Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2011-06-03 19:59:10

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Іван Сацукевіч. Назвы вуліц... (заканчэньне)

Важная для тапаніміі Мінска падзея адбылася ў 1986 г., калі ўпершыню ў гісторыі горада была створана камісія па найменаванні і перайменаванні вуліц. Палітыка «перабудовы» прынесла свае карэктывы. У склад камісіі ўвайшлі аўтарытэтныя вучоныя, у тым ліку гісторыкі, лінгвісты, работнікі музеяў, а таксама чыноўнікі Мінгарвыканкама. Асноўнай задачай камісіі была дапамога ў найменаванні новых вуліц горада. Праўда, пачатак працы камісіі быў не вельмі ўдалым: новай вуліцы ў мікрараёне «Вяснянка» назву падабралі не зусім удала — «Радужная», што ў беларускім напісанні гучыць як «Вясёлкавая». Гэта, безумоўна, супярэчыла аднаму з асноўных прынцыпаў тапанімікі — назва павінна гучаць аднолькава на розных мовах.

Аднак ужо ў наступным, 1987 г., камісіі прыйшлося папрацаваць значна болей. 2 сакавіка 1987 г., напярэдадні 920-годдзя Мінска, выходзіць Рашэнне Мінгарвыканкама № 69 «Аб аднаўленні шэрагу гістарычных назваў г. Мінска». Трэба заўважыць, што гэтае рашэнне не было спантанным: на той момант меліся дзесяткі лістоў грамадзян, выступленні ў друку ў падтрымку вяртання гістарычных назваў вуліц горада. У выніку частцы вуліцы Якуба Коласа вярталася назва Лагойскі тракт, Чарвякова — Даўгінаўскі тракт. Вуліцу Радзістаў, якая знаходзілася ў гістарычным прадмесці Залатая Горка, перайменавалі ў вуліцу Залатая Горка28. Тое самае зрабілі з вуліцай Паўднёва-Заходняй, якая праходзіла па прадмесці Козырава, — яна стала Козыраўскай. У той жа час не ўсе тагачасныя перайменаванні можна назваць удалымі. Так, палове вуліцы Казлова вярнулі старажытную назву Даўгабродская, але не той яе частцы, якая так называлася раней, а той, якая ўзнікла пасля вайны. У 1983 г. вуліцу Старажоўскую перайменавалі ў гонар партыйнага дзеяча Ціхана Кісялёва, а праз 4 гады новую вуліцу назвалі Старажоўскай. Пры гэтым мала хто здагадваўся, што новая вуліца Старажоўская прайшла па тэрыторыі былога прадмесця Старосцінская слабада. У тым жа 1987 г. новай вуліцы ў мікрараёне «Вяснянка» надалі імя ўкраінскай паэтэсы Лесі Украінкі, і пры гэтым ніхто не захацеў перачытаць біяграфію паэтэсы, каб даведацца пра яе каханне да Сяргея Мяржынскага. У сённяшнім Мінску вуліца Мяржынскага скрыжоўваецца з завулкам Кузьмы Чорнага, які можна было б перайменаваць у гонар Лесі Украінкі, і такім чынам зрабіць адразу дзве добрыя справы: пазбавіць горад ад паўторнай назвы і назаўсёды злучыць закаханых на карце Мінска.

Спрэчныя рашэнні з'яўляліся і надалей. Так, у 1988 г. Омскі завулак непадалёк ад плошчы Перамогі быў названы ў гонар аднаго з арганізатараў I з'езда РСДРП у Мінску Пятра Румянцава, у кватэры якога праводзіліся сустрэчы сацыял-дэмакратаў у 1898 г. Як мала, аказваецца, трэба для таго, каб тваё прозвішча апынулася на вулічнай шыльдзе! У час правядзення дзён славянскай пісьменнасці ў 1990 г. вуліца Бакуніна (гістарычная Вялікая Бернардзінская) была перайменавана ў вуліцу славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія, якія на ёй ніколі, натуральна, не бывалі.

Па просьбе жыхароў Цэнтральнага раёна Мінска вуліцы Варашылава ў 1990 г. вярнулі першапачатковую назву Арлоўская. Значныя змены ў тапаніміі мінскіх вуліц адбыліся ў 1991 г.: плошча Леніна была перайменавана ў плошчу Незалежнасці, а галоўная траса Мінска Ленінскі праспект — у праспект Францыска Скарыны. Вуліца Максіма Горкага была названа ў гонар іншага Максіма — Багдановіча, які ў 1891 г. на гэтай вуліцы (у той час Аляксандраўскай) нарадзіўся. Старая вуліца Багдановіча, якая размяшчалася ў прыватным сектары Сельгаспасёлка, была перайменавана ў вуліцу Зацішша — па назве вёскі, якая знаходзілася тут і ўвайшла ў склад Мінска. Наступны, 1993 год, прынёс Мінску шэраг вяртанняў гістарычных назваў. Так, вуліца Астроўскага стала Ракаўскай, Апанскага — Кальварыйскай, Рэспубліканская — Раманаўскай Слабадой. I зноў не ўсе з гэтых перайменаванняў выглядаюць прадуманымі. Так, першапачатковая назва сучаснай вуліцы Ракаўскай ад Нямігі да Віцебскай — Юраўская. Відавочна, што ініцыятары змены назвы вуліцы пра гэта не здагадваліся. Прадмесце Раманаўская слабада месцілася ўздоўж сучаснай вуліцы Мяснікова, а не там, дзе цяпер пралягла вуліца Раманаўская слабада, гістарычная назва якой — Новараманаўская. А вось для вуліцы Урыцкага, якая да гэтага называлася Захараўскім завулкам, назву падабралі вельмі ўдала. Яна атрымала назву Гарадскі вал, бо ў XVI — XVIII ст. тут знаходзіліся гарадскія ўмацаванні.

На жаль, на гэтым працэс вяртання гістарычных назваў вуліц і плошчаў спыніўся, хоць гарадскія ўлады ў 1991 — 1994 гг. і выказвалі намер пайсці ў гэтай справе далей. Чаму гэтага не адбылося? У пачатку 1990-х гг. яшчэ не было распрацавана пытанне гісторыі тапаніміі Мінска і дзеля гэтага не існавала навукова абгрунтаванага праекта вяртання гістарычнай тапаніміі. Вынікам стала адсутнасць кансалідаванага меркавання аб тым, як трэба перайменаваць савецкія назвы Мінска. Адныя прапаноўвалі вярнуць назвы выключна ў гістарычным цэнтры, другія настойвалі на стопрацэнтнай замене савецкіх дзеячоў на беларускіх, трэція не пагаджаліся ні з першымі, ні з другімі. Гарадскім уладам заставалася толькі ўсміхацца і разводзіць рукамі.

Перад тым, як перайменаваць або назваць вуліцу, неабходна пазнаёміцца з прынцыпамі гарадской тапаніміі і метадамі яе змены. Тапанімія гарадоў павінна адпавядаць чатыром асноўным прынцыпам: арыенціровачнаму (дапамагаць людзям арыентавацца ў прасторы), гістарычнаму (апавядаць пра гісторыю вуліцы, раёна), выхаваўчаму (назвы вуліц павінны выхоўваць у людзях любоў да Радзімы, гонар за родны горад, павагу да гістарычных асобаў і падзей) і эстэтычнаму (назвы павінны быць нескладанымі, прыгожымі і мілагучнымі).

На жаль, значная, калі не абсалютная большасць назваў вуліц беларускіх гарадоў па аб'ектыўных прычынах сёння не адпавядае гэтым прынцыпам. Сярод асноўных хібаў унутрыгарадскіх назваў як Мінска, так і любога іншага беларускага горада (апроч Маладзечна) трэба назваць наступныя. Па-першае, вялізная колькасць тапонімаў была штучна зменена ў савецкі перыяд і праслаўляе тагачасныя святы, лозунгі і дзеячоў савецкай гісторыі, якія, як правіла, ніякіх адносінаў ні да Беларусі, ні канкрэтна да Мінска не мелі. Па-другое, у гарадах існуе вялікая колькасць аднолькавых тапонімаў (у Мінску ёсць 5 вуліц і завулкаў Шчорса, шматлікія Пуцепровадныя, Радыятарныя і Чыгуначныя завулкі), што зусім нязручна і спараджае блытаніну. Па-трэцяе, гучанне многіх назваў па-беларуску і па-руску адрозніваецца, што яшчэ больш паглыбляе моўную праблему нашага грамадства. Таму пажадана такіх назваў (Чыгуначная — Железнодорожная, Вясёлкавая — Радужная, Кветкавая — Цветочная) пазбягаць, а калі яны існуюць — патрабаваць на рускай мове беларускага напісання: Чигуночная, Веселковая, Кветковая і г. д. Па-чацвёртае, у нашых гарадах ёсць назвы вуліц з лічэбнікамі ў аснове (3-га Верасня, 8-га Сакавіка, 50 год Перамогі), што нетрадыцыйна для беларускай тапаніміі. Усе назвы такога характару — назвы-лозунгі, якія не маюць сёння сэнсу і не дапамагаюць арыентавацца жыхарам горада. I апошняе. Значная частка назваў вуліц Мінска мае патранімічнае паходжанне, што абсалютна не традыцыйна для беларускай тапаніміі.

Для вырашэння тапанімічнай дысгармоніі, вяртання гістарычнай урбананіміі ці называння новых вуліц існуе некалькі асноўных метадаў.

Метад рэстаўрацыі прадугледжвае вяртанне першапачатковай назвы вуліцы. Безумоўна, найбольш каштоўнымі для горада з'яўляюцца першыя назвы, якія адлюстроўвалі ўмовы сацыяльна-эканамічнага або канфесійна-рэлігійнага развіцця, падкрэслівалі асаблівасці ландшафту і мясцовасці, указвал на аб'екты гарадской інфраструктуры, якія сёння не існуюць. Такія назвы трэба вяртаць у першую чаргу. Напрыклад, з пункту гледжання гісторыі вельмі каштоўнымі з'яўляюцца назвы мінскіх вуліц Бернардзінская, Валоцкая, Зборавая, Зыбіцкая, Дамініканская, Уваскрасенская і інш. Але ў пэўных выпадках магчымыя і выключэнні. Па-першае, яны могуць быць тады, калі ў іншым раёне горада такая назва ўжо ёсць (прыклад: першапачатковая назва вуліцы Маркса — Лошыцкая, а такая вуліца цяпер знаходзіцца ў паўднёвай частцы Мінска). Па-другое, першапачатковая назва можа мець ненатуральны, штучны характар, асабліва калі яна ўзнікла ў XIX — пачатку XX стагоддзя, калі чыноўнікі часта давалі бессэнсоўныя назвы новым вуліцам (Новая, Загарадная, Міхайлаўская, Сяргееўская, Георгіеўская). Метад рэстаўрацыі нельга ўжываць для называння новых вуліц, а вось іншыя метады, несумненна, можна.

Метад рэканструкцыі. Гэты метад выходзіць на першы план, калі нельга вярнуць першапачатковую назву або трэба даць імя новай вуліцы. Для вуліцы падбіраецца назва прадмесця, у якім яна знаходзіцца, вёскі, слабады ці фальварка, якія тут размяшчаліся. Можна ўспомніць і пра асобныя аб'екты, якія тут знаходзіліся. Напрыклад, вуліцу Валадарскага, першапачатковая назва якой — Серпухаўская — не мае для Мінска гістарычнай каштоўнасці, можна было б назваць вуліцай Пішчалаўскай — па назве турэмнага замка, да якога гэтая вуліца падыходзіць.

Геаграфічны метад. Мае даўнія традыцыі, бо ў Беларусі часта называлі вуліцы па найменнях населеных пунктаў, да якіх яны вялі. У Мінску ёсць вуліцы Брылеўская, Трасцянецкая, Цнянская, Старавіленская, Ракаўская, Даўгінаўскі і Лагойскі тракты, калісьці былі Барысаўскі і Чэрвеньскі тракты. Неабавязкова, каб вуліца непасрэдна вяла да гэтага населенага пункта, дастаткова таго, што яна знаходзіцца ў частцы горада, скіраванай у бок адпаведнага горада або вёскі.

Метад персаніфікацыі (патранімічны). Самы непажаданы для нашых рэалій, бо называнне вуліц у гонар канкрэтных асоб для Беларусі не традыцыйнае. Мода на падобныя назвы пачалася ў 1920-ыя гг. XX ст., асабліва з прыходам савецкай улады. Трэба заўважыць, што абысціся без гэтага метаду сёння нерэальна: узнікае шмат новых вуліц, і падабраць ім назвы метадам рэканструкцыі ці геаграфічным метадам не заўсёды атрымліваецца. Але падыходзіць да персаніфікацыі назвы вуліцы трэба вельмі асцярожна: імя чалавека павінна быць абавязкова «прывязана» да вуліцы, дома, раёна, дзе ён жыў, быў пахаваны, ці да горада, з якім было звязана яго жыццё і дзейнасць. Напрыклад, вуліцу Маркса, якая ў сваёй двухсотгадовай гісторыі паслядоўна называлася Лошыцкай, Базарнай, Падгорнай, Свярдлова, Маркса, Адраджэння, Камендатурнай, Каліноўскага, Маркса, можна было б перайменаваць у гонар Уладзіміра Караткевіча, які пражыў на ёй апошнія гады жыцця.

Пачынаць вяртанне гістарычнай тапаніміі Мінска неабходна, безумоўна, з гістарычнага цэнтра, тым больш што хутка павінна завяршыцца ягоная рэстаўрацыя. Было б разумна прымеркаваць да гэтага і «рэстаўрацыю» назваў вуліц.


Праект вяртання гістарычных назваў некаторым вуліцам і плошчам Мінска

№    Сучасная назва    Назва, якая прапануецца
1.    Плошча 8-га Сакавіка    Замкавая плошча
2.    Вуліца Дзімітрава    Пятніцкая вуліца
3.    Вуліца Вызвалення    Уваскрасенская вуліца
4.    Віцебская вуліца    Няміга-Ракаўская вуліца
5.    Безназоўны праезд каля хлебазавода №1    Юрава-Завальны завулак
6.    Плошча Парыжскай камуны    Плошча Траецкая гара
7.    Вуліца Камунальная набярэжная    Траецкая набярэжная
8.    Гандлёвая вуліца    Зыбіцкая вуліца
9.    Вуліца Герцэна    Бернардзінская вуліца
10.    Частка Інтэрнацыянальнай вуліцы ад плошчы Свабоды да вуліцы Янкі Купалы    Валоцкая вуліца
11.    Частка Інтэрнацыянальнай вуліцы ад плошчы Свабоды да вуліцы Валадарскага    Зборавая вуліца
12.    Частка вуліцы Энгельса ад плошчы Свабоды да праспекта Незалежнасці    Дамініканская вуліца
13.    Частка Камсамольскай вуліцы ад вуліцы Няміга да праспекта Незалежнасці    Феліцыянская вуліца
14.    Частка вуліцы Леніна ад плошчы Свабоды да вуліцы Маркса    Францішканскі бульвар
15.    Рэвалюцыйная вуліца    Койданаўская вуліца
16.    Вуліца Валадарскага    Пішчалаўская вуліца
17.    Вуліца Свярдлова    Ігуменская вуліца
18.    Вуліца Мяснікова    Вуліца Каралеўскі шлях

Іван Сацукевіч нарадзіўся ў 1976 г. ў Менску. Асыстэнт катэдры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Дасьледуе пытаньні ўрбаністыкі, займаецца краязнаўствам і тапанімікай Менску.

Спасылкі

1 Лыч Л. Назвы зямлі беларускай. Мінск, 1994. С. 6.
2 Жучкевич В. Общая топонимика. Минск, 1980. С. 51.
3 Сацукевіч, I. Адлюстраванне канфесійнага жыцця ў назвах вуліц Мінска XIX — пачатку XX ст. // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць. Зборнік матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Брэст, 2005. С. 82—85.
4 Гісторыя Мінска. Мінск, 2006. С. 221.
5 Переименование улиц и площадей // Минский курьер. 2001. 20 июня. С. 24.
6 Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці (ДАМВ). Ф. 1111. Воп. 1. Спр. 17. А. 159 (Пратаколы выканкама Мінгарсавета).
7 К переименованию улиц г. Минска // Звезда. 1919. 3 июля. С. 3.
8 Ласаль Фердынанд // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 9. Мінск, 1999. С. 141.
9 Муравьев В. Московские улицы. Секреты переименований. Москва, 2006. С. 35.
10 Звон. 1919. 1 верасьня. С. 1.
11 По постановлению магистрата // Минский курьер. 1919. 4 сентября. С. 4.
12 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1477. Воп. 1. Спр. 1149. А. 1.
13 Сацукевіч I. Перайменаванне вуліц Мінска ў час савецка-польскай вайны 1919—1920 гг. // Стратегическое планирование иуправление развитием городов: Материалы междунар. научно-практ. конф. / НИИСЭПП; под общ. ред. В. А. Бобкова: В 2 ч. Минск, 2004. С. 193.
14 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 34. Воп. 1. Спр. 360. А. 1 (О переименовании улиц в честь 5-ой годовщины Октябрьской революции).
15 ДАМВ. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 7. А. 174 (Пратаколы пасяджэнняў гарсавета і выканкама).
16 Уся БССР. Мінск, 1935. С. 93—94.
17 Беларуская газэта. 1943. 7 студзеня, 14 студзеня, 21 студзеня. С. 1.
18 Сацукевіч I. Новыя назвы на картах і планах Мінска // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 4. Мінск, 2005. С.59—60.
19 Беларуская газэта. 1944. 25 сакавіка. С. 4.
20 Беларуская газэта. 1944. 14 чэрвеня. С. 4   
21 Минск. Краткая адресно-справочная кннга. Минск, 1974. С. 210—211.
22 Рашэнне Мінгарвыканкама № 208 ад 24 чэрвеня 1976 года.
23 Бараноўскі Я., Ігнаценка I. Мінскае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1999. С. 165—169.
24 ДАМВ. Ф.6. Воп.З. Спр. 93. А. 515.
25 Тамсама. А. 194.
26 ДАМВ. Ф. 6. Воп. 3. Спр. 8. А. 68.
27 ДАМВ. Ф. 6. Воп. 3. Спр. 149. А. 85.
28 Сацукевіч I. Змены ў назвах мінскіх вуліц у 1986—2000 гг. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска.У 5 кн. Кн. 5. Ч. 2. Мінск, 2007. С. 151—152.

Архэ №2, 2010

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson