Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 13:18:04

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Часопіс “Тайм”, 7 ліпеня 1997г. МОВА

Па меры таго, як тэлекамунікацыі, турызм і гандаль зьмяншаюць сьвет мовы выміраюць з жахлівай хуткасьцю.
Джэймс Джэры



Седзячы ў кружку разам з дзесяткам іншых членаў карэннага амерыканскага племя клінкіт  Джон Роўэн, 33гадовы школьны настаўнік, ў адчаі кажа.: “ Мы дзеці. Усё, што мы кажам, гэта дзіцячае лапатанне” Гэтая група сабралася ў абшчынным цэнтры ў Клавоку, паселішчы з 800 жыхарамі на ўсходнім краі вострава Прынца Валійскага. У затоцы Аляска за 40 кіламетраў ад узьбярэжжа Аляскі  востраў Прынца Валійскага ўсё яшчэ красуе спрадвечнай прыгажосьцю. Але на гэтай ідылічнай палосцы  зямлі туліцца прынамсі адзін від, што знаходзіцца па пагрозай зьнікнення. Гэта мова клінкіт.

Роўэн і ягоныя супляменнікі  зьбіраюцца на такія сустрэчы раз на два тыдні, каб навучыцца сваёй роднай мове пакуль не памёр апошні найстарэйшы ў племені носьбіт мовы. Але, як сьведчыць адчай Роўэна, задача робіцца цяжэйшай, бо мова клінкіт вымірае.

Сорак гадоў таму усё племя вольна гаварыла на сваёй гартаннай мове, якая моцна абапіраецца на жэстыкуляцыю для ўдакладнення сэнсу. Зараз на ёй гаворыць жменька людзей на паўдзённай Алясцы і ў прылеглай частцы Канады, амаль усе яны старэй за 60 год. Паколькі клінкіт не была пісьмовай мовай Роўэн і ягоныя сябры намагаюцца зафіксаваць яе як мага паўней, перакладаючы на клінкіт ўсё, што ім патрапляе: ад калядных сьпеваў, як “Зьвіняць бомы” да дзіцячых вершыкаў.

Трагедыя клінкіту- гэта маленькая старонка ў сучаснай версіі аповяду пра Вавілонскую Вежу, толькі сцэнар ідзе наадварот. “Яны збудавалі горад на раўніне з вежай, вяршыня якога дасягнула да неба. Бог, зьняважаны іхнім нахабствам збудавання нечага, што спаборнічала б з ягоным уласным стварэннем, пакараў іх, разьбіўшы іхнюю адзіную мову на шматлікую гаворкі і рассеяўшы іхніх носьбітаў. Таму імя яму Вавілон”, кажа Біблія, “бо Гасподзь зблытаў там мовы ўсёй зямлі”.

Сёння гэтая дыяспара моваў сьціскаецца. Масавы турызм сьціскае сьвет, ушчыльную зводзячы народы. Тэлекамунікацыйныя тэхналогіі ды Інтэрнэт даюць людзям ад Перу да Пенсільваніі доступ да аднолькавай інфармацыі  і забаў, а пакупнікі ад Бангкоку да Брусэлю ходзяць у аднолькавыя крамы купляць аднолькавыя вырабы адных і тых самых транснацыянальных карпарацый. Усе размаўляюць на мове поп культуры і камерцыйнай рэкламы. Здаецца, сьвет усё болей нагадвае кшталт новага Вавілону- утульнай глабальнай вёсачкі, дзе ўсе разумеюць адзін аднаго.

       Існуе неабвержнае сьведчанне, што колькасьць моў у сьвеце зьмяншаецца: з, прыкладна, 6.500 моў, на якіх яшчэ размаўляюць, амаль палова ўжо знаходзяцца пад пагрозаю ці на мяжы зьнікнення. Лінгвісты лічаць, што кожныя два тыдні недзе ў сьвеце вымірае адна мова. “Між мовамі ў сьвеце, як ніколі раней, ўзьнікла багата канфліктаў, што выклікае іхняе зьнікненне з усё большай хуткасьцю”, кажа Стывен Вэм, ганаровы прафесар Аўстралійскага Нацыянальнага Ўніверсітэту ў Канберы і выдавец  на замову ЮНЕСКА “Атласа моў сьвету, якім пагражае зьнікненне” 

   
          Мовы, як усё жывое, у сваім выжыванні залежаць ад асяроддзя. Калі яны выміраюць, гэта адбываецца аналагічна тым прычынам, якія прыводзяць да вымірання відаў расьлін і жывёл: іх пажыраюць мовы-драпежнікі, яны пазбаўляюцца свайго прыроднага асяродку ці выцясьняюцца больш удалымі канкурэнтамі. У гэтым варыянце натуральнаг лінгвістычнага адбору выжыванне самага ўдалага не вызначаецца ягонымі нутранымі якасьцямі ці здольнасьцю прыстасавацца: эканамічная моц, вайсковыя мускулы і культурны прэстыж краіны, дзе размаўляюць на дадзенай мове адыгрывае вырашальную ролю. Зорка мовы ўзыходзіць і занепадае разам з лёсам ейных носьбітаў. Злучаныя Штаты, застаўшыся адзінай супердзяржавай, зараз знаходзяцца ў зеніце сваёй эканамічнай і культурнай гегемоніі.

Таму і квітнее англійская мова як сусьветная лінгва франка, тады як мовы меншасьці-такія, як клінкіт, гінуць пад ціскам больш магутных канкурэнтаў.

         Але сьмерць мовы, такой як клінкіт, значыць болей, чым проста страта яшчэ адной невядомай, незразумелай мовы. Яна азначае страту цэлай культуры. “Гэтак як зьнікненне якога-небудзь віду жывёл  зьбядняе наш сьвет, тое ж адбываецца і пры выміраннем якой-небудзь мовы”, мяркуе Майкл Краўс, эксперт па мовах, што знаходзяцца пад пагрозаю з універсітэту Аляскі ў Фэрбенксе. “Кожная мова такая ж боская і містычная як і жывая істота. Дык ці ж павінны мы меней смуткаваць  па страце мовы, чым па зьнікненню панды ці каліфарнійскага кондару? ” Ён кажа: “Пакуль мы не схамянемся ад праблемы, мы паўстанем пера д стратаю  да 95% нашых моў за адно стагоддзе” Карэнныя народы не чакаюць павольнай сьмерці лінгвістычнага памірання. Яны гучна выказваюцца і імкнуцца ўратаваць свае мовы ў нядолі.



ПРЫЛАДЫ ІМПЕРЫІ.   

У 1492 годзе, калі Калумб паплыў на пошукі Новага сьвету, сярэднявечны лінгвіст Антоніё Небрыха напісаў кніжку, Іспанскую граматыку, першую працу гэткага кшталту для еўрапейскай мовы. Калі ён паднёс том каралеве Ісабэле, каралева не зразумела. “Нваошта гэта?”, спытала яна. “Ваша Вялікасьць”, адказаў біскуп Авілы, “мова- найлепшы інструмент імперыі”.

      Еўрапейскія экспедыцыі XVI-XVII cт. па збудаванню імперый абвясьцілі пачатак канца тысяч моў Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Па меры таго як кантыненты каланізаваліся еўрапейскімі дзяржавамі і іхнія карэнныя жыхары маргіналізаваліся, мясцовыя мовы прападалі разам з сваімі носьбітамі. Дапрыкладу, ў Бразіліі, па ацэнках 75% усіх моў, на якіх некалі гаварылі ў краіне, зьніклі з часу  прыходу партугальцаў у 1500 годзе. Са 180 карэнных моў, што засталіся, толькі на адной размаўляе болей за 10.000 чалавек з насельніцтва ў 160.000 000. “Сьвет, гэта мазаіка бачанняў ”, кажа Ар’ён Даль’Ігна Радрыгеш, вядучы бразільскі аўтарытэт па карэнных мовах. “З кожнай мовай, што зьнікае, прападае кавалачак такой мазаікі”.

       Між кранакаў, што жывуць у паўднёва-усходняй Бразіліі толькі жменька з 70 ці каля таго супляменнікаў усё яшчэ размаўляе на матчынай мове. Некалі племя паляўнічых-зьбіральнікаў кранакі былі выгнаны з сваёй зямлі і загнаныя ў рэзервацыі

ўрадавымі агентамі, якім было патрэбна болей прасторы для сельскай гаспадаркі. Да 1950 гадоў каталіцкія місіянеры забаранялі ім выконваць рытуалы ці размаўляць на сваёй роднай мове. Моўная забарона ў спалучэнні з выгнаннем племя з ейнай традыцыйнай зямлі разбурылі вусную перадачу племянной культуры. “Вусная традыцыя ўвесь час абнаўляецца, калі яна перадаецца далей”, кажа 42 гадовы Айлтан Крэнак, індзеец і галава “Агменю Індзейскай Культуры”, разьмешчанай ў Саў-Паўлу арганізацыі, што садзейнічае культурнай разнастайнасьці Бразіліі. “Калі на мове болей не гавораць- гэта быццам насадзіць матылька на іголачку на дошку. Вы перарываеце ланцужок жыцця”.

Але мовы могуць быць надзвычай жывучымі. Калі абрынаюцца імперыі, прыдушаныя мовы знаходзяць шлях, каб прабіцца праз трэшчыны.

Распад Савецкага Саюзаў 1991 годзе даў крэнакам неспадзяваную магчымасьць аднавіць некаторыя парваныя звенні ў іхняй вуснай традыцыі, аднавіць зьніклыя кавалачкі ў мазаіцы сьвету.

    У 1993 годзе, пад час перыяду галоснасьці, распачатай рускім прэзідэнтам Міхаілам Гарбачовым (так у тэксьце- заўв. перакл.) венгерская  лінгвістка Эва Шэбашцьен у архіве Інстытута Этнаграфіі Расійскай Акадэміі Навук у Сан-Пецярбурзе натрапіла на рукапісы Генрыха Генрыхавіча Манізера, рускага антраполага, які падарожнічаў па Бразіліі на стыку стагоддзяў. У час сваіх вандровак Манзер запісаў традыцыйныя крэнакскія аповяды, рытуалы і песьні па- руску і па-крэнацку гэткім чынам захаваўшы скарбонку словаў, выразаў і гісторый , якія, як думалі крэнакі, назаўсёды зьніклі. Перакладаючы з расейскай на партугальскую і і пераправяраючы з запісанымі  Манізерам тэкстамі на крэнакскай мове Айлтан шчыруе, каб знайсьці частку страчанай племем мовы  і вярнуь яе свайму народу. “Адкрыць гэтыя словы, аповяды і песьні- гэта знайсьці шлях да нашай існасьці, шлях нашай мары”, кажа ён.



     Багацце Нацый             

         Прыклады лінгвістычнага імперыялізму не абмяжоўваюцца 16 і 17 стагоддзямі. У 20м стагоддзі палітычны прыгнёт часта спалучаўся з хуткай індустрыялізацыяй, падмінаючы мовы.. У былым Савецкім Саюзе ў 50 гады. інтэнсіфікавалася праграма “русіфікацыі”, што дзейнічала ў краіне ў дачыненні да карэннага насельніцтва, якое жыло на паўночных і  ўсходніх абшарах і ўсьцяж ціхаакіянскага ўзьбярэжжа. Каб насадзіць тамтэйшым дзецям расейскую культуру былі створаны школы-інтэрнаты, ці інтэрнаты, дзе дзеці, пачынаючы з двухгадовага ўзросту жылі дзевяць месяцаў у годзе цалкам у расейскім атачэнні. Навучэнцы інтэрнатаў, як правіла, трацілі цікавасьць да роднай мовы і ўменне валодаць ёю.Такая палітыка моўнага і культурнага здушэння ўзгадавала пакаленне, якое адчужана ад уласнай мовы і традыцыйнага ладу жыцця.

Адной галіне племя ненцаў, групе з прыблізна 20.000 аленяводаў, што жывуць у Ямала-Ненецкім аўтаномным краі на ўзбярэжжы Карскага мора за Палярным кругам пашанцавала болей за астатніх. Хоць і яны прайшлі праз рэжым інтэрнатаў і страцілі свае пашавыя землі на Новай Зямлі дзеля савецкай ядравай праграмы ў 1950х гадах, іх пашкадаваў першы сібірскі нафта-газавы бум у 70 гады, які зруйнаваў зямлю і традыцыі суседніх плямёнаў.

         У бязьлесных прасторах  па-за драўлянымі баракамі Салехарду, горада, заснаванага расейскімі гандлярамі футраю 400 год таму, лад жыцця ненцаў не надта зьмяніўся цягам апошніх стагоддзяў. Іхняя мова ўвасабляе традыцыі і рытуалы жыцця, прыстасаванага да рытмаў тундры. Год пачынаецца ў лістападзе з палявання на палярную лісу –пясца; надыход вясны адзначаецца нараджэннем першага аляняці; пачатак лета вядомы як “месяц квітнеючай травы”. Але з адкрыццём гіганцкіх газавых пакладаў на паўвостраве Ямал у 80я гады лад жыцця ненцаў апынуўся пад пагрозаю.Замежныя кампаніі выстраіліся ў чаргу па эксплуатацыю казачнага багацця , што ляжыць пад тым, што празвалі “Ненецкія Эміраты”. Ці здолеюць ненцы захаваць сваю мову, калі зьнікне іхні лад жыцця?

“Наша мова мае водар дыму”, кажа Валянціна Ныаруй,  ненецкая педагог, якая прыкладае намаганні дзеля захавання сваёй племянной мовы. Ныаруй перакананая, што ненцы мусяць трымацца сваіх шматвяковых традыцый жывёлагадоўлі і палявання. “Дзецям трэба бачыць чароды гусей, што ўзьнімаюцца на азёрах, статкі буйнарогіх аленяў”, кажа яна. Дзеля гэтага яна зьбірае народныя песьні і складае сама калыханкі, каб спрыяць перадачы мовы ад бацькоў да дзяцей.



  Між тым, Камітэтам па ахове асяроддзя і прыродных рэсурсах у Маскве разглядаюцца планы разьвіцця гэтага раёну, каб забясьпечыць роўную ўвагу да эканомікі і экасістэмы. Расейская Дума таксама абмяркоўвае стварэнне “этнічных нацыянальных паркаў”, палітыкі, якая гарантавала б карэнным жыхарам права працягваць свой традыцыйны лад жыцця ў раёнах, што ўжо разьвіваюцца.

      Але нават калі ўдасца ўхіліць экалагічнае руйнаванне, многіх ненцаў можа спакусіць памяняць свой традыцыйны лад жыцця  і мову на працу ў газавых кампаніях. Навошта маладым ненцам клапаціцца пра матчыну мову, калі іхняя будучыня залежыць ад  умення гаварыць па-руску? Ныаруй кажа, што ўжо пачалася моўная і культурная эрозія. “Ненцы ў гарадох губляюць сваю мову”, тлумачыць яна.

“Яны жывуць у рускіх дамах. Яны не носяць нацыянальнай вопраткі. Яны не перадаюць народныя паданні”. Праблема, якая стаіць перад ненцамі- і перад расейскім урадам- як здабываць прыроднае багацце ямальскага паўвострава не разбураючы культурнага багацця ненецкага народу.



                ВОДАР ДАЖДЖУ.

Маючы крышку болей за адну пятую ад усіх існых моў басейн Ціхага акіяну зьяўляецца адным з найбольш моўна разнастайных куткоў сьвету. Аднак ад часу еўрапейскай каланізацыі  колькасьць карэнных моў значна зьменшылася. Калі ў 1788 годзе першыя белыя пасяленцы зьявіліся ў Аўстраліі на кантыненце было каля 250 абарыгенных моў. Толькі 20 лічацца сёння яшчэ жывымі.

      Аўстралійскія абарыгены спазналі палітыку культурнай і моўнай асіміляцыі падобна да той, якую вынесьлі ненцы. Для багата якіх абарыгенаў зьнікненне іхняй нацыянальнай мовы пакідае пакутлівы прагал у іхнім адчуванні самасьці.”Без яе ты як бы заблудзіўся.. Такое адчуванне, што ты лішні”, кажа 36 гадовы Ронда Інкамала, лінгвістычны каардынатар у дзьвюхмоўнай школе Япірынья ў Аліс-Спрынгс. Каб не дапусьціць таго, каб  дзеці абарыгены былі пазбаўлены сваёй моўнай спадчыны Інкамала дапамагае арганізоўваць праграму, па якой вучні школы Япірынья бавяць два дні ў тыдзень у культурных экскурсіях па наваколлі разам з старэйшымі з племя.

        Мовы абарыгенаў вызначаюцца слоўнікавым багаццем, якім яны карыстаюцца для апісання навакольнага сьвету. Уласьцівая ім багатая вобразнасьць паказвае, наколькі цесна роды абарыгенаў зьвязаны з зямлёю. Адна народная песьня на мове нджыямпаа з Новага Паўднёвага Ўэлсу, якая знаходзіцца пад пагрозаю, апісвае птушку, хвост якой дрыжыць, словам “ўалу”. Найбліжэйшы адпаведнік гэтага слова  будзе “палоска бяросты, што зьвісае з дрэва”. У мове ўсходняя арэрнта ў Цэнтральнай Аўстраліі простае ёмістае слова “ныімпе” значыць “водар дажджу”.

    Але каштоўнасьць абарыгенных моваў палягае не ў адной іхняй паэтычнай прыгажосьці. Нікалас Эванс, дэкан мовазнаўства ў Мелнбурнскім універсітэце і спецыяліст па абарыгенных мовах, зьвязвае гэтыя малавядомыя мовы з посьпехамі ў навуцы. Батанікі адкрываюць новыя віды флоры дасьледуючы розныя абарыгенныя назвы здавалася б аднолькавых расьлін. Вывучэнне гэтых моў можа таксама праліць новае сьвятло на раннія міграцыі насельніцтва і паходжанне культурных інавацый. “Толькі нядаўна пачаўся працэс супастаўлення лінгвістыкі і археалагічных фактаў”, кажа Эванс. “Мы можам шмат меркаваць пра старажытную мінуўшчыну Аўстраліі праз інфармацыю, атрыманую з мовы. Гэта немагчыма, калі зьнікае мова”.



      ВАЙНА СЛОВАЎ.

Моўнае адраджэнне часта суправаджаецца адраджэннем этнічнай альбо нацыянальнай тоеснасьці. Паўночная Ірландыя  зьяўляецца класічным узорам  таго, як мова можа пераплесьціся з барацьбой за такое палітычнае і культурнае прызнанне.Пасьля заваёвы Ірланды ў сярэдзіне 16 стагоддзя англічане літаральна вынішчылі ірландзкамоўныя кіроўныя класы і іхнія культурныя ўстановы. Англійская мова выцесьніла ірландзкую як лінгва франка  ўраду і грамадзкага жыцця, тады як ірландзкая мова стала атаесамляцца з эканамічнай і культурнай адсталасьцю. Калі ў 1921 годзе ўсталявалася Паўночная Ірландыя, то новы палітычны істэблішмэнт спрыяў пратэстантам, англамоўным юніяністам, адцясьніўшы ірландзкую мову нацыяналістычнай каталіцкай супольнасьці.

     Але калі ў 1968 годзе ў Паўночнай Ірландыі пачалося цяперашняе забурэнне ірландзкая мова стала сімвалам культурнай і нацыянальнай тоеснасьці. Шын Фэйн (па ірландзку “Мы Самі”) , палітычнае крыло Ірландзкай Рэспубліканскай Арміі, яшчэ кіруецца праз вольна ўжываны білінгвізм. Багата хто з сяброў рэспубліканскага руху, уключна з цяперашнім Старшынём Шын Фэйн Джэры Адамсам  упершыню навучыліся ірландзкай мове ў турме. Выклік і апірышча самапавагі, веданне ірландзкай мовы мела таксама вялізную практычную выгаду: зьняволеныя маглі размаўляць на мове, якую іхнія вартаўнікі не разумелі. Зараз ёсьць два чыста ірладзкія корпусы ў турме Мэйз за 20 кіламетраў ад Бэлфасту.”Шын Фэйн не мае манапаліі на ірландзкую мову. Але мы лічым, што ствараючы новую Ірландыю нам патрэбна моцная ірландзкая тоеснасьць. Ірландзкая мова можа дапамагчы стварыць яе ”, кажа Марцін О’Мілер, дэпутат ад Шын Фэйн у Заходнім Бэлфасьце.

        Пакуль моўныя актывісты заяўляюць, што ірландзкая мова па-над палітыкай, ейная цесная повязь з ІРА і Шын Фэйн мала спрыяе прыняццю яе юніяністамі. Але тым не менш, мова набывае энергічных пасьлядоўнікаў між простага насельніцтва, пераважна ў нацыяналістычных раёнах Бэлфату і Лондандэры. Толькі ў Фолз Роўд у нацыяналістычным Заходнім Бэлфасьце болей за 60 класаў з ірландзкаю мовай навучання.

   Гэтая нованабытая папулярнасьць знаходзіць сваё адлюстраванне таксама на поўдзень ад мяжы у першым ірландзкамоўным тэлевізійным канале, Тэлефіс на Гэльгэ (ТнаГ). Адчыненая летась станцыя перадае музыку, дакументальныя фільмы, тэатральныя, спартыўныя  праграмы і навіны, скіраваныя ў першую чаргу на маладых людзей. “Найбольшая  група тых, хто вольна размаўляе па ірландзку-гэта людзі маладзей за 25 год. Адбыўся гіганцкі ўсплеск цікавасьці да ірландзкай культуры і ТнаГ адлюстроўвае гэта. Мы здолелі паказаць, што сёе-тое карэннае не абавязкова павінна выглядаць адстала.”, кажа Падраг О’Сярда, прадстаўнік ТнаГ.


ПАКІДАЮЧЫ ГНЯЗДО     


Найбольш сур’ёзны паказьнік непазьбежнага скону мовы - гэта калі на ёй болей не гавораць дзеці. Перарэжце вяроўкі моўнай перадачы  паміж пакаленнямі і калі старэйшыя паміраюць іхняя мова памірае з імі. Большую частку гэтага стагоддзя ў Новай Зеландыі зьмяншэнне колькасьці тых, хто вольна размаўляе на мове маоры было рэзкім і, як падавалася, незваротным. З 64.000-па ацэнках- на пачатку 1970х  гадоў іхняя колькасьць апусьцілася да 10.000 у 1995 годзе. Цягам 1960х і 70х гадоў амаль не было перадачы мовы ад бацькоў маоры іхнім дзецям. Але ад часу стварэння  ў 1982  годзе першых Коханга Рэо- моўнага гнязда- нацыянальнай сеткі цэнтраў ранняга дзяцінства, якія выхоўваюць дзяцей у мове маоры гэтае пáданне па сьпіралі ўдалося прыпыніць.

       Моўныя гнёзды даюць дзецям да пяці год цікавы хатні асяродак, у якім яны знаходзяцца ў інтэнсіўным атачэнні мовы маоры. Персанал, які атрымлівае заробак- гэта зьмешаныя групы, дзе ёсьць пажылыя маорымоўныя дзядулі ці бабулі і маладзейшыя настаўнікі. Зараз па краіне існуюць болей за 800 моўных гнёзд, якія прышчапілі сваю родную мову болей за 100.000 дзецям маоры.

         У 1987 годзе маоры сталася разам з англійскай афіцыйнай мовай Новай Зеландыі. Шэраг лідэраў маоры зараз даймаюць урад петыцыямі, каб вярнуць краіне ранейшае маарыйскае найменне-Аотэароа, што значыць Зямля Доўгага Белага Воблака. Сёння амаль 60% усіх навазеландзкіх школьнікаў- маоры і не-маоры- у пэўнай меры вывучаюць мову. Але яшчэ болей надзейнай прыкметай адноўленай сілы маоры ёсьць той факт, што навазеландзкая англійская мова перасыпана словамі і выразамі з маоры. Найбольш звыклае, гэта універсальнае вітанне “кіа ора”, якое ўсё болей ужываецца замест англійскага “хэлоў”, як пры побытавай размове гэтак і пры адказе па тэлефоне. “Мова надзвычай важная для культурнай цэласьці і выжываньня. Чым болей маоры ужываецца каб “заскварыць” навазеландзкую гавару, тым болей яна робіцца унікальнай для Новай Зеландыі мовай”, кажа Цімаці Карэту, 60гадовы Старшыня камісіі па мове маоры.

          Унікальнасьць можна проста пабачыць перад кожным матчам , які гуляе нацыянальная каманда Новай Зеландыі па рэгбі. Хака, традыцыйны ваяўнічы танец маоры выконваецца для запалохання праціўніка. Гульцы шнуркуюцца на полі і робяць шэраг агрэсіўных жэстаў рукамі і нагамі, адначасна скандуючы “Ка матэ! Ка матэ! Ка ора! Ка ора!” Танец Ка матэ апавядае гісторыю таго, як вялікі маарыйскі  ваяр  Тэ Раўпараха дзёрзка ўцёк ад сваіх ворагаў. Гэта прыблізна перакладаецца як “Сьмерць! Жыццё! Адзін апошні крок наверх, а потым крок да сонца, на сьвятло!”

Вельмі тонкая мяжа аддзяляе новы досьвітак моўнага адраджэння  многіх карэнных моў у сьвеце ад чорнай бездані зьнікнення.Але намаганні такіх розных супольнасьцяў як клінкіты і крэнакі паказваюць, што малым групам рашучых асоб яшчэ магчыма пераадолець сілы глабалізацыі і масавай культуры , якія ёсьць найпершымі архітэктарамі сённяшняй Вавілонскай Вежы. І ў барацьбе за моўнае адраджэнне, што надыходзіць, карэнныя народы, як маоры, напэўна, яшчэ не сказалі свайго апошняга слова.

Рэпартажы: Ліза Клаўзэн, Сідні; Тоні Конэлі, Даблін; Дэн Крэй, Клавок; Даніэла Харт, Саў Паўлу; Сіман Робінзан, Оклэнд і Соф’я Сіэс, Салехард. 


Мова знаходзіцца пад пагрозай, калі на ёй перастаюць размаўляюць дзеці.

Мова лічыцца паміраючай, калі на ёй размаўляе жменька пажылых людзей.

Мова лічыцца зьніклай, калі не засталося ейных носьбітаў 



Пераклад Мікола Бусел

Offline

 

#2 2008-02-25 21:58:24

Мікола
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-02-25
Паведамленьняў: 1

Re: Часопіс “Тайм”, 7 ліпеня 1997г. МОВА

Як вядома, у Беларусі ніхто не разбіраецца ў пытаннях беларускай мовы. Таму і выстаўлены гэты тэкст пра іншыя мовы ў неахайным перакладзе. Добра зрабілі.

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson