Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2013-07-11 00:15:43

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. „Неэканомнае“ запазычаньне: стыгмаТЫ, херувімЫ

Заўвага: „стыгма“ (ад грэцкага stigma) – укол, шнар. У антычнасьці пазнакі на целе рабоў або злачынцаў. Таксама – раны Хрыстовыя. У пераносным значэньні – траўмы памяці (у т.л. гістарычнай).

Гаворым жа мы ўжо даўно, як эўрапейцы, тэмы, схемы, догмы, не ўжываючы падвойную суфіксацыю ( лац.-грэц. фарманта -ta плюс бел. канчатак мн. ліку ), але чамусьці настойліва ўжываем расейскі сынадальны варыянт „стыгматы“. Чаму ня „стыгмы“?

Або ўвогуле скандальная традыцыйная пазыка – „херувімы“. І школьнікі ведаюць, што -ім – гэта суфікс множнага ліку ў старажытнагабрэйскай мове: ашкеназім, сэфардым, цадыкім – ашкеназы, сэфарды, цадыкі (не блытаць з садукеямі). У Сёмухавым перакладзе Старога Запавету (Быцьцё/Генэзіс 3:24) чытаем: „І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця“. Гэта дакладна як у расейскім сынадальным варыянце: „...и поставил на востоке у сада Едемского Херувима и пламенный меч...“

На ўсіх эўрапейскіх мовах ў кнізе Genesis 3:24 гаворыцца, што Гасподзь пакінуў ля Эдэмскага саду некалькі крылатых анёлаў. Звычайна тут пакідаецца габрэйская форма множнага ліку „cherubim“, і адпаведна выбіраюцца дзеяслоўныя формы і артыклі (там, дзе гэтая катэгорыя ёсьць у мове). Параўнайце ў ангельцаў: God placed at the east of the garden of Eden Cherubim... (без артыкля „а“!). Калі б гэта быў адзін анёл. было б „a cherub“. Па-нямецку гэты „херуб“ (ці „керуб") называецца таксама „Сherub“. І ў астатніх мовах таксама.

У англійскай тэалягічнай л-ры, напрыклад, чытаем: „Cherubim's is an incorrect form, made by adding the plural termination in the Hebrew plural cherubim instead of the singular cherub“.

Запачаткаваная ў нас таксама эўрапейская традыцыя ў Станкевічавай „Біблі беларускай“ і ў шматлікіх працах Галіны Сінілы, у якой рука не паднялася пісаць „херувімы“, бо яна валодае іўрытам (гл. сс. 142, 426, 511 ды інш. у 2-м томе „Біблія як твор мастацтва“). Яна, дарэчы, робіць цікавыя заўвагі што да перакладу Старога Запавету на беларускую мову.

І ўвогуле: дзе вы бачылі на карцінах, у скульптурных выявах адзінокага крылатага анёла каля Эдэмскага саду? У габрэйскіх выявах Каўчэгу Запавету гэтых херуваў-ахоўнікаў звычайна два, чатыры або нават шэсьць. Дагабрэйскія ўсходнія „керубы“ могуць сустракацца цэлымі натоўпамі.

Улічваючы, што ў адзіночным ліку па-беларуску ня вельмі эўфанічна ўспрымаецца „херуў“, я б раіў ужываць форму „керуб“. Такі пачатак слова стаіць бліжэй да іўрыту. Хто трохі знаёміўся з гэтай мовай, пагодзіцца. што і канцавы зычны, перададзены праз „б“, дастаткова адэкватны.

Традыцыяналісты будуць спрачацца. Скажу толькі: ёсьць дастаткова літаратуры пра недарэчнасьці перакладу ў расейскай сынадальнай Бібліі. Добра б нам самім хаця б на ўзроўні філялягічных эсэ абмеркаваць гэтую тэму.

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson