Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-05-21 15:58:25

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Cтаніслаў Гусак. Не - расейскім рэактарам на беларускіх АЭС

Чарнобыльская трагедыя для Беларусі аказалася найцяжэйшаю ў яе гісторыі падзеяй. Падарванае здароўе цэлага народу, тысячы квадратных кілямэтраў тэрыторыі краіны зь лясамі, палямі, заводамі, пасёлкамі й вёскамі сталіся немагчымымі для жыцьця й працы. Трагедыя стварыла ўсенародную фобію да ядзернай энэргетыкі. Аб’екты ядзернай энэргетыкі, якія будаваліся, былі або замарожаныя, або пераведзеныя на арганічнае паліва, як гэта адбылося зь Менскай ЦЭЦ-5.

Падзеі ў Чарнобылі былі настолькі значныя, што ядзерная фобія захапіла бальшыню краінаў Эўропы. У Італіі быў уведзены мараторыюм на будаўніцтва ядзерных электрастанцыяў. У Германіі, акрамя таго што быў уведзены мараторыюм на будаўніцтва, некалькі ядзерных электрастанцыяў былі выведзеныя з нагрузкі, іхная праца замарожаная. Але цяпер сытуацыя зьмянілася.

У Італіі пачатае будаўніцтва новых АЭС. У шэрагу іншых краінаў Эўропы і Азіі назіраецца такая ж тэндэнцыя. Ядзерная энэргетыка актыўна набірае сілу нават у краінах, дзе арганічнага паліва дастаткова, як гэта адбываецца ў Іраку.

Стан беларускай энэргетыкі цяпер вельмі кепскі. Удзельныя выдаткі паліва на выпрацоўку электраэнэргіі на некаторых электрастанцыях Беларусі такія, што электраэнэргію выгодней набываць у Літве, Расеі, Украіне, чым вырабляць яе самім.

Зношанасьць асноўных фондаў энэргетыкі катастрафічная. Апошняму буйному аб’екту энэргетыкі Менскай ЦЭЦ-5 споўнілася 30 год, а энэргетычнаму лідэру Беларусі – найбольш магутнай Лукомскай ДРЭС – 40 гадоў. Прыкладна такімі ж тэрмінамі можна ацаніць і нашае тэхнічнае адставаньне ў пытаньнях разьвіцьця энэргетыкі.

Акрамя маральна-тэхнічных праблемаў будаўніцтва ядзернай электрастанцыі ў Беларусі, істотнае значэньне мае і замежнапалітычная сытуацыя ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне. Расея, будучы манапольным пастаўшчыком паліва ў рэгіён, спрабуе выкарыстаць энэргетычную залежнасьць гэтых краінаў, у тым ліку Беларусі, у сваіх імпэрскіх палітычных і эканамічных мэтах. Будаўніцтва ядзернай электрастанцыі ў значнай ступені зьменшыць энэргетычную залежнасьць ад Расеі.

Але трэба адразу сказаць, што ядзерныя рэактары гэтай электрастанцыі павінны быць не расейскай вытворчасьці, і пастаўка цеплавылучальных элемэнтаў для рэактараў павінна адбывацца не з Расеі. У супрацьлеглым выпадку пытаньне энэргетычнай бясьпекі Беларусі стане яшчэ больш надзённым. Калі ўлады вырашаць даць згоду на будаўніцтва расейскіх рэактараў, то гісторыя з газам будзе працягвацца да бясконцасьці. “Не - расейскім рэактарам на беларускіх АЭС” – пад гэтым лёзунгам павінны зараз дзейнічаць усе дэмакратычныя сілы Беларусі.

Сродкі масавай інфармацыі спрабуюць давесьці нашым грамадзянам, што выбар праекту АЭС будзе зроблены на аснове тэндэру. І ўжо зараз адбываецца агітацыя пра нібыта перавагі расейскага варыянту. Нам дастаткова Чарнобыльскага варыянту, каб у Беларусі і блізка не было расейскіх рэактараў.

Перш чым расейскія арганізацыі будуць дапушчаныя да тэндэру, Расея павінна аплаціць Беларусі ўсю велічэзную шкоду, нанесеную Чарнобыльскай трагедыяй. А Расея цяпер такія магчымасьці мае.

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі павінна вырашыць пытаньне замены арганічнага паліва, колькасьць якога памяншаецца, на ядзерную энэргію, зьмяніць узровень энэргетычнай бясьпекі Беларусі, а таксама падняць эканоміку Беларусі на новы, вышэйшы навуковы, тэхнічны і вытворчы ўзровень.

На жаль, па пытаньні будаўніцтва АЭС у Беларусі пазыцыі дэмакратычных сілаў разышліся. Асноўная прычына – спадчына Чарнобыльскай трагедыі. Здавалася б, што, выступаючы за будаўніцтва АЭС, міжволі падтрымліваеш рэжым, прынамсі ў гэтым дачыненьні. Але гэта ня так.

Ёсьць беларускі народ, ёсьць дзяржава Беларусь, інтарэсы якой не залежаць ад дачасных рэжымаў.

Беларуская эканоміка, навука, падрыхтоўка кадраў не павінны адставаць ад іншых разьвітых краінаў. Мы павінны ісьці побач з прагрэсам, а не зачыняць перад ім дзьверы.

Станіслаў Гусак

Экспэрт Партыі БНФ у энэргетычных пытаньнях

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson