Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 12:30:49

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Янка Купала. Больш самачыннасьці!

Цікавыя людзі мы-беларусы!

Трэба прызнацца, што якое бы ліха навокал наз і з намі ні рабілася, якіх бы мы ні перажывалі нягод і крыўд, - мы гэтага як бы не бычым, а калі бачым, то ліха церпім ды чакаем, што вось нехта прыдзе і гэта нашае ліха пабярэ з сабою.

І праўда, вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і намі апекаваўся, хоць нашага ліха і не забіраў.

Быў маскоўскі цар, былі ў нас пасланыя ім ўсялякія чыны: земскі, вураднік, стражнік. Усе гэтыя чыны намі “апекаваліся”, а мы шчыра служылі ім, як нявольнікі, ды, уздыхаючы і заціскаючы кулакі, стараліся сябе ўгаварыць, што так і трэба, каб хтосьці панаваў, а часта казалі, што гэта так Бог даў. А самі ж мы і пальцам не кіўнулі, каб гэтым сваім апекунам паказаць іх належнае месца.

Але рэвалюцыя змяла ў сваем ходзе цара, панясліся ў сьвет новыя воклікі будаваньня новага незалежнага жыцьця ўсім народам. А мы як бы нішто і ні ў чым. Пасля царскіх чыноў прыйшлі бальшавіцкія чыны не горш сваіх папярэднікаў, прыйшлі і павялі сваю гаспадарку ў нас, а мы глядзелі і чакалі, што нехта прыдзе ды бальшавікоў прагоніць. І прычакалі.

Прыйшлі немцы, бальшавікі ўцяклі, мы асталіся. Немец гаспадарыў, як сам хацеў, над намі, над нашым дабром-не горай нават ад царскіх і бальшавіцкіх гаспадароў, а мы што рабілі? Мы сядзелі і чакалі злажыўшы рукі, і чакалі нейкага цуду, які з’явіцца і забярэ нашае ліха. І дачакаліся…

Прыйшлі ізноў бальшавікі, а немцы ўцяклі, толькі мы сядзім на месцы. Бальшавікі навялі свае парадкі і гаспадарку, нягледзячы на тое, ці смачна нам гэта, ці не смачна. Пайшлі саветы, камітэты, выбары, перавыбары і г.д. А ў рэзультаце што ж? Пастаўденыя намі (як нам гаварылі) наіпы саветы пачалі нешта такое разводзіць, што нам цяжка было дыхаць. І мы стагналі, уздыхалі і чаклі.

Прыйшлі палякі, уцяклі саветы, камітэты і чразвычайка, а мы ізноў сабе сядзім і чакаем. Праўда, мы як гаспадары гэтай зямлі мусім сядзець на ёй. Але як мы гаспадарым на ёй? Ці не  час ужо пакінуць благую прывычку сядзець і сядзець, чакаць і чакаць?..

Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецьця-гэта мы самі. І калі ня хочам загінуць, калі ня хочам быць вечнымі рабамі, -павінны пакінуць мы благую прывычку думаць, што нехта прыдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. Гэта ж не можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам да нас, як мы самі для сябе.

Не, браты, гэтакім ладам мы далёка не заедзем. Час праявіць нам і свае сілы ў будаваньні новага жыцьця для сваёй Бацькаўшчыны, для сваіх сяліб і хат, для нашага падрастаючага маладога пакаленьня! Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць нас тады: “Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх патомкаў, для свайго краю?”

К такому запытаньню трэба нам быць гатовымі. Сама гісторыя пакліча на суд і загадае даць адказ. А які ж мы дадзім адказ, калі мы цяпер на другіх гэты адказ ускладаем?

Дык больш самачыннасьці, больш смеласьці к будаваньню свайго новага незалежнага жыцьця.

1919

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson