Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

  • Галоўная
  •  » Актуаліі
  •  » Пётра Садоўскі. 25 Сакавіка: Безабаронная веліч паміж дабром і злом

#1 2008-05-21 16:11:35

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Пётра Садоўскі. 25 Сакавіка: Безабаронная веліч паміж дабром і злом

Дзевяностыя ўгодкі БНР сталі набыткам гісторыі. На першы погляд здаецца, што нічога новага не адбылося. Выказаць грамадзянскую пашану Купалу, Коласу, Багдановічу праз ускладаньне кветак да помнікаў 25 сакавіка ўлады зноў не дазволілі. Амапаўцы, як і раней, ламалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Удзельнікаў дэманстрацыі зноў арыштоўвалі і судзілі. Аднак, не, -- штосьці новае прырасло. Для вызначэньня гэтага нечага, што зрушылася, трэба шукаць не паліталягічныя, а этычна-эстэтычныя катэгорыі.

Глыбінны зрух

Слушныя назіраньні аналітыкаў, што зараз беларускі рэжым спрабуе аббяззброіць апазыцыю, пераймаючы ейныя лёзунгі ды перформансы ў выглядзе рок-канцэртаў ды арт-кампаніяў праз гарады і мястэчкі, не люструюць галоўнага якаснага зруху, што самазьдзейсьніўся нават у межах афіцыйных змушаных круглых сталоў ды тэлеаглядаў, прысьвечаных БНР. Гэта – ня сутнасная зьмена. Аўтарытарная улада можа лёгка зьмяніць тактыку. Аднак, кропля дзяўбе камень … Высілкі нашых адраджэнцаў 70-80-х гадоў і сучасны вызвольны рух не былі марныя. Комплексны зьбег унутраных і зьнешніх абставінаў паспрыяў таму, што за выключэньнем хіба аднаго-двух рэліктавых прасавецкіх ідэолягаў ад гістарычнай навукі ўсе афіцыйныя дыскутанты прызналі высокія добрыя памкненьні бацькоў-заснавальнікаў БНР, -- няхай сабе і ва ўмовах гістарычна наканаванай паразы. Фэномэн БНР перастаў быць абсалютным злом у афіцыйнай гістарычнай інтэрпрэтацыі. Спробы “спрытнага” лавіраваньня дзеячаў БНР у міждзяржаўных стасунках паміж бальшавіцка-расейскай Сцылай і кайзэраўска-нямецкай Харыбдай усё радзей трактуюцца як дзеяньні каведных палітыканаў і “запраданцаў” уласнага народу. Калі параўноўваць працэс вымушанага прызнаньня гістарычнай ролі “айцоў” БНР у фармаце нашай навуковай афіцыйнай бюракратыі з працэдурай прызнаньня хрысьціянскіх харызматычных пакутнікаў сьвятымі, то на сёньняшняй стадыі можна фігуральна гаварыць, што заснавальнікаў БНР ужо амаль прызналі “дабрамыснымі” (у царкоўна-славянскай традыцыі -- “блажэннымі”). А гэа ўжо паўшляху да сьвятасьці.

Яшчэ гадоў пяць таму нават адзін гарадзенскі гісторык-максымаліст і сучасны нацыянальны патрыёт таўраваў членаў Рады БНР за іх нібыта дыпляматычную недасьведчанасьць, называючы іх “раскірдашы-нязграбы з той Рады” (гл. зборнік “Анталогія сучаснага беларускага мысьленьня” і рэцэнзіі на яго ў часопісе ARCHE, 2003-6). “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг, запачаткаваныя БНР як дзяржаўныя сымбалі незалежнай Беларусі, заўсёды фігуравалі ў дзяржаўных тэлерэпартажах пра сучасных “нацыяналістаў” (з адмоўным адценьнем) як фашыстоўскія атрыбуты часу нямецкай акупацыі 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Здаецца, мы, нарэшце, набліжаемся да тыпалягічнага падыходу ў ацэнцы гістарычнага значэньня падзеяў 25 сакавіка, як гэта зрабілі, напрыклал, літоўцы, прызнаўшы дзень 16 лютага нацыянальна-дзяржаўным сьвятам. З пункту гледжаньня нацыянальна-вызвольнай ідэалёгіі падзеі 16 лютага ў Літве, дзеяньні Тарыбы ды іншых нацыянальных згуртаваньняў абсалютна параўнальныя зь беларускімі ад 25 сакавіка. Тое ж можна сказаць і пра сучасную ацэнку спробаў усталяваць незалежную дзяржаўнасьць у Грузіі, Украіне, Азербайджане ў 1918-1921 гг. пасьля распаду Расейскай імперыі. Якасныя і колькасныя характарыстыкі тых “дзяржаўнасьцяў”, якія таксама пацярпелі гістарычную паразу пад ціскам бальшавіцка-расейскай рэвалюцыі, пры такім тыпалягічным падыходзе не павінныя прымацца ў разьлік.

Разам з аслабленьнем дыфамацыі бацькоў-заснавальнікаў БНР паступова ў сьвядомасьці аббалваненага абывацеля, які больш кіруецца не перакананьнямі, а “агульнай” традыцыяй, новае адраджэньне павінны перажыць і дарагія нам Пагоня і Бел-чырвона-белы Сьцяг.

Нацыянальныя сымбалі – ода радасьці і адзінства

Сярэдні грамадзянін, як правіла, далёкі ад разуменьня сутнасьці нацыянальна-дзяржаўнай сімволікі. Прыжываюцца і ўспрымаюцца элітаю грамадзства толькі тыя сімвалы, якія актуалізаваліся ці нарадзіліся ў момант найвялікшага ўздыму і яднананьня думнай і дзейснай часткі грамадзства, што самааддана змагаецца за сьцверджаньне нацыянальнай годнасьці. Гэтыя сімвалы – велічныя і прыгожыя для сваіх. Усялякая прыгажосьць – адносная. У кожнай краіны і эпохі свая прыгажосьць і веліч. Сучасны француз не ўспрымае “Марсэльезу” як крывавы пераможны “Баёвы марш Райнскага войска”, скампанаваны страсбурскім капітанам-сапёрам Ражэ дэ Лілем, дзе крыві – па шчыкалатку: “…Няхай барозны нашых палёў напоўніць нячыстая кроў [тыранаў]“ (“Ou’un sang imput // Abreuve nos silons!”). У беларускім ваярскім маршы “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” слова “кроў” – біблійнага паходжаньня: “Ў крывавых муках мы народзім жыцьцё Бацькоўшчыны (sic!) сваёй…”. Беларус нараджае сваю Бацькаўшчыну, як жанчына дзіця, -- у муках.

Абсалютная прыгажосьць і гармонія – Навышні Творца. Паводле абсалюту на сьцягу нацыянальнай дзяржавы з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі павінна было б быць адлюстраваньне Эвангельскага Хрыста зь некаторымі лякальнымі атрыбутамі. Аднак у эпоху сэкулярызаванага грамадзства такая абсалютная “ідэалягічная прыгажосьць” будзе ўспрымацца як харызматычны нэафундамэнталізм і з гледзішча прагматычнай выніковасьці можа вырадзіцца ў бясконцую ахвярнасьць і грамадзкую стому.

Гармонія, прыгажосьць, веліч аднолькава вабяць Дабро і Зло. Асабліва гэта мае месца ў выпадку з тымі артэфактамі, што адлюстроўваюць сфэру гармоніі чыстых эмоцыяў, дзе трыюмф і радасьць асабістага “Я” зьліваюцца з калектыўнай радасьцю. Свой катарсіс могуць перажыць як добрыя і злыя творцы, так і добрыя і злыя рэцыпіенты. Велічны сымбаль-артэфакт можа напаўняцца розным зьместам незалежна ад суб’екту натхненьня. Клясычны прыклад такой мэтамарфозы – зьмена прысьвячэньня 3-й (“Гераічнай”) сымфоніі Бэтховэна. Будучы вялікім сымпатыкам Напалеона, яшчэ як “Першага консула” Французскай Рэспублікі, Бэтховэн на тытульнай старонцы копіі твору вялікімі літарамі ўласнай рукой напісаў: “Напісана ў гонар Банапарта”. Аднак 18 сакавіка 1804 г., атрымаўшы зьвестку пра каранацыю Напалеона на імпэратара, кампазытар вырваў тытульны ліст і на новым зрабіў надпіс: “Гераічная сымфонія, напісаная для ўшанаваньня памяці вялікага чалавека” (“Sinfonia eroica, composta per festiggiare il sovveniire di un grand’ Uomo”).

Яшчэ большыя палітычныя прыгоды перажыла 9-я сымфонія Бэтховэна, дакладней, -- ейная заключная 4-я частка, напісаная на словы “Оды радасьці” Фрыдрыха Шылера, што стала гімнам Эўразьвязу. Першы варыянт оды Шылер, натхнёны навакольнай прыродай Саксоніі і сяброўствам, напісаў амаль як вакхічны экспромт у коле жыцьцярадасных масонаў на горным летніку у свайго прыяцеля Готфрыда Кёрнэра пасьля працяглай сяброўскай вячэры зь віном і сьпевамі (in einer länglichen fröhlichen Gesang- und -Weinrunde”). Як узгадвае жонка Кёрнэра, дэклямацыя Фрыдрыха закончылася выліваньнем віна на абрус, як сімвал ахвяры багам, і выкіданьнем бакалаў за муры летніка… Вершы “Оды”, закончанай у лістападзе 1785 г., сталі нечакана папулярныя. Аўтар вельмі крытычна ставіўся да свайго твору і празь пяць гадоў пасьля публікацыі, 21 кастрычніка 1800 г., пісаў Кёрнэру: ”Тваё меркаваньне пра вартасьць гэтага вершатвору грунтуецца хіба толькі на нашым успрыманьні той эпохі, калі вершы былі напісаныя... Гэта верш толькі для нас. Не для эпохі…Як паэтычны твор ён ня мае ніякай вартасьці…”

Аднак гісторыя захацела інакш. Велізарны імпульс радасьці і надзеі “аднаго ў яднаньні з усімі”, закладзены ў радках “Оды”, натхніў геніяльнага Бэтховэна, і ён узьняў “верш з нагоды” да гімну надзеі і яднаньня эўрапейцаў у імя свабоды асобы і сяброўства народаў. Яшчэ ў 1955 годзе аўстрыйскі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, заснавальнік “ Пан-Эўрапейскага руху”, Р.-Н. Кудэнговэ-Калергі (Richard Nicolaus Coudenhove-Kalergi), куды ўваходзілі між іншымі Альбэрт Айнштайн, Томас Ман, Конрад Адэнаўэр ды інш. знакамітасьці, прапанаваў інструмэнтальную вэрсію Бэтховэна на вершы шылераўскай “Оды радасьці” у якасьці гімна Эўропы. У 1972 г. “Ода” стала гімнам Рады Эўропы, а з 1985 г. – у інструмэнтальнай аранжыроўцы фон Караяна гімнам Эўразьвязу. У свой час Рамэн Ралян назваў “Оду радасьці” “Марсэльезай чалавецтва”.

Велічны шылераўска-бэтховэнаўскі твор выкарыстоўваўся, аднак, ня толькі прыхільнікамі свабоды і дэмакратыі. У 1938 годзе падчас “музычных дзён Райху” велічнае выкананьне “Оды” стала апагеем “яднаньня нямецкага духу”. Пад фугавыя пасажы і вычварна-супярэчлівыя такты “турэцкай музыкі” з заключнай часткі 9-й сымфоніі спраўлялі свае маршы нацысты. У адзіным экстазе пераможнага яднаньня пад велічныя акорды “Оды” салютавалі фюрэру чальцы НСНРП у дзень ягоных народзінаў. У час культурнай рэвалюцыі ў Кітаі гэтую музыку выкарыстоўвалі як ілюстрацыю да бескампраміснай клясавай барацьбы, у канцы 60-х гадоў у расісцкай Радэзіі – як нацыянальны гімн.

Наш бел-чырвона-белы сьцяг – безадносна да патрыятычнага ўспрыманьня – рэдкі выпадак абсалютна гарманічнага спалучэньня фарбаў. “Колеры Хрыста, -- няйнакш”, -- скажа праваслаўны вернік, параўноўваючы наш нацыянальны сьцяг зь бел-чырвона белай ліштвай, што нашыта на падольлі ўрачыстых шатаў праваслаўнага Мітрапаліта і называецца па-царкоўнаму “Вытокі”. Нашаму гербу-коньніку толькі прыдаць трохі больш “літоўскага” палёту, і тады – гвалту мы дамо адпор…

Offline

 
  • Галоўная
  •  » Актуаліі
  •  » Пётра Садоўскі. 25 Сакавіка: Безабаронная веліч паміж дабром і злом

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson