Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2011-06-03 19:55:20

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Іван Сацукевіч. Назвы вуліц Мінска як гісторыка-культурная спадчына

Іван Сацукевіч
Назвы вуліц і плошчаў Мінска як гісторыка-культурная спадчына



Усё на нашай беларускай зямлі мае сваю назву: і рэкі, і гарады, і вёскі. I, як лічыць вядомы гісторык Леанід Лыч, на зямлі нашай Бацькаўшчыны не знойдзеш аніводнай народнай назвы, якая б узнікла выпадкова, без дай прычыны. Калі ўважліва прыгледзецца, дык заўсёды вызначыш, што вынікае яна з нейкіх асаблівасцяў прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці жыхароў і вельмі часта звязана з гістарычным мінулым чалавека1. Але ці тычыцца гэта назваў гарадскіх плошчаў і вуліц? Ці нясуць яны ў сабе адлюстраванне сацыяльнага, эканамічнага, нацыянальнага, палітычнага і культурнага развіцця беларускага народа ў горадзе, ці сведчаць пра ландшафтныя і прыродныя асаблівасці гістарычнага мінулага Мінска?

Аўтар з упэўненасцю адказвае на гэтыя пытанні станоўча, бо вуліцы і плошчы — гэта натуральныя элементы структуры горада, на якіх размяшчаліся цэрквы і манастыры, будаваліся заводы і фабрыкі, жылі і працавалі людзі. Нельга не пагадзіцца з вядомым беларускім тапанімістам Вадзімам Жучкевічам, які сцвярджаў, што тапонімы ў гістарычнай навуцы выконваюць ролю рэшткаў матэрыяльнай культуры2. Вядома, што каля 80% будынкаў горада Мінска былі знішчаны падчас Другой сусветнай вайны, шмат помнікаў культуры загінулі ў ідэалагічнай вайне супраць уласнай гісторыі, і таму сёння вельмі актуальнай праблемай з'яўляецца аднаўленне архітэктурнай спадчыны Мінска. Першым крокам да адраджэння гістарычнага мінулага горада магло б быць аднаўленне яго гістарычнай тапаніміі.

Але не трэба забывацца, што сёння Мінск — сталіца нашай краіны, і для стварэння канцэпцыі аднаўлення гарадской тапаніміі спачатку неабходна грунтоўна даследаваць гісторыю ўрбананіміі горада, прааналізаваць працэс узнікнення, развіцця і змянення назваў вуліц і плошчаў, па магчымасці знайсці заканамернасці развіцця ўрбанонімаў, іх сувязь з сацыяльна-эканамічным і палітычным развіццём горада Мінска.

У першай палове XIX ст. у Мінску захоўваліся назвы вуліц ранейшых часоў. Вулічная сетка цэнтра горада складвалася ў XVI — XVII ст., калі найбольшыя фінансавыя магчымасці для будаўніцтва былі ў каталіцкай канфесіі, што і паўплывала на паходжанне назваў цэнтральных вуліц. Так, вуліца Францішканская (зараз Леніна) атрымала імя ад касцёла і манастыра францішканцаў, што знаходзіўся на ёй. Касцёл і манастыр дамініканцаў знаходзіўся на Дамініканскай (Энгельса). Вуліца Феліцыянская (Камсамольская) праходзіла каля Марыінскага касцёла (Кафедральны касцёл на плошчы Свабоды), у адной вежы якога захоўваліся мошчы Св. Феліцыяна, які лічыўся абаронцам горада. Вялікая Бернардзінская (Кірылы і Мяфодзія) пралягала паміж жаночым (сучасны Святадухаўскі сабор) і мужчынскім (у будынку цяпер знаходзіцца архіў) Бернардзінскімі касцёламі. Малая Бернардзінская (Герцэна) праходзіла за аднайменным мужчынскім касцёлам і манастыром.

Вуліца Зборавая (заходняя частка Інтэрнацыянальнай), як мяркуюць, назву атрымала ад кальвінскага збору — пратэстанцкай царквы, якая існавала тут у XVI ст. Казьмадзям'янаўская вуліца (сёння — пешаходная сцежка ад Святадухаўскага сабора да прыпынку транспарта каля выхаду са станцыі метро «Няміга») захавала памяць пра манастыр святых Казьмы і Дзям'яна, які існаваў тут у XV — XVII стст. Вуліца Юраўская праходзіла паралельна сучаснаму праспекту Незалежнасці ад вуліцы Леніна да Янкі Купалы там, дзе цяпер знаходзіцца Палац Рэспублікі. Назва, хутчэй заўсё, паходзіць ад уніяцкай царквы Св. Юрыя, якая знаходзілася ў канцы XVIII ст. у раёне сучаснага Музея Вялікай Айчыннай вайны. Назва Няміга-Школьнай вуліцы (сёння — праезджая частка вуліцы Нямігі ад Петрапаўлаўскай царквы да моста праз Свіслач) тлумачыцца тым, што яе траса з'яўляецца працягам Нямігскай і пралягае ўздоўж будынкаў яўрэйскіх школьнай і халоднай сінагог. Галоўнай вуліцай зарэчнай часткі Мінска — Траецкага прадмесця — з'яўлялася вуліца Траецкая (пачатак вул. М. Багдановіча). Назву атрымала ад царквы Св. Тройцы, якая размяшчалася тут раней. Уніяцкая Уваскрасенская царква знаходзілася на Уваскрасенскай (цяпер вул. Вызвалення) вуліцы. На вуліцы Вялікай Татарскай (цяпер Дзімітрава; да пачатку XVI ст. называлася Пятніцкай у гонар аднайменнай царквы) жылі ў асноўным татары-мусульмане.

У 1866 г. большасць вуліц гістарычнага цэнтра былі перайменаваныя царскімі ўладамі, што з'яўлялася адным з захадаў царызму, зробленых ім пасля паўстання 1863—1864 гг. для барацьбы з нацыянальна-вызваленчым рухам у Мінску3. Пад працэс русіфікацыі патрапілі ўсе назвы вуліц, якія мелі каталіцкі ці «польскі» змест і назвы якіх былі незразумелыя для вуха расійскага чыноўніка. Плошча Высокага рынку (плошча Свабоды) была перайменаванаўладамі ў Саборную плошчу — у гонар праваслаўнага Петрапаўлаўскага сабора, які размясцілі ва ўніяцкай Святадухаўскай царкве (у 1936 г. узарваны). Францішканская стала Губернатарскай, напэўна, таму, што на ёй знаходзіўся дом губернатара, Феліцыянская — Багадзельнай, бо там месцілася гарадская багадзельня, Зборавая — Турэмнай, бо злучала горад з турэмным замкам. Старыя назвы Мінска павольна, але няўхільна саступалі месца новым, хоць яшчэ ў канцы XIX ст. самі чыноўнікі блыталіся ў назвах вуліц — што ўжо тады казаць пра простых жыхароў.

Некаторыя з вуліц мелі па некалькі назваў: Ракаўскую называлі і Юраўскай, і Новафранцішканскай, Траецкую — Новааляксандраўскай і Шпітальнай, а з сярэдзіны XIX ст. — Аляксандраўскай. Некаторыя вуліцы за кароткі тэрмін «здолелі» паслядоўна змяніць шэраг імёнаў: Лошыцкая (Маркса) з 1866 г. стала Базарнай, а з 1870-х гг., калі базар перанеслі на іншае месца, атрымала назву Падгорнай. Сучасная вуліца Берсана, якая забудоўвалася з 80-х гг. XIX ст. драўлянымі хаткамі, першапачаткова звалася Затурэмным завулкам, бо знаходзілася «за турмой». Але ў канцы XIX — пачатку XX ст. гэта ўжо Трубная вуліца. Тэрмін «труба» раней азначаў рэчышча невялікай рэчкі. Тут (на сучаснай вуліцы Берсана), відаць, некалі працякаў ручай, які ўпадаў у Нямігу. Старую Койданаўскую дарогу (вуліца Мяснікова) у першай палове XIX ст. называлі таксама Каралеўскім шляхам, пазней — вуліцай Раманаўскай, Койданава-Раманаўскай, Маскоўскай, а з канца XIX ст. — Нова-Маскоўскай4.

3 1852 да 1911 г. колькасць мінскіх вуліц і завулкаў вырасла ад 42 да 305. Новыя вуліцы часта атрымоўвалі імёны па назвах тых мясцін, куды яны скіроўваліся — Брылеўская (цяпер на месцы фальварка Брылевічы — вуліца Дружба), Даўгабродская (Казлова), Ігуменскі тракт (Маякоўскага); па найменнях прадмесцяў, у якіх пралягалі — Залатагорская (Чырваназорная), Пляшчанская (Розы Люксембург), Верхне- і Ніжне-Ляхаўская (Беларуская і Кастрычніцкая); па назвах прафесій іх жыхароў — Бондараўская (Гікалы), Рымарская. Часцяком вуліцы называліся імёнамі аб'ектаў, якія на іх знаходзіліся — Вакзальная, Шпітальная (Фрунзэ). У часы Расійскай імперыі вуліцы Мінска толькі двойчы называліся ў гонар канкрэтных асобаў. У 1882 г. гарадскія ўлады перайменавалі вуліцу Батальённую (да 1866 — Кашарская, цяпер Чырвонаармейская) у Скобелеўскую ў гонар героя расійска-турэцкай вайны генерала Скобелева, а ў пачатку XX ст. новую вуліцу ў раёне чыгункі назвалі Пушкінскай (цяпер Фізкультурная).

Новых вуліц было шмат, бо горад хутка рос. Таму непазбежна з'яўляліся дзясяткі аднатыпных, недарэчных назваў, такіх як Андрэеўская, Вяземская, Іванаўская, Загарадная, Самарская, Сяргееўская, Уфімская. У служачых гарадской управы часам не хапала фантазіі. У 1911 г. было 2 Безыменныя вуліцы і ажно 19 Безыменных завулкаў! Сістэма нумарацыі будынкаў прыжывалася цяжка. Звычайна людзі паведамлялі хатні адрас наступным чынам: «Жыву ў Добрых Мыслях, на Маскоўскай вуліцы ў доме (прозвішча ўладальніка)».

Першыя змены ў тапаніміцы Мінска адбыліся адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Як паведамляе «Минская газета», 3 сакавіка 1917 г. адбылося паседжанне Мінскай гарадской думы, на якім было прынята рашэнне аб перайменаванні Саборнай плошчы ў плошчу Свабоды. Губернатарская вуліца (сучасная вул. Леніна) стала вуліцай 28 Лютага, Прывакзальная плошча — 17 Кастрычніка, а Губернатарскі сад (Парк імя Горкага) — Народным садам5. Безумоўна, гэтае рашэнне гарадскіх уладаў было прадыктавана падзеямі Лютаўскай рэвалюцыі. Звернем увагу на тое, што толькі перайменаванне галоўнай плошчы горада здолела ўкараніцца ў свядомасці мінчан і вытрымала праверку часам. Напэўна, наступныя вірлівыя падзеі не далі магчымасці гарадскім уладам пракантраляваць выкананне іншых рашэнняў пра перайменаванні. У аўтара няма звестак, ці былі спробы змены назваў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і абвяшчэння БНР. А вось пасля стварэння Літоўска-Беларускай ССР яны адбыліся.

4 лютага 1919 г. у Мінску прайшло паседжанне прэзідыума мінскага Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў, на якім сярод іншых разглядалася і пытанне аб перайменаванні вуліц горада Мінска. Праз два месяцы, 4 красавіка 1919 г., на паседжанні Выканаўчага камітэта мінскага Савета для выпрацоўкі праекта перайменавання было вырашана стварыць камісію, у якую ўвайшлі Кюсэ, Кроль і Крывашэін6. Няма сумненняў у тым, што праект быў падрыхтаваны і прыняты Выканкамам, бо ўжо 3 ліпеня 1919 г. у газеце «Звезда» была апублікавана пастанова, згодна з якой пераймяноўваліся 17 гарадскіх тапонімаў7. Былі перайменаваныя 12 вуліц, 1 завулак і ажно 4 гарадскія плошчы. Так, Юбілейная плошча была названа ў гонар 25 Кастрычніка, Прывакзальная — 18 Кастрычніка (напэўна, таму, што менавіта на ёй адбыўся курлоўскі расстрэл), Траецкая — Парыжскай камуны. А вось Кашарская плошча, ля якой размяшчаліся вайсковыя казармы, стала насіць імя Троцкага — аднаго са стваральнікаў Чырвонай Арміі. Галоўная вуліца горада атрымала назву Савецкай (праспект Незалежнасці), Скобелеўская вуліца, якая вяла да плошчы Троцкага — Чырвонаармейскай. А вось адказаць на пытанне, чаму менавіта Багадзельная стала Камуністычнай, а Праабражэнская — Інтэрнацыянальнай, складана. Як можна ўбачыць, новыя назвы вуліц сталі шыльдай для асноўных ідэалагічных тэрмінаў савецкай улады.

Але з'явіліся і назвы, якія праслаўлялі канкрэтных персаналіяў з гісторыі рэвалюцыйнага руху і бальшавіцкай партыі. Пра плошчу Троцкага было згадана вышэй. Самая элітарная вуліца Мінска Губернатарская (Леніна) стала называцца вуліцай Карла Маркса. Койданаўская (Рэвалюцыйная) была названа ў гонар аднаго з арганізатараў сацыял-дэмакратычнага руху ў Германіі Фердынанда Ласаля8. Петрапаўлаўская (Энгельса) пачала насіць імя Валадарскага, Хрышчэнская (усходняя частка Інтэрнацыянальнай) — Урыцкага, а Падгорная (Маркса) — Свярдлова. Знайшлі сваё месца ў Мінску і пісьменнікі: у гонар Льва Талстога была перайменавана Георгіеўская вуліца (Чычэрына), а ў гонар Дастаеўскага — Архірэйскі завулак (існаваў у раёне Кастрычніцкай плошчы). Заўважым, што з 17 перайменаваных вуліц і плошчаў 8 сталі патранімічнымі. Калі Маркс, Ласаль, Дастаеўскі і Талстой памерлі задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі, то Валадарскі, Свярдлоў і Урыцкі загінулі ў 1918—1919 гг., а Троцкі быў ушанаваны ўвогуле пры жыцці.

Навошта былі патрэбныя гэтыя перайменаванні? Становішча ж савецкай улады ў Мінску было вельмі хісткім, працягвалася наступленне польскіх войскаў, вораг імкліва набліжаўся, — пра якія змены гарадской тапаніміі тут можна было рэальна гаварыць?! Тым не менш, вуліцы былі перайменаваныя, а на дамы павешаныя аператыўна вырабленыя шыльды з новымі назвамі! Гэта можна растлумачыць толькі тым, што савецкія ўлады пачалі разглядаць назвы вуліц і плошчаў як сродак ідэалагічнага ўздзеяння на насельніцтва, як на яшчэ адзін спосаб узняць баявы дух і ўмацаваць пазіцыі савецкай улады сярод насельніцтва. Больш складана з высвятленнем прававых асноў гэтых перайменаванняў. Даследчык гісторыі Масквы Уладзімір Мураўёў лічыць, што пачатак перайменаванням назваў вуліц паклаў дэкрэт СНК Расійскай Сацыялістычнай Рэспублікі «Аб зняцці помнікаў, узведзеных у гонар цароў і іх слуг, і выпрацоўцы праектаў помнікаў Расійскай Сацыялістычнай Рэспубліцы», падпісаны У. Леніным, А. Луначарскім і I. Сталіным 12 красавіка 1918 г. У адным з пунктаў дэкрэта гаварылася і пра назвы вуліц у Маскве, а ўжо ў канцы красавіка 1918 г. сотні вуліц і плошчаў Масквы былі перайменаваныя згодна з праектамі, распрацаванымі раённымі партыйнымі камісіямі Масквы9. Верагодна, менавіта прыклад Масквы быў прыняты за ўзор у справе перайменавання вуліц і плошчаў Мінска. Аднак новыя назвы вуліц і плошчаў пратрымаліся толькі крыху больш за месяц, бо 8 жніўня 1919 г. у Мінск увайшлі польскія войскі.

1 верасня 1919 г. беларуская газета «Звон» паведаміла, што пры гарадскім магістраце створана камісія, якая «перагледзіць назвы вуліц у Менску», з надзеяй дадаючы, што «добра было б, каб вярнуць вуліцам іх даўнейшыя гістарычныя назвы, ачастцы надаць замест расейскіх — беларускія»10. Адпаведная праца была праведзена досыць аператыўна, бо ўжо 4 верасня на старонках «Минского курьера» было апублікавана рашэнне магістрата аб перайменаванні вуліц і плошчаў Мінска11. Васьмі вуліцам былі вернутыя назвы, якія існавалі да 1866 г., калі яны былі перайменаваныя расійскімі ўладамі пасля паўстання 1863— 1864 гг. Спадзяванні прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага асяродку адносна вяртання гістарычных назваў спраўдзіліся: Багадзельная зноў стала Феліцыянскай, Гандлёвая — Зыбіцкай, Губернатарская — Францішканскай, Манастырская — Бернардзінскай, Петрапаўлаўская — Дамініканскай, Праабражэнская — Зборавай, Скобелеўская — Кашарскай, а Хрышчэнская — Валоцкай. Плошча Свабоды, якая да Лютаўскай рэвалюцыі называлася Саборнай, была перайменавана ў Кафедральную, бо акрамя праваслаўнага сабора на ёй месціўся кафедральны касцёл.   

Камісія магістрата працягвала сваю працу. У 1919 г. выйшаў польскі «Plan Mińska», у якім былі пазначаныя ўжо не 10, а 23 перайменаваныя вуліцы і плошчы горада12. Ягоныя аўтары імкнуліся пазбавіць карту Мінска ад найбольш яскравых расійскіх назваў. Вуліца Захар'еўская (названа ў гонар першага мінскага губернатара Захара Карнеева) была аб'яднана з Барысаўскім трактам і перайменавана ў вуліцу Адама Міцкевіча (праспект Незалежнасці), у чым адчуваецца пэўны ідэалагічны падтэкст: галоўная вуліца Мінска «змяніла» імя расійскага губернатара на імя найвядомейшага польскага паэта. Кацярынінская вуліца (Няміга ад Петрапаўлаўскай царквы да моста праз Свіслач) стала Жыдоўскай, бо пралягала ў гандлёвай частцы горада, населенай выключна яўрэямі. Ранейшая Яўрэйская (Калектарная), што пралягала ля могілак, атрымала назву Вароняй. Мікалаеўская вуліца, верагодна, з-за блізкасці сваёй назвы да імя апошняга расійскага цара была перайменавана ў Беларускую (Крапоткіна). Хутчэй за ўсё, яна была так названа з-за ўласцівага палякам стэрэатыпу, што беларусы — пераважна праваслаўныя, а вуліца месцілася побач з праваслаўнымі Старажоўскімі могілкамі.

Усе назвы вуліц, якія не былі перайменаваныя, старанна перакладаліся на по.іьскую мову. Так, Іосіфаўская (цяпер Разінская) была пазначана як «Józefowska», а Даўгабродская (Казлова) — «Długobrodzka». Вуліца Красная стала называцца «Piękna» (што значыць прыгожая), і гэта было больш правільным, чым сённяшнія шыльды з назвай «Чырвоная». Агляд мінскіх газет канца 1919 — пачатку 1920 г. паказаў, што ў друку выкарыстоўваліся як старыя, так і новыя назвы. Часцяком пазначаліся новыя найменні, а старыя былі побач у дужках. Відавочна, што з дапамогай перайменаванняў вуліц у 1919— 1920 гг. новыя ўлады жадалі надаць Мінску выгляд выключна польскага горада. Зразумела, гэта выклікала незадавальненне дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. У той жа час жыхары Мінска працягвалі карыстацца ў побыце старымі дарэвалюцыйнымі назвамі, бо працягласць існавання новых назваў была абмежавана дзевяццю месяцамі акупацыі, чаго было відавочна недастаткова для выцяснення са свядомасці мінчан старых назваў новымі13.

Чырвоная Армія ўвайшла ў Мінск 11 ліпеня 1920 г., пасля чаго была адноўлена праца органаў савецкай улады. Як паказаў агляд мінскіх газет другой паловы 1920 — першай паловы 1922 гг., мінчане карысталіся ў той час дарэвалюцыйнымі назвамі вуліц і плошчаў горада. Але сур'ёзна гарадскія ўлады звярнулі ўвагу на неадпаведнасць назваў вуліц і плошчаў новаму грамадскаму ладу толькі напярэдадні 5-ай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. 6 лістапада 1922 г. адбылося пасяджэнне Мінскага гарадскога савета сумесна з прадстаўнікамі ЦВК, Саўпрафбела і воінскіх частак, прысвечанае юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшынёй пасяджэння быў выбраны Аляксандр Чарвякоў. Адным з пытанняў (другім паводле парадку дня), разгледжаным на гэтым пасяджэнні, была прапанова аб перайменаванні «некаторых старых вуліц рэвалюцыйнымі назвамі»14. Былі перайменаваныя адразу 44 вуліцы і плошчы горада.

Навошта гэта было зроблена? Па-першае, перайменаванні 1919 г. не замацаваліся ў свядомасці мінчан, і іх неабходна было паўтарыць. Па-другое, савецкія ўлады не збіраліся адыходзіць ад ранейшага станоўчага вопыту і па-ранейшаму разглядалі назвы вуліц у якасці ідэалагічнага сродку ўздзеяння на насельніцтва. Толькі ў адрозненне ад 1919 г., калі ўсё гэта рабілася ў мітусні, цяпер быў час падумаць і прыняць добра падрыхтаванае рашэнне, прымеркаваўшы яго да першага, 5-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. Падрыхтоўкай праекта перайменавання 1922 г. зноў займаўся Мінгарсавет. Цікава, што пасаду старшыні Мінгарсавета, як і ў 1919 г., займаў Фрыц Кюсэ, які, бясспрэчна, цудоўна ведаў усе акалічнасці папярэдняга перайменавання15.

Але перайменаванне 1922 г. адрознівалася ад папярэдняга. Па-першае, яно было больш маштабнае: калі ў 1919 г. былі пераназваныя 17 вуліц і плошчаў, то зараз — 44. Па-другое, не меншыя змены адбыліся і са зместам перайменавання. Так, у 1922 г. на вулічных шыльдах Мінска не знайшлося месца Фердынанду Ласалю. Калі ў 1919 г. у горадзе быўушанаваны толькі адзін жывы дзеяч партыі бальшавікоў — Троцкі, то ў 1922 — ужо 6: у Мінску з'явіліся вуліцы, названыя ў гонар Ф. Дзяржынскага, Л. Каменева, А. Луначарскага, Г. Чычэрына. У. Ленін атрымаў адразу дзве вуліцы — Ленінскую і Ульянаўскую, хоць у 1919 г. не меў аніводнай. Самае цікавае тут тое, што многія новыя назвы ў 1922 г. змянілі сваё месцазнаходжанне ў параўнанні з 1919 годам. Напрыклад, у 1919 г. вуліцай Маркса стала сучасная Леніна, Валадарскага — Энгельса, Свярдлова — Маркса. Вуліца Багадзельная ў 1919 г. стала Камуністычнай, а ў 1922 г. атрымала сённяшнюю назву — Камсамольская. Поўных супадзенняў пры гэтых перайменаваннях было толькі 5: вуліцы Савецкая, Чырвонаармейская, Інтэрнацыянальная, Пралетарская і плошча Парыжскай камуны. Верагодна, гэтыя перастаноўкі адбыліся з-за таго, што ў распрацоўшчыкаў перайменавання з'явіўся час на яго падрыхтоўку, і таму яны стварылі своеасаблівы пантэон, згодна з якім размяркоўваліся вуліцы. Так, галоўная вуліца горада ў абодвух перайменаваннях стала Савецкай. Другая па значнасці вуліца Губернатарская ў 1919 г. стала Маркса, а ў 1922 — Ленінскай. У той жа час Карл Маркс у 1922 г. атрымаў трэцюю паводле прэстыжнасці вуліцу Мінска — Падгорную, адправіўшы Свярдлова па іншым адрасе. Нельга выключаць і той момант, што за 3 гады, якія прайшлі пасля перайменавання 1919 г., ідэалогія савецкай дзяржавы пэўным чынам падкарэктавалася. Таму і адбыліся змены ў змесце перайменавання. Трэба адзначыць, што перайменаванні вуліц і завулкаў Мінска працягваліся і далей. У 1935 г. налічвалася ўжо 143 плошчы, вуліцы і завулкі, якія змянілі за гэты перыяд сваю назву16. Урбананімія Мінска змянілася ў гэты час кардынальна.

Не меншую ўвагу пытанню гарадской тапаніміі надавалі нямецка-фашысцкія акупанты, якія на працягу 1941—42 гт. здзейснілі не менш за чатыры маштабныя перайменаванні, якія ўлічвалі і дапаўнялі адно другое. 3 350 вуліц і плошчаў Мінска было перайменавана 135. 3 ліку перайменаваных назвы 39 вуліц мелі патранімічнае паходжанне і былі названыя ў гонар гістарычных асобаў. Імёнамі асобаў з гісторыі Беларусі і дзеячоў нацыянальнага руху былі названыя 23 вуліцы горада: Рагнеды (былая Марата), Усяслава (Гогаля), Багушэвіча (Чырвонасцяжная), Багрыма (Чычэрына), Каганца (Фабрыцыуса), Луцкевіча (Талстога), Марцінкевіча (Валачаеўская), Сяргея Палуяна (Пугачоўская), Алеся Гаруна (Бялінскага) і інш. Але амаль усе вышэйпералічаныя вуліцы былі маленькімі вулкамі з драўляных аднапавярховых ускраін Мінска. Такое перайменаванне відавочна не задавальняла дзеячоў нацыянальнага руху: на старонках беларускіх выданняў вуліца Садовая (варыянт афіцыйнага перайменавання) упарта называлася вуліцай Алеся Гаруна (да вайны — Камсамольская). Справа стала набываць анекдатычны характар, калі з 1943 г. адрас «Беларускай газэты» пазначаўся па-нямецку Kirchenstrasse (вул. Царкоўная), а па-беларуску — вуліца Рагнеды17.

У гонар знакамітых нямецкіх навукоўцаў, паэтаў, інжынераў-вынаходнікаў, палкаводцаў былі названыя 13 мінскіх вуліц і завулкаў. Яны атрымалі імёны Боша (Андрэеўская), Бісмарка (1-я Лекерта), Бенца (Пуліхава), Гаўса (Чапаева), Гутэнберга (1-ы завулак Свярдлова) і інш. Ад назваў іншых гарадоў, краін і народаў паходзяць 29 новых назваў мінскіх вуліц. 3 гэтых вуліц 16 маюць «нямецкае» паходжанне: Алеманская (Разінская), Анхальцкая (Аўтадораўскі завулак), Ганзейская (Нагіна), Гоцкая (Папаніна), Дрэздэнская (Клары Цэткін), Нямецкая (Карла Лібкнехта) і інш. Імёны беларускіх гарадоў былі нададзены 5 вуліцам: Брэсцкая (Грушаўская), Гродзенская (Куйбышава), Магілёўская (Магілёўская шаша), Маладзечанская (Старажоўская), Наваградская (Чырвонафлоцкая). 27 перайменаваных вуліц і плошчаў складалі найменні, якія падкрэслівалі асаблівасці мясцовасці і ландшафту, былі своеасаблівымі «арыенцірамі» пагорадзе. Так, вуліца Ліпавая (Валадарскага) праходзіла ўздоўж ліпавай алеі, Берагавая (Гарбарная; сёння Ульянаўская) месцілася насупраць берага Свіслачы, Палявая (Калгасная; праспект Машэрава) знаходзілася сярод палёў мінскіх татар.

Назвы 24 перайменаваных вуліц указвалі на асноўныя вулічныя аб'екты, якія на іх размяшчаліся. Нямецкая палявая камендатура знаходзілася на Камендатурнай (К. Маркса), Оперны тэатр — на Опернай (Пралетарская; сёння Я. Купалы), вайсковыя казармы — на Заходнеказармавай (Дзяржынскага; завулак Фабрыцыўса). Вуліца Савецкая (сучасны праспект Незалежнасці), нягледзячы на амаль што поўную разбуранасць, не страціла свайго галоўнага транспартнага значэння для горада і была перайменаваная ў Галоўную вуліцу (Hauptstrasse)18. Найменні 16 вуліц мелі прапагандысцка-ідэалагічны характар. Напрыклад, вуліца Свярдлова была перайменавана ў Пераможную, Міліцэйская — у Вартаўнічую, Паштовая — у Пехацінскую, а Пралетарска-Набярэжная (Я. Купалы) стала Артылерыйскай. Відавочна, не абыйшлося без удзелу беларускіх нацыянальных колаў пры перайменаванні вуліцы Рабкораўскай у Нашаніўскую і вуліцы МОПРа (цяпер Камуністычная) у вуліцу Адраджэння.

Перайменаваныя вуліцы пазначаліся на картах і планах Мінска па-нямецку, а астатнія — па-руску лацінкай. Ажно 11 перайменаваных вуліц мелі сваіх «двайнікоў» сярод неперайменаваных. Так, вул. Дабралюбава была перайменавана ў Waldstrasse (Лясная), а ў іншым раёне горада знаходзілася Lessnaja-Strasse. Яшчэ больш дзіўнае перайменаванне адбылося з вуліцай Першамайскай, якая стала Strasse der 1 Маі (Першамайская), і з Чыгуначнай, якую запісалі Eisenbahnstrasse (Чыгуначная). Трэба адзначыць, што былі перайменаваныя вуліцы не толькі з «бальшавіцкім зместам», але і іншыя, якія былі важнымі транспартнымі артэрыямі горада: Даўгабродская (цяпер Казлова) стала Старагарадской, Камароўская (частка сучаснага праспекта Машэрава, да 2005 г. Варвашэні) —Рыжскай, Лагойскі тракт (Я. Коласа) — Паўночнай, Старажоўская (Кісялёва) — Маладзечанскай, а Чэрвеньскі тракт (Маякоўскага) — Паўднёвай вуліцай, што можна растлумачыць жаданнем немцаў разумець назвы асноўных праездаў па горадзе і хутка арыентавацца па іх месцазнаходжанні. Такім чынам, пад перайменаванне патрапілі не толькі вуліцы з «савецкім» зместам у назвах, але і ўсе асноўныя транспартныя камунікацыі горада, а таксама вуліцы і завулкі, на якіх знаходзіліся важныя для немцаў грамадзянскія ці вайсковыя аб'екты. Таму перайменаваныя вуліцы пазначаліся на нямецкай мове, а ўсе астатнія, якія не былі для немцаў цікавымі, — па-руску лацінкай.

Важнае месца ў 1944 г. на старонках беларускіх акупацыйных выданняў адводзілася асвятленню гадавіны 25 сакавіка 1918 г. Так, у гэты дзень выходзіць «распараджэньне Галоўнага старшыні сталічнага горада Менска А. Комара «Аб змене назоваў вуліц г. Менску». Як было патлумачана, гэта зрабілі ў мэтах «адзначыць 26-ыя ўгодкі Абвяшчэньня незалежнасьці 25 сакавіка, а таксама выходзячы з пажаданьняў жыхароў г. Менску». Было перайменавана 7 вуліц горада: Савецкая (сёння праспект Незалежнасці) стала вуліцай «Імя 25 сакавіка», Ленінская — «Пагоні», Карла Маркса — Кастуся Каліноўскага, Энгельса — Язэпа Лёсіка, Камсамольская — Алеся Гаруна, Чырвонаармейская — Усевалада Ігнатоўскага, Астроўскага — Вацлава Іваноўскага19.

Цікава, што ўсе гэтыя вуліцы ўжо былі перайменаваныя ў 1941 г. немцамі. Згодна з нямецкім перайменаваннем, Савецкая была Галоўнай, Ленінская — Рынкавай, Маркса — Камендатурнай, Энгельса — Тэатральнай і г. д. Заўважым, што 25 сакавіка былі перайменаваныя не афіцыйныя нямецкія, а старыя савецкія назвы. У гэтай з'яве можна ўбачыць два бакі: па-першае, тагачасныя мінскія беларускія дзеячы не хацелі быць заўважанымі ў скасаванні нямецкага загаду, а па-другое, большасць насельніцтва па-ранейшаму карысталася даваеннымі савецкімі назвамі. Якужо адзначалася, беларускія колы былі відавочна незадаволеныя нямецкімі перайменаваннямі вуліц Мінска і на старонках беларускіх газет цішком карысталіся «сваім» варыянтам назваў цэнтральных вуліц горада. Ім хапіла рашучасці гучна заявіць пра перайменаванне вуліц Мінска толькі ўвесну 1944 г., калі нямецкай адміністрацыі ўжо было не да назваў вуліц.

Але, нягледзячы на шматлікія перайменаванні вуліц, у дакументах і перыёдыцы часта ўжываліся даваенныя назвы ці пісаліся новыя, а ў дужках — старыя. Часцяком побач можна было ўбачыць як савецкую назву вуліцы, так і нямецкую ды новую беларускую. Так, у № 44 «Беларускай газэты» за 3 чэрвеня 1944 г. у абвестцы паведамлялася пра пераезд з вуліцы Алеся Гаруна (беларускі варыянт; пры гэтым у дужках указвалася нямецкая назва — Гартэнштрасэ (Садовая)) на вуліцу Астроўскага (савецкі варыянт). Шыльды на будынках часам указвалі на два варыянты назвы вуліцы: па-нямецку — нямецкі, па-беларуску — беларускі. Жыхары Мінска ў побыце карысталіся ў асноўным даваеннымі назвамі. Становішча «анархіі» ў гарадской тапаніміцы лепш за ўсё адлюстраваў В. Верасень у фельетоне «Дзень на рынку»: «сябра мой жыве на вуліцы, якая па-беларуску завецца Алеся Гаруна, па-нямецку Садовая, па-бальшавіцку звалася Камсамольская, а па-царску Багадзельная»20.

Пасля вызвалення Мінска ад немцаў вярнуліся і савецкія назвы вуліц горада. Для пасляваеннага перыяду развіцця тапаніміі Мінска характэрны хуткі рост колькасці вуліц. За перыяд з 1945 да 1985 г. у Мінску ўзніклі 635 новых назваў вуліц і завулкаў. Пры гэтым значная колькасць іх назваў былі паўторнымі. Напрыклад, акрамя новай вуліцы Мазырскай, побач з ёй узніклі таксама завулак і праезд з аналагічнай назвай. 3 635 новых урбанонімаў 251 (40%) з'яўляюцца паўторнымі. Лідэрства ў гэтай «намінацыі» захапіла Пуцеправодная вуліца, якая мела 8 аднайменных завулкаў21. У Радыятарнай вуліцы было 5 завулкаў, якія паўтаралі яе назву. Адкінуўшы ўсе паўторныя назвы, мы атрымаем 383 арыгінальныя урбанонімы, 241 (63%) з якіх маюць патранімічнае паходжанне, а астатнія 142 (37%) — непатранімічнае.

Усе ўзніклыя ў гэты перыяд патранімічныя ўрбанонімы Мінска, гэта значыць назвы, што маюць у аснове прозвішча ці імя чалавека, можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп: дзеячоў расійскай гісторыі і культуры; дзеячоў беларускай гісторыі і культуры; вайскоўцаў Чырвонай (Савецкай) Арміі, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне; удзельнікаў мінскага падполля часоў Вялікай Айчыннай вайны; удзельнікаў рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны; партыйных і дзяржаўных дзеячоў; удзельнікаў партызанскага руху; дзеячоў гісторыі і культуры іншых савецкіх рэспублік.

Самай вялікай па колькасці з'яўляецца група ўрбанонімаў, названых у гонар дзеячоў расійскай гісторыі і культуры. Іх налічваецца 67. Новыя мінскія вуліцы былі названыя ў гонар вядомых расійскіх мастакоў (Айвазоўскі, Васняцоў, Грэкаў, Рэпін, Сурыкаў), паэтаў і пісьменнікаў (Грыбаедаў, Кальцоў, Майкаў, Радзішчаў, Тургенеў, Чэхаў). 3 67 вуліц 25 былі названыя ў гонар расійскіх навукоўцаў і даследчыкаў (Бехцерава, Вільямса, Дзяжнёва, Жукоўскага, Кулібіна, Мендзялеева, Паўлава, Папова, Сталетава). Яшчэ 5 вуліц ушаноўвалі памяць расійскіх палкаводцаў: Баграціёна, Кутузава, Нахімава, Суворава і Ушакова. Апошнія 6 тапонімаў былі названыя ў гонар акцёраў тэатра і кіно: Масквіна, Няжданавай, Собінава, Станіслаўскага, Тарханава і Шчэпкіна. Амаль усе гэтыя назвы з'явіліся ў канцы 1940-х — пачатку 1960-х гг.

Наступная па колькасці група патранімічныхурбанонімаў складаецца з вайскоўцаў Чырвонай (Савецкай) Арміі і налічвае 61 назву. Мінскія вуліцы былі названыя ў гонар Герояў Савецкага Саюза, палкаводцаў: Бурдзейнага, Ватуціна, Даватара, Жукава, Малініна, Ракасоўскага, Цімашэнкі. Знайшлі сваё месца на шыльдах гарадскіх вуліц і абаронцы Брэсцкай крэпасці: Зубачоў, Кіжаватаў, Фамін; героі-радавыя: Смірноў, Смалячкоў; удзельнікі абароны Мінска і яго вызвалення: Русіянаў, Фролікаў. У 1976 г. гарадскія ўлады вырашылі правесці цэлую кампанію, назваўшы 14 вуліц Мінска ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі Беларусь. Пры гэтым дадзеныя асобы павінны былі прадстаўляць кожную з 14 савецкіх рэспублік. У выніку Расію прадстаўляў Чабатароў, Украіну — Мірашнічэнка, Малдову — Солтыс, Грузію — Чыгладзэ, Арменію — Авакян, Азербайджан — Рафіеў, Казахстан — Іскаліеў, Туркменістан — Анаеў, Таджыкістан — Азізаў, Узбекістан — Якубаў, Кыргызстан — Асаналіеў, Літву — Мельнікайце, Латвію — Судмаліс, Эстонію — Кульман22.

У гонар удзельнікаў падпольнага руху было названа 26 вуліц Мінска. Пачаткам мемарыялізацыі ўдзельнікаў Мінскага антыфашысцкага падполля можна лічыць 1959 год, калі рашэннем Бюро ЦК КПБ было афіцыйна прызнана існаванне і дзейнасць разгалінаванага падполля ў Мінску23. Ужо ў наступным 1960 г. гэта знайшло адлюстраванне на вулічных шыльдах Мінска: рашэннем Мінскага гарадскога савета вуліца Іпадромная была перайменавана ў гонар аднаго з актыўных дзеячоў Мінскага падполля, Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі24. У час шырокага святкавання 20-годдзя вызвалення Беларусі Мінгарсавет 11 чэрвеня 1964 г. прыняў Рашэнне № 172, згодна з якім «у мэтах увекавечання памяці актыўных удзельнікаў партыйнага падполля г. Мінска, загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны», 9 вуліц горада былі перайменаваныя ў гонар мінскіх падпольшчыкаў25. Так, імя рэдактара падпольнай «Звязды» Уладзіміра Амельянюка было нададзена новай вуліцы ў Заводскім раёне горада, у гонар Захара Гало перайменавалі Цнянскі завулак, Івана Кабушкіна — вуліцу Маладзёжны пасёлак, Ісая Казінца — Паўднёвую, Яўгена Клумава — Клубную, Дзмітрыя Караткевіча — вуліцу Аэрапорт, Георгія Сямёнава — Германаўскую, Канстанціна Хмялеўскага — Пакгаўзную, а 9-му Чыгуначнаму завулку надалі імя Вікенція Шацько.

У гонар дзеячоў рэвалюцыі і грамадзянскай вайны было названа таксама 26 вуліц горада. У Мінску «прапісаліся» Алібегаў, Берсан, Будзённы, Валадарскі, Катоўскі, Тухачэўскі. Трэба заўважыць, што гэтая група ўрбанонімаў папаўнялася таксама на працягу ўсяго пасляваеннага перыяду. Дзеля ўшанавання памяці пра дзяржаўных і партыйных дзеячоў БССР і СССР былі дадзеныя адпаведныя найменні 26 вуліцам Мінска. У горадзе з'явіліся вуліцы імя Ванеева, Гікалы, Жданава, Калініна, Крупскай, Машэрава, Сурганава, Чарвякова і інш. У гонар дзеячоў беларускай гісторыі і культуры ў дадзены перыяд было названа 25 вуліц. Абсалютную большасць — 18 найменняў — атрымалі беларускія пісьменнікі (Гурскі, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Куляшоў, Мележ, Лынькоў, Янка Маўр і інш.). На шыльдах вуліц Мінска з'явіліся прозвішчы вучонага Дарашэвіча, паўстанца Каліноўскага, архітэктара Караля, рэжысёра Корш-Сабліна, акцёра Платонава, кампазітара Цікоцкага.

У гонар дзеячоў партызанскага руху было названа 7 вуліц Мінска: Варвашэні, Ваўпшасава, Каржа, Варанянскага, Лабанка, Казея і Талаша. У гонар дзеячоў з гісторыі і культуры іншых савецкіх рэспублік (акрамя Расіі) было названа толькі 3 вуліцы Мінска. У 1954 г. вуліцы Ціхая і Сёмая лінія былі перайменаваныя ў гонар Багдана Хмяльніцкага. У 1961 г. адна з новых вуліт была названая ў гонар Яна Райніса, а ў 1964 г. — Тараса Шаўчэнкі.

Непатранімічных назваў налічваецца 142 і яны складаюць 37% ад усёй колькасці. Абсалютная большасць сярод падобных найменняў складаюць назвы, прысвечаныя гарадам, вёскам, рэкам і іншым геаграфічным пунктам. Такіх геаграфічных назваў налічваецца 73, і частка з іх мела канкрэтную матывацыю, г. зн., што яны былі названыя па населеных пунктах, у напрамку якіх знаходзіліся. Так узніклі вуліцы Брэсцкая, Даўгінаўская, Дражня, Мядзвежына, Шчотаўка. Але абсалютная болыпасць геаграфічных найменняў вуліц адлюстроўвалі шырыню прастораў Савецкага Саюза: Азоўская, Бакінская, Волжская, Запарожская, Калінінградская, Адэская, Арлоўская, Талінская, Украінская. Ва ўсходняй частцы Мінска, у Паўночным пасёлку аўтазавода з'явілася маленькая Сібір: Алтайская, Ангарская, Байкальская, Енісейская, Ілімская, Ахоцкая, Таёжная, Томская, Хабараўская.

Значная колькасць (27) непатранімічных назваў мелі ідэалагічны характар. Так, у Мінску ўзніклі вуліцы Авангардная, Перадавая, Меліярацыйная, Наватарская, Сацыялістычная. Некаторыя з іх падкрэсліваюць працоўныя прафесіі: Земляробчая, Інжынерная, Машыністаў, Машынабудаўнікоў, Металістаў, Трактарабудаўнікоў. Некаторыя праслаўлялі падзеі савецкай гісторыі: Кастрычніцкая плошча, Партызанскі праспект, плошча Перамогі, вуліца 3 Верасня. Урэшце, апошнюю, самую маленькую групу непатранімічных назваў складаюць геданімічныя ўрбанонімы, у аснове якіх прыгожыя, але пазбаўленыя сэнсу словы. Такіх назваў на карце Мінска з 1945 па 1985 гады ўзнікла толькі 9: Барвовая і Светлая, Вясновая, Зімовая, Летняя і Асенняя, Вішнёвы, Грыбны і Снежны завулкі.

За перыяд з 1945 па 1985 гады ў Мінску адбылося 93 перайменаванні вуліц. Амаль усе яны мелі ідэалагічны характар, бо вуліцы называліся ў гонар дзеячоў ці падзей з савецкай гісторыі. Першыя ідэалагічныя перайменаванні адбыліся ўжо ў 1947 г.: вуліцы Лекерта і Правіянцкая пераймяноўваліся адпаведна ў Ванеева і Захарава — партыйных работнікаў, якія загінулі падчас апошняй вайны26. У наступным, 1948 г. старшыня Саюза пісьменнікаў БССР Пятрусь Броўка звярнуўся да намесніка старшыні Савета Міністраў БССР К. Кісялёва з просьбай пераназваць вуліцу Пралетарскую ў гонар Янкі Купалы. Мінгарвыканкам просьбу задаволіў, і з трэцяй спробы ў Мінску з'явілася вуліца Янкі Купалы. Першыя дзве падобныя спробы былі няўдалыя: у 1926 і 1940 гг. адпаведныя рашэнні мясцовых саветаў не былі зацверджаныя.

У 1952 г. галоўную вуліцу Мінска Савецкую аб'ядналі з Пушкінскай і перайменавалі ў праспект Сталіна. Далей перайменаванні адбываліся амаль штогадова: у 1954 вуліцу МОПРа перайменавалі ў Калініна; у 1955 вуліцу Заходняе кола — у Грыцаўца; у 1956 — Галантэрэйную ў Змітрака Бядулі; у 1957 — Лагойскі тракт у вуліцу Якуба Коласа; у 1958 — Круглую плошчу ў плошчу Перамогі. У 1961 г., у час развянчання культу асобы Сталіна, праспект Сталіна быў перайменаваны ў Ленінскі. Разам з гэтым рашэннем вуліца Варашылава была пераназваная ў Кастрычніцкую, а Сталінградская — у Валгаградскую27. Часта перайменаванні былі прымеркаваныя да юбілеяў. Так, у 1964 г., на 20-годдзе вызвалення Мінска, у гонар падполыпчыкаў былі перайменаваныя 8 вуліц і завулкаў горада. У 1967 г. святкавалі 50-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі, і ў той год некаторыя вуліцы Мінска былі названыя ў гонар дзеячоў часоў рэвалюцыі і першых гадоў савецкай улады. Так, напрыклад, вуліцу Слуцкую перайменавалі ў вуліцу Веры Слуцкай, Кавалерыйскую — у Кнорына, Бондараўскую — у Гікалы, Даўгінаўскі тракт — у Чарвякова.

Перайменаванні не абміналі і галоўных трасаў Мінска. Так, у 1968 г. Магілёўская шаша стала Партызанскім праспектам, у 1971 г. Ракаўская шаша — вуліцай Прытыцкага, у 1979 г. Слуцкая шаша — вуліцай Лейтэнанта Кіжаватава, а вуліца Савецкіх пагранічнікаў — праспектам Дзяржынскага. У 1977 г., на 60-годдзе Кастрычніка, вуліца Арлоўская была перайменаваная ў Варашылава, Энергетычная — у Тухачэўскага, а частка вуліцы Хмяльніцкага стала вуліцай Сурганава.
(заканчэньне ў наступным пасьце)

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson