Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 13:24:35

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Вінцук Вячорка. Эўрапейскай Беларусі патрэбна эканамічная свабода

1. Патрэбная беларуская ўлада

Усе мы ведаем з навінаў наступнае. Расейскі газ будзе паступаць у Беларусь за $100 / 1000 м3. Расея выкупляцьме палову “Белтрансгазу” цягам чатырох гадоў. Плату за транзыт Беларусь крышку падыме. Лукашэнка запрашае беларусаў у зямлянкі, дзе мы і будзем выжываць.

Пра зямлянкі – гэта ня проста рытарычная фігура. Нават пры падвышэньні цэнаў на газ да 80 даляраў, як засьведчыў сьв. п. Валеры Дашкевіч на круглым стале “Энэргетычная бясьпека краін Цэнтральнай Эўропы”, усе прадпрыемствы з рэнтабэльнасьцю 12-14% збанкрутуюць.

Стратэгічную беларускую маёмасьць – “Белтрансгаз” – здалі. Назвалі здачу “кампрамісам паміж нацыянальнымі інтарэсамі і сквапнасьцю партнэра”. Дык жа сапраўдная абарона нацыянальных інтарэсаў ня ведае слова “кампраміс”. Такое называецца іншым словам – здрада.

Рэальнае стаўленьне да дзяржавы Беларусі ў Маскве мы пабачылі падчас навагодняе прэс-канфэрэнцыі. Кіраўнік ураду Беларусі змушаны быў даваць яе ў сядзібе “Газпрому” на фоне ягоных лягатыпаў, і не з сваім калегам расейскім прэм’ерам, а з газпромаўскім начальнікам Мілерам. Сідорскаму паказалі ягонае месца.

Цяпер гора-кіраўнікі Лукашэнка зь Сідорскім строяць зь сябе незаслужана пакрыўджаных патрыётаў, а БТ нават спрабуе ляпіць зь іх гэтакіх герояў, што ахвяравалі навагоднім сталом дзеля надзвычайных паседжаньняў у Менску ды перамоваў зь Мілерам у Маскве. Было б сьмешна, каб не было сумна.

Хіба ж яны не разумелі, з кім гуляюць? Сідорскі ледзь ня плача: “наша эканоміка ня мае сыравінных рэсурсаў”. Ці ж ягоныя папярэднікі і ён сам зразумелі гэта толькі ў ноч на новы 2007 год? Усё разумелі. Але так і пераадолелі комплексу служкі, намесьніка, васала.

Лукашэнка – васал, і стаяў ён да Расеі ў адпаведнай пазыцыі. Сюзэрэн (пан) паблажліва дазваляў яму па дробязях (зь яго, сюзэрэна, гледзішча) мець сваю выгоду. Васал загуляўся, вырашыў, што так будзе вечна. Але хіба нехта ня ведаў, што нашыя ўсходія суседзі выкарыстоўваюць паслугача, дакуль ён не пераўтвараецца ў загнанага каня?

Лукашэнка ня стаў, бо ня можа стаць, лідэрам незалежнай эўрапейскай дзяржавы. Васалы па мэнтальнасьці сваёй ніколі ня будуць абаронцамі незалежнасьці, кіраўнікамі сувэрэннай краіны. Лукашэнка і ягоная групоўка цягам дванаццаці гадоў зьнішчалі падмурак нашага сувэрэнітэту. Давялі да небясьпечнай мяжы гульню ў “саюзную дзяржаву”. Нішчылі й нішчаць нашу мову й гістарычную памяць. Робяць штучных ворагаў з суседніх і братніх нам эўрапейскіх народаў. А расейцы паціху – без тэндэраў і канкурэнцыі – скупляюць беларускую нерухомасьць.

Гэтыя ўлады паклёпнічалі на БНФ, палохалі беларускі народ “бээнэфаўцамі”, абклейвалі нас ярлыкамі “нацыяналістаў”. Але “як бяда прыйшла, дык пане Базыль”, кажуць людзі.  Цяпер яны замітусіліся й самі (праўда, на публіку) кажуць тое, што мы гаворым ужо 15 гадоў. Дык ці не пара ім у адстаўку?

Беларусі патрэбны патрыятычны ўрад, не заплямлены васалітэтам і лісьлівасьцю перад усходнім суседам. У новым урадзе не павінна быць людзей, вядомых сумнеўнымі гешэфтамі з расейскімі імпэрыялістамі – няважна, вайсковымі, палітычнымі ці энэргетычнымі. Надалей нафтагазавыя справы з Расеяй павінны весьці справы людзі, не абцяжараныя адказнасьцю за “саюзныя” гульні. Ня проста прафэсіяналы, а сапраўдныя, правераныя часам патрыёты. Такія, скажам, як Станіслаў Гусак, аўтар канцэпцыі Балта-Чарнаморскага нафтагазавага калектара і сябра Сойму БНФ.

Такі калектар, будзь ён збудаваны ў 90-я (а цяпер займеў бы і касьпійскае рукаво), дазволіў бы пераадолець раз назаўжды манапольную энэргетычную залежнасьць ад Расеі ня толькі нам, але і нашым постсавецкім суседзям, а нават даў бы значна лепшыя пазыцыі Заходняй Эўропе ў яе паліўна-энэргетычным клінчы з Расеяй. Сёньня ж сытуацыя прыціснула так, што на палітычных вяршынях Эўрапейскага Зьвязу паважна гаворыцца пра абарончае “энэргетычнае НАТО”, а ў самім НАТО энэргетычная бясьпека называецца прыярытэтам яго эўрапейскай палітыкі. Мы, беларусы, у пэўным сэнсе завінавачаныя перад усёй Эўропай, што ў 1994 годзе далі сябе адкалоць ад роднага кантынэнту. Ідэя калектара так і не была ажыцьцёўленая.

Калісьці, у пачатку 90-х, нашыя суседзі балты перажылі энэргетычную блякаду з боку Расеі. І годна зь яе выйшлі, што праўда, на нейкі час зацягнуўшы паясы, але аздаравіўшы і эўрапеізаваўшы свае эканомікі. Там людзі ведалі, дзеля чаго ідуць на часовыя ахвяры: дзеля мовы й памяці, дзеля продкаў і нашчадкаў, дзеля сваіх незалежных краінаў, дзеля вяртаньня з Расейскай імпэрыі ў Эўропу. А Лукашэнка дзеля чаго зьбіраецца заклікаць нас у зямлянкі? Дзеля ягонай вечнай над намі ўлады?

Лукашэнка загуляўся ў газавыя карты і пачаў-такі прайграваць Беларусь. Расплата наступіць. Бяда ў тым, што плаціць давядзецца ня толькі яму, але ўсім нам і нашым нашчадкам.

Але выйсьце ёсьць. Патрэбныя сыход у адстаўку збанкрутаваных гандляроў незалежнасьцю і сапраўды свабодныя выбары кіраўніцтва краіны. Яны адкрыюць нам дарогу да эканамічнай рэформы і да эўрапейскай эканамічнай прасторы. Але самае галоўнае -- не бракуе досьведу й працавітасьці ў самога беларускага народу. Трэба толькі, каб і ўлада нарэшце была беларуская, а не савецкая.

А калі мы будзем даваць сабе рады й стаяць за сваё, нам дапамогуць.


2. Плян Маршала для дэмакратычнай Беларусі

Нам сапраўды могуць дапамагчы. Ёсьць гістарычныя прэцэдэнты. Пасьля Другой усясьветнай вайны зьнясіленым краінам нашага кантынэнту хутка адбудавацца дапамагла Праграма аднаўленьня Эўропы, вядомая як плян Маршала (ад імя аўтара ідэі, дзяржсакратара ЗША Дж.К.Маршала). 19 краінаў цягам 4 гадоў атрымалі дапамогу аб’ёмам 17 млрд. (тагачасных!) даляраў, якія пайшлі на аднаўленьне й аздараўленьне эканомікі, а для некаторых – і на пераадоленьне наступстваў панаваньня таталітарнай мадэлі.

У нас вайны, дзякуй Богу, няма. Але на вачах абвастраецца сыстэмны крызыс эканомікі. Аднабаковая энэргетычная залежнасьць ад Расеі дазваляе апошняй шантажаваць Беларусь. Камандава-адміністрацыйная эканамічная сыстэма ня можа гнутка рэагаваць на зьмены сытуацыі. Пад пагрозай сама дзяржаўная незалежнасьць краіны. Але выбар “танны газ альбо незалежнасьць” – памылковы, пагібельны.

На гэтым фоне вымоўным сяброўскім пасланьнем да народу Беларусі стала новая комплексная прапанова Эўрапейскага Зьвязу, так званы “non-paper” (неафіцыйны дакумэнт) “Што Эўрапейскі Зьвяз можа даць Беларусі”, абвешчаны 21 лістапада 2006 г. Эўрапейскім камісіянэрам па вонкавых дачыненьнях і палітыцы добрасуседзтва сп-няй Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Гэтая прапанова зьняпраўджвае прапагандовыя стэрэатыпы, нібыта нас у Эўропе “ніхто не чакае”, кажа простым людзям, што паміж дэмакратыяй і дабрабытам можа быць лягічная сувязь, падказвае чыноўнікам і дырэктарату, што яны неабавязкова мусяць быць прыніжанымі служкамі аднаго чалавека. Яна паказвае Беларусі альтэрнатыўны выбар шляху, які ляжыць праз дэмакратызацыю.

Упершыню мы бачым прадуманую і ўгрунтаваную на эўрапейскіх каштоўнасьцях канцэпцыю дачыненьняў зь Беларусяй. Эўрапейская Камісія прапануе канкрэтныя даброты й выгоды, у тым ліку матэрыяльныя, для краіны і народу, для простага чалавека й бізнэсмэна, для дзяржаўнага чыноўніка й студэнта. Але яны становяцца магчымымі толькі ў выніку дэмакратычных рэформаў, а нават крокаў у кірунку рэформаў. Эўрапейская камісія ясна кажа: "халявы" ня будзе. Спачатку вызваленьне палітвязьняў і дэмакратычныя выбары, а тады дзелімся дабрабытам. Урэшце, калі Беларусь правядзе дэмакратычныя рэформы, для нас адкрыюцца рынкі ўсяго сьвету. Мы зможам атрымліваць газ і нафту з усіх краін, а ня толькі з Расеі.

Я ня веру, што Лукашэнка зробіць гэтыя крокі. Змагацца за свабоду, а значыць, ратаваць незалежнасьць Беларусі давядзецца ўсім нам – адказным грамадзянам краіны.


3. Прадпрымальную Беларусь – у Эўропу!

Усясьветны банк і Міжнародная фінансавая карпарацыя штогод вызначаюць рэйтынгі краінаў сьвету паводле складанасьці падаткавага заканадаўства, колькасьці розных падаткаў, цяжару падаткаабкладаньня. У 2006 годзе Беларусь са сваёй самай заблытанай падаткавай сыстэмай – на апошнім, 175-м месцы. Гэта аб’ектыўная ацэнка стану прадпрымальніцкай ініцыятывы, а ня словаў кіраўніцтва Беларусі.

У Эўразьвязе (яшчэ бяз новапрынятых Баўгарыі й Румыніі) дзейнічаюць 23 мільёны малых і сярэдніх прадпрыемстваў (99% усіх прадпрыемстваў ЭЗ). Яны даюць працоўныя месцы 75 мільёнам чалавек (16,4% ад усяго насельніцтва). У Беларусі такія прадпрыемствы забясьпечваюць працай толькі 4% насельніцтва.

Таму падтрымка малога бізнэсу – стратэгічны кірунак Аб’яднанай Эўропы. У 2000 годзе ў Лісабоне была ўхваленая Эўрапейская хартыя падтрымкі малога прадпрымальніцтва. Яна патрабуе ад нацыянальных заканадаўцаў забясьпечыць спрыяльнае асяродзьдзе для малога прадпрымальніцтва. Сярод прыярытэтаў Хартыі – прасьцейшае ападаткаваньне; лепшае заканадаўства; адукацыя прадпрымальнікаў; забесьпячэньне таньнейшага й хутчэйшага пачатку сваёй справы; узмацненьне тэхналягічнага патэнцыялу малых прадпрымальнікаў, у тым ліку падтрымка электроннага бізнэсу; выхад на новыя рынкі; больш эфэктыўная абарона малога прадпрымальніцтва на роўні Эўразьвязу й нацыянальных урадаў.

Немагчыма пералічыць усе праграмы эўразьвязаўскай падтрымкі мікра-, малога й сярэдняга прадпрымальніцтва. Прычым як для краінаў, якія ўжо ўступілі ў Аб’яднаную Эўропу, гэтак і для краінаў-кандыдатаў альбо для добрых суседзяў, якія такімі кандыдатамі стаць могуць (разам гэта 44 краіны). Гэтая наўпроставае фінансаваньне прадпрымальнікаў (датацыі), навучаньне, перакваліфікацыя, інвэстыцыі (праз Эўрапейскі інвэстыцыйны банк), рэгіянальнае разьвіцьцё (дзеля выраўнаваньня магчымасьцяў слабейшых рэгіёнаў), пазыкі Эўрапейскага банку адбудовы й разьвіцьця, падтрымка турбізнэсу, фінансаваньне інавацыйных бізнэсаў, бізнэс-інкубатары, эўрапейская сетка  бізнэс-адукацыі і г.д.

На ўсё гэта ідуць мільярды эўра супольнага эўразьвязаўскага бюджэту ідуць на падтрымку мікра-, малога й сярэдняга прадпрымальніцтва. Так, у 2007-2013 гг. € 67,3 пойдзе на гзв. структурныя фонды падтрымкі прадпрымальнікаў. Зь іх 3 млрд. пойдзе толькі на дасьледаваньні, падтрымку інавацыяў, зьніжэньне бюракратычных бар’ераў для малых фірмаў. З 8,3 млрд. эўра Эўрапейскага фонду рэгіянальнага разьвіцьця 40% сродкаў пойдзе на непасрэдную падтрымку (датацыі) прадпрымальнікам.

Прыкладам, у Польшчы такія датацыі складаюць 30-50% коштаў праекту ўдасканаленьня (пачатку) бізнэсу. Для новапаўсталых малых прадпрыемстваў, угрунтаваных на перадавых тэхналёгіях, наўпроставая фінансавая падтрымка можа дасягаць 100%.

Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЭЗ, а значыць, нашыя прадпрымальнікі даўно маглі б стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі праграмаў падтрымкі рэгіянальнага бізнэсу й памежных рэгіёнаў, сьмела плянаваць выхад на пэрспэктыўныя эўрапейскія рынкі, а не замыкацца толькі на непрадказальнай Расеі. Але новыя магчымасьці адкрыюцца толькі тады, калі ў краіне незваротна запануе СВАБОДА.
й

Offline

 

#2 2008-05-05 11:09:00

czalex
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-05-05
Паведамленьняў: 2

Re: Вінцук Вячорка. Эўрапейскай Беларусі патрэбна эканамічная свабода

найлепшая дапамога бізнэсу - гэта не датацыі, а касаваньне перашкодаў: адміністрацыйных і падатковых. Зрабіць рэгістрацыю малога прадпрыемства справай аднаго тыдню, зьнізіць падаткі хаця б для малых прадпрыемстваў - і людзі самі сабе ўсё заробяць, без штучных датацый. Чым меней дзяржаўных выдаткаў (у т.л. датацый), тым больш і тым здаравей эканамічны рост.

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson