Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-07-11 15:16:34

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Спыніць масавае непрадуманае перайменаваньне ў Гомлі

СПЫНІЦЬ МАСАВАЕ НЕПРАДУМАНАЕ ПЕРАЙМЕНАВАНЬНЕ Ў ГОМЛІ

Паводле вынікаў дыскусіі ў гомельскай "Талацэ" і абмеркаваньня сытуацыі на паседжаньні  Анамастычнай камісіі ТБМ я падрыхтаваў наступны ліст, які быў адпраўлены з подпісам старшыні ТБМ.
В. Вячорка,
старшыня камісіі

--------------------------

сп. Уладзіміру Андрэевічу Дворніку
старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта
прасп. Леніна, 2
246050 г. Гомель,

сп. Івану Афанасьевічу Барадзінчыку
старшыні Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў
вул. Савецкая, 16
246000 г. Гомель,

сп. Георгію Іванавічу  Кузняцову,
старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь,
старшыні Тапанімічнай камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь
зав. Чырваназорны, 12
220005 г. Мінск


Шаноўнае спадарства,

У Анамастычную камісію Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны звярнуліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Гомеля з просьбай даць ацэнку апублікаванай у прэсе інфармацыі аб рашэнні 24-й сесіі Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў перайменаваць 78 тапанімічных аб’ектаў Гомеля (далей – Рашэнне), якое пакуль не апублікавана ў афіцыйных крыніцах, а значыць, не ўступіла ў законную сілу.
Профільная камісія ТБМ, якая працуе з 1990 г. і аб’ядноўвае прафесійных знаўцаў галіны, дэталёва абмеркавала згаданае рашэнне.

У выніку абмеркавання камісія ТБМ прыйшла да наступных высноваў:

1.    Вартая павагі гатоўнасць гомельскіх гарадскіх уладаў ажыццявіць беспрэцэдэнтнае для апошніх гадоў масавае перайменаванне ўнутрыгарадскіх тапанімічных аб’ектаў, што сведчыць пра наяўнасць у іх адпаведных матэрыяльных і арганізацыйных рэсурсаў для гэтага. Належала б спадзявацца, што гэтае перайменаванне будзе зробленае адпаведна вымаганням заканадаўства. Арт. 16 Закона “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” прадпісвае: “Найменне, якое прысвойваецца геаграфічнаму аб'екту, павінна адлюстроўваць думкі грамадзян, якія пражываюць у дадзенай мясцовасці. Акрамя таго, яно, як правіла, павінна паказваць на характэрныя прыкметы гэтага аб'екта, улічваць геаграфічныя, гістарычныя, прыродныя, нацыянальныя, этнаграфічныя, сацыяльныя, культурныя і іншыя ўмовы і асаблівасці мясцовасці (…)”.

2.    На жаль, рэальнага шырокага грамадскага абмеркавання праекту перайменаванняў у горадзе не было. Большасць лексічных (не фармальна-структурных) перайменаванняў у Рашэнні ГГС не адпавядае згаданаму палажэнню заканадаўства, напр.: “проезд Рабочий в проезд Былинный 1-й”, “улицу Сельмашевская 7-я в улицу Гомсельмашевская 2-я”, “переулок Кольцевой в переулок Крутой” і г. д. Тэхнічныя нематываваныя перайменаванні накшталт “переулок Западный  5-й  в переулок Встречный 3-й” не ўпарадкоўваюць, а ўскладняюць урбананімію Гомеля, прыводзяць да блытаніны.

3.    Пры ўпарадкаванні сістэмы гарадской тапаніміі пажадана прытрымлівацца прынцыпаў рэканструкцыі, рэстаўрацыі, геаграфічнасці. Але ў вялікім масіве гомельскіх перайменаванняў праігнараваная магчымасць вярнуць у актыўны ўжытак  старадаўнія гомельскія тапонімы – аўтэнтычныя народныя назвы вуліц старажытнага цэнтру (напр., Траецкая, Спаская, Дзяканаўская ці Карнілаўская, даўнейшыя Чачэрская і Рэчыцкая, пл. Торг) і яроў-“спускаў” (напр., Ільінскі, Кіеўскі, Баярскі, Крушэўскі, Дзедна), вядомыя да XIX ст., назвы аб’ектаў, якія апынуліся ў межах горада пазней, -- яроў, урочышчаў, ручаёў, хутароў, фальваркаў, двароў, вёсак і г. д. (Ціцянкі, Асавец, Чорнае возера, фальваркі Новікаўскі, Багуслаўскі ды інш.) Такія назвы функцыянальна і эстэтычна вывераныя, запамінальныя, а галоўнае – сведчаць пра старажытную і ўнікальную гісторыю горада. Нямала імёнаў знакамітых беларускіх дзеячоў, звязаных з Гомелем, таксама дагэтуль не скарыстаныя ва ўпарадкаванні гарадскога тапанімічнага ландшафту, напрыклад, праігнараваныя просьбы грамадскасці ўшанаваць знакамітую ўдзельніцу барацьбы за беларускую дзяржаўнасць Палуту Бадунову назваю вуліцы, на якой яна нарадзілася. Замест гэтага масава захоўваюцца з невялікімі зменамі безаблічныя, нематываваныя, штучна і адміністрацыйна нададзеныя, мнеманічна нязручныя “нумарныя” назвы.

4.    Асаблівую трывогу, калі не абурэнне, выклікае і ў Камісіі, і наогул у Таварыстве беларускай мовы мэтанакіраванае звужэнне прысутнасці беларускай мовы ў тапаніміі Гомеля. У Рашэнні прапаноўваецца пераназваць: “улицу Журавинная в улицу Журавлиная”, “улицу Праменистая в улицу Лучистая”, “переулок Ракитовый в переулок Ракитный”, “улицу Сядибная в улицу Щедрая”, “переулок Чугуночный в переулок Задорожный”, г. зн. скасоўваюцца самабытныя беларускія назвы. Гэта невыпадкова, матывацыю такіх перайменаванняў выклала для прэсы прадстаўніца УУС Гомельскага обласнога выканаўчага камітэту Тамара Пракоф’ева. Паводле яе, беларускія назвы пры патрабаванай законам транслітарацыі “немілагучныя”. Але відавочна, што ані Гомельскі гарадскі Савет, ані УУС аблвыканкама не маюць заканадаўчых ці навуковых крытэрыяў вызначэння “мілагучнасці” назваў, а таксама відавочна, што гэтым рашэннем і падыходам наўпрост парушаецца арт. 17 Закона “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”, паводле якога найменні “надаюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову”.

5.    Застаецца няясным, як загучаць па-беларуску з улікам вышэйзгаданай заявы Т. Пракоф’евай нададзеныя Гомельскім гарадскім саветам назвы Банная, Гражданская, Хозяйственная, Орудийная, Лучистая, Ракитный, Встречная, Песочный, проспект Победы, і як яны будуць транслітаравацца з беларускай на рускую адпаведна арт. 17 Закона аб геаграфічных найменнях.

6.    Гомельская грамадскасць, сярод іншага, звярнула ўвагу на перайменаванне вуліцы Рэчыцкая Шаша ў Рэчыцкі праспект, якое закранае вялікую колькасць жыхароў. На нашу думку, нішто не перашкаджала разглядаць словы Рэчыцкая Шаша як двухкампанентную матываваную асабовую назву вуліцы, а не як спалучэнне прыметніка і катэгарыяльнага слова “шаша”.

7.    Новае тапанімічнае рашэнне ўваходзіць у супярэчнасць не толькі з Законам “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”, але і з ранейшай тапанімічнай практыкай Гомельскага гарадскога Савета. Так, 12 сакавіка сёлета новы завулак у Навабеліцкім раёне атрымаў назву Павятовы. Ці належыць чакаць яго “перайменавання” ва Уездный?

Камісія ТБМ прапаноўвае:

а) Прыпыніць узгадненне, зацверджанне і ўвод у дзеянне згаданага рашэння Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў.

б) Арганізаваць паглыбленую экспертызу гэтага рашэння і яго мадыфікацыю на базе Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь з прыцягненнем гісторыкаў, лінгвістаў, краязнаўцаў з Гомеля, а таксама прадстаўнікоў профільных грамадскіх арганізацыяў як нацыянальнага ўзроўню, так і гомельскіх (ТБМ імя Ф. Скарыны, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства, ГМКГА “Талака”).

в) Сістэмную прапанову, якая паўстане ў выніку вышэйзгаданай працы, выставіць на грамадскае абмеркаванне ў Гомелі з абавязковымі папярэднімі каментарамі спецыялістаў.

Просім прыняць да ўвагі меркаванне ТБМ.

Дзякую, з павагай

А. Трусаў,
старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson