Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2012-03-21 01:00:36

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. Мова як сродак прапаганды

Пётра Садоўскі

МОВА ЯК СРОДАК ПРАПАГАНДЫ


Практыкум. Праграма

1. Этымалёгія, зьмест паняцьця, навуковае і пабытовае разуменьне прапаганды.
2. Выбар моўна-прапагандысцкіх сродкаў у залежнасьці ад мэты і зьместу публічнай інфармацыі.
3. Адрасная скіраванасьць прапаганды. Асаблівасьці савецкай і постсавецкай мэнтальнасьці. Узроставая арыентацыя. Індывідуальны моўны кантакт.
4. Агульныя прыёмы палітычнай рыторыкі:
а) завышэньне ацэнак і канстатацыяў;
б) заніжэньне ацэнак і канстатацыяў;
в) зьмякчэньне (міксацыя) ацэнак і канстатацыяў.
5. Таталітарная (аўтарытарная) прапаганда. Тэхніка.
6. Тыпалёгіі і параўнаньні з актуальнай гісторыі.
7. Моўны практыкум:
— мэтадычныя патрабаваньні;
— сьпіс моўных зьяваў.


1. Этымалёгія (паходжаньне) слова прапаганда

Слова лацінскага паходжаньня. Лацінскі дзеяслоў propagare значыць “распаўсюджваць, пашыраць”, а назоўнік propaganda — “распаўсюджваньне”. Параўнай назоў: “Congregatio de propaganda fide” (1622, Рым) — “Таварыства для распаўсюджваньня веры”.

Такім чынам, і па сёньня ў значэньні гэтага слова захоўваецца пэўны “прысмак”: распаўсюджваньне веры, ідэалёгіі і г.д. з элемэнтамі магчымага крытычнага засваеньня, з ужываньнем розных спосабаў перакананьня, у тым ліку і невысакародных. Бытавое ўспрыманьне слова хутчэй нэгатыўнае: “Гэта ўсё прапаганда!”


2. Прапаганда з элемэнтамі падману і значэньне слова

Прапаганда з элемэнтамі падману магчымая таму, што мова ёсьць (як правіла) нематыванай знакавай сыстэмай: гукавое аблічча слова не вынікае з паняцьця, якое яно абазначае. Таму адна і тая ж зьява можа называцца па-рознаму. Параўнай: “Мятеж не может кончиться удачей, в противном случае его зовут иначе” (С. Маршак).

Можна сказаць: “Кастрычніцкая рэвалюцыя”, а можна і “кастрычніцкі пераварот”. Адпаведна: разгон — роспуск, рэфэрэндум — дзяржаўны пераварот і г.д.


3. Як успрымаецца публічная прапаганда?

Паводле нямецкіх дасьледнікаў мовы прапаганды, прыблізна 5-7% рэцыпіентаў (адрасатаў, успрымальнікаў) могуць адрозьніць проста інфармацыю ад прапагандысцкай рыторыкі. Але астатнія 95% “глытаюць” інфармацыю ў адпаведна прыгатаваным выглядзе і даюць на сябе ўзьдзейнічаць.

Для кожнае сацыяльнае групы слухачоў, гледачоў, чытачоў існуюць свае прыёмы, свой узровень прапагандовае працы.

Існуе сукупнасьць палітычных мэтодык, зьвернутых да інстынктаў малаадукаванай і няздольнай да крытычнага мысьленьня аўдыторыі. Такія мэтодыкі звычайна называюць папулізмам. Галоўны прынцып і псыхалягічны грунт посьпеху папуліста ў тым, каб стварыць у слухачоў уражаньне: “Ён такі, як мы!”

А propos: эвангельскія хрысьціяне-баптысты выкарыстоўваюць жанр “казані-расповяду” (свайго кшталту публічнай споведзі) прыхаджан рознай адукацыі, што дае магчымасьць “ахапіць” усіх прысутных на зборы ў малітоўным доме настроем узаемаразуменьня.


4. Мова прапаганды

Сам па сабе выраз “мова прапаганды” — некарэктны. Калі нехта заўважае існаваньне “мовы прапаганды”, значыць, гэта дрэнна выкананая прапаганда. Іншая рэч, што існуюць і паддаюцца аналізу розныя моўныя зьявы, уласьцівыя ня толькі прапагандовым тэкстам: стылі, рытарычныя прыёмы і г.д. Найбольш прыдатныя для прапагандовага ўзьдзеяньня наступныя жанры: лекцыя, дыспут, пісьмовы артыкул.


5. Арсэнал прапагандовых сродкаў

Выбар такіх сродкаў шырокі: ад лягічнага выкладу прычынна-выніковых сувязяў (з паданьнем відавочных доказаў) — да эмацыйна-псыхалягічнага прэсінгу з выкарыстаньнем сродкаў мастацтва. 

Падамо прыклад “нізкай экстрэмы” такога прэсінгу. Анатоль Ярмоленка, штатны сьпявак-”інтэгратар”, скардзіцца: “Разьдзялілі нас межы ў расстаньні і скрусе, ты Расеі належыш, я — маёй Беларусі...” Эмацыйны напал не дазваляе задумацца і ўспомніць, што ніхто нікому не перашкаджае паехаць у Бранск ці Бійск і там ажаніцца.


6. Прапаганда паводле мэты і зьместу

1) палітычная;
2) эканамічная;
3) гістарычная;
4) культурная
і г.д.

Для сучаснай Беларусі першыя два кірункі прапаганды шчыльна зьвязаныя з асьветай насельніцтва ў кірунку фармаваньня грамадзянскае супольнасьці эўрапейскага ўзору. Без прапаганды ж гістарычных і культурных ведаў немагчымае станаўленьне нацыянальна-дзяржаўнае сьведамасьці.

Характэрны прыклад прапаганды з выкарыстаньнем расейскай гісторыі — трактоўка асобы Пятра Вялікага з гледзішча г.зв. “дзяржаўнікаў”. Аднак з боку “маралістаў” гэтая постаць апісваецца зусім інакш. Параўнай зь Лява Талстоя:

...С него начинаются особенно поразительные и особенно близкие и понятные ужасы русской истории. Беснующийся, пьяный, сгнивший от сифилиса зверь, ј столетия губит людей, казнит, закапывает живых в землю, заточает жену, распутничает, мужеложествует, забавляясь рубит головы, ездит с подобиями креста из чубуков в виде детородных членов и подобиями евангелий — ящиком с водкой, коронует блядь свою и своего любовника, разоряет Россию и казнит сына... И не только не поминают его злодейств, но до сих пор не перестают восхваления доблестей этого чудовища, и нет конца всякого рода памятников ему. (“Николай Палкин”)


7. Вера ў друкаванае слова

Для Homo sovieticus, якія складаюць вялікую частку насельніцтва краіны, уласьцівая безаглядная вера словам сродкаў масавай інфармацыі: “Што яму кніга апошняя скажа — тое адразу на сэрца і ляжа”. З сказанага вынікае стратэгічная важнасьць доступу да mass media для носьбітаў дэмакратычных і незалежніцкіх ідэяў.

Ergo: доступ да mass media!


8. Прапаганда і грамадзкая думка

Найбольш эфэктыўна прапаганда дзейнічае там, дзе не сфармавалася грамадзкая думка. Між іншым, гэта значыць, што зручны аб’ект прапаганды — моладзь. Але няма сэнсу прапагандаваць у мэнтальна закасьцянелых асяродках, прыкладам, сярод актывістаў камуністычных “вэтэранскіх” арганізацыяў. Alte Bäume lassen sich nicht biegen (...), кажа нямецкая прымаўка.

Мэтавая прапаганда мусіць быць зарыентаваная на канкрэтныя групы. У прамым сэнсе (на мікраўзроўні): jedem Hörer in die Angen schauen.


9. Агульныя прыёмы “палітычнае рыторыкі”

Палітычная рыторыка як спэцыфічны від красамоўства вядомая з антычнасьці. Ужо ў Грэцыі і Рыме дасягнулі росквіту такія яго жанры, як выступы перад народам, у судзе, урачыстыя выступы ды інш.

Тады ж былі распрацаваныя, але пазьней набылі далейшае разьвіцьцё наступныя прыёмы палітычнае рыторыкі, бальшыня зь якіх разьлічана на недасьведчанага або маладасьведчанага слухача.

) Завышэньне ацэнак і канстатацыяў (Aufwertung)

а) падкрэсьліць выгадны для сябе бок зьявы, нявыгадны — занізіць або замаўчаць: бульба “несколько хуже”
б) гаворачы “мы” — гаварыць дынамічна, ужываць шмат сынонімаў і г.д.
в) прывязваць гаворку да станоўчых стэрэатыпаў: дабрабыт, спакой, парадак і пад.
г) падаўшы 2-3 прыклады, перайсьці да пазытыўнага абагульненьня.
д) свае ўласныя мэты (дзеяньні) выдаваць за агульныя: прыбралі нешта да сябе...
е) завышаць свае заслугі, магчымасьці: На сегодняшний день мы — единственный гарант...
ж) свае памылкі сьпіхнуць на іншых або на лёс, прыроду, надвор’е.
з) спрабаваць прыцягнуць слухачоў, ідэнтыфікаваўшы іх з “мы”.
і) тых, хто думае інакш — кваліфікаваць як ворагаў і “адправіць” у лягер праціўніка.
к) пашукаць сьведак сярод слухачоў і падмацаваць іхнымі сьведчаньнямі свой пункт погляду.
е) спрабаваць сустрэцца поглядам з кожным асабіста і інш.

) Заніжэньне ацэнак і канстатацыяў

а) Падкрэсьліць нявыгаднае, пазытыўнае аслабіць, замаўчаць (Можна схітрыць так, каб пасьля вярнуцца і сказаць: Я гэтак раблю, каб не хваліцца...).
б) даць каскад нэгатыўных эпітэтаў, прыкладаў.
в) “зь цяжкасьцю”ўзгадваць пазытыўнае (можна і залу папрасіць: “Ну ўзгадайце хоць адну добрую справу, якую зрабіў для Беларусі N.!).
г) увязка апанэнта з нэгатыўнымі паняцьцямі (п’янства, гульба, лянота і г.д.).
д) некарысьлівыя дзеяньні апанэнта маляваць як карысьлівыя.
е) падаўшы 2-3 прыклады, перайсьці да нэгатыўнага абагульненьня.
ж) заслугі апанэнта замаўчаць або прыпісаць сабе: пасьля таго, як незалежніцкія сілы правялі шэраг палітычных кампаніяў супраць удзелу беларусаў у расейскіх вайсковых авантурах, Лукашэнка ўрачыста заяўляе: “Мы не пустим парней в Чечню”.
з) Чужыя ці ўласныя памылкі сьпіхнуць на апанэнта: хоць Лукашэнка быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня і галасаваў разам з камуністычнай большасьцю, зараз ён не прызнаецца ў гэтым, а памылковыя рашэньні прыпісвае апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.
і) перакруціць аргумэнты апанэнта.
к) давесьці апісаньне сытуацыі да абсурду, правакуючы незадавальненьне насельніцтва: Вот баба — взяла тысячи две яичек и несет!
л) сказіць цытаты праціўніка.
м) абвінаваціць апанэнта ў тым, што ён заблытаўся, здраджвае сваім прынцыпам.
н) заявіць, што апанэнт ужо і так асуджаны (гісторыяй, народам).
о) прызнаць патрабаваньні апанэнта і тут жа заявіць: Але мы ж іх ужо выканалі (ці амаль выканалі, ці пра тое самае казалі раней).

) Зьмякчэньне (міксацыя) ацэнак і канстатацыяў

Як правіла, прыём ужываецца ў дыпляматычнай мове, у тэкстах афіцыйных камунікатаў, служыць для прымірэньня аўдыторыі. Калі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня ў верасьні 1991 году ішла дыскусія пра вяртаньне беларускае нацыянальнае сымболікі, Ніл Гілевіч радыкальна выступіў у яе абарону, што стварыла небясьпеку забалятаваньня справы камуністычнаю бальшынёю. Сытуацыю ўратавалі Георгі Таразевіч і Ўладзімер Платонаў, якія памяркоўна выказаліся ў стылі “з аднаго боку... але ж з другога боку...”, і ў выніку супакоены ВС прагаласаваў за бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню.


Некаторыя магчымыя спосабы міксацыі:

а) Так, я разумею складанасьць праблемы...
б) Wir sind alle ein Volk, мы ўсе ў адным чоўне, нам разам жыць на гэтай зямлі...
в) Як прадстаўнік адной групы спрабаваць выступаць ад імя другой: Я паспрабую ўявіць сябе вэтэранам...
г) На словах прызнаць законнасьць патрабаваньняў апанэнта.
д) Замаўчаць процілегласьці: так і не, ні так і ні гэтак, і так і гэтак.
е) Спаслацца на непазьбежнасьць сытуацыі.
ж) Карыстацца аксіёмамі: Errare humanum est, чалавеку ўласьціва памыляцца і пад.
з) Ужываць абцякальныя фармулёўкі (каб можна было разумець іх па-рознаму).
і) Цяжка апанэнту — што ж, “усім нам цяжка”.
к) Табуізаваць праблему: Гэта не прынята абмяркоўваць; гаварыць пра гэта неэтычна; гэта ваенная тайна і г.д.


10. Таталітарная (аўтарытарная) прапаганда

Гёбэльс пісаў 18 сакавіка 1933 г.: “... Прэса павінна ня толькі інфармаваць, але . інструктаваць... Ідэальны стан будзе дасягнуты тады, калі яна будзе нагэтулькі тонка арганізаваная, што будзе своеасаблівым піянінам у руках ураду... прэса — страшэнна важны інструмэнт уплыву на масы, якім павінен карыстацца ўрад...”

Тэхніка таталітарнай прапаганды

1. Пошук галоўнага ворага (Urfeind)
2. Стварэньне варожага аблічча (Feindbild)
3. Доказ галоўнай віны ворага (Feindschuld)
4. Ідэнтыфікацыя “другасных ворагаў” з “галоўным ворагам”.
5. Размалёўка апакаліптычнай будучыні пры захаваньні status quo (Zukunftverheißung).
6. Патрабаваньне даверу і палітычных паўнамоцтваў.


11. Тыпалёгіі і параўнаньні з актуальнай гісторыі

Выбары і рэфэрэндумы апошніх гадоў.


12. Моўны практыкум

Выкажыцеся наконт некаторых ужываных у дзяржаўных СМІ лексэмаў і пасажаў:
а) растлумачце сэнс;
б) паспрабуйце перакласьці на вядомыя Вам мовы;
в) знайдзіце нэўтральную замену;
г) патлумачце “звышзадачу” аўтараў выказваньняў;
д) паспрабаваць аспрэчыць зьмест лягічна, з гледзішча інфармацыйнасьці выказваньня ці ў форме эмацыйнай рэплікі.

Моўныя прыклады

1. Просты чалавек.
2. Люди труда / Людзі працы.
3. Кто-то всю жизнь вкалывает, а этот занимается бизнесом.
4. Борьба за урожай.
5. На культурным фронце.
6. Укараніць вынаходніцтва.
7. Асвоіць сродкі.
8. Сознательная дисциплина.
9. [Вытрымка з указу]: “Гарантаваць вяртаньне ўкладчыкам сродкаў у той валюце, у якой рабіўся ўклад, і вяртаньне ўклада па першым патрабаваньні ўкладчыкаў”.
10. Семен Шарецкий, конечно же, выступил на ро́дной мове.
11. “О доблестях, о подвигах, о славе” [“гераічная” рубрыка ў газэце да чарговага юбілею ВАВ].
12. Поставить под напряжение руководителей [успомнім песьню 30-х гг.: “ ...а вместо сердца пламенный мотор...”].
13. “Товарищ президент, — сказали мне дети, — Вам трудно сейчас, мы Вам поможем ... У меня слёзы навернулись на глазах...” [з наведваньня дзіцячага  садка Менскага трактарнага заводу].
14. Інтэграцыя ў сфэры культуры.
15.     “Нашим взаимоотношениям — быть!”[словы Талкачова, прэс-сакратара прэзыдэнта].
16.      “Сёньня Украіна адзначае 5-ую гадавіну сваёй самасьційнасьці”. [Шаўко, “Радыёфакт”].
17. “К канцу 1998 г. у Апчаку будзе выпушчана 200 000 аўтамабіляў “Форд-Юніян”, кожны зь іх будзе таньнейшы за “Жыгулі” [журналіст з захапленьнем паведамляе ад сябе].
18. Першая транша крэдыту стэнд-бай.
19. Сусьветна вядомы.
20. “Грэнадзкая воласьць і ў Жлобіне ёсьць” [Загаловак у “Народнай волі” з нагоды гуманітарнай дапамогі з правінцыі Гранада].
21. “Лобовая атака тут не подходит. Лобировать этот вопрос нельзя” [Анатоль Малафееў, 1-я праграма Беларускага радыё. 28 чэрвеня 1997 г.].
22. Рэчыцкія пінкертоны абясшкодзілі ўчора чатырох небясьпечных злачынцаў [Alan Pinkerton, 1819-1884].
23. “Боевые офицеры, теперь уже генералы...” [Зімоўскі пра Лебедзя і Шэймана ля помнікак “афганцам”].
24. Сексопил; факсимильный; перетурбация; дывідэнты.
Рабочыя бягуць з альма матэр.
На Сенько направлен агреман в Париж.
[Вядучы “Роднага слова” бядуе:] “Кансігнацыя” замест “рэалізацыя”! Бартэр! чартэр! лізынг! мэнэджмэнт!  ... Гвалт!
25. Паміж Польшчай і Расіяй полька беларуская.
26. Пакуль у нас утвараецца самая ўплывовая маладзёжная арганізацыя, Беларускі саюз моладзі, як і раней, застаецца найбольш значнай арганізацыяй моладзі.
26. Цэпкала, Езерская [самі носьбіты прозьвішчаў патрабуюць такога іх напісаньня].
27. Журналіст у інтэрвію зь міністрам: “Если Вас завтра поднимут на совещании и спросят...”
28. Шчакаціхін жыў з 1931 году ў Башкірыі [Беларуская энцыкляпэдыя].
29. Віцябчане [слова ўвёў Машэраў].
30.”После успешного проведения интеграции с Россией...”[радыёжурналіст з аптымізмам]
31. Те товары, которые мы прежде завозили из других стран, сейчас будем прежде всего брать в Югославии [Міністар пасьля візыту ў Югаславію].
32. Прэзыдэнт абяцаў прыцягнуць да гэтай справы кіраўнікоў іншых краінаў СНД.
33. Этот период самостийности прошел.
34. Единственным источником валютных поступлений Литвы является взимание платы за транзит [Зімоўскі].
35. Богомерзкие народы пришли на нашу землю не только за нашей нефтью и газом, но и по наши души” [Кругін, Беларускае радыё, 28 лютага 1998 г.].
36. 100 гадоў таму назад у Віцебску была ўтворана першая вытворча-спажывецкая каапэрацыя. Гэта быў першы парастак рынкавай эканомікі ў Беларусі.
37. Людзі не задаволены публікацыямі ў “Свабодзе” . Вырашаецца пытаньне і па “Народнай волі”.
38. Конкурс на тлумачэньне герба і сьцяга.
39. Узвысіцца сярод вялікіх народаў сусьвету [Казіятка пра Беларусь, БТ].
40. Это не демократия, а зверинец [кіраўнік нашае дзяржавы пра Эўропу].

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson