Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-07-11 00:09:52

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. А ці былі „одежды кожаные"? Быцьцё/Genesis 3:21

(Пра нашыя біблійныя пазыкі)

У 2006 г., будучы ў Германіі, купіў я „Bibel in gerechter Sprache“ (Gütersloher Verlagshaus, Gütersloh 2006, in der Verlagsgruppe Random House GmbH, München), так бы мовіць, „Біблію ў слушным перакладзе“, ці Біблію на „ўсеабдымнай“ мове. Ангельцы назвалі яе „Bibel in inclusive language“. Гэта пратэстанцкі праект, які цягнуўся некалькі дзесяцігодзьдзяў і быў ня танны. Натуральна, рабіўся на ахвяраваньні. Перакладнікі ды экcпэрты – з усяго сьвету. У тым ліку і з Ізраілю. Новае: прапала традыцыйная „адвэрзатыўнасьць“ Хрыста (ён толькі за „слушнае“ выкананьне Торы), тэкст фэмінізаваўся (зьявіліся „апосталкі“, побач з рознымі найменьнямі нябачнага Бога, такімі, як АДАНАЙ, ЁН, зьявілася новае – ЯНА), прыглушаны лютэраўскі антысэмітызм і г. д. Адным словам, тэкст стаў актуальным і „паліткарэктным“. Але ўсё гэта – праз адэкватны ўлік моўных парадыгмаў (напрыклад, праз магчымасьць амбівалентнага адлюстраваньня роду) і „слушнай“ сэмантыкі праз непасрэдны ўдакладнены пераклад з старажытнага іўрыту, арамейскай ды грэцкай моваў. Выкарыстоўваліся таксама апакрыфічныя тэксты.

У гэтым тэксьце (о радасьць эмацыйна-інтэлектуальнага камфорту!) я прачытаў: „Und Adonaj, also Gott, machte selbst für den Menschen als Mann und für seine Frau Gewänder für die Haut und bekleidete sie“. У перакладзе: „І АДАНАЙ, БОГ, зрабіў сам чалавеку, як мужу, і ягонай жонцы адзеньне для скуры і апрануў іх“. Паводле сэнсу: каб прыкрыць сорам.

Перакладнікі зыходзяць ня толькі з ранейшых гермэнэўтычных меркаваньняў наконт стаўленьня Госпада да забіваньня жывёлаў падчас райскага быцьця першачалавекаў, але галоўным чынам кіруючыся перакладам старажытнагабрэйскага словазлучэньня „kashnot 'or“ (па-нямецку даслоўна „Gewänder der Haut/Hautgewänder). Гэты родны склон немцы называюць (прыблізна па-беларуску) „далучальна-прыналежны генэтыў“ (у расейскай тэрміналёгіі – „сопряженный падеж"). Яны лічаць, што і ангельскае апісаньне „skin clothes“ можна перакладаць як „вопратка для скуры“, бо „skin“ – гэта ня толькі „clothes from the skin“, але і „the outside part of human's or animal's body“.

Каталіцкая царква Германіі адмоўна сустрэла новую вэрсію Сьвятога пісьма, як усе навацыі, што зыходзяць ад пратэстантаў. Як вядома, пáпы традыцыйна і дагэтуль ня лічаць пратэстанцкую царкву сапраўднаю царквою, а толькі нечым накшталт сэкты. Хаця экумэнічнае супрацоўніцтва адбываецца. Пратэстанцкае царкоўнае начальства пакуль ня раіць выкарыстоўваць новы пераклад у кананічных службах, а разглядае гэтую спробу як „новае кола гермэнэўтыкі“. Гэта, дарэчы, паводле маіх ведаў, – першая рэакцыя нямецкіх цэркваў пасьля выхаду „Bibel in gerechter Sprache“. Тады гэта была вялікая інфармацыйная нагода. Журналісты вылілі на пераклад цабэркі зьдзекаў. Як выглядаюць справы зараз, ня ведаю.

Мне як чалавеку, што сузіральна падзяляе хрысьціянскія каштоўнасьці і ўсё яшчэ не дачакаўся сваёй тэафаніі/эпіфаніі, перакладніцкая навацыя нямецкіх пратэстантаў прыйшлася даспадобы, бо пазбавіла мяне ад „скуранога дыскамфорту“. Вось такое маленькае сучаснае эпікурэйства...

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson