Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-07-11 00:21:56

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. Мы видим о том... Мы бачым аб тым...

Нярэдка чую па-беларуску у дзяржаўных і недзяржаўных мэдыях: „Мы цікавімся аб тым, аб гэтым мы ўпэўніліся, аб гэтым ня трэба сумнявацца...“ Адкуль гэта бярэцца? Усё адтуль – з расейскай дзяржаўнай трасянкі...

Колькі разоў чуў па БТ ад прэмʼера Міхаіла Мясьніковіча арыгінальную сінтаксічную канструкцыю: „Мы видим о том, что...“ . Не зьдзіўляўся. Што чакаць ад выпускніка яшчэ савецкай берасьцейскай ВНУ, што спэцыялізаваўся па сантэхабсталяваньні, які ўсё жыццё правёў у атачэньні генэралаў савецкага аграпрамысловага комплексу?

Аднак апошнім часам зразумеў, што на нашых тэрэнах, дзе пануе своеасаблівы „піджын рашн“, узьнікае трэнд ужываць усе дзеясловы „моўна-разумовай“ групы, у тым ліку і са сваім адметным кіраваньнем (цікавіцца – чым?, сумнявацца – у чым?, уяўляць сабе – што?, упэўніцца – у чым?, назіраць – за чым? і г. д.), з прыназоўнікам „о“. Гэтая „мода“, падобна, падбірае пад сябе і больш адукаваную частку рускамоўных суб'ектаў, што спэцыялізаваліся ў гуманістыцы. Перакідаецца яна і на беларускамоўных публічных асобаў.

Так, 30 красавіка ў 19-00 у 1-й праграме БТ сп. Валерый Цапкала, кіраўнік „Беларускай сіліконавай даліны“, колішні дарадца Станіслава Шушкевіча, намесьнік міністра замежных справаў, былы амбасадар РБ у ЗША, з нагоды чарговага „кампутарнага мерапрыемства“ сказаў: „Мы сегодня видим о том, что компьютеры становятся неотъемлемой частью технического прогресса...“ Тут, можна дапусьціць, мае месца ўскосны ўплыў англа-амэрыканскага мысьленьня сп. Цапкалы: сэмантыка „to see“ сягае і да „to think about“. Але гэта, хутчэй, фантастыка...

У суботу 26 красавіка прыблізна ў 8-50 у 1-й праграме Беларускага радыё расійскамоўны сьвятар, распавядаючы пра замучаных бальшавікамі сьвятароў на Полаччыне, выславіўся так: „Когда я собирал документы, я видел о том, что погибшие умирали мученической смертью...“

У тэлеінтэрвію (дату ня памятаю) давялося чуць ад Аляксея Дударава па-беларуску: „Мы бачым аб тым, што тэма Вялікай Айчыннай вайны працягвае і сёньня хваляваць нашага беларускага тэатральнага глядача..."

Цікава паназіраць за расійскай мовай у Расіі. Ці ёсьць там такая тэндэнцыя?

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson