалі: ткаць у 4, у 12, у 16 нітоў. У 16 нітоў магла ткаць ня кожная ткальля. Гэта ўжо было нешта накшталт стварэньня „шэдэўру“, які рабіў вучань у сярэднявечным цэху рамесьнікаў, каб атрымаць тытул майстра.

„Кіданьне ў ніты“ было самай складанай і карпатлівай справай, і рабіць гэта не было прынята на „крывыя вечары“ ды сьвяты. Ня толькі на свае, але і на чужыя, асабліва суседзкія. Тут да звычак, перанятых яшчэ з паганства, прымешвалася вельмі прыгожая этыка суседства, што склалася ў нашай, падобна, здаўна шматэтнічнай і шматканфэсійнай мясцовасьці, якая знаходзілася ў полі „полацкага прыцягненьня“. Суседзі дакладна ведалі, хто што і калі сьвяткуе. Каталік Жахоўскі мог прынесьці на свой Вялікдзень праваслаўнаму Марозу на пачастунак кавалак свайго „сьвянцонага“ пірага, а невядома якога вызнаньня Фрыдрых ня грэбаваў пачаставацца мацой ад Шмэркі Шаньдзялоўскага. На вялікае суседава сьвята стараліся не рабіць надта шумную працу, стукаць, грукаць, распачынаць вялікае мыцьцё, разьвешваць сушыць бялізну, паліць дымныя кастры… Наша маці была ня надта набожная, але нам заўсёды казала, каб менш бегалі „на сяло“ да суседа, калі той трымаў пост. Вось ад маці і пачуў я прымаўку: „І на чужы Сьвяты не кідай у ніты“. Калі хто-небудзь з праваслаўных у „свой“ пост весела бавіў час, тутэшыя без асаблівага зьдзеку маглі заўважыць, што ён „спраўляе нямецкую масьленіцу“.

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson