Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2011-06-03 10:19:04

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Топ ганебных назоваў менскіх вуліц

ТОП ГАНЕБНЫХ НАЗОВАЎ МЕНСКІХ ВУЛІЦ

У сярэдзіне сакавіка адмысловая камісія пры Менгарвыканкаме прыняла рашэнне аб перайменаванні шэрагу сталічных вуліц, якім вяртаюцца гістарычныя назвы.

Гэтак, Рэвалюцыйная зноў павінна стаць Койданаўскай, Вызвалення — Уваскрасенскай, Гандлёвая — Зыбіцкай, Герцэна — Бернардынскай, Дзімітрава — Пятніцкай… Станцыя метро “Плошча Леніна” атрымае назву плошча “Незалежнасці”, якую ўжо насіла з 1992 па 2003 год.

Працэс пайшоў

Адзначым, што беларусізацыя менскіх вуліц адбываецца апошнім часам досыць імклівымі тэмпамі. Гэтак, з 2003 года ў сталіцы з’явіліся скверы Аляксандраўскі і Бондараўскі, Камароўскі і Лютэранскі, Маламядзвежынскі і Кальварыйскі, Траецкая гара, Люцынская і Каралінская, Курапацкая... Паралельна паўстаюць вуліцы, названыя ў гонар выбітных дзеячаў айчыннай несавецкай гісторыі: Усевалада Ігнатоўскага, Алеся Гаруна, Іосіфа Гашкевіча, Ежы Гедройца, Ігната Дамейкі, Язэпа Драздовіча, Станіслава Манюшкi, Напалеона Орды, Льва Сапегі, Браніслава Тарашкевіча і інш. Праўда, усе яны размешчаны ў асноўным у новых раёнах на ўскрайках горада. Што да цэнтра, то ва ўпраўленні культуры Менгарвыканкама неаднаразова заяўлялі, што працэс перайменавання тут замарожаны. Сакавіцкае рашэнне можа стаць прарывам у гэтым кірунку. Засталося толькі дачакацца яго ператварэння ў жыццё, якое пакуль зацягваецца.

Тым часам у беларускай сталіцы па-ранейшаму застаецца процьма вуліц, якія носяць імёны адназначна адмоўных персанажаў айчыннай гісторыі. “Тут і цяпер” прыгадала самыя ганебныя назовы вуліц, якім не месца ў сталіцы незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

Душыцель паўстання

Палкаводзец Аляксандр Сувораў, адзін з заснавальнікаў расійскага вайсковага мастацтва, кавалер усіх расійскіх і шматлікіх замежных вайсковых ордэнаў, правёў за сваё жыццё больш за 60 бітваў, не атрымаўшы ніводнай паразы. Для Расіі гэта герой, легендарная асоба, што пацвердзіў нядаўні ўсерасійскі конкурс “Імя Расіі”. У Беларусі ж з ягоным імём звязана горыч паразы, трагедыя і паняволенне. Менавіта Сувораў кіраваў крывавым задушэннем у Беларусі паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 года. Як адзначаюць гісторыкі Генадзь Сагановіч і Уладзімір Арлоў, цягам усёй кар'еры ён аддана служыў жандарскай палітыцы царызму, практыкаваў на захопленых землях масавыя забойствы мірнага насельніцтва і прынёс у Беларусь прыгоннае права.

“Беларусы не нацыя”

У гонар расійскага бальшавіка Аляксандра Мяснікова (Мяснікяна), які ўсталёўваў у Беларусі савецкую ўладу, названа не толькі вуліца, але і плошча. Абсурд у тым, што адзiн з кiраўнiкоў падзей Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Мiнску, старшыня ЦБ КП(б)Б і ЦВК БССР, намеснiк старшынi СНК БССР i народны камiсар па ваенных справах, не лічыў беларусаў за асобную нацыю і не прызнаваў за намі права на стварэнне незалежнай дзяржавы. Менавіта ён адыграў галоўную ролю ў прыняцці рашэння аб разгоне Першага ўсебеларускага з’езда ў ноч з 17 на 18 снежня 1917 года, калі дэлегаты пачалі абмяркоўваць пытанне пра абвяшчэнне Беларускай рэспублікі.

Ордэр на сілавы разгон з’езда падпісаў Карл Ландар, старшыня Менскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і СНК Заходняй вобласці і фронту, сябра прэзідыуму УЦВК. У гонар гэтага чалавека, які адмоўна ставіўся да ідэі стварэння беларускай дзяржаўнасці, таксама названа сталічная вуліца.

Усяляк процідзейнічаў спробам утварэння беларускае дзяржаўнасці, у тым ліку і савецкай, кіраўнік Смаленскага губернскага камітэта РКП(б) Вільгельм Кнорыньш. “Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты”, — перадавала яго словы 6 кастрычніка 1918 года газета “Звезда”.

“Закладнікі расстрэльваюцца...”

Калі запытацца ў мінака на сталічнай вуліцы, чым вядомы самы малады маршал у гісторыі СССР Міхаіл Тухачэўскі, у адказ вы, верагодней за ўсё, не пачуеце нічога. Затое на Тамбоўшчыне добра памятаюць, як улетку 1921 года войскі Чырвонай Арміі на чале з Тухачэўскім па-зверску задушылі сялянскае паўстанне.

Вось толькі адна вытрымка з загаду Тухачэўскага: “Па прыбыцці на месца воласць ачапляецца, бяруцца 60—100 самых відных закладнікаў і ўводзіцца аблогавае становішча. Жыхарам даюцца дзве гадзіны тэрміну на выдачу бандытаў і зброі, а таксама бандыцкіх сем'яў. Калі насельніцтва не паказала бандытаў і зброю па заканчэнні 2-гадзіннага тэрміну, узятыя закладнікі на вачах у насельніцтва расстрэльваюцца, пасля чаго бяруцца новыя...”.

Тухачэўскі таксама ўдзельнічаў у знішчэнні атрадаў народнай арміі беларускага генерала Булак-Булаховіча і ў падаўленні Кранштацкага паўстання.

Не забыліся беларусы ўшанаваць памяць і старшыні Усерасійскага выканаўчага камітэта Якава Свярдлова, які ў 1918 годзе быў сярод арганізатараў антызаконнага разгону ў РСФСР Установачнага сходу, расказачвання і, паводле меркавання Троцкага, расстрэлу царскай сям’і. Апроч гэтага актыўна выступаў супраць прадастаўлення беларусам дзяржаўнай аўтаноміі ў складзе савецкай Расіі.

“Крывавы Фелікс”

Беларусь ёсць радзімай заснавальніка УНК (Усерасійская надзвычайная камісія) і ДПУ (Дзяржаўнае палітупраўленне) Фелікса Дзяржынскага. У Менску ў ягоны гонар паўсталі не толькі два помнікі і сквер, але і цэлы праспект. Праўда, ганарыцца тут няма чым. Большасць гісторыкаў лічаць нашага земляка ініцыятарам масавага тэрору, правакацый і інстытута закладнікаў. “Жалезны Фелікс” лічыў, што змагацца з контррэвалюцыяй трэба з дапамогай рэпрэсій: "Права расстрэлу для НК надзвычай важнае", нават калі пры гэтым "меч выпадкова трапляе на галовы невінаватых".

Ёсць у нас і вуліца імя савецкага партыйца і рэвалюцыянера Валяр’яна Куйбышава, які ўваходзіў у сталінскае кіраўніцтва, быў актыўным арганізатарам калектывізацыі, індустрыялізацыі і масавых рэпрэсій.

Нагадаем, што ў Беларусі ад сталінскіх рэпрэсій пацярпелі ад 600 тысяч да 1,5 мільёна чалавек, была знішчана ўся нацыянальная эліта.

Рыгор ЛУР’Е

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson