Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2012-03-20 12:41:32

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. Моўныя інавацыі 90-х гг.: матэрыялы для аналізу

Пётра Садоўскі

МОЎНЫЯ ІНАВАЦЫІ 90-х гг.: МАТЭРЫЯЛЫ ДЛЯ АНАЛІЗУ

З канца 80-х і на працягу 90-х гадоў, калі з'явіліся недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі (напачатку іх называлі «нефармальнымі»), у беларускамоўнай публіцыстыцы назіраецца сапраўдны рой новых з'яў у параўнанні з «афіцыйнай» мовай, Гэтыя інавацыі— толькі адносныя. У бальшыні выпадкаў яны ўяўляюць сабою гальванізацыю ранейшых моўных здабыткаў, якім нядобры час і гістарычная руіна не далі адстаяцца ды праз негвалтоўны натуральны адбор без пурыстычных жарсцяў застацца ў мове ці пайсці ў нябыт. Дарэчы, цягам апошняга дзесяцігоддзя выраз «сродкі масавай інфармацыі» змяніўся ў вуснах журналістаў-прагрэсістаў спачатку на «мас-медыя», а потым і зусім з'еўрапеіўся да аднаго слова — «медыі».


СУЧАСНЫ ПУРЫЗМ I ЭКСТРАЛІНГВІСТЫЧНЫЯ ФАКТАРЫ

Пакуль рана ацэньваць інавацыйныя з'явы. Іx трэба спачатку інвентарызаваць. Безумоўна, ужо цяпер бачны цэлы шэраг моўных фігур, якія сведчаць пра сціплую лінгвістычную адукацыю і недахоп густу ў некаторых аўтараў-неафітаў. Аднак гэта не павінна правакаваць знішчальную крытыку з боку адукаваных снобаў ад лінгвістычнай навукі: ёсць небяспека выкінуць разам з куколем залатыя зярняты. Наступае час скласці максімальна поўны самадастатковы апісальны рэестр мовы без залішняй арыентацыі на перакладныя слоўнікі, параўнальныя марфалогіі, сінтаксісы ды арфаэпіі. Лексічныя значэнні і стылёва-функцыянальныя адзнакі моўных адзінак павінны вызначацца ў межах адной моўнай сістэмы. Носьбіта беларускай мовы не павінна бянтэжыць, што ў расійскай ці польскай мовах адпаведная, вонкава аманімічная адзінка мае іншы зместавы ці стылёвы сэнс. Разумны пурызм не павінны абцяжарвацца экстралінгвістычнымі актуальнымі рэаліямі, а больш кіравацца лагічна-функцыянальнымі крытэрамі. Так, калі цяпер беларускі журналіст-незалежнік заходняй арыентацыі над польскім уплывам кажа шляхетныя металы замест традыцыйнага каштоўныя, высакародныя (бо ў расійскай ёсць благородные), то ён адыходзіць ад функцыяналізму як ад аднаго з галоўных прынцыпаў утварэння моўных адзінак. (На мой дылетанцкі погляд, польскае metal szlachetny і для польскай мовы не самая ўдалая калька з нямецкага Edelstein, бо ў польскім варыянце szlachetny у параўнанні з drogocenny, kosztowny занадта выпукляецца нават паводле сведчання саміх палякаў верхняя гістарычная матывацыя. Для беларусаў — тым больш).

Пурызм свайго часу і сваёй тэрыторыі нават у межах адной мовы, якая ў пэўным сэнсе яшчэ знаходзідца на стадыі koine, можа мець рознанакіраваны характар. Для нас цяпер, як і заўсёды ў новай гісторыі, расійская ды польская мовы, быццам звязаныя ёмістасці, ёсць крыніцай натхнення і пурыстычных жарсцяў. Украінская мова — як ціхі ставок суседа, з якога мы часам моўчкі сёе-тое чэрпаем з лёгкай рукі Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча: ачольваць, напрыканцы... Дазволю сабе самацытаванне з пісанага па-нямецку артыкула для міжнароднага сімпозіуму ў Мюнстэры ў 1990 годзе ва ўласным перакладзе: «Паводле нашых назіранняў, прадстаўнікі новай беларускай «буры і націску» ў дачыненні да магчымага ўплыву з боку расійскай і польскай моваў кіруюцца прынцыпам «палярнага пурызму». Паколькі сёння польская мова ў адрозненне ад расійскай не робіць непасрэднага «адміністрацыйнага» ўплыву на беларускую, звычайна пры магчымасці выбару яны аддаюць перавагу варыянту, які не супадае з расійскім, — г. зн. бліжэйшаму да польскага. Гэта найбольш заўважна, калі адпаведны носьбіт мовы не зусім добра валодае польскай, і вельмі наглядна ілюструецца ўжываннем лексічных адзінак з канфесійнай тэматыкі не толькі ў «касцельным» кантэксце, але і ў пераносным сэнсе: кляштар, святар, анёл, імша, пакута, прыпавесць, почат святых, біскуп, капліца, цвінтар і г. д. замест адпаведных «наркамаўскіх» манастыр, свяшчэннік, ангел, эпітымія, прытча, лік святых, епіскап, часоўня, пагост і г. д. Прыклад (сучасная дачка сварыцца з маці): «Што, па-твойму, мне ў кляштар пайсці? Ты сама, вунь цётка кажа, с петухамі дадому прыходзіла з танцаў!» (1)

Падобную з'яву назіраў Ст. Урбаньчык у польскай мове на мяжы XIX і XX стагоддзяў: «Выразна адчувальны ўплыў расійскай і нямецкай моваў абумовіў адмоўнае стаўленне да ix.., што выклікала ў польскай шматлікія з'явы пурызму... Пры гэтым варшавякі рэагавалі найбольш востра на сімптомы нямецкага ўплыву ў мове кракавякаў, у той час як апошнія абураліся расійскімі элементамі ў польскай мове варшавякаў...» (2)


ЛЕКСІКА

Акрамя «інавацыйнай лінгваабалонкі» для некаторых лексічных значэнняў разгляданыя словы нясуць у сабе яшчэ дадатковую экстралінгвістычную інфармацыю аб прыналежнасці адпаведнага носьбіта мовы да пэўнай сацыяльнай групы грамадзянскай супольнасці, што прыблізна адпавядае экспрэсіўнай функцыі паводле М. Трубяцкога.

Абмяжуемся простым пералікам найбольш часта ўжываных назоўнікаў, якія ўмоўна можна далучыць да «нестандартных». Звычайна яны выпраўляюцца ў дзяржаўных выданнях на іншыя, зафіксаваныя ў акадэмічных слоўніках. (Некаторыя лексічныя мадэлі будуць паўторна ўзгадвацца пры аналізе суфіксацыі назоўнікаў.) У значнай колькасці недзяржаўных мас-медыя ўжываецца «клясычны беларускі правапіс» — «тарашкевіца». Мы падаем па магчымасці прыклады ў афіцыйным правапісе.
   

Назоўнікі, якія абазначаюць асобу

Спадар, чалец, заўзятар, супарат, бубнач, мысляр, урадовец, амбасадар, маладзён, мінак, заступнік 'намеснік', мурын, страйковец, міліцыянт, наведнік, адпачывальнік, гулец, вайскавод (галоўны в. — «галоўнакамандуючы»), лекар 'доктар, урач', габрэй, гэбрай, жыд, юдэй, юдзей, іудзей, ізраэліт, летувіс, расеец, маскаль (і ў нейтральным значэнні), вугорац, ангелец, гішпанец, пінчук, мянчук/мінчук, берасцеец, гарадзенец, насельнік, ваяр, вершнік (верхнік), шараговец («радавы»), райца, здрайца, дарадца, гамяльчук, гуманітар, парлямантар, рэфармат, лейбарыста, рэзервіста, наступант, інтэграст (адм.), пагонец (сябра мастацкай суполкі «Пагоня»), дзяржсакратарка (М. Олбрайт), лідэрка, выкладнік, закладнік («заложнік»), дароўца, вядоўца («вядучы»), вызнавец (веры), спраўца 'справавод', рухавец, нашанівец, нашаніўшчык (паблажліва-іранічнае: «дубаўцоўскія нашаніўшчыкі»; у вусным выступе), касцюшкавец, Навышні (Усявышні), лётнік 'лётчык', выведнік, пікетовец, пікетчык (адм.), усхваляч (адм.), выступовец, віцяблянін (не віцябчанін!), кшталтавальнік (к. мовы), выбарца, выбіральнік, рытмач 'кепскі паэт', вернік, нявернік, душпастыр, хадыка («Які хадыка з дзіцёнка?», «Ён — хадыка, ён паспее!»), наводнік / новік 'новапрыезджы', шамшура 'шаптун-даносчык', пустацікавец, сябра / чалец (у мн. ліку сябры з націскам на 1-м складзе), адмысловец 'спецыяліст', малжонкі, староста (царкоўны), заўзятар («балельшчык»), замоўнік (з. забойства), месціч, сядзелец (с. вязніцы), аднамыснік, мяшканец, насельнік, праломнік (камутарны п., хакер), суцяжнік («ісцец») і г. д.

Некаторыя лексемы надзвычай варыятыўныя. Здаецца, што ў большасці аўтараў не назіраецца імкнення дыферэнцыяваць варыянты ў адпаведнасці з задуманай семантыкай. Надзвычай паказальны прыклад ужывання варыянтаў для паняцця, якое перадаецца ў афіцыйнай мове словам яўрэй. Апошнім часам ужываецца ажно 6 такіх варыянтаў. Пры гэтым яны могуць стаяць побач нават у адным сказе як сінонімы, каб пазбегнуць паўтору. «Увечары 29 верасьня беларускія жыды сустрэлі новы 5761 год ад стварэньня сьвету. 28 тысяч нашых жыдоў вітаў Юры Дорн, прэзыдэнт Юдзейскага рэлігійнага аб 'яднаньня ў Беларусі» (так у арыгінале).


Назоўнікі з прадметным значэннем


Асобнік/паасобнік (экземпляр кнігі), фатэль, гатэль, допіс, вязьніца, кар 'аўтамабіль', агэнцыя, вітальня, летнік, лецішча, прымесьце 'прадмесьце', фундацыя, фартэцыя, жытло, спрат, схоў, схованка, саля / заля, катэдра (націснены 2-гі склад), вучэльня, багажня, паперня, капальня, гаўбец, намёт, след 'лыжня', кійкі / кіі 'лыжныя палкі', гак (у кіях), шыхт 'рад, шарэнга', строй / гарнітур 'касцюм', ірты 'лыжы', гэлікоптар, напой, імбрык, ровар, ліст (ніколі «пісьмо»!), капэрта, прабойнік 'дзіркакол', кампутар, мапа, пернасці, пернік, косткі 'лічыльнікі', пільчак, гунька (таксама і на кані ў гербе «Пагоня»), гарбата, кавярня, канапкі, падвалак 'падшыпнік', цягліцы, двухтамовік, дамок, дзіцячы садок, школка (беларуская), улётка, дручок 'міліцэйская дубінка', кайданкі 'наручнікі', бронекамізэлька, вагары 'рычагі', шалі, выспа (Каралавыя выспы), затока (Пэрсыдзкая затока), балона, Сусьвет (толькі «Космас»), Усясьвет (таксама 'Космас'), усясьвет 'увесь сьвет — усе краіны, усе людзі' (вытв. 2-я ўсясьветная вайна, усясьветна вядомы вучоны), ходнікі, коўзанка, каўзялі, гарбатнік, швэдар, барлога, лэйба (лэйбл), налепка, глясар, раскопы (раскопкі), спаруда 'пабудова', прыймач, гучнамовец, адкаркоўка / шніпар / адкрывач, коркацяг, абрусак, лядунак (л. на палачцы), ламанец, лусцень (л. з сырам), лядоўня (халадзільнік, што і ў кухні), пляцдарма, бамбавік і г. д.


Назоўнікі з агульным значэннем

Крыза, тэза, дасцёбкі 'прыдзіркі', сужыццё, супраца, выбітнасць, невараць, (нешта пайшло ў н., у прорву), студыі 'вучоба', наступства, плашчына (культура развівалася ў дзвюх плашчынах), хапун (не толькі 30-х гадоў), крозы (к. і сны), атачэнне, прыстава («прыкол», 'жарт'), пералёк 'упуд', собскасць 'самастойнасць, уласнасць', жыш (ж. начаваў у кішэні), выправа (службовая в.), засядка 'засада', прышласць, панятак, чыннік, складнік, хрост, спарон 'аборт', пацяшэнне (духовае п.), хаўрус (станоўч.), тартуры, показка, лекаванне, размінаванне, выведка 'разведка', сочка 'сачэнне', посьмех (выставіць к.-н. на п.), расцярушанасць (р. дзеянняў), дзеясьпеў («песнапенне»), назоў, найменне, перыёдык, мэдыі, высілкі, адсотак / адсотка, содні 'суткі' (трохсодневы арышт, сем содняў), разлегласць (р. вынікаў), бальшыня (абсалютны сінонім «большасці»), выстава, вып¬равы, расповед, аповед, позва (п. у суд), зыск (судовы з.), ператрус, травень, зьвяз 'саюз' (Эўрапейскі З.), фэст (замест «фестываль», «свята»), страйк, міт, пераслед, распаўсюд, вынятак, каментар, аддзел 'атрад', аблога, неруш (без стылёвых абмежаванняў), прыпавесць, страшкі, жарсці, звыроддзе і г. д.


Прыметнікі

Назіраюцца пошукі «сучасных» беларускіх варыянтаў нават тады, калі афіцыйны зусім не набліжаецца да расійскага: ратаўнічы (выратавальны стаіць далёка ад магчымага трасяначнага спасіцельны), чародны, выбітны, запеклы 'зацяты', собскія 'уласныя', размаітыя і г. д.

Для лепшага разумення некаторыя прыметнікі даюцца ў словазлучэннях.

Собскі, абавязкавы (націск на «вя»), маладзёвы / моладзевы, жарсны, жыдоўскі, габрайскі, габрэйскі, гішпанскі, ангельскі, вугорскі, багэмскі 'чэскі', суворы, запеклы бой, накінутая / перакручаная / пераніцаваная / скавэрканая культура, рамкавыя ўмовы, падставовы 'галоўны', заўсёдны, медычны, войстры / гостры, шанаваны, заўважная роля, складовая частка, усясветны, сусветны (толькі 'касмічны'), шляхотны / шляхетны, брунатны, нармалёвы, цэнтралёвы, баёвыя дзеянні, тарнаванае / ужытковае мастацтва («прыкладное»), рынковыя адносіны, вечаровы, міралюбны, паліцыйныя аддзелы, ірацкі 'іракскі', грэцкі, узбэцкі, шашовы, басконскі, басняцкія сэрбы, біблійны, італійскі 'італьянскі', месяцовая ноч, драконскія законы (безумоўна слушна, бо Дракон — уласнае імя), Пухаўскі р-н, кіроўны рэжым, адначасны і г. д.


Дзеясловы

Каментараваць / каментаваць, пудлаваць (без стылёвых абмежаванняў), шыхтавацца, тэлефанаваць, марнаваць час (катэгарычнае выцясненне выразу траціць час), злякацца (непрыманне спужацца), выдаваць на ш.-н. (выдае на тое, што...), ідзецца пра шт.-н., гэта мяне не абыходзіць, уважаць на ш.-н., страйкаваць, гамаваць 'перашкаджаць', спатыкацца 'сустракацца', скрасці, ачольваць, запачаткаваць, панаўляцца 'абнаўляцца, аднаўляцца', абіраць 'выбіраць', рытмаваць, зарыштаваць, сканфіскаваць, спраўдзіць (нават с. пасты, с. памяшканні), плішчыцца ў сябры, талераваць, успадкаваць (націскное «па»), зьвершыцца 'адбыцца', падважыць / падсверыць / асверыць (і ў пераносным значэнні, напрыклад, падважыць рэформы), развязаць праблему, выслаўляцца, распавесці, агалосіць вырак, бамбаваць / бамбардаваць, студыяваць, зафундаваць і г. д.


Некалькі прыкладаў маладзёвага жаргону

У гарадскім маладзёвым беларускамоўным асяродку пачалі з'яўляцца спецыфічныя слоўцы:

Лэйба 'фірмовая налепка', страшкі 'жахлівыя відзежы, фільмы жахаў', я без пайма, я не даганяю 'не разумею'; я на яе не лачнею 'яна ў мяне не выклікае пажаднасці'; апрастацца з к.-н. 'фізічна зблізіцца', пайшоў у пук /пайшоў у гак 'адзін сэкс у галаве'; кніжкі у сумцы, а п... ў думцы (варыянты: ...а пусі ў думцы; ...а сліпс у думцы; апошні распаўсюджаны ў БДЛУ); прыстава «прыкол», 'эпатаж, сяброўскія жарцікі, хэпэнінг'; надараза 'той, хто строіць кпіны ды прыставы'; спудлаваць («пракалоцца» на дзеўцы); пісюнамі па Вяллі водзена (пра нешта няпэўнае).

Паводле першых назіранняў, менавіта ў асяродку моладзі нарадзіўся (ці адрадзіўся) і пашырыўся узус такіх «некарэктных» выразау і словаў, як паўтары гады, паўгады, содні 'суткі', адмыслоўцы 'спецыялісты', чалец, ачольваць і г. д.


Падвышэнне статусу афіцыйных нізкастылёвых моўных адзінак

У публіцыстыцы, у паэзіі, у публічных выступах пачалі без абмежавання ўжывацца словы і выразы, пазначаныя ў нарматыўных слоўніках паметамі «абл.», «разм.», «дыял.» або ўзятыя з фальклору: сяньня, сыбота, тутака, тамака, ёсьцека, іхны, альбо (выцясняе або), дзеля (выцясняе для; нават так: Наш суразмоўца падрыхтаваў дзеля нашай газеты... у сэнсе: для нашай газеты), мейсца, спаміж, заміж, сярэда, то бок 'гэта значыць', пагатоў, ровар, швэдар, майткі, нагавіцы і г. д.

Тое ж назіраецца і ў дачыненні да марфалогіі і сінтаксісу (гл. далей адпаведныя раздзелы).


Абеларушванне ўласных назваў і рэаліяў

Гэты працэс адбываецца з выразнай арыентацыяй на народную і культурную заходнееўрапейскую традыцыі, у тым ліку і ў напісанні, нярэдка з імплікаванай ацэначнай функцыяй.

Некаторыя прыклады: Іван Жахлівы, Саната месячнага святла (Месяцовая саната), Сярэдняя Эўропа...

Напрыклад, ужываючы Іван Жахлівы замест Іван Грозны, аўтар публіцыстычнага артыкула паміж іншым матывуе свой выбар заўвагаю, што, калі б беларускі шляхціц, жывучы паняццямі магдэбурскага права, зведаў на сабе «грознасць і суворасць» з боку вялікага князя, які б публічна пацягаў яго за бараду, го ён бы адразу пасля гэтага засіліўся б у пятлі, каб не ганьбіць свой род. Праз адну намінацыю даецца цэлая цывілізацыйная прорва: што для расійскага баярына гістарычная непазбежнасць і «поря¬док вещей», тое для шляхціца з Вялікага Княства Літоўскага — жах і ганьба. Тут жа прыгадваецца, шго еўрапейцы перакладаюць у гэтым кантэксце грозный менавіта як жахлівы: Iwan der Schreckliche, Ivan the Terrible, Ivan le Terrible.

Ужываннем саната месячнага святла (21-ы опус Бетховена) замест афіцыйнага запазычанага з расійскай мовы лунная саната падкрэсліваецца непрыняцце запазычанняў-варварызмаў з расійскай мовы і набліжэнне да мовы-арыгінала, адкуль вынікае рэалія: нямецкі музычны крытык (не сам Бетховен!) назваў у свой час гэтую санату-фантазію Mondscheinsonate, што даслоўна перакладаецца 'саната месячнага святла'.

Сярэдняя Еўропа — назва паводле заходнееўрапейскай традыцыі. У расійскай мове паводле савецкай традыцыі ужываецца выраз «Цэнтральная Еўропа»...

Падобна польскай традыцыі (Michał Lermontow) абеларушваюцца «вельмі рускія» імёны: праф. Крукоўскі ў «Нашай Ніве» называе расійскага цара Пятра І Пятро І. Хтосьці называе Суворава Аляксандра Сувораў.

Беларускія імёны, якім адпавядаюць расійскія з фіналямі «галосны+j», пішуцца без ётавага элемента або з дадатковым галосным (Юры, Валеры, Валер, Анатоль) або набываюць іншае, народнае, аблічча (Зьміцер, Вінцэнт, Яўген).

У напісанні паступова (пакуль яшчэ непаслядоўна) таксама набірае сілу заходняя традыцыя перадачы рэаліяў старажытных Грэцыі і Рыма, што асабліва відавочна пры перадачы парных зычных адпаведнікаў ф – т і «еўрапейскага памякчанага» /л/: міф – міт, Фама – Тамаш, хроніка – кроніка (але пакуль заўсёды хрысьціяне), варвары – барбары, Вавілон – Бабілён, Веспасіян – Вэспазыян, Асірыс – Азырыс, мусульмане – музульманы, лёзунг, лябіраваць, плян (як лямпа, клямка, лямантаваць, Фінляндыя, кляштар і г. д.). Перавага аддаецца другому элементу пары і мяккаму /л/.

Яшчэ некаторыя прыклады: Атэны, Эўропа, майдэборскае права, Вялікая Брытанія, Павал, Пётра, Пётар, Пятро, сымбаль, краналёгія, краніст, мячэт (набліжана да цюркскага), катэдра, Рут, Рута, карынцяне, Дэн Хааг, Гішпанія, Ангельшчына, Нямеччына, Вугоршчына, Эўравунія, Эўразьвяз, вунія, Ворша, рэжысэр, Ройтэрс, Іліной, Тэксас, Вошынгтан, Эрузалем, Эрушалом, Лёндан, Ню Ёрк і г. д.


НАЦІСК

Паколькі і ў афіцыйнай арфаэпіі раздзел акцэнтуацыі пакуль распрацаваны слаба, для «фірмовага» націску застаецца вялікае поле. Гэта натуральна, бо вымаўленне, як і астатнія падсістэмы мовы, могуць стабілізавацца толькі пры яе арганічным функцыянаванні ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Пакуль гэтага няма, будзе заставацца значная варыянтнасць.

Вось некаторыя прыклады акцэнтуацыі, што адрозніваецца ад умоўна нарматыўнай:
Эванге́лле, пасе́джанне, заве́ршанне, паме́шканне, у шпіталі́, учорашні, крамна́я цацка, на аркушы́, ча́сапіс, сказа́на, бочкавае піва, сабралі́ся, рынковы, быў выбра́ны, бамбовы замах, дзесяткі́, спі́це, нясе́це, дае́це, дзяя́ч, людзя́м, людцоў, Віталю́, Гладу́ (давальны склон ад прозвішча Глод), пажы́лыя, абавя́зкавы, Аб'е́днаныя Нацыі, ку́плены, куплёны 'крамны', пятні́ца, у сярэ́ду, се́рада, нашага шляху́, выходныя дні, піса́ны па-беларуску, чыта́ны ў час заняткаў ('які чытаецца' і 'прачытаны'), сябры́ 'дружбакі', ся́бры 'члены' і г. д.

Цяжка зразумець акцэнтуацыю і адпаведна правапіс дзеяслоўных формаў нясеце, даеце, жывеце. Гэта не ўкладаецца ні ў якую пурыстычную ці задзірыстую логіку. Можа, гэта проста няведанне формаў несяце, даяце, жывяце? Але пытанне застаецца. Нават народны пісьменнік у «Звяздзе» ад 24 кастрычніка 2000 г. піша: «Відаць, сытна, вальготна жывеце, панове... ?» Пэўна, гэта ўжо нейкая тэндэнцыя.


СЛОВАЎТВАРЭННЕ

Сярод найбольш заўважных тэндэнцый варта адзначыць вельмі агрэсіўнае пашырэнне назоўнікаў з фіналямі -нік, -оўца, -аўца, -авец, -эц, -ца на месцы -чык, -шчык, -чы:

Падаткаплатнік, (не)плацежнік, даследнік, выкладнік, замоўнік, выканальнік (в. абавязкаў = выконваючы абавязкі), падказнік, перакладнік, падпольнік, закупнік, правознік, перавознік, афармляльнік, выведнік 'раз¬ведчик', карабельнік, абутнік, лётнік, кіроўца, кіровец, абвінаваўца, вінаваўца, вядоўца, дароўца, вызнаўца, спраўца, выступовец «выступаючы», старшынёўца ('старшыня сходу', «старшынюючы»), рухавец, фронтавец, касцюшкавец і г. д. Пацвярджаюцца ўжо даўно заўважаныя з'явы ўспрымання суфікса -чык, -шчык як сігнала адмоўнай семантыкі (гл., напрыклад, даследаванні аспірантаў Паўла Сцяцко) у параўнанні з -нік, -авец, -овец: пачынальнік — зачыншчык, змоўца — змоўшчык, кінамеханік — кіншчык, выведнік — даносчык і г. д.

Вельмі красамоўны прыклад: удзельнікі пікету з шэрагаў «Хартыі-97» і БНФ на вуліцы Веры Харужай называюцца на старонках «Нашай Нівы» пікетоўцы, а арганізатары пікету камуністаў ля амбасады ЗША на вуліцы Старавіленскай — пікетоўшчыкі. Заангажаванасць сімпатый названай га¬зеты не выклікае сумнення.


МАРФАЛОГІЯ

1. Падроўніванне над «народную парадыгму» канчаткавых склонаў назоўнікаў насуперак нарматыўным рэкамендацыям: у (В)осле (пра сталіцу Нарвегіі), з аяталом, з Монікай Лявінскай (амер. прозв. Levinski), з Хільком (наз. скл. Хілько), са старшынём калгаса, з Хаўерам Салянам, звязеаць з ягоным імём, Беларусяй, з заклапочанасцяй, выпадковасцяй, з прышласцяй...

2. Пашырэнне аддзеяслоўных назоўнікаў мужчынскага роду з нулявым канчаткам і назоўнікаў ніякага роду з суфіксам -і, -іва, -ыва побач з формамі pluralia tantum: Хрост, наступ, выступ, праслед, пераслед, скарот, абудак, допіс, панятак, распаўсюд, спуд, згон, упуд, сумнеў, скрут, супраца, выстава, памовіны, замовіны, раскопы, паховіны, дамовіны, печыва, марозіва, лёдзіва...

3. Пашырэнне формаў жаночага роду на -ка ў групе назоўнікаў, што абазначаюць прафесію: побач са «старымі» прафесіямі тыпу сакратарка, бібліятэкарка, выхавацелька ўжо фігуруюць банкірка, мэнэджэрка, лідэрка, брокерка і нават хакерка і дзяржсакратарка (Мадлен Олбрайт)...

4. Афармленне фіналяў запазычаных назоўнікаў прыбліжана да спрадвечных беларускіх мадэляў: крытэр, парлямантар, камэнтар, глясар, гуманітар, пралятар, рэфармат, метар, Пётар, псыхіятар, ансамбля, пляцдарма, метра, бэнзына, каралева Элізабэта, тэза, катарса, гэнэза, адрэса, крыза, катэхіза, мімэза (не выключана падмацаванне ўжо пашыранымі выпадкамі тыпу імпрэза, параза).

5. Пашырэнне ўтварэнняў жаночага роду з функцыянальнай фіналяй -ня: багажня («камера захавання»), лядоўня (і сучасны халадзільнік), паперня (і сучасная папяровая фабрыка), капальня 'шахта', збройня (таксама і сучаснае збройнае прадпрыемства), мыйня (м. аўтамабіляў). Заўважаны і зусім свежыя наватворы: казіятня 'тэлецэнтр', наменклятурня 'будынак высокай адміністрацыі'.

6. Адмаўленне ад неўласцівых суфіксаў дзеепрыметнікаў -уч-, -юч-, -ач-, -ом-, -ем-, -ім-, -ым-, -ўш-: кіраваная ім краіна (і цяпер), пастаўляны з Расіі газ (цяпер), гнаны вайной («ганімы»), утрымліваная ім раўнавага, выводная з Рыму цывілізацыя, палітычна значэнная падзея, збіраныя (цяпер) экспанаты, шуканыя (цяпер), ужываная зараз стратэгія, ужываная цацка (не новая), упадабаны метад, армія будзе вітаная, добра аплатная праца, накладаная на грэшнікаў эпітымія, дырэктар будаванага прадпрыемства («будуемага»), цэнтралізавана планаваная эканоміка, незраўнаны рыбар, непараўнаны спецыяліст, раздзіраны пачуццямі, паддоследны, падразглядны, наетая Польшча, падпісаныя 'тыя, што падпісаліся', збедаваныя, згараваныя, параспаўзаныя, складаны ножык 'які складаецца', расхваляванае мора, затоены звярок, наступанты 'тыя, што наступаюць', незнікомы, усяпальная ахвяра, узалежнены ад ч.-н., лёткая сумесь, вайскавод («камандуючы»), вечна трывалая каштоўнасць («непраходзячая»), усхолае зерне, суперныя бакі («супернічаючыя»), зніклы рэжым, загіблы, палеглы, разамлелы, ацяжэлы, зніклая машына 'украдзеная, сагнаная', здраджаная Беларусь 'Беларусь, якой здрадзілі', здраджаная надзея 'страчаная праз здраду', кіраўнічы ворган 'які кіруе', кіраваны ворган 'якім кіруюць', праваахоўчыя ворганы 'якія ахоўваюць', ахоўная зона 'якую ахоўваюць', абарончае ўмацаванне 'якое абараняе', абараняная Радзіма 'якую абараняюць', кіроўны рэжым 'які кіруе', кіраваны дыктатарам рэжым 'які кіруецца' і г. д.

7. Замена прыстаўкі са- (садружнасць, сааўтар разглядаюцца як калька-пераклад з расійскай), якая мае значэнне сумеснасці, на су-: судружнасць, суаўтар, суўдзельнік, сутрапезнік, суўладальнік, субрат, сувучань, сувыдавец, сувакупіцца, судаклад і г. д.

Падобная «памарфемная рэфлексія» ў межах беларускай моўнай сістэмы назіраецца і ў складанні славянскіх тэрмінатыўных прыставак з двухтрывальнымі запазычанымі дзеясловамі (зарыштаваць, сканфіскаваць), «дадатковай семантызацыі» кораня (засядка, перасядка), семантычнай пераарыентацыі ў дапасаванні марфемаў (дзвюхтысячны год, дзвюхмоўе) і г. д. Дарэчы, такое «марфемнае мысленне» ў цэлым станоўча адрознівае журналістаў недзяржаўных выданняў пры перадачы сучасных «актуаль¬ных» лексем, якія часта ў дзяржаўных мас-медыя калькуюцца з расійскай мовы (угнаць аўтамабіль, уйсці з працы, унесці крадзенае з будоўлі, злодзей увёў карову). Тут уважлівае стаўленне да значэння прыставак дае слушныя выразы: сагнаць аўтамабіль 'украсці, скрасці', пайсці 'сысці' з працы, вынесці 'знесці' нешта з будоўлі, злодзей звёў карову.

8. Назіраецца значная варыятыўнасць дзеяслоўных прыставак, часам з няяснай матывацыяй: вывышацца з натоўпу (у пераносным сэнсе), нашы пачуцці навышаюцца, навышаныя пачуцці, аднаўляцца, панаўляцца, павышацца, падвышацца, выбіраць, абіраць, асвятляць шлях, рассвятляць перспектывы, ягоныя сляды загубіліся, бацькавы сляды згубіліся за Уралам. Прыклады можна множыць бясконца. Публіцысты часам пішуць як паэты. Гэтаму спрыяе і неадстаялая мова.

9. Імкненне пазбягаць так званых лексікалізаваных кампаратыўных формаў прыметнікаў з суперлятыўнай функцыяй (Вышэйшы гаспадарчы суд, вышэйшы дзяржаўны орган, вышэйшая адукацыя, вышэйшая навучальная ўстанова), запазычаных з расійскай мовы, і ўжыванне замест гэтага «еўрапеізаваных» новаўтварэнняў (тыпу Hochschule, high school, l'есоlе supérieure): высокая адукацыя (ёсць жа высокаадукаваны чалавек!), высокія навучальныя ўстановы, вышняя ліга (у футболе), вышнія дзяржаўныя ворганы і г. д.

Часта сустракаюцца ацэначна-параўнальныя формы тыпу: найвысокі, найдобры, найвялікі, у чым каротчы тэрмін, найразнейшыя справы, завысокі кошт, замалы памер, заслабы для такой працы, зацесны для мяне, паўненны грыбоў (пpa лес) i г. д.

10. Пры ўжыванні запазычаных (перакладзеных) дзеясловаў, інфінітыў якіх можа заканчвацца на -іраваць /-ыраваць або -аваць (без суфікса -ір-/ -ыр-), перавага аддаецца другому варыянту: фармаваць (ва ўсіх значэннях), ініцыяваць, фарсаваць (фарсіраваць), рэпетаваць, маршаваць, камандава́ць 'камандзіраваць' і г. д. Найбольшая варыятыўнасць назіраецца пры ўжыванні дзеясловаў, якія абазначаюць дзеянне «рабіць каментар(ый)» і «скідаць бомбы»: каментараваць (ужываецца найчасцей), каментаваць, каменціраваць, бамбаваць, бамбіць, бамбардаваць, бамбардзіраваць.

11. Замена суфікса -н- на -ов-/-ёв- у адносных прыметніках: стопрацэнтовы, цэнтралёвы, нармалёвы, вечаровы, месяцовы, прэстыжовы і г. д. Але: адначасны (выцясняе адначасовы!).

12. Ахвотнае ўжыванне (гіпер)поўных формаў дзеепрыметнікаў, займеннікаў і лічэбнікаў незалежна ад сінтаксічнай функцыі: сродкі павінныя быць перададзеныя, адныя лічаць яго здраднікам, ёсць адное пытанне, адная частка людзёў, жанчыны застаюцца адныя, звесткі былі пададзеныя своечасова, нашыя дзеці, вашыя бацькі.

Дапасаваныя да назоўнікаў жаночага роду прыметнікі, займеннікі і дзеепрыметнікі вельмі часта ўжываюцца ў родным склоне з «паэтычным» канчаткам -ае: дырэктар паляўнічае гаспадаркі, чальцы нашае дэлегацыі, месцічы разбуранае чэчэнскае сталіцы і г.д.

13. Прыналежныя займеннікі, суадносныя з асабовымі, амаль заўсёды ўжываюцца ў адпаведнасці з народным маўленнем: ейныя бацькі, ягоныя браты, іхныя (менавіта так!) знаёмыя. Формы яе бацькі, яго браты, іх знаёмыя сустракаюцца вельмі рэдка.

Тое ж мае месца і пры перадачы значэння прыналежнасці прыметнікамі і назоўнікамі ў родным склоне. У адпаведнай магчымай сітуацыі назіраецца імкненне аўтараў ужываць формы тыпу суседавы парады, сестрыны сяброўкі, амбасадаравы пажаданні, міністравы пасажы. Часам гэтая тэндэнцыя сягае да выпадкаў на мяжы дапушчальнасці: Прыняты бюджэт вельмі напружаны. Для ягонага выканання спатрэбяцца максімальныя высілкі. Або: Нарада была сабраная вельмі дарэчы. Гэта падкрэслівалі ўсе ейныя ўдзельнікі.

Увогуле ж можна сцвярджаць, што журналісты шмат якіх недзяржаўных выданняў імкнуцца кожны паводле сваіх магчымасцяў і ведаў карыстацца граматыкай Браніслава Тарашкевіча. У тых, што не маюць журналісцкай адукацыі, «навацыі» могуць мець даволі стракаты харакгар. Так, адзін аўтар піша: Адказы нашым чытачом часткова ўтрымліваюцца ўжо ў іхных жа лістах, бо шмат якія пытанні — рытарычныя. Відавочна, што паслядоўная тарашкевіца патрабуе пісаць таксама ў іхных лістох.


СІНТАКСІС

Тут інавацыі абмяжоўваюцца некаторымі асаблівасцямі словазлучэнняў — галоўным чынам кіравання. Вось што ўдалося зафіксаваць.

Аўтары імкнуцца пазбягаць ужывання прыназоўніка па ў словазлучэннях з мэтавым значэннем (крэатура савецкага канцылярыту тыпу камісія па пытаннях) і вельмі паслядоўна замяняюць яго прыназоўнікам у, што ў сваю чаргу стварае новую манаполію. Канструкцыі з родным склонам (камітэт аховы прыроды) або з мэтавым азначэннем (землеўпарадчы аддзел), як і раней, сустракаюцца радзей.

Выпадкі з у буяюць: камітэт у справах моладзі, камісія ў выбарах, суд у пытаннях зыску, постанова ў справе, слуханні ў справе, камісар у справах уцекачоў, памочнік прэзідэнта ў справах, упаўнаважаны ў справах, прокуратура ў асабліва важных справах, галасаванне ў выбарах (калька з няўдалага расійскага словазлучэння), перамовы ў справе Косава, справаздача ў пытанні, канферэнцыя ў справе ўрэгулявання, рэзалюцыя ў справе членства, супернік у партыі (два супернікі ў адной партыі: супернікі «па партыі») і г. д .

Вынішчэнне па прыводзіць да некарэктных новаўтварэнняў тыпу здаваць іспыты з філасофіі, здаваць іспыт у гісторыі (што, праўда, аб'ектыўна супадае з еўрапейскімі Prüfung in der Geschichte, examination in the history), на гэтай прычыне я не магу прыйсці, выбух быў зроблены на тое... Выразы з гэтай прычыны, з уласнага жадання, з вялікага кахання і т.д., відавочна, адпавядаюць канструкцыям з па і маюць права на існаванне.

Звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ некаторыя словазлучэнні: У мінулым тыдні, уважаць за неабходнае, той начы, таго дня, мінулай начы (добра падмацоўвае форму сёння першага верасня), між іншага, сваім коштам, цягам апошняга тыдню, на знак салідарнасці, на знак пратэсту, хуткасць 40 км на гадзіну, пазыка на 3 млн., вышыня на 4 м 'вышыня 4 м', пры мікрафоне 'ля мікрафона', фонд прызначаны на падтрымку, чакаць на, выглядае на тое, скарыстаць з гэтага, згарэць у тло, выразаць у пень, заслугоўваць на ўвагу, вучыцца гісторыі, навучыць матэматыкі, вучыцца спеваў, за Польшчай / за Польшчы, здаваць сабе справы з ч.-н., нас было трох, калі двух сварацца і г. д.

Не ўсе прыведзеныя спалучэнні аднолькава добрыя, аднак думаецца, што некаторыя з іх маглі б увайсці ў якасці прыкладаў у падручнікі ў раздзел «Асаблівасці беларускага сінтаксісу», які розныя аўтары з году ў год перапісваюць адзін у аднаго з аднолькавымі прыкладамі.

Іменная частка выказніка з дзеясловамі стаць, быць (у прошлым часе) часцей ужываецца ў назоўным склоне: мы сталі больш паслядоўньія, вашыя методы барацьбы былі вельмі аднастайныя. Калі ж быць у форме цяперашняга часу не апускаецца, а спалучаецца з іменнай часткай або словазлучэннем, то слова ці словазлучэнне стаіць у творным склоне: гэта ёсць новым шляхам, мова ёсць душой народа, ты не ёсць нашым сябрам і г. д.

Сустракаюцца даволі экзатычныя «еўрапеізаваныя» дзеяслоўныя канструкдыі, якія аддалена нагадваюць accusativus cum infinitivi, futurum II, інфінітыўныя групы ca значэннем мэты, пасіўныя канструкцыі з дзеясловам «станавіцца» ў імперфекце: Я чую яго гаварыць з народам. У разе ён абраны на пасаду кіраўніка партыі, усё пойдзе інакш. Заміж быць сродкам інфармацыі, перыёдык ператварыўся у ворган інтэлектуальных снобаў. Кніга сталася перакладзена на замежныя мовы.

Часцей, чым у афіцыйных выданнях, сустракаюцца рэлікты plusquamperfectum, praesens historicum i futurum historicum: мой брат быў пайшоў, іду я (учора) і бачу, а Янка тады й будзе гаварыць «а Янка тады і кажа». Сустрэўся адзін прыклад ужывання plusquamperfect'у з дзеясловам незакончанага трывання: Амбасада Ізраіля была прывозіла да нас ізраільскі жывапіс, а цяпер прывезла шэсць фільмаў.

Заключаючы выклад сваіх фрагментарных назіранняў, яшчэ раз падкрэслю: аналізаваць ёсць што. Перш за ўсё канкрэтныя прыклады, знаходкі. Навуковыя высновы будуць менш цікавыя. У прынцыпе ўсё гэта ўжо апісанае: пурызм, запазычанні, выкарыстанне і стылёвае ўзвышэнне народнай мовы. Усё вартае трэба ўводзіць у слоўнік.

Спасылкі на крыніцы не рабіліся, бо гэта не мае сэнсу. Такіх з'яваў — сотні.

--

(1) Sadouski Р. Die Einbettung der weißrussischcn Sprache in die europäische Sprachgemeinschaft // Weißrußland und der Westen: Beiträge zu einem internationalen Symposium in Münster vom 3.-6. Mai 1990. Dresden, 1998. S. 97.

(2) Urbanczyk St. Zur sprachlichen Situation des Polnischen an der Wende vom 19. zum 20. Jahrhundert // Zeitschrift für Slawistik. 1984. Bd. 29. S. 856.

--

Першаўзор апублікаваны пад назваю "ІНАВАЦЫІ 90-Х ГАДОЎ У МОВЕ БЕЛАРУСКІХ НЕДЗЯРЖАЎНЫХ ВЫДАННЯЎ" у: [Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў "Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый" (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снеж. 2000 г.) / Рэдкал.: Г. Цыхун (гал. рэд.) і інш. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 308 с. – (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 19). С. 222—234.]
[/i]

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson