Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 13:12:40

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Антон Астаповіч. Захаваць помнікі архітэктуры

Дадзены выступ можна назваць па рознаму, бо закране ён шматлікія аспекты выканання нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, выканання сусветных методык пад час кансервацыйна-рэстаўрацыйных і іншых работ, якія тым ці іншым бокам маюць дачыненне да помнікаў гісторыі і культуры, і ў першую чаргу нерухомых помнікаў. Увогуле, на маю думку, сённяшняя гаворка вакол нерухомай гісторыка культурнай спадчыны і будзе ісці, а ў асноўным вакол архітэктуры.

   Не буду запэўніваць аўдыторыю і, адпаведна, цытаваць агульнавядомыя думкі, пра непаўторнасць, сваеасаблівасць і унікальнасць беларускай архітэктуры, пра неабходнасць захавання гэтага скарбу для нашчадкаў, не буду крыўдзіць Вас вызначэннямі гісторыка-культурнай каштоўнасці, катэгарыяльнасцю каштоўнасцей і іншымі юрыдычнымі аспектамі, якія сфармуляваны у Законе РБ “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны РБ” бо сабраліся тут менавіта тыя актывісты, у каго закон гэты павінен быць настольнай кнігай.

   Прабачце за нудную і няўклюдную прэамбулу і хачу зараз перайсці непасрэдна да тэмы выступу. Па-першае хачу паведаміць, што прадстаўляю я Грамадзкае аб’яднанне “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Выпала мне няшчасце стаць старшынём прэзідыюма Рэспубліканскай рады гэтай арганізацыі і за тры месяцы, што я пры “партфелі”, сутыкнуўся я з такім-сякім вопытам у барацьбе за архітэктурную спадчыну Менска, а так як гэтая барацьба амаль адразу была вынесена на досыць высокі дзяржаўны ўзровень, то працаваў ушчыльную з дакумантамі па гэтай праблеме, пачынаючы з 2000 года і , як гаворыцца, маю сказаць тое сёе паважанай аўдыторыі, як прыемнага, так і непрыемнага, а непрыемнага будзе болей, асабліва для пэўных нашых “дзеячоў” ад аховы спадчыны з дзяржаўнымі акладамі і пасадамі.

   Адразу ж здымаю перспектыўнае пытанне, - чаму Рэспубліканская рада занялася гістарычным цэнтрам Менску, як лакальным аб’ектам, а не вырашае глабальныя задачы па ўсёй краіне. Тлумачу, што мы цвяроза асэнсоўваем сваё становішча і сучасны патэнцыял, і таму па сталіцы Рэспубліканская рада працуе з адной толькі перспектывай, што за Менскам цягнуцца рэгіёны, і перамога тут дасць шанец  ўсёй Беларусі.

  Зараз жа трошкі юрыдычнай інфармаці. Усе звароты ў органы ўлады, з якімі звяртаецца Таварыства, гарантаваны дзеючым заканадаўствам, а гэта Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (артыкулы 34; 37), Законам  Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” (артыкул 20), Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” (артыкул 4), Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2007 г. № 2. Так, што дзейнічалі мы і дзейнічаем у рамках прававога поля нашай краіны, а зараз будзем глядзець, як прававое поле дзейнічае само, і можа яно дзейнічае па прынцыпах электрамагнітнага поля – тысячагоддзі прайшлі каб людзі навучыліся на яго ўплываць.

   У прынцыпе, на афіцыйным узроўні ёсць разуменне пра комплекснае вырашэння праблем горадабудаўнічага характара, узніклых у сувязі з вядомымі стратамі, нанесенымі вайной і праблемамі паваеннага планавання. А,галоўнае, без карэктнага вырашэння гэтых праблем не можа быць гаворкі ні аб рэалізацыі курсу развіцця Менска як еўрапейскай сталіцы, ні аб развіцці тут ў агульнапрынятым сэнсе турызму.

    Рашэнню гэтых праблем прысвечаны Указ ад 14 ліпеня  2004 г. №330 “Аб развіцці Гістарычнага цэнтра г.Менска”, адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2004 г. №36/100-296, шэраг іншых дакументаў. Але на жаль прыходзіцца ўздымаць пытанне аб дакладным і  дасканалым   выкананні органамі выканаўчай улады палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2004г. №330 і зацверджанай ім “Канцэпцыі рэканструкцыі гістарычнага цэнтра г.Менска”.

    Сёння на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці адначасова адбываюцца два ўзаемавыключаючых працэса: пошук рашэнняў для ажыццяўлення гарманічнай рэгенерацыі і развіцця гістарычнага цэнтра ў адпаведнасці з існуючай нарматыўна-прававой базай, і працэс хаатычнага будаўнічага асваення асобных пляцовак гісторыка-культурнай каштоўнасці, які груба супярэчыць заканадаўству. Таму ў склаўшыхся умовах фарміраванне комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на іх фактычнае выкананне, патрабуе жорсткага кантролю прымаемых Менгарвыканкомам рашэнняў на адпаведнасць заканадаўству аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і іншым палажэнням нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь.

  Як вядома кантроль павінен праводзіцца ў першую чаргу з боку Міністэрства культуры, а канкрэтна Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі МК РБ, якое ўзначальваецца сп. Абламскім, і Навукова-метадычнай радай па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, старшынёй якой з’яўляецца сп. Грыдзюшка. Новы склад НМР быў зацверджаны Пастановай Саўміна ў 2006 г. і ў новы склад не ўвайшоў прадстаўнік Таварыства.

    А так як зараз я буду паведамляць Вам пра парушэнні дапушчаныя пры правядзенні работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-ай катэгорыі-“Гістарычны цэнтр г.Мінска”, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь за шыфрам 1а1Е4463, і пра “кантроль” за выкананнем гэтых работ з боку ўпаўнаважаных структур Міністэрства Культуры, то стане зразумела, чаму прадстаўнік Таварыства, а значыць грамадзкасці, не патрапіў у склад Навукова-матадычнай рады.  І яшчэ адна рэмарка, любая пастанова Саўміна рыхтуецца профільным міністэрствам, у тым ліку і Пастанова пра склад навукова-метадычнай рады.

    А зараз канкрэтна можна пералічыць якія нарматыўныя акты парушаюцца толькі ў Менску пры правядзенні работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях у зоне гістарычгага цэнтру. Гэта:

-Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” арт.5 п.1-6; арт.8 п.1,2; арт.48;

- Закон “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, арт. 4.1; 4.2; 4.3; 4.6; 6;

-БНБ 3.01.01-96 “Склад, парадак распрацоўкі і ўзгаднення горадабудаўнічых праектаў”;

-Інструкцыя “Аб складзе, парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на

нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях”, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры ад 23 мая 2003 г. №14;     -Рэгламент Менгарвыканкома, а таксама рэзалюцыі па размяшчэнню аб’ектаў новага будаўніцтва ў гістарычным цэнтры, раней прымаемых кіраўніцтвам Мінгарвыканкома;

- экспертныя заключэнні спецыялізаваных прадпрыемстваў, арганізацый і гісторыкаў, якія раней ва ўстаноўленым парадку выдавалі адпаведныя заключэнні.



   Парушаюцца і міжнародныя метадалагічныя нормы ў галіне рэстаўрацыі. Пералічваю.

а). Кавенцыя ЮНЭСКА аб ахове культурнай спадчыны (1972г.)-                           прэамбула; арт.4; 5.с; 5.д; 27.1; 27.2

б). Хартыя захавання гістарычных гарадоў і гарадскіх тэрыторый

(ІКАМОС, 1987 г.)- арт. 2; 6; 10; 11.                                                                                       

в).Міжнародная (Венэцыянская) хартыя па кансэрвацыі і рэстаўрацыі помнікаў і гістарычных тэрыторый- арт.1; 6; 7;11; 13-16; Каментарыі.

      Вось тут можна пасьмяяцца, скрозь слёзы, канешне. Таму што на руках у мяне найцікавейшыя дакуманты для КДК і пракуратуры, якія былі падпісаны сп. Абламскім са спасылкай на Вашынгтонскую хартыю ў абароне інтарэсаў інвестара сумнавядомага паркінгу на Нямізе, што з’яўляецца падлогам ці маніпуляцыяй, бо тое што адбываецца нават лакальна на Нямізе па ўсіх пунктах супрацьмовіць вышэйназванаму дакуманту, прынятаму ў 1987 г. Вось тут і ўзнікае пытанне, што калі дэзынфармуюцца кантрольна-рэвізійныя і наглядныя органы, то як тады абыходзяцца з грамадствам.

     Яшчэ адна маніпуляцыя – на пасяджэнне Навукова-метадычнай рады па пытанню будаўніцтва паркінгу прадстаўляўся адзін план пасадкі паркінгу, па факце паркінг пасаджаны зусім па іншаму. Праігнараваны рашэнні па вонкаваму выгляду аб’екта і шмат яшчэ чаго. А гэта ўжо жулёж інвестараў і праектыроўшчыкаў.

    Маніпулявалі  грамадзкай думкай нават праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, дзе агучвалася ідэя, што паркінг будзе дапамагаць у вырашэнні транспартна-парковачнай праблемы гістарычнага цэнтру, а насамарэч гэта не паркінг, як падавалася, а гандлёвы цэнтр і яго паркоўка па разліках самадастатковая – абслугоўвае толькі патрэбы гандлёвага цэнтру. Жулёж на ўзроўні дзяржаўнай прапаганды.

   І самае цікавае, што ў 2000 г. першаму інвестару-прэтэндэнту на будаўніцтва гэтага аб’екту было адмоўлена. І дзеля гэтага вельмі дакладна трактавалася закандаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, мабыць адзіны з рэдкіх выпадкаў, калі яно спрацавала. А ў 2002 г. быццам бы і не было 2000-га. Новы інвестар, новыя трактоўкі, і карт-бланш на нявечанне гістарычнай забудовы. І адразу пытанне, чаму для аднаго прэтэндэнта закон выконваецца, а для другога ігнаруецца, хто ў гэтым зацікаўлены і г.д. Адным словам, адкуль вушы ў асла растуць?

   Грубейшым вобразам парушана заканадаўства пры правядзенні конкурса на лепшы праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтру горада, які стартаваў у 2004 г. У абыход усіх існуючых нарматываў па правядзенні прац на гісторыка-культурнай каштоўнасці распрацоўваліся конкурсныя праекты без правядзення комплексных навуковых вышуканняў, і адпаведна 150 мільёнаў, вылучаных на конкурс з бюджэту, прасцей з нашых народных кішэняў, рублёў засвойваецца з парушэннем заканадаўства, а конкурс прайшоў, усе задаволены, усе смяюцца, толькі калі хоць адзін з гэтых праектаў будзе зрэалізаваны, не прыйшлось бы нам заплакаць, ды позна, праўда, будзе.

    Ужо пазначалася, што прадстаўнікі грамадзкасці, у тым ліку і Таварыства, выключаны нават з працэсу інфармавання пра рашэнні прымаемыя дзяржструктурамі па гісторыка-культурнай спадчыне, нягледзячы, што законы РБ, у тым ліку “Аб ахове…” ды  “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжваюць працэдуру грамадзкага абмеркавання. Толькі апошнія звесткі. Газэта “Рэспубліка” праводзіць круглы стол па праблемах гістарычнага цэнтру (матэрыялы апублікаваны 14.08.2007 г.) з запрашэннем толькі асоб, якія выказваюць толькі адзі пункт гледжання, ні паважаных навукоўцаў, ні грамадзкіх дзеячоў не запрасілі.

   Нават не вытрымаў, даслаў туды, у рэдакцыю, электронны ліст, досыць з’едлівы, трошкі правакацыйны, у якім назваў журналістаў дзяржаўных масмедыя, у тым ліку і рэспублікоўцаў, мякка кажучы занадта паслухмянымі і асцярожнымі і паспрабаваў зацікавіць іх альтэрнатыўным поглядам на праблему, які існуе, я лічу, у кожнага сумленнага і дасвечанага чалавека. Не справакаваліся. Ужо не мякка кажучы, а проста, па праблеме – баязліўцы яны, схавалі галовы ў пясок і не хочуць праблемы навакольныя заўважаць.

   Да і ў “Савецкай Беларусі” пайшлі артыкулы, што з праблемай нашай будзе ўсё “ціп-топ”, а пасля рэпартажаў, як я заву з “памінак” гораду, застаецца толькі на гэтым горадзе крыж паставіць і забыць.

   Такіх падстаў для роздуму і аналізу сітуацыі можна адшукаць незлічоную колькасць і не толькі ў Менску, а па ўсёй Беларусі. Таму паўстае пытанне, а што ж нам грамадзкім актывістам рабіць у такой сітуацыі?

   Ёсць некалькі варыянтаў рашэння гэтай праблемы.

   Па-першае: яе не заўважаць і жыць спакойна. Па-другое: вырашаць праблему ў рамках існуючага прававога поля з апорай на кантрольна-рэвізійныя і наглядныя органы беларускай дзяржавы. Міністэрства культуры можна адназначна не турбаваць, бо сваімі трактоўкамі яно сябе канчаткова скампраметавала праз Раду і Упраўленне. Дарэчы, зараз матэрыялы па парушэнням у Менску ляжаць у КДК і рыхтуецца нарада з запрашэннем усіх зацікаўленых бакоў па пазначанай Таварыствам праблеме. Магу паабяцаць, што на нарадзе гэтай, як бы яна не была запраграмавана, вельмі моцна сапсую настрой таму-сяму, і не проста гаварыльняй, а з дакумантамі ў руках, якія падцвярджаюць кожную фразу, выкладзеную ў лісце ў КДК.

   Па-трэцяе: у рамках прававога поля займацца зборам подпісаў, арганізацыяй пратэстаў, мерапрыемстваў, ці займацца гэтым за рамкамі прававога поля, калі з гэтага поля нас проста выціснуць, а гэта не выключана і нават гарантавана. Адзіная і непарушная гарантыя, як касавы чэк.

  Па-чацвертае: шырокая інфармацыйная дзейнасць, якая масштабна праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі немагчыма, тут можна разлічваць толькі на кропкавы поспех. А вось праз незалежныя СМІ да інфармацыйныя агенцыі можна інфармаваць міжнародную супольнасць пра адвольнае абыходжанне, мякка кажучы, а калі проста – пра знішчэнне нашай спадчыны. Знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны па ўсіх міжнародных прававых нормах, нават у вайсковы час – злачын супраць чалавецтва без тэрміну даўнасці. Так што хай думаюць, шмат хто ў нас пад “артыкулам” ходзіць.

   Не хачу Вас загружаць рацэптамі, бо сабраліся мы знайсці агульнае вырашэнне калектыўнымі намаганнямі. А  напрыканцы толькі хачу сказаць – Таварыства аховы помнікаў не панацэя ў змаганні, тым больш, што яно разгалінаванае, рэгіянальныя структуры самі вызначаюць  свае прыарытэты ў рабоце, а згодна Статута – дыктату няма.

    Мабыць пасыўная пазыцыя пэўных рэгіянальных аддзяленняў выклікае недавер у шматлікіх нашых актыўных рупліўцаў спадчыны. Але ж ад свайго імя хачу сказаць, што ў асобе нашай арганізацыі можна знайсці каардынацыйны цэнтр па злучэнню агульных намаганняў, юрыдычную асобу, ад імя якой можна выступаць у нашай агульнай барацьбе. А так як пабудаваны мы на вельмі дэмакратычных прынцыпах, то ўступіўшы ў аб’яднанне, утварыўшы першасныя суполкі, Вы можаце не толькі ўплываць на кіраўнічыя рэгіянальныя органы Таварыства, але ж і кантраляваць іх, каардынаваць сумесную работу і своечасова інфармаваць Рэспубліканскую раду пра парушэнні ахоўнага заканадаўства, пра выяўленыя помнікі, пра стасункі з органамі мясцовай улады, каб мы дапамагалі Вам, падключаліся да Вашага змагання на сталічным і агульнарэспубліканскім узроўні.

   Прабачце, што трошку заняўся піярам, але ж для яго трэба выкарыстоўваць усе магчымыя і немагчымыя сродкі, у тым ліку і гэтую трыбуну. А на заканчэнне я хачу выказаць шчырую падзяку ініцыятарам і арганізатарам сённяшняй гаворкі, бо задума і падрыхтоўка яе праходзіла дзякуючы ім, Таварыства толькі выказала сваю маральную і трошкі зрабіла тэхнічную падтрымку мерапрыемства, хачу выказаць падзяку маім слухачам, ды і пажадаць, каб мы прыйшлі сёння да ўзважанага рашэння па пастаўленнай праблеме, каб далі аб’ектыўную адзнаку працэсам звязаным з гісторыка-культурнай спадчынай, і самае галоўнае, каб у гэтай справе мы адкінулі свае амбіцыі, і, сябры Таварыства, сябры іншых грамадзкіх аб’яднанняў, ды проста грамадзяне злучылі свае намаганні ў святой справе абароны нашых помнікаў.

Offline

 

#2 2008-02-26 12:06:52

Алег
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-02-26
Паведамленьняў: 1

Re: Антон Астаповіч. Захаваць помнікі архітэктуры

Прывітанне Антон....Я згодны з Вамі, што патрэбна нешта рабіць....На мой погляд, трэба зняць дакументальны фільм аб разбурэнні нашай гісторыка-культурнай спадчыны і шырока яго распаўсюдзіць сярод шырокіх колаў грамадства праз незалежныя СМІ, праз Інтэрнэт, альбо непасрэдна распаўсюджваць на вуліцах нашых гарадоў....Але ж гэта будзе вельмі складана, ведаючы нашу ўладу...Трэба працаваць з шырокімі коламі насельніцтва....

Offline

 

#3 2008-04-04 09:26:42

Аляксандр
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-03-29
Паведамленьняў: 2

Re: Антон Астаповіч. Захаваць помнікі архітэктуры

У Беларусі архітэктурныя помнікі па пальцам пералічыць можна. Трэба ствараць новую архітэктуру, напрыклад як у ЗША.

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson