Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2011-06-02 14:11:43

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Канцэпцыя ўпарадкаваньня ўрбананіміі. Праект

Праект выносіцца на разгляда Тапанімічнаю камісіяй ТБМ

Асноўныя палажэньні 

1.    Гістарызм.
Тапанімічныя сыстэмы населеных пунктаў да пэўнага гістарычнага моманту фармаваліся натуральным шляхам, у выніку народнае моватворчасьці. Ва ўмовах Беларусі прынцып гістарызму пры ўпарадкаваньні ўрбанонімаў, г.зн. вяртаньне гістарычных назваў, безумоўна дзейнічае для назваў, узьніклых да 1772 г. Яны ёсьць культурна-гістарычнымі помнікамі й павінны быць адноўленыя. Пазьнейшыя назвы, нададзеныя гарадзкім аб'ектам у часы Расейскай імпэрыі й Савецкага Саюзу, вымагаюць экспэртызы з гледзішча іхнай адпаведнасьці нормам беларускае мовы, нацыянальным тапанімічным традыцыям, патрэбам выхаваньня пачуцьця нацыянальнай годнасьці, утварэньня непаўторнага тапанімічнага ляндшафту ў пэўным паселішчы.

2.    Адпаведнасьць нормам беларускае мовы.


Тапанімічныя найменьні павінны ўтварацца паводле беларускіх словаўтваральных мадэляў ад беларускіх каранёў (напр. не Большая ул., а Вялікая вул. прычым тапонімы ў іншамоўных тэкстах не перакладаюцца). Адыменныя гарадзкія тапонімы павінны ўтварацца ад беларускіх формаў імёнаў (напр. не Георгіеўская, а Юраўская). Неабходна мець на ўвазе, што бальшыня гарадзкіх тапонімаў у Беларусі мела прыметнікавую форму і толькі рэдкія -- форму назоўніка ў назоўным склоне (Няміга). Гістарычных урбанонімаў у форме назоўніка роднага склону (вуліца Пушкіна) не зарэгістравана, што тлумачыцца наагул шырэйшым, чым у расейскай, ужываньнем прыметнікаў, у тым ліку прыналежных (так, назва паэмы “Рыбакова хата” перакладаецца як “Дом рыбака”), а таксама граматычнаю нязручнасьцю формаў тапонімаў у родным склоне (“жыву на Пушкіна”, “паехаў на Пушкіна”). (У адпаведнасьці з вышэйсказаным мусіла б быць Скарынаў[скі] праспэкт, хаця чапаць форму, замацаваную традыцыяй, ужо ня варта).

3.    Адпаведнасьць нацыянальным тапанімічным традыцыям.


Беларускай гарадзкой тапаніміі ўласьцівыя натуральнасьць, матываванасьць і функцыянальнасьць. Mногія ўрбанонімы адлюстроўвалі значэньне ці функцыю тапанімічнага аб'екта: Вялікая вуліца, пляц Рыбны рынак. Значная частка тапонімаў мела геаграфічную матываванасьць і выконвала арыентацыйную функцыю. Гэта -- назвы, дадзеныя паводле кірункаў дарогаў, паводле значных аб'ектаў, да якіх вядуць або якія мінаюць вуліцы, паводле рэльефу, пароды дрэваў-прысадаў, ад ранейшае вёскі ці ўрочышча. Mатываваныя назвы ад імя першапасяленца, ад важнага здарэньня, што адбылося на гэтай вуліцы або пляцы (пляц Незалежнасьці). Mэмарыяльныя адантрапанімічныя назвы для беларускае тапанімічнае традыцыі менш характэрныя, яны замацаваліся на працягу апошняга стагодзьдзя.

З гледзішча выкладзенае канцэпцыі ўпарадкаваньне гарадзкой тапаніміі мусіць складацца з некалькіх этапаў. Гэта, па-першае, вяртаньне ўсіх гістарычных назваў, вядомых да канца ХVІІІ ст., і пазьнейшых назваў, якія адпавядаюць выкладзеным прынцыпам. Па-другое, гэта перагляд астатніх назваў. Пры такім пераглядзе, на нашу думку, неабходна ўлічваць, што сярод цяперашніх назваў вуліц і іншых тапанімічных аб'ектаў нашых гарадоў неапраўдана шмат ідэалягізаваных. Mэмарыяльныя назвы павінны быць адзінкавымі, давацца ў гонар вельмі абмежаванага кола выдатных дзеячоў агульнанацыянальнага маштабу альбо зьвязаных з пэўным горадам. Калі дазваляюць законы словаўтварэньня, лепш даваць мэмарыяльныя назвы ў форме прыналежных прыметнікаў.

Укладзены паводле практычна ўхваленага Менскай камісіяй пры гарадзкім выканаўчым камітэце ў 1993 г.

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson