Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-07-11 00:03:36

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. Адзін фальшывы міт з савецкай філялёгіі

Міты – у прамым і пераносным сэнсе – у значнай ступені вызначаюць лад жыцьця і фармулююць каштоўнасьці. Кожная нацыя, шукаючы сваю ідэнтычнасьць, стварае свае ўласныя міты. Запозьненыя этнасы часам вымушаныя пазбаўляцца ад чужых, накінутых мацнейшым ці надта „пасіянарным“ суседам. Для беларусаў гэта неабавязкова толькі культурна-антрапалягічныя наратывы ды тэксты пра гістарычна-цывілізацыйныя падзеі, сфармуляваныя суседзямі ці дасьледнікамі з далёкіх краінаў.

У нашым выпадку прыходзіцца карэктаваць нават самыя простыя выпадкі з гэбраістыкі, антычнасьці, сярэдневечча і новай гісторыі, засвоеныя праз ідэалягічныя лёзунгі і „кліпы“ савецкага часу на ўроках літаратуры, гісторыі, навуковага камунізму і г. д., якія захаваліся па сёньняшні дзень.

На жаль, некаторыя папулярныя тэксты, выразы, максымы працягваюць сваё існаваньне ў абсечаным „пралеткультаўскім“ фармаце ня толькі ў творах дзяржаўнага журналізму.

Пра цела і дух: Mens sana in corpore sano

Прэзыдэнцкая Рэспубліка Беларусь, як вядома, – спартыўная дзяржава... Паводле словаў кіраўніка краіны, адна перамога беларускага спартоўца на міжнароднай арэне каштуе больш, чым высілкі ўсяго МЗС на працягу году.

Таму: няхай жыве здаровае цела, няхай узлунае здаровы беларускі дух! Паўсюль расьцяжкі, паўсюль афарызм пра здаровы дух у здаровым целе: у вусных інтэрвію трэнэраў, спартоўцаў, бацькоў маладых хакеістаў... Некаторыя нават ведаюць, як гэта гучыць па-лацінску. Усе ўпэўненыя ў прычынна-выніковай сувязі словаў „цела“ і „дух“. Будзе цела – будзе дух. Кліпавая максыма фармуе дзяржаўны міт здаровай, паслухмянай і сьвяточна кіраванай нацыі.

Адкуль жа ўзяўся гэты абсечаны крылаты выраз? Ён прыйшоў у савецкую сярэднюю і „высокую“ школу яшчэ з дарэвалюцыйных падручнікаў лацінскай мовы і антычнай літаратуры. Гэтыя пяць словаў узятыя з „павучэньня“ нумар Х (радок 356) 16-ці „Сатыраў“ (Saturae) рымскага паэта Ювэнала (62-142). Тут, як і ў сатырах 8 і 9, аўтар фармулюе папрокі і павучэньні для патомнай знаці, што жыве сярод спакусаў вялікага гораду, аб’ядаецца, дэградуе ў сэксуальных пэрвэрзіях... У простым пераказе пра дух і цела гаворыцца так: „Калі што-небуць просіш у багоў, прыносячы на ахвярнік, напрыклад, салцісон зь белай сьвіньні, трэба маліць, каб у здаровым целе жыў здаровы дух (orandum est ut sit mens sana in corpore sano), моцнага духу прасі, што ня ведае страху перад сьмерцю..., у якім няма месца злосьці і жарсьцям..., ня бойся цяжкай працы, будзь як Геркулес, а не як Сарданапал, які адно спаталяўся смачнай ежай і каханьнем у мяккіх падушках...“

Ня трэба баяцца арыгіналаў. Кожны можа зайсьці ў інтэрнэт, калі няма дома патрэбнай кніжкі. Тыя ж „Сатыры“ Ювэнала можна пачытаць на любой даступнай мове або па-лацінску. Маючы паралельныя тэксты, можна пачаць набываць пачатковыя веды пра лацінскую мову. А потым купіць падручнік. Ці ж не цікава прачытаць сёньня, як жылі і адчувалі грэкі, рымляне ці антычныя асырыйцы? Маладым я раіў бы пачаць з „Занимательной Греции“ Міхаіла Гаспарава (ён – сучасьнік і калега Рэфармацкага і Аверынцава). Нічога больш займальнага і разумнага для пачаткоўцаў я не сустракаў. Пра таго ж Сарданапала, апошняга асірыйскага цара, Гаспараў напісаў так, што здаецца, бачыш Нінэвію сёньня, разбураную і спаленую мідзянамі. А пасярод плошчы захаваўся прыжыцьцёвы помнік цару, які склаў пальцы рукі ў пстрычку і кажа: „Усё, што я зьеў і выпіў, – засталося са мною, а астатняе, што засталося пасьля мяне, – ня варта і маёй пстрычкі...“

Філялягічны гурман можа знайсьці сапраўдную асалоду, чытаючы больш сур’ёзную кніжку М. Гаспарава – „Записи и выписки“, выдадзеную гадоў дзесяць таму „Новым литературным обозрением“. Тут няма савецкага пралеткульту. Добрае чытаньне народзіць і з нашага асяродку цікавых аўтараў. У нас зараз шмат маладых людзей, якія чытаюць па-французску, нямецку, ангельску. На гэтых мовах напісана шмат папулярных кніжак, якімі ў свой час пакарысталіся расійскія аўтары, пішучы пра антычнасьць. Нам трэба рабіць нешта падобнае.

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson