Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2011-06-16 16:36:16

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Сяргей Харэўскі. Інвэнтары як крыніца ўрбананімічных дасьледаваньняў

Інвэнтары як крыніца ўрбананімічных  дасьледаваньняў
Сяргей Харэўскі

Гісторыкі і мастацтвазнаўцы здавён зварачалі ўвагу на корпус тэкстаў інвентароў, унікальную крыніцу для сваіх дасьледваньняў. Гэта найважнейшая дакуманты па гісторыі эканомікі, урбаністыкі, гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва. Івентары –  падрабязныя вопісы фэадальных ўладанняў у XVI – XIХ стагодзьдзях. Сама назва гэтых дакумантаў з лаціны: inventarium – вопіс. Іх умоўна падзяляюць на поўныя і кароткія. Інвэнтары поўныя складаліся зазвычай з трох частак. У першай зьмяшчаліся дадзеныя пра жылыя і гаспадарчыя пабудовы маёнткаў, пабудовы і іх стан, пляніроўку, пра рухомую маёмасць, гаспадарку, крыніцы і памеры прыбытку. У наступнай частцы прыводзіліся зьвесткі пра воласьці па вёсках, мястэчкі і гарады па вуліцах, што ўваходзілі ў склад ўладаньняў. Тут пералічваліся двары, колькасьць ворнае зямлі, сенажацяў, прысядзібных дзялак. У іх мы знаходзім і падрабязныя апісаньні назваў вуліцаў, пляцаў, прамесьцяў і ўрочышаў. У апошняй частцы пералічваліся розныя формы павіннасьцяў, памеры і формы падаткаў, умовы карыстаньня зямлёю, лясамі й вадаёмамі. Найбольш падрабязныя інвентары складаліся ў апошняй чвэрці XVIII ст.: апісаныя кожная вуліца, памеры надзелаў, двары на іх, пералічваюцца сем'і, рамесныя прафэсіі. У іх урбанімічныя назвы адлюстраваныя найпаўней.

Кароткія, або так званыя няпоўныя інвентары, зьмяшчалі зьвесткі толькі пра панскую гаспадарку ці пра воласць. Разнавіднасцю іх былі т.зв. берчакі – пералік сялянскіх гаспадарак з паказам надзелу, натуральнага і грашовага чыншу. Інвентары складаліся з ініцыятывы феадалаў і для іх патрэбаў, рэгулявалі іх узаемаадносіны з насельніцтвам, а таксама паміж зямельным уласнікам і фактычным уладальнікам.

Інвентары абшарніцкіх уладаньняў і маёнткаў першай паловы ХІХ стагодзьдзя, складзеныя ўжо зазвычай па-расейску, таксама падзяляюцца на дзьве групы: першыя, што складаліся і дзейнічалі ў першай трэці ХІХ стагодзьдзя, што паводле прызначэньня й зьместу былі падобныя да старасьвецкіх інвентароў ХVІ – XVIII ст.. Разам з тым у першай палове ХІХ ст. яны не мелі юрыдычнай сілы і разглядаліся як прыватныя дакуманты, для хатняга ўжытку. З распаўсюджаньнем у  Беларусі сістэмы арэнды маёнткаў, інвентары пачалі быць афіцыйнымі актамі, што браліся за аснову пры дамовах пра арэнду. Гэта цікавая крыніца па сацыяльнай і эканмічнай гісторыі першай паловы ХІХ ст.

Другую групу складаюць абавязковыя інвентары сярэдзіны 40 – 50-х гг. ХІХ ст., што узьніклі ў зьвязку з інвэнтарнай рэформаю 1840 –1850-х гг. ХІХ ст. У аснову абавязковых інвентароў былі пакладзены колішнія старадаўнія дакуманты, ўто дае матэрыял для параўнаньняў. Новыя інвэнтары складаліся пад наглядам расейскага Галоўнага камітэту інвентароў для беларусіх і літоўскіх губерняў.

Інвэнтары маюць выключную каштоўнасць для гісторыі архітэктуры, краязнаўства, этнаграфіі і а таксама дэмаграфіі. Таму да іх зьвярталіся яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя нашыя славутыя краязнаўцы Уладслаў Сыракомля, Павал Шпілеўскі, Міхал Бэз-Карніловіч. Пачатак мэтадычнага вывучэння вялізарнага корпусу тэкстаў інвэнтароў быў пакладзены Віленскай археалагічнай камісіяй, утворанай зь ініцыятывы Яўстаха Тышкевіча ў 1855 пры Віленскім музеі старажытнасцей. Івэнтары былі аб'ектам навуовых дасьледваньняў і самога Тышкевіча і іншых тагачасных дасьледчыкаў нашае гісторыі -- М. Балінскага, А. Г. Кіркора, Ю. І. Крашэўскага, Т. Нарбута, А. С. Плятара ды іншых.

У наш час  да дасьледваньня інвэнтароў, як невычэпнай дакумэнтальнай крыніцы, ад 1970-х гадоў зьвярнуліся дасьледчыкі архітэктуры і горадабудаўніцтва. Шматлікія спасылкі на інвэнтары мы знаходзім у працах Міхася Ткачова, Уладзімера Дзянісава, Тамары Габрусь, Юрыя Якімовіча ды іншых знаных дасьледчыкаў дойлідства Беларусі. У 1980-я гады, ва ўмовах адноснае лібералізацыі, наважыўся рост цікавасьці да краязнаўства, гістарычнай спадчыны, што паспрыяла далейшаму вывучэньню гэтых крыніц, іх аналізу і шматлікім публікацыям па праблемах архітэктуры і будаўніцтва. Тут варта адзначыць кнігі і артыкулы  Валянціны Караткевіч, Міхася Ткачова, Анатоля Кулагіна, Алега Трусава, іншых дасьледчыкаў, прысьвечаных гісторыі гарадоў і мястэчак. У гэты ж час у навуковы ўжытак уводзіцца  куды болей дакумантаў, што зьберагаюцца па-за межамі Беларусі, у архівах і зборах Літвы, Расеі, Украіны. У гэтых публікацыях мы знаходзім зьвесткі па урбаніміцы Менска, Слоніма, Віцебска, Горадні, Пінска, Магілёва ды многіх іншых населеных пунктаў. Вялікі корпус тэктаў быў апублікаваны ў другой палове 1980-х гадоў тыміж дасьледчыкамі, а таксама новай гэнерацыяй дасьледчыкаў урбаністычнае прасторы іархітэктуры -- Алесм Кушнярэвічам, Ігарам Чарняўскім, Алесем Краўцэвічам, Юрыем Чантурыяй ды іншымі, сёньня знанымі адмыслоўцамі. На пачатку 1990-х гадоў амаль увесь корпус тэкстаў інвэнтароў быў ужо ведамы беларускім дасьледчыкам. Асабліва варта тут вылучыць дыхтоўнае дасьледваньне, цалкам заснаване на аналізе інвэнтароў Юрыя Якімовіча "Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в. ", дзе аўтар падае падрабязныя апісаньні архітэктурных аб'ектаў і горадабудаўнічай гісторыі паселішчаў, прыводзячы шматлікія прыклады назваў вуліцаў, маёнткаў і ўрочышчаў. Сёньня гэтае дасьледваньне, поруч з вялікай манаграфіяй Юрыя Чантурыі "Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в." могуць служыць дапаможнай крыніцаю для краязнаўчых дасьледваньняў, для вывучэньня гісторыі нашых паселішчаў, цікавым матэрыялам для аматараў айчыннае гісторыі. Але, дасёньня мы пакуль ня маем адмысловых дасьледваньняў такога ўзроўню па ўрбаніміцы на падставе інвэнтароў як галоўнай і грунтоўнейшай крыніцы. На жаль, прафэсійнае, глыбейшае вывучэньне інвэнтароў у наш час ускладняецца фактам таго, што арыгіналы большасьці гэтых дакумантаў знаходзяцца па-за межамі Беларусі, у архіўных сховах суседніх дзяржавў. Адпаведна, нам яшчэ даводзіцца прычакаць поўных і падставовых дасьледваньнў па ўрбаніміцы.

Разам з тым мы зноў назіраем цікавасьць да краязнаўства, да досьледаў на лякальным,мясцовым узроўні, да рэгіянальнай тэматыкі навуковых даследваньняў. Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць, што ўскладняе гэтую працу. Да другой траціны XVII стагодзьдзя інвэнтары складаліся на старабеларускай мове, затым на старапольскай, а ў ХІХ стагодзьдзі ўжо па-расейску. У выніку напісаньне многіх назваў вуліцаў, пляцаў, тэрыторый паселішчаў шматкроць скажалася. Яскравым прыкладам ёсьць назва вуліцы Валоцкай у Менску, што пачаткова гучала як Валоская, то бок "Італьянска" паводле гістарычнай традыцыі. Але назоў Валоцкая стаў падставаю для рамантычнай вэрсіі Зянона Пазьняка пра нібы Валокі Полацкія ў раёне сёньняшняе Інтэрнацыянальнае вуліцы сталіцы. Шматкроць перапісаныя назвы, кшталту Панасаўская, Апанасаўская, Афанас'еўская, змушаюць усумніцца ў першапачтковым гучаньні назвы вуліцы. Тое ж тычыцца й характэрных назваў вуліцаў кшталту Могілкавая, Цмэнтажна, Цьвінтарная, або Кладбішчанская. Тарговы пляц або Рынкавая плошча? І, урэшце, Зборавая ці Саборная? Пераклады на сучасную беларускую, або расейскую мовы, гістарычных назваў, штобылі напісаныя ад рукі лацінкаю на тутэйшай пальшчызьне, могуць быць памылковымі. То бок, для грунтоўных дасьледваньняў па ўрбаніміцы нам давядзецца ўсё ж мець справу зб першакрыніцамі.

Тым ня менш, дзякуючы менавіта інвэнтарам мы сёньня можам скласьці даволі дакладнае ўяўленьне пра гісторыю і паходжаньне урбанімічных назваў. Прывяду колькі ўзораў найбольш старажытных і арыгінальных прыкладаў урбанімікі, што зафіксаваныў некаторых інвэнтарах.

Гэтак, да прыкладу, у Клецку, паводле інвентара 1552 г., нам ведамыя вуліцы Віленская, Нясвіжская, Пінская ды плошча Рынак. Інвентар 1626 г. яшчэ называе вуліцу Пінскай, а ўжо наступны 1641 г. фіксуе новую назву – Краснастаўская. У першай палове XVIІ ст. у ваколіцах Клецка ўзніклі два водных млыны. Адзін зь якіх быў на Краснаставе. Інвентар 1685 г. адзначае наяўнасьць на Краснастаўскай вуліцы адзінай у горадзе лазьні. Гэтак колішняя Пінская стала, урэшце, галоўнай вуліцай Клецка -- Краснастаўскай.

У 1560 годзе ў мястэчку Бершты, што пад Горадняй, апрача каралеўскага драўлянага двара, паводле тагачаснага інвэнтара, знаходзілася шэсьць вуліцаў, але ў дакуманце фіксуюцца толькі дзьве назвы: Навадворская і Рудзкая.

У Іўі, што належала Радзiвiлам, згодна інвэнтара 1561 г. , складзеным панам Станіславам Ліпскім, што зьбярогся ў Галоўным архіве старажытных актаў ў Варшаве, згадваюцца і назвы вуліц: Віленская, Навагрудская, Крывая, Новая. А ў інвэнтары 1598 г. ужо пазначана і Татарская вулiца, хоць пажарам 1597 г. былi знiшчаны ўсе татарскiя дамы, адзіная музульманская сядзіба Магмета Ардынца месьцiлася на вулiцы Крывой.

Паводле інвэнтара 1569 г. нам ведамае апісаньне цэнтра староства, мястэчка Ашмяны, дзе на той час былі ратушны пляц, рынак і вуліцамі Гальшанская, Папярэчная, Святадухаўская, што вяла да вёскі Сьвяты Дух, Віленская ды Жупранская.

Адным са старэйшых ёсьць інвентар маёнтка Дзятлава, або, як тады пісалі Здзятла, за 1580 год, дзе апісаны ў дэталях двор Здзецельскі і прыведзены назвы пяці вуліцаў: Гальшанская, Дворная, Дубатоўкаў, Памарайка і Саменная.

Падрабязыня інвэнтары былі складзеныя для мястэчка Чашнікі у 1629 і ў 1633 гг. , што тады складалася з цэнтра з гандлёвай плошчаю і царквою ды слабодак. Ад плошчы радыяльна разыходзіліся 3 вуліцы-дарогі: Іванская, Лукомская, Цяпінская. Галоўная вуліца, Іванская, ішла над ручаём Забалоцце ў бок панскага двара і наё й быў 41 мяшчанскі двор. Між вуліца было й тры заселеныя завулкі. Асобна вылучаўся засьценак Старыя Чашнікі, ля млына што вераемна, і быў колішнім замкам.

Інвэнтар мястэчка Смалявічы 1675 г. называе нам чатыры вуліцы, назвы якіх  не фіксаваліся папярэднімі інвэнтарамі: Мінская, Царкоўная, Дворная і Барысаўская, а ў мястэчку Багуслаў (цяперашняе Жодзіна), называецца больш дамоў і вуліцаў: Мінская, Жодзінская, Барысаўская, Смалявіцкая і Мезавая.

У якасьці прыкладу найноўшых дасьледваньняў, што тычацца й урбанімікі, можна прывесьці артыкул Андрэя Мяцельскага "Мястэчкі Крычаўскага староства", са зборніка "Castrum, urbis et bellum", прысьвечанага памяці Міхася Ткачова, у якім падаюцца яскравы ўзоры тапанімі й ўрбаністыкі гістарычнае Крычаўшчыны, колішняга Мсціслаўскага ваяводства . Гэтак аўтар прыводзіць наступныя прыклады:

Першым на тэрыторыі Крычаўскага староства было заснавана мястэчка Міхалаў. Яно паўстала з волі канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла ў 1714 г. на землях в. Забычаньне ў Алучыцкім войтаўстве. Інвэнтар 1747 г. паказвае, што ядром мястэчка быў невялікі рынак памерам каля 315 кв. м, ад якога ў розныя бакі адыходзілі вуліцы Забычанская, Крычаўская, Касцюковіцкая.

Другім мястэчкам, што заснавалі ў Крычаўскім старостве Радзівілы, быў Хоцімск, дзе, паводле інвэнтару, у1727 г. у мястэчку было 3 вуліцы: «прабойная Крычаўская», на якой было 43 дымы і дзе жыў гарадскі бурмістр Андрэй Смарчок; Альшоўская і Глухая.Праз 20 гадоў у Хоцімску з рынку разьвягаліся  ў розныя бакі вуліцы Крычаўская, Альшоўская, Старэцкая, Бясовіцкая, у бок р. Альшоўкі вяла яшчэ адна безыменная вулачка, а ўздоўж ракі — Лаговая. Бясовіцкая вуліца, верагодна, вяла на поўдзень у бок сучаснай в. Бяседавічы, якая раней мела назву Бясовіцкая. Тамсама, у Крычаўскім старостве існавал і яшчэ адно мястэчка -- Радзівілаў, што быў не толькі адміністрацыйным, але і рамесна-гандлёвым цэнтрам войтаўства. Наступным заснаваным Радзівіламі мястэчкам было Ганна, якое ўтворана ў 1725 г. на тэрыторыі Углянскага войтаўства, на землях вёскі Мілаславічы. Як адзначана ў інвентары Крычаўскага староства 1727 г., у мястэчку было 87 дымаў, на рацэ Іпуць стаялі млын і фолюш, з рынка выходзілі 4 вуліцы: Шумяцкая, якая, верагодна, вяла ў бок мястэчка Шумячы; Ганчарная; Старэцкая і Ладзешанская, якая, верагодна, выводзіла ў бок сучаснай вёскі Лядзяшня. Паводле інвэнтароў нам ведаме й тамтэйшае мястэчка Геранімаў.

Як і ў выпадку з Міхалавым, уваход мястэчкаў Радзівілава, Ганны і Геранімава ў склад Расійскай імперыі прывёў да афіцыйных зьмаў іх назваў. Канчаткова іх назвы згубіліся ўжо ў ХІХ ст. Гэты драматычны прыклад, прыведзены гісторыкам Андрэем Мяцельскім у сваім артыкуле сьедчыць наколькі важным колісь была фіксацыя тутэйшай урбаінмікі, што станавілася спрадвеку, ад часоў расейскае акупацыі прадметам асімілятарскае палітыкі. Актуальнасьць нашых дасьледваньняў вынікае ўсё з той жа прычыны. Бо ўрбаніміка ёьсьць адным з найважнейшых чыньнікаў нацыянальнае й мясцовае ідэнтычнасьці, нематэрыяльным помнікам нашае старасьвеччыны, што вымагае ня толькі свайго дасьледваньня, але й узнаўленьня й руплівае аховы. І найважнейшай крыніцаю для гэтае  працы ёсьць старсьвецкі інвэнтары й публікацыі, што былі зьдзейсьненыя на іх падставе.

Галоўнай праблемаю пры вывучэньні гэтай групы рухомых помнікаў нашае гісторыі і культуры ёсьць тое, што большасьць зь іх зьберагаецца па за межамі Беларусі, у архівах Літвы, Польшчы, Расеі і Украіны. Перадусім, найбольшая колькасьць інвэнтароў, складеных на гарады, мястэчкі і фальваркі ў Беларусі, зьберагаюцца ў Рукапісны аддзеле Бібліятэкі АН Літвы, і ў фондах Цэнтральнага дзяржаўнага гiстарычнага архiва Лiтоўскай Рэспублiкi, дзе мне давялося працаваць, як колісь і многім маім калегам. Нагадаю, што яшчэ адной з праблемаў, у кантэксьце нашае тэмы, ёсьць слушная перадача арыгінальных узораў урбаінімікі й тапанімікі, іх трансьлітарацыі й увага да правілаў вымаўленьня. Зрэшты, гэта ўжо іншая тэма.

Сьпіс літаратуры

1. Бохан Ю. Асноўныя заканамернасці планіровачнага развіцця мястэчак паўночна-заходняй Беларусі ў XV–XVIII ст. (па матэрыялах мястэчак вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны) // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 3. — Мн., 1994.
Краўцэвіч А. Гарады і замкі беларускага Панямоння в XIV-XVIII стст., Мінск, 1991,
Кушнярэвіч А. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-XVI стст.: Гісторычнае і архітэктурна-археалагічнае даследванне. Мінск, 1993.
Мяцельскі А. Мястэчкі Крычаўскага староства//Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац//Прысвячаецца памяці прафесара Міхася Ткачова, Баранавічы 2002
Трусов О. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. Мн., 1988.
Трусаў А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн., 1990.
Трусаў А. Старадаўніх муроў адраджэнне: Мінулае і сучаснасць Лідскага замка / з серыі «Помнiкi Беларускага дойлiдства». — Мн.: Полымя, 1990.
Tyszkiewicz J. Tatarzy na Litwie i w Polsce. Studia z dziejów XIII-XVIII w., Warszawa 1989
Шаблюк В. Гістарычная тапаграфія і планіроўка мястэчак верхняга Панямоння // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 3. Мінск, 1994. 
Чантурия Ю. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в.//Средневековое наследие, Ренессанс, барокко, классицизм. Беларуская навука, Мінск, 2005
Шаблюк В. Да пытання фарміравання мястэчак Беларускага Панямоння // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 10. — Мінск, 1996.
Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowianskich. — Warszawa, 1880 - 1889 — T. 1-8.
Якимович, Ю. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в. — Минск, 1991.

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson