Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2012-03-21 01:58:10

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

В. Вячорка. Бел. "тэчка": палянізм ці арэальны грэка-лацінізм

ТЭЧКА [< ТЭКА]

Тэкст прысьвечаны месцу лексэмы тэчка 'вокладка з кардону, скуры, плястыку для папераў'; 'невялікі партфэль з ручкай ці без'; 'віртуальнае дыскрэтнае сховішча файляў', а таксама яе этымону тэка, у лексычнай сыстэме беларускае мовы. Сярод іншага, разгляданая лексэма супастаўляецца зь лексэмай папка. Актуальнасьць пытаньня выкліканая тым, што ў працэсе збольшага пасьпяховага замацаваньня ў беларускай тэрміналёгіі інфарматыкі лексэмы тэчка ўзьніклі пярэчаньні супраць яе як "палянізму" , а таксама агрэсіўнымі нападкамі настаўнікаў савецкага ўзгадаваньня, якім яна здаецца "немілагучнаю" і "штучнаю".

1.    Лексэма ТЭЧКА ў сучаснай беларускай літаратурнай мове

Назоўнік тэчка належыць да агульнаўжывальнае лексыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў яе розных жанрах і стылях, у тым ліку мовы мастацкай літаратуры. Ужываюць яго аўтары розных пакаленьняў, родам як з гістарычнай Усходняй, так і гістарычнай Заходняй Беларусі:

Уночы даехаў дахаты, пабудзіў жонку, перадаў ёй тэчку і папрасіў схаваць у надзейным месцы, як найвялікшы скарб. Міхась Чарняўскі. Успаміны
Каму за ўладу ў вёсцы брацца? I цi нi спатрэбiцца зноў той начальнiцкi капялюш i абшмуляная тэчка? Кастусь Акула. Гараватка
Я паклаў газету ў тэчку, але на разыходзе, пасьля добрага «пасяджэньня», ні ён, ні я ня ўспомнілі пра гэта. Ніл Гілевіч. Быкаўская мудрасьць, Быкаўская годнасьць...
Пазмрачнелы рэдактар некалькі разоў прасіў у мяне тэчку з літаратурнымі матэрыяламі, якая потым на некалькі дзён перавандроўвала кудысьці за сьцены рэдакцыі. Уладзімер Арлоў. Полацкі вецер
Вялікія шафы з негатывамі. У тэчках, у капэртах, у скрынях… Адам Глёбус. Дом
Тэчку з эскізамі талераў і з матэрыяламі я асабіста перадаў у рукі Кебічу. Зянон Пазьняк. Дэпутаты Незалежнасьці

У сучасных лексыкаграфічных працах або падаецца толькі папка (у слоўніках пад грыфам Інстытуту мовазнаўства, а таксама ў РБС-1928 С. Некрашэвіча і М. Байкова),
або абедзьве лексэмы (тэчка і папка) фіксуюцца раўналежна:
Páppe  f - , -n 1) кардо́н 2) па́пка, тэ́чка; кардо́нны пераплёт 3) толь 4) разм. клей, ка́ша, кле́йстар (…) Кур'янка, М. Нямецка-беларускі слоўнік. — Мн.: Зміцер Колас, 2006. — С. 537;
або фігуруе толькі тэчка:
file — 1) тэчка; 2) файл; 3) захоўваць дакументы ў вызначаным парадку; 4) уводзіць дадзеныя ў файл. Слоўнік выдавецкіх і паліграфічных тэрмінаў: ангельска-беларускі, беларуска-ангельскі / Укладальнік: Кастусь Санько.  — Менск: Тэхналогія, 2003.

Пашыранасьць і нэўтральны, без абмежаваньняў, статус лексэмы тэчка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове вынікаюць зь яе наяўнасьці ў беларускай дыялектнай, старабеларускай, а таксама ў сучаснай тэрміналягічнай і гутарковай лексыцы. Лексэма тэка бытуе ў частцы гэтых сэгмэнтаў беларускае мовы.

2.    Лексэмы ТЭКА і ТЭЧКА ў сучаснай беларускай тэрміналёгіі

Беларускі біялягічны тэрмін тэка з сэмантыкай, блізкай да грэцкага этымону, кадыфікаваны ў сучасных слоўніках:
Те́ка — тэ́ка — theca Радкевіч У. А., Вардамацкі Л. М., Ляшко А. А. Біялагічная тэрміналогія і наменклатура. Слоўнік руска-беларуска-лацінскі, беларуска-рускі; Лінгв. рэд. М. В. Бірыла. — Мн.: Вышэйшая школа, 1993. — C. 259 [рэкамэндаваны Рэспубліканскай тэрміналягічнай камісіяй].
ТЭ́КА (гр. theke = сховішча, ёмішча) — абалонка рознага паходжання ў раслін і жывёл, напр. створка панцыра дыятомавых водарасцей, ёмішча спор у мохападобных, ракавіна ў некаторых амёб, хітынавая абалонка ў гідроідных. Булыка А. М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 2: М-Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1999. — С. 501.
Тэрмін тэчка ўжываецца ў розных галінах з сэмантыкаю, ідэнтычнаю або блізкаю да ўласьцівай агульналітаратурнаму слову:
firmabinder — тэчка. Слоўнік выдавецкіх і паліграфічных тэрмінаў: ангельска-беларускі, беларуска-ангельскі / Укладальнік: Кастусь Санько. — Менск: Тэхналогія, 2003.
Аналізуючы мову беларускага сэгмэнту Сеціва, С. Важнік фіксуе ў ёй тэрмін тэчка (folder), які залічае не ў палянізмы, а ў "наватворы і аказіяналізмы" (разам з сеціва, гартач, гузік і г.д.) . Перанос значэньня адбываецца ідэнтычна анг. folder.

3.    Лексэма ТЭЧКА ў дыялектнай мове

Лексэма з адпаведнай сэмантыкай уласьцівая ўсім дыялектным групам сучаснае беларускае мовы: паўночна-ўсходняму дыялекту, сярэднебеларускім гаворкам, паўднёва-заходняму дыялекту, заходнепалескім гаворкам:
ТЭ́ЧКА І, ТЭ́ЦКА ж. 1. Партфель. Пашоў, кажа, некі з тэчкаю. Пацаўшчына Дзятл. Тэчку новую з Брэска яму прывёз. Галубы Маст. Школьная тэчка, дзяціная тэчка. Старыя Трокі Трак. Агент, ужэнднік, пад пахай нося тэчку. Гемзы Шальч. Раміенну тэчку сынові купів, будэ міеті в чуом ксёншкі носіті до школы. Курашэва Чыж. Як в п'ятый клас пошов, то купылы мыні тэчку. Сіманавічы Драг. 2. Сумка. Тэцка — цяпер, мусіць, сумка такая вешчавая. Магуны Паст. 3. Торба. Аднаму далі тэчку і сказалі: "Цягай з яе грошы веле нацягаеш, але не купляй нічога, покі не кінеш тэчку ў мора". Ён цягаў, цягаў, покі не памёр з голаду. Асава Воран.(…) Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча. Том 5. С—Я. — Мн.: Навука і тэхніка, 1986. — С. 160-161.
ТЭ́ЧКА ж. Партфель. Складай кнігі ў тэчку, хутчэй бяжы ў школу, а то спозьнісься. Янушэўшчызна Вор. Сцяшковіч Т. Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці. — Мн.: Навука і тэхніка, 1972. — С. 508.
ТЭ́ЧКА ж. 1. Гаспадарчая сумка. Возьмы тэчку і сходы в магазін по хліб. Здзітава І Бяроз. Тэчка с хлібом стоіть на лавцы. Дзеткавічы Драг. 2. Школьная сумка. Як я йшла в пэршый клас, то мні купылы хорошу тэчку. Мінянка Кобр. Кнышкы булы зложаны в тэчку. Хмелішча Малар. Тэчка с кнышкамы була важкая. Бярозавічы Пін. Діты з тэчкамы ідуть у школу. Юнішчы Стол. Дыялектны слоўнік Брэстчыны. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — С. 236-237.
Трэба, аднак, зазначыць, што ў гаворках на абсягу міжваеннай БССР гэтая лексэма фіксуецца рэдка.

Рэалія, якую абазначае разгляданае слова, не належыць да штодзённага сялянскага побыту, але ў ХІХ ст. Іван Насовіч (Носовичъ И. И. Словарь бѣлорусскаго нарѣчія. — СПб.: Изд. ОРЯО Акад. Наук,  1870) натаваў лексэмы, ужываныя рознымі сацыяльнымі станамі. Трэба ўлічваць, што І. Насовіч выконваў ідэалягічную місію абгрунтаваньня "рускага" характару беларускае мовы ды як мага ўнікаў палянізмаў, ня толькі аказіянальных. Вось жа Насовіч падае сэмантыку тэка і ягонага дэрывату тэчка як ідэнтычную (натуральна, акрамя дымінутыўнасьці дэрывату), чым пацьвярджае магчымасьць утварэньня дэрывату на беларускай глебе і, несумненна, усьведамленьне дэрыватыўнасьці носьбітамі беларускае мовы.
ТЭ́КА, умен. Тэ́чка, и, с. ж. Тоже, что По́хва (употребляется школьниками) [відавочна, у 1 м значэньні. — В. В.]. — С. 646. [→ ПО́ХВА, ы, с. ж. (отъ Похова́ць). 1) Футляръ для храненія письменныхъ принадлежностей, портфель. Книжки, реестры сховай въ похву. 2) Ножны. Палашъ въ желѣзнэй похвѣ. — С. 486.]
Акрамя таго, у слоўніку Насовіча ёсьць і слова папка, сэмантыка якога не пакідае сумневу, чаму ў народнай беларускай мове для абазначэньня вядомай рэаліі ўжываецца слова тэка / тэчка, а ня папка.
ПА́ПКА, и, с. ж. умен. слова Па́па, сл. дѣтск. Хлѣбецъ. Дзиця папки хочець. — С. 393.

4.    Этымалёгія

Слова тэчка < тэка мае сэмантычна бездакорны грэцкі этымон:
θήκη, η̒, скрынка на розныя рэчы, скрыня, куфэрак, торба, футарал, каробка, пакрыва, тэка, тэчка; 2. месца паховінаў цела чалавека. Пятроўскі, Ян. Клясычны грэцка-беларускі слоўнік // Нанава апрацаваны. Частка першая. Літары: Α α — Μ μ. — Сыракюз: The Byelorussian Charitable Educational Fund, Inc.: 1983. — С. 191.
Параўн. таксама θήκη, η̒ соб. вмѣстилище, шкатулка, ящикъ; ос. гробъ, могила, могильный склепъ. Вейсманъ А.Д. Греческо-русскій словарь. — СПб.: Изданіе автора, 1899. — С. 606.
Слова запазычанае бальшынёй эўрапейскіх моваў, напр.: анг. theca, гішп. teca, фр. thèque, польск. teka, с.-х. (харв.) téka, а таксама расейскаю (тека, пра што больш дэталёва ніжэй).
З гэтым коранем утвораныя шматлікія складаныя словы практычна ва ўсіх эўрапейскіх мовах-рэцыпіентах зь беларускай улучна: бібліятэка, аптэка, картатэка, фанатэка, фільматэка, аўдыятэка, відэатэка, вінатэка, пінакатэка, іпатэка, іканатэка, гліптатэка, гульнятэка і г.д. Словаўтваральная мадэль з фармантам -тэка ў ролі суфіксойду застаецца прадукцыйнаю. Ужо на беларускай глебе ўтвараюцца дэрываты ад дэрыватаў: аптэчка, бібліятэчка.
Украінскія этымолягі Інстытуту мовазнаўства імя А. Патабні НАН Украіны слушна далучаюць грэцызм тека да словаўтваральнай парадыгмы іншых дэрыватаў ад ст.-гр. τίθημι — теза, тема:
те́ка «папка; портфель», те́чка (зменш.); — п. teka «портфель; папка (для паперів)», ч. слц. téka «зошит», схв. «коробка, ящик; зошит, записна книжка», слн. teka «зошит»; — через польську мову запозичено з латинської; лат. thēca «футляр, чохол; коробка, ящик, скринька» походить від гр. θήκη «сховище, ящик, скринька», похідного вид кореня дієслова τίθημι «ставлю, кладу». — (…) — Див. ще те́за. — Пор. те́ма. Етимологічний словник української мови. Т. 5: Р—Т. — К.: Наукова думка, 1983. — С. 535.
Разам з тым яны без аргумэнтацыі і катэгарычна залічваюць укр. тека > течка ў шэраг словаў, запазычаных з пасярэдніцтвам польскае мовы. Гэтая тэза, у т.л. стасоўна бел. тэка > тэчка, будзе аспрэчаная ніжэй.
Даволі нечакана іншую этымалягізацыю для бел. тэчка прапаноўваюць укладальнікі СПЗБ: «параўн. польск. teczka 'тж' > ням. Tasche 'кішэнь'» Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча. Том 5. С—Я. — Мн.: Навука і тэхніка, 1986. — С. 161. Аднак што да нямецкага этымону яна фанэтычна і лексычна беспадстаўная.
Разгляданы грэцызм запазычаны ў беларускую ў заходнім, лацінскім фанэтычным варыянце: θ перадаецца праз лацінскі дыграф th, а той у сваю чаргу перадаецца як т у славянскіх мовах; η перадаецца праз e ў лацінскай і адпаведна праз э ў беларускай. Такім чынам, лацінская была мовай-пасярэдніцай пры запазычваньні ў беларускую разгляданага слова. Усходняя, бізантыйская парадыгма фанэтычнага асваеньня грэцызмаў прадугледжвае θ>ф, η>i (адсюль вивліофика як варыянтная норма расейскай літаратурнай мовы XVIII ст.). Гіпатэтычная сытуацыя запазычаньня слова θήκη ў беларускую мову ў бізантыйскім абліччы прывяла б у народнай мове да замены ф>п, ф>хв (*піка, *хвіка; адпаведна памяншальны дэрыват гучаў бы *пічка ці *хвічка, прычым першы варыянт мае абсцэнную, а другі — прастамоўную канатацыю).
Германізм Pappe 'каша, кардон' стаў этымонам для абазначэньня адпаведнай рэаліі толькі ў расейскай мове і толькі праз апошнюю трапіў у зрусыфікаваныя ў ХХ ст. варыянты беларускай і ўкраінскай літаратурных моваў:
Папка: «праз рус. папка з ням. Pappe 'картон', якое ад Pappe 'каша'» Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 8. Н—П / Рэд. В. У. Мартынаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 156.
Вось жа слова, аднакаранёвае зь ням. Pappe, у яго першасным значэньні агульнае для вялікай колькасьці індаэўрапейскіх моваў, у тым ліку беларускай:
Папа2 дзіцяч. 'хлеб' (Нас., Касп., Шат., Гарэц., Янк., Янк. 2, Янк. БП, Сцяшк. МГ, Бяс., Клім.), папка. Рус., укр. папа, чэш. pápa, papa, славац. papa 'дзіцячая ежа'. Слова шырока распаўсюджана ў іншых мовах: параўн. лац. pappa 'каша', нов.-в.-ням. Pappe 'дзіцячая каша', сяр.-в.-ням., гал., англ. pap 'каша'… Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 8. Н—П / Рэд. В. У. Мартынаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 153.
Відавочна, што пашыранасьць у дыялектнай мове на ўсім этнічна беларускім абшары кораня пап- і канкрэтна лексэмы папка 'хлеб, каша' не дазваляла запазычыць з расейскай слова папка 'тэчка', чым стварыць у беларускай мове аманімічную пару і сытуацыю сэмантычнага шуму, моўнага дыскамфорту. Міжмоўная аманімія прадухіліла гэтае пазычаньне, магчыма, нават у дзіцячай сьвядомасьці (паводле Насовіча, бел. тэка / тэчка — слова "школьнікаў", бел. папка — слова "дзіцячае". — Гл. вышэй).
У нямецкай грэцкаму θήκη адпавядае ўласнае Zieche 'наўлечка, чахол', у сваю чаргу пазычанае польскаю моваю:
Cech, Cecha == poszewka. L[inde, Słownik języka polskiego]. O̩ [wyraz gwarowy] Cycha. || (…) Nm. Zieche [z Gr.  t h ē k ē == (==teka) futerał, pochówek itd.] == poszewka, kapa (na łóżko). Słownik wyrazów obcego a mniej jasnego pochodzenia używanych w języku polskim. Ułożył Jan Karłowicz. — Kraków: Nakładem autora, 1894—1905. — S. 86.
Грэцызм у форме Théke ў нямецкай таксама замацаваўся, але з крыху ссунутым сэмантычным полем: 'прылавак, стойка' (Кур'янка, М. Нямецка-беларускі слоўнік. — Мн.: Зміцер Колас, 2006. — С. 733). Гэты факт пацьвярджае, што θήκη ёсьць адным з многіх інтэрнацыяналізмаў, дакладней, набытых праз лаціну грэцызмаў, уласьцівых, таксама ў выглядзе дэрыватаў, практычна ўсім эўрапейскім мовам.

5.    Гістарычны кантэкст запазычаньня

У момант напісаньня артыкула сучасныя фундамэнтальныя лексыкаграфічныя працы, якія фіксуюць лексыку моваў Рэчы Паспалітай, не падышлі да літары Т (Гістарычны слоўнік беларускай мовы; Słownik polszczyzny XVI wieku; Słownik języka polskiego XVII i 1. połowy XVIII wieku; Słownik Łaciny Średniowiecznej w Polsce). Тым ня менш на падставе ўжо апублікаваных матэрыялаў апошняга можна сьцьвярджаць, што ў сярэднявечнай лаціне Рэчы Паспалітай адпаведнае слова ўжывалася ў некалькіх фанэтычных і графічных абліччах: THECA, DEKA, TECA .
Сярэднявечная лаціна шырока ўжывалася ў Беларусі (як і ва Ўкраіне). "…Пэўная частка лацінізмаў распаўсюдзілася ў беларускай мове ў выніку непасрэднага ўздзеяння на яе з боку лацінскай мовы. У старажытнасці на Беларусі на працягу доўгага часу латынь выкарыстоўвалася ў дыпламатычнай перапісцы з замежнымі краінамі, на лацінскай мове ад часоў Ягайлы пісаліся земскія прывілеі. Пазней латынь вывучалася не толькі ў каталіцкіх і ўніяцкіх школах, але нават стала адным з асноўных прадметаў вывучэння і ў праваслаўных брацкіх школах. У другой палавіне XVII і на працягу ўсяго наступнага стагоддзя на Беларусі працавала значная колькасць друкарань, дзе выдавалі нямала друкаванай прадукцыі на лацінскай мове. Усё гэта не магло не садзейнічаць непасрэднаму пранікненню лацінізмаў у беларускую мову" .
Разгляданае слова разам з сотнямі іншых пранікла ў жывыя польскую, беларускую, украінскую мовы непасрэдна зь сярэднявечнай лаціны. Не адмаўляючы магчымасьці ўплыву польскае мовы на працэс запазычваньня, усё ж трэба прызнаць, што найбольш натуральным шляхам перайманьня слова тэка было яго выкарыстаньне беларускімі пэдагогамі й школьнікамі, працаўнікамі канцылярыяў, клерам, якія практычна карысталіся лацінаю.
У старабеларускай мове лацінізмы "аказаліся надзвычай актыўнымі ў словаўтваральных адносінах" . Наяўнасьць у старабеларускай і беларускіх дыялектах слова тэка сьведчыць за тое, што ягоны суфіксальны дэрыват тэчка, хутчэй за ўсё, узьнік на беларускай глебе паводле пашыранай і дагэтуль высокапрадукцыйнай мадэлі рака — рэчка, аптэка - аптэчка. Польскі ж суфіксальны дэрыват teczka яго бытаваньне толькі падмацоўваў (як і адпаведны ўкраінскі).

6.    ТЭКА: Беларускія каштоўнасныя канатацыі

Адам Ганоры Кіркор у 1857-1858 гадах выпускаў культавы альманах "Teka Wileńska", зь якім супрацоўнічала практычна ўся краёвая інтэлектуальная і творчая эліта: Уладзіслаў Сыракомля, Антон Адынец, Адам Плуг, Вінцэнт Каратынскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Арцём Вярыга-Дарэўскі; цярплівасьць царскай улады была вычарпаная, калі ахранка даведалася пра пляны публікаваць Яўхіма Лялевеля, і пэрыёдык зачынілі. "Teka Wileńska" была адным з інтэлектуальных асяродкаў, дзе высьпельвалася беларуская ідэя. Беларускія дзеячы 2-й пал. XIX і пач. XX ст. таксама добра ведалі гэты альманах. Напр., бацька Янкі Лучыны яго выпісваў ; Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі ды іншыя адраджэнцы нашаніўскага кола карысталіся як першакрыніцай. Так слова тэка набыло дадатковую канатацыю ў асяродзьдзі адукаваных сьведамых беларусаў новага часу, у тым ліку 2-й паловы ХХ ст.:

Вільня ў дождж, як старая гравюра
у "Тэцы Віленьскай":
Праз завесу дажджу - кожны дах у штрыхах,
як страха,
Крадуць даль туманы. Ўсё у звівах, нібы на паперы
вяленевай,
Ўсё з шматлікіх штрыхоў, ўсё ў касых характэрных
штрыхах.
У. Караткевіч. Вільня ў дождж

7.    Украінская мова

Вакол слова тека (паміж іншых) у 1907 годзе разгарэлася палеміка ва ўкраінскіх  літаратурных колах. Іван Нячуй-Лявіцкі не прымаў "галіцкіх", як ён лічыў, асаблівасьцяў мовы новапаўсталай украінскай пэрыёдыкі:
"А вже наші молоди пісьменики нанесли в цю часописну, якусь опрічню, мову ось скільки польських слів: в чеканню (в сподіванні) (Гр. Дум. 54), крок (ступінь), вибух (взрив, вирив), розвій (rozwój - розвиток) (…) аркуш (листок паперу), розпач (одчай) (В. Укр.), кревноі єдности (родственнаго единенія), бридкий (препоганий), тека (портфель) (Шершень ) (…) рахувати (=лічить)…" 
Востра адказаў пажылому мэтру, абвінаваціўшы яго ў правінцыялізьме, а таксама акрэсьліўшы розьніцу паміж палянізмамі ды інтэрнацыяналізмамі, сам Іван Франко:
"Та годі перебрати всі баламутства д. Нечуя. Скрізь йому недогода, скрізь він бачить полонізми, навіть у таких словах, що взяті з інтернаціонального засобу термінів (тека, рахунок); галицькі і чернігівські форми: більше, менше, иньше вважає застарілими, а нарешті, з правдиво комічним запалом накидається «на тучі та хмари» значків, які кладе нова фонетика над різними буквами. Все те, як кому, може бути забавно читати, але вказує тільки на одно, що д. Нечуй не має так само ніякого поняття про розвій нашого правопису, як про розвій самої мови. (…) Оттакі самовільні, казуїстичні роздебендювання, якими ущасливив нас д. Нечуй, у тім процесі елементарного росту нашої письменної мови не будуть мати ніякого значення власне задля того, що автор, станувши на тіснім, провінціальнім становищі своєї білоцерківщини, не розуміє того, що мова народна, хоч і яке цінне надбання, все ж таки не мета письменської праці, а знаряд до ширення думок і ідей та на які він не звертає ніякої уваги. Ми бачимо в такім веденні дискусії не стільки вислів любові до всеї української нації та її мови, скільки вислів тупої та нічим не мотивованої ненависті до того, що не підходить під якісь тісненькі шаблони" .
У выніку ў новай украінскай літаратурнай мове з адпаведнай сэмантыкай была кадыфікаваная лексэма тека:
Папка — (для бумаг) обгортка, тека, папірниця. Російсько-український словник правничої мови. — У Київі, 1926.
Нават у пару савецкай русыфікацыі кадыфікатары змушаныя былі пакідаць варыянтнае месца для дэрыватаў θήκη, штучна дэталізуючы іхную сэмантыку, каб вызваліць асобную сэмантычную нішу для слова папка:
па́пка 1. (картонная обложка для бумаг) па́пка, -ки, те́ка, -ки; п. для личных дел па́пка (те́ка) для особо́вих справ; 2. (картонный переплёт) па́пка. Ганич Д. И., Олейник И. С. Русско-украинский словарь для средней школы. — К.: Радянська школа, 1962. — С. 433.
У пасьлясавецкі час гэты падыход збольшага захаваўся ў агульных і спэцыялізаваных слоўніках:
па́пка (для бумаг) па́пка, те́чка, те́ка. Тараненко О. О., Брицин В. М. Російсько-український словник для ділових людей. — К.: Український письменник, 1992. — С. 85.
па́пка (для бумаг) па́пка, -ки, те́ка, -ки. Новітній російсько-український словник. — Х.: Прапор; Фоліо, 1998. — С. 583.
Ва ўкраінскім рэестры "Ўкраінска-беларускім слоўніку" 1980 г. слова папка няма:
Те́ка ж. па́пка; рэдк. партфе́ль м. Лемцюгова В. П. Украінска-беларускі слоўнік. / Пад рэд. М. В. Бірылы, А. Я. Супруна. — Мн.: Выш. школа, 1980. — С. 599.
"Білорусько-український словник" 2007 г.  не падае ані папка, ані тека / течка. Абодва слоўнікі заяўленыя як дыфэрэнцыйныя. Таму, трэба меркаваць, слоўнік Г. Піўтарака мае на ўвазе супадзеньне пары папка / тэчка ў абедзьвюх мовах.
Такім чынам, хаця папка ўрэшце заняла месца ва ўкраінскім лексыконе, але прынамсі не зманапалізавала сэмантычную нішу.

8.    Расейская мова

У расейскай літаратурнай мове XIX-XX ст. (дасавецкага пэрыяду) фіксуецца слова тека 'тэчка':
ТЕКА (греч. theke). Сумка для бумаг; то же, что портфель. Словарь иностранных слов, вошедших в состав русского языка: Материалы для лексической разработки заимствованных слов в русской литературной речи. Составлен под ред. А. Н. Чудинова. Издание третье, тщательно исправленное и значительно дополненное (более 5000 новых слов) преимущественно социально-политическими терминами, вошедшими в жизнь в последние годы. — СПб.: Издание В. И. Губинского, 1910.
ТЕКА греч. theke. То же, что Портфель в первом значении. Михельсон А. Д. Объяснение 25000 иностранных слов, вошедших в употребление в русский язык / С означением их корней. — М.: Издание книгопродавца А.И.Манухина, 1865.
Слова тека з блізкаю да грэцкага этымону сэмантыкаю выступае як частка тэрміналягічных сыстэмаў сучаснай расейскай мовы у біялягічнай, геалягічнай, палеанталягічнай, мэдычнай галінах (што падмацоўвае, або і de facto перадвызначае  яго прысутнасьць у адпаведнай беларускай тэрміналёгіі):
ТЕКА (от греч. theke — ящик, хранилище, вместилище), оболочка разл. природы у растений и животных: 1) створка панциря диатомовых водорослей; 2) покров у динофитовых водорослей, состоящий из пластинок; 3) вместилище спор (у моховидных); 4) половина пыльника (у покрытосеменных); 5) раковина у нек-рых амёб (отсюда назв. отр. Thecamoebina); 6) хитиноидная оболочка у гидроидных полипов (отсюда деление на подотряды Thecaphora — Athecata); 7) известковый валик вокруг ниж. части тела кораллового полипа; 8) соединительнотканная оболочка яйцевых фолликулов (граафовых пузырьков) у позвоночных животных (theca folliculi); 9) ячейка для зуба (альвеола). Биологический энциклопедический словарь /  Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Бабаев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др. — 2-е изд., исправл. — М.: Сов. Энциклопедия, 1986.
тека — различные оболочки у животных и растений, в частности Т. — створка панциря диатомовых водорослей. Фирсов Н.Н. Микробиология: словарь терминов. — М: Дрофа, 2006.
ТЕКА [θηκη (ςэкэ) — вместилище, ячейка] — ячейка, чашечка и др. ограниченное стенками пространство у разл. гр. животных; в т. ч. чашечка некоторых иглокожих, напр. цистоидей морских лилий; ячейка граптолитов; известковая стенка коралловых полипов, образующаяся несколько внутрь от мягкой внешней стенки тела; стенка раковины фузулинид, состоящая из нескольких слоев разного строения; у археоциат — наружная стенка. Геологическая энциклопедия / В 2-х т. Под редакцией К. Н. Паффенгольца и др.. — М.: Недра, 1978. — Т. II.

9.    Высновы

На падставе вышэйвыкладзеных маўленчых і лексыкаграфічных фактаў можна зрабіць наступныя высновы наконт месца слова тэчка < тэка ў беларускай мове.
9.1. Слова тэка ёсьць тыповым інтэрнацыяналізмам, які, як і шматлікія іншыя грэка-лацінізмы, бытуе ў мовах эўраазіяцкае прасторы — ад анг. theca, гішп. teca і фр. thèque да с.-х. (харв.) téka і рас. тека.
9.2. Словы тэка і яго дэрыват тэчка маюць грэцкае паходжаньне. Як такі, грэцызм не павінен выклікаць ідыясынкразіі нават у зацятых прыхільнікаў праваслаўнай традыцыі ды апанэнтаў заходнерымскай цывілізацыі. Слова тека бытавала ў корпусе агульнай лексыкі расейскай літаратурнай мовы да камуністычнага перавароту, цяпер яно выступае ў батанічнай, палеанталягічнай, геалягічнай тэрміналёгіі гэтае мовы.
9.3. Слова тэка запазычанае праз лаціну; доказаў яго абавязковага запазычаньня праз польскую няма. Слова тэч-к-а ўтворанае на беларускай глебе паводле беларускай словаўтваральнай мадэлі.
9.4. Слова тека з дэрыватам течка шырока бытуе і ва ўкраінскай мове на ўсіх яе моўных роўнях. Польск. teczka, укр. течка, бел. тэчка знаходзяцца ў межах пашыранай агульнаславянскай словаўтваральнай мадэлі дэмінутыўных назоўнікаў на -к-.
9.5. Такім чынам, лексэма тэка > тэчка ёсьць арэальным (грэка-)лацінізмам і арэальным дэрыватам, уласьцівым арэалу славянскіх моваў б. Рэчы Паспалітай (а таксама арэалу паўночнаславянскіх моваў паводле клясыфікацыі А. Непакупнага).

Вінцук ВЯЧОРКА
Менск

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson