Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2012-03-21 00:38:06

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

П. Садоўскі. Таварныя знакі і нацыянальныя пачуцьці

ТАВАРНЫЯ ЗНАКІ І НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПАЧУЦЬЦІ

Філалагічныя развагі наконт гандлёвай маркі БУЛЬБАШЪ


Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярнулася да мяне з просьбай пракаментаваць экспертнае мовазнаўчае заключэнне к.ф.н. Шчарбаковай В.І. (па-руску Щербаковой О. И) аб лінгвістычнай правамернасці існавання ў Беларусі таварнага знака “Бульбашъ», дадзенае ёю на запыт Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Гэтая працэдура была распачата пасля звароту ў суд грамадзяніна РБ Міснікова Валерыя Аркадзевіча з нагоды таго, што публічнае ўжыванне слова “бульбаш”[1] на ягонае ўспрыманне прыніжае нацыянальную годнасць беларусаў і таму мае быць скасаванае ў абавязковым парадку.[2] Паколькі суд адмовіў заяўніку у разглядзе ягонага звароту, сп. Міснікоў, не пагаджаючыся з мовазнаўчым заключэннем к. ф. н. Шчарбаковай В.І., звярнуўся ў ТБМ імя Францішка Скарыны з просьбай правесці кваліфікаваную грамадскую экспертызу.

На с. 7 свайго заключэння к. ф. н. сп. Шчарбакова В. І. пад загалоўкам ВЫВОД піша: “Слово бульбаш в современном русском языке имеет значение: 1. Представитель коренного населения Белоруссии[3] (падкрэслена мною – С. П.); 2. Гражданин Республики Беларусь. Слово “бульбаш” негативной окраски вне связи с контекстом высказывания не имеет.”

Пра нацыянальна-моўную псіхалогію

Перш, чым каментаваць лінгвістычнае заключэнне сп. Шчарбаковай, зраблю колькі заўвагаў, датычных нацыянальнай псіхалогіі і сацыяльна-моўнай камунікацыі. Падразглядная праблема закранае даволі далікатную сацыялінгвістычную і пісхалагічную тэму, якая ў тэорыі сучасных моўных кантактаў мае даволі мудрагелістую назву: Стылёвыя пеяратывы ў словах, якія абазначаюць нацыянальна-расавую прыналежнасць. Слова “пеяратыў” утворана ад францускага péjoratif або ад лацінскага pējōrāre, што значыць “рабіць горш”. Прасцей кажучы, тут гутарка ідзе пра магчымыя стылёвыя абрáзы ў найменнях-мянушках адных народаў з боку іншых, што ўступаюць з імі ў жыццёвыя кантакты. Працэс гэты назіраецца яшчэ з часу ўтварэння племянных саюзаў, фармавання нацыяў, існавання каланіяльных імперыяў, у сённяшнім Еўрапейскім Саюзе у сувязі з мусульманізацыяй, а для народаў СССР – яшчэ і падчас існавання адзінай савецкай дзяржавы, значныя рэшткі якога захаваліся і па сённяшні дзень у межах СНД і нашай так званай Саюзнай дзяржавы.

Асабліва гэта помняць маладыя хлопцы, якія у першыя дні асвойваліся на тэрміновай службе ў рускамоўнай Савецкай Арміі. Побач з чуркамі, лабусамі, хахламі былі і бульбашы. І гучала гэта не ў вельмі лагодным кантэксце. Было гэта трошкі мякчэй, чым чурка, але ж усёроўна непрыемна. Памятаю, як у першы ж дзень у вайсковай вучэльні ў Яраслаўлі (1959 год) старшына роты перад строем пракаментаваў геаграфію майго паходжання: “Белоруссия родная, бульба дробная гнилая…”. Гэта прыблізна так, як бы італьянца назвалі макароннікам, француза – жабаедам. Яшчэ са школы з някрасаўскай “Железной дороги» и «Живописной России» добра помніліся расійскамоўныя апісанні зацюканага беларуса з калтуном у валасах і з раздутым жыватом ад бульбы і мякіны.

Я не ведаю, хто з’яўляецца мажарытарным акцыянерам ДЫЁНІСА, каму належыць ідэя таварнага знаку, -- рускамоўнаму грамадзяніну суседняй краіны, аргенцінскаму габрэю ці абруселаму беларусу. Я далёкі ад думкі, што прадстаўнік юрыдычнай асобы, што рэгістравала таварны знак “Бульбашъ”, і сучаснае кіраўніцтва прадпрыемства, што разлівае і прадае імпартаваныя вінныя напоі , хацелі пакрыўдзіць беларусаў. Яны хацелі проста стварыць кідкі брэнд і зарабіць грошы. Выява беларуса-“бульбаша” на пляшцы – даволі добразычлівая, праўда, фальклёрна-праставатая: такі рахманы сялянскі хлапец у саламяным капелюшы з пшанічнымі вусамі. Да брэнда песьняроўскіх шляхцюкоў не дацягвае. Псіхалагічна выява фальклёрнага “бульбаша” настройвае на асацыяцыю, што гэты сярэдненькі напой ўсё-такі самагонка, магчыма выціснутая з бульбы. (Чуў, што раней нібыта існавала запатэнтаваная самагонка з такой назвай). Фігура ў строях шляхцюка-ліцьвіна стварала б больш імпазантны імідж, кшталту колішняга расійскага стральца на наклейцы “Стрелецкой водкі”, што прадавалася ў савецкі час.

У беларускім інтэрнэце пра гэты завод вінаградных вінаў нават гаворыцца, што ён “расположен недалеко от древнего легендарного города Заславль…». У назве няма злой памыснасці. Гэта – феномен этыкі, адукацыі, уплыву дзяржаўнай культурнай палітыкі. Магчыма, дырэктар СООО “Завод виноградных вин ДИОНИС” сп. Лявончык М. (прозвішча з Інтэрнэту) яшчэ зусім малады чалавек і не меў досведу службы ў СА (дзякуй Богу, цяпер служым дома), не чытаў у школе “дзяржаўніцкія” экспромты Пушкіна і Някрасава на адрас цара, славян ды “іншародцаў”, не гартаў двухтамовік Ул. Даля “Пословицы русского народа”, дзе ў раздзеле “Народ” сабраны мянушкі на ўсіх падданых імперыі. Падобна, ён не ведае пра існаванне твора “Тутэйшыя” Янкі Купалы, які не страціў актуальнасці і па сённяшні дзень Ён – cвоеасаблівы новы “дзяржаўна-эканамічны” беларус, выхаваны на культупнай палітыцы апошніх гадоў, які не звяртае ўвагі на сэнтыменты тутэйшага насельніцтва. Пэўна, брак культурна-гістарычнай адукацыі перашкаджае сп. Лявончыку М. адчуць той эмацыйны дыскамфорт, які запаўзае ў сэрца адукаванага беларуса, калі ён бачыць на сённяшніх вуліцах Мінска прыметы прысутнасці колішняй Расійскай імперыі ў выглядзе “ераў”/цвёрдых знакаў на канцы словаў у афіцыйна зарэгістраваных назвах тыпу “ТРАКТИРЪ”. Цяпер вось яшчэ “БУЛЬБАШЪ”. Канешне, таварны знак можа быць розны, -- за яго заплочаны грошы. Але ж дзіўна бачыць у сталіцы суверэннай беларускай дзяржавы назвы тыпу “ВІЛЬНО” (кнігарня ў раёне вуліцы Кастуся Каліноўскага[4] ) ці слова-кентаўр “БЮРГЕР” з дзвюма кропачкамі на “Ю” (пэўна, алюзія на нямецкі “умляут”). Зрэшты, і ПРІОРБАНК з той жа кагорты (асацыяцыі з “і” дзесяцерычным тыя ж, што і з “цвёрдым знакам”).

Падобна, што сп. Лявончыку эмацыйна-інтэлектуальна цяжка зразумець прэтэнзіі тых, каго публічнае ужыванне слова “бульбаш” балюча крыўдзіць. Аднак тое, што, застаючыся ў сваім “эмацыйным няведанні”, ён агрэсіўна пераходзіць у наступ на “чульлівых” беларусаў, дае падставу думаць, што ён не такі ўжо і бяскрыўдны ігнарант: “Про придание слову “бульбаш” того смысла, который вы пропагандируете (выдзелена мною – С. П.), нам ничего не известно. Придание вами этому слову отрицательной национальной окраски направлено на разжигание враждебности, унижение национальной чести и достоинства, поэтому хотели бы вас предостеречь от такого ошибочного опасного пути …” (Цытую паводле інфармацыі за 7.03. 2010 г. на сайце Хартыі-97, дзе прыводзіцца вытрымка з адказу дырэктара М. Лявончыка на скаргу ў пракуратуру Віцебска гр-на Сяргея Каваленкі адносна таго ж самага “Бульбаша” ад 21. 11. 2009 г.).

Вось дык маеш! Паводле логікі сп. Лявончыка, таго, што ён не ведае, проста не існуе…А скаргі пакрыўджаных беларусаў – гэта ўжо прапаганда нацыянальнай непрыязні! Як кажуць – з хворай галавы на здаровую… Тады ўжо чуйных ды чульлівых да роднага слова хутка пачнуць выклікаць у пракуратуру, каб “предостеречь от ошибочного опасного пути”. Гэта мы, праўда, праходзілі ўжо ў БССР у 30-я гады.

Хацелася б параіць сп. Лявончыку, адкрываючы філіялы ДЫЁНІСА ў Польшчы, Украіне ды Расіі, усё ж-такі ўстрымацца ад тамашніх лакальных брэндаў з назвай “Пшэк”, “Хахол” ці “Кацап”. Там, перш чым у пракуратуру пісаць, могуць і морду пабіць. Тамтэйшы народ не такі рахманы і талерантны, як наш. Калі казаць без іроніі: паводле патэнтнай практыкі -- гавару гэта як колішні інжынер-патэнтавед і перакладчык дакументацыі ў БГП з шматгадовым досведам -- рэгістрацыі назваў інтэлектуальнай уласнасці на пэўнай тэрыторыі заўсёды павінна папярэднічаць усебаковае вывучэнне мясцовых сацыяльна-культурных асаблівасцяў.


Пра “запозненыя” нацыі, “сваіх” і “чужых”, прыватнасць і публічнасць

У любым выпадку – і таму, хто абражаны, і таму, хто рызыкуе “сазлізнуцца” ў крыўдзіцелі, трэба помніць: ёсць нацыі гістарычна своечасова сфармаваныя, “шчаслівыя”, моцныя. Ёсць нацыі маладыя, з праблемамі ў нацыянальнай культуры, з абвостраным нацыянальным пачуццём. Ёсць прыватнасць, і ёсць публічнасць. Ёсць “сваё кола”, і ёсць “чужыя”. Ёсць, нарэшце, розныя людзі, -- са сваімі комплексамі, жыццёвым досведам, нервамі.

Кажуць, што разумны народ не баіцца кпіць з самога сябе, мае пачуццё гумару і самаіроніі. Гэта праўда. Да сучасных англічан, французаў, немцаў, бельгійцаў, шведаў цяжка ліпнуць крыўдныя мянушкі. І самі яны не баяцца вострай самаіроніі. Аднак тыя народы, што адносна позна набылі сваю сучасную незалежнасць (палякі, літоўцы, украінцы, беларусы і г. д.) і яшчэ маюць у гістарычнай эмацыянальнай памяці міфы прыгнёту з боку паноўных нацый, рэагуюць на стылістыку апелятываў (словаў, што абазначаюць іх нацыю) даволі чульліва. Тут трэба мець добры такт і пачуццё меры.

Трэба разумець, што нават сапраўдная абраза ад “свайго” не ўспрымаецца так балюча, як ад “чужога”. Калі вам хаміць у краме прадавец славянскай знешнасці, вы, магчыма, будзеце рэагаваць не так, як калі б гэта была асоба, падобная на араба, кітайца ці каўказца. Мы – пакуль не нацыя мігрантаў. У ЗША такой дыферэнцаванай рэакцыі можа і не быць. Некалькі гадоў таму назад я быў сведкам, як у пераважна габрэйскай кампаніі ў Мінску адзін запознены госць па-сяброўску павітаўся з прысутнымі: “Здарова, маржы!” “Морж” – скарот для “морда жыдоўская”. Прафесійны сацыялінгвіст убачыць тут і самаіронію ўпэўненага ў сабе носьбіта нацыянальнай ідэнтычнасці, і флёр карпаратыўнасці, і “пазітыўную” дыскрымінацыю “сваіх”, і падсвядомае выштурхоўванне комплесу меншасці сярод большасці, хай сабе і не вельмі “пасіянарнай”[5].

Ёсць вялікая розніца паміж прыватным і публічным. Тое, што можа быць выказана публічна, не заўсёды супадае з выказаным прыватна. У нас, хаця не так, як у Еўропе, але таксама існуе пэўная паліткарэктнасць. Нашая публічная паліткарэктнасць у большай ступені залежыць не ад стандартаў грамадзянскай супольнасці, а ад пастулатаў “дзяржаўнай” ідэалогіі. Найбольшай паліткарэктнасцю у Еўразвязе вызначаюцца немцы з прычыны сваёй “гістарычнай віны” часоў нацызму, асабліва праз халакост. Сёння сказаць немцу публічна, што ён любіць Германію, сваю мову, песні, – непаліткарэктна. Немцы гавораць цяпер толькі пра “канстытуцыйны патрыятызм”. Немцы сёння – “постнацыянальны” народ, народ без міфаў і патрыятызму. Галоўны сучасны патрыятычны міф застаўся на пачатку 60-х: эканамічны цуд пры Герхардзе, Мэрсэдэс, Фольксваген-жук … Цяпер засталіся, хіба, футбол ды немец-папа. Праўда, катастрафічны наплыў мусульманаў, якія на 2/3 існуюць за кошт германскіх сацыяльных праграмаў і паціху выцясняюць карэннае насельніцтва, пачынае “падточваць” і паліткарэктнасць бундэсбюргераў. Так, урад ФРГ афіцыйна асудзіў швейцарцаў за рэферэндум, які забараніў будову мячэцяў у Швейцарыі, але апытанне жыхароў ФРГ паказала, што каля 70% немцаў падтрымліваюць удзельнікаў швейцарскага рэферэндуму…

Ці можна дасягнуць эканамічнага цуду без адзінства нацыі – вось не апошняе пытанне для Беларусі. Таму, думаецца, тут няма дробязяў. У тым ліку пры выбары назвы для гарэлкі.


Філалагічныя заўвагі да экспертнага заключэння к. ф. н. Шчарбаковай В. І.

1. Эксперт Шчарбакова была вымушана адказваць на некарэктна сфармуляванае пытанне: ці мае апелятыў “бульбаш” у сучаснай рускай мове негатыўную афарбоўку «вне связи с контекстом высказывания»? (гл. с. 1 экспертызы). Рэч у тым, што ў сэнсе білінгвістычнай стылістыкі (гэта наш выпадак) нельга гаварыць увогуле пра значэнне слова па-за сувяззю з кантэкстам выказвання. Тым больш пеяратыўных апелятываў. У падразглядным выпадку кантэкст “выказвання” таварнага знака відавочны: прадмет азначэння – гарэлка, арэал распаўсюджвання – Беларусь, дадатковыя атрыбуты – выявы на рэкламнай інфармацыі, гістарычны тэкставы фон - негатыўныя апелятывы з моўнай практыкі і г. д. Ілюстрацыі з тэкстаў (тут – СМІ) павінны вельмі акуратна падбірацца.

2. Ужыванне экспертам ў трохрадковым тэксце “Вывадаў” (с. 7 экспертнага тэксту) неафіцыйнай назвы нашай краіны як “Белоруссия” і выкарыстанне толькі рускамоўных крыніц пры вызначэнні самаідэнтыфікацыі беларусаў, сведчыць пра тое, што эксперт застаецца цалкам “пагружаным” у рускамоўную стыхію і не можа быць нейтральным арбітрам у выпадку ацэнкі стылёвых казусаў пры ўзаемадзеянні дзвюх блізкароднасных моваў і іх сацыялінгвістычнага статусу. Канстатую гэта з пэўным жалем, бо гадоў 15 таму даводзілася чытаць цікавыя публікацыі сп. Шчарбаковай аб праблемах моўнай інтэрферэнцыі, у тым ліку і ў суаўтарстве з лінгвістамі Інстытута мовазнаўства, дзе мне давялося працаваць. Магчыма, там была другая Щербакова О. И. ?

3. Эксперт прыводзіць 22 назвы слоўнікаў рускай мовы (сс. 1-2), якія былі прааналізаваныя, каб устанавіць, што “указанное слово в русском литературном языке отсутствует (п. 2.1.1). Тут жа побач чытаем: “В большинстве (выдзелена мною -- С. П.) словарей стилистически сниженной лексики …слово бульбаш отсутствует. На с. 5. эксперт робіць канчатковую выснову: «Таким образом, установить наличие/отсутствие устойчивой негативной окраски значения слова бульбашъ/бульбаш методом лексикографического анализа не представляется возможным» (п. 2.1.1, стар.5).

Сказаць па праўдзе, мяне, як прафесійнага філолага, здзіўляе, навошта было “прачэсваць” аж 22 звычайныя слоўнікі літаратурнай мовы. Гэта быў некарэктны выбар аб’екту даследавання. Гэтага слова там быць не магло. Бо абразлівыя выразы даюцца толькі ў спецыяльных слоўніках. Гэта сізіфава праца. Хіба што для справаздачы?

«А как быть с меньшинством (гл. выдзеленае праз адзін абзац зверху), т. е. с некоторыми словарями стилистически сниженной лексики, которые это слово. дают?”, -- спрашиваю я по-русски госпожу Щербакову. Як грамадскі эксперт я дазволіў сабе только міні-экспертызу праз Інтэрнэт і Словарь народной фразеологии “Жгучий глагол” з уласнай хатняй бібліятэкі (составитель Б. В. Кузьмич, иллюстрации Андрея Бильжо, г. Люберцы, 2000 г., тираж 5000 экз.).

На с. 20 слоўніка на літару “Б” знаходжу : “Бульба е, балота радам, дров нарубим -- и парадак”. Далей ідзе тлумачэнне: “Передразнивание белорусской речи, характерного говора “бульбашей”…І тут жа далей: “Бульбу жарим, бульбу варим, бульбу так себе хуярим”.Тлумачэнне: “О гастрономических пристрастиях и говоре белорусов”.

Думаю, тут каментарыі наконт стылёвай афарбоўкі слова “бульбаш” не патрабуецца.

Шукаю слова ў Інтэрнэце. Набіраю сфармуляваную праблему на стандартнай навуковай мове: Стылёвыя пеяратывы ў словах, якія абазначаюць нацыянальна-расавую прыналежнасць. Тысячы спасылак, дзесяткі слоўнікаў, сотні артыкулаў і манаграфій. І ўсюды сярод прыкладаў зневажальных мянушак на пачатку пераліку (паводле алфавіту) фигуруе бульбаш побач з западенец, кацап, москаль, жид, пшек, лях, кержак, рагуль, тибла, чухонец (узгадайце у Пушкіна у “Медным всаднике”: приют убогого чухонца …), раски, хач, хачик, абрек, азерик, душман, сахаляр, чурка, вотяк, пиндос, маран, бабай, марамой, хохол, лабус, нацмен, черножопый и г. д. и да т. п. Кожны сайт дае спісы навуковых манаграфій і артыкулаў, прысвечаных дадзенай тэме. Асабліва шмат аўтараў з былых рэспублік СССР. Найчасцей узгадваюцца :“Об обсценных выражениях русского языка” Ю. И. Левина, “Статьи по семиотике и топологии культуры ” Ю. М. Лотмана, а таксама працы з ключавыми словамі “Вербальная инвектива”, “Негативная коннотация”. Неаднаразова робяцца спасылки на двухтамовік Уладзіміра Даля “Пословицы русского народа” (на тэматычны раздзел “Народ”), дзе даюцца выказванні вялікарусаў пра “інародцаў”. Праўда, беларусы там вігуруюць пад іменем “літвін” побач з Вільняй : “Литвин как линь” (хитрый). “Смоленск грозен, а Вильня дивна.” Бульбаш – гэта ўжо больш вынаходніцтва савецкага часу.

4. Не знайшоўшы адказу ў лексікаграфічных крыніцах, эксперт Шчарбакова звярнулася да аналізу моўнай практыкі (гл. п. 2.2 на с. 6). Яна прыйшла да высновы, што слова “бульбаш” ужываецца ў друкаваных СМІ, арыентаваных на жыхароў РБ, прычым выкарыстоўваецца ў якасці самаідэнтыфікатара (апошні абзац старонкі 6). Падкрэсліваю: Гэта значыць, што беларусы самі сябе так называюць.

Аднак задумайцеся: эксперт, кажучы, што “бульбаш” ёсць слова-самаідэнтыфікатар, не падраздзяляе СМІ па моўнай прыкмеце: расійскамоўныя яны ці беларускамоўныя! Бяруцца толькі рускамоўныя “Совецкая Белоруссия”, што стыдліва перафарбавалася у СБ (“Беларусь сегодня”), “Вечерний Минск” ды “Белгазета”. Няго ж беларусы шукаюць сваю самаідэнтыфікацыю толькі на мове суседняй дзяржавы? Куды ж эксперт дзеў усе нашы установы – саюзы, музеі, акадэмічныя установы, паэтаў, празаікаў, публіцыстаў? Яны ж выдаюць свае моўныя прадукты, сваю публіцыстыку, пішуць у СМІ і на беларускай мове.

Вот сп. Шчарбакова дае узор “самаідэнтыфікацыі” грамадзяніна Рэспублікі Беларусь праз слова “бульбаш” з СБ: Беларусь сегодня, 2002, №279: ”Я не люблю копать картошку. Но каждый год езжу на Полесье к родителям на подмогу. Потому что «бульбашка» и без ума от драников…» Так і хочацца сказаць: “Прыцярпеўся, хай сабе і бульбашка, абы ў печ не ставілі!”). Жывы бульбашка, нават з чаркай і скваркай…

А вось як ідэнтыфікуе сябе жыхар Беларуси, “атлетического вида парень с причёской спецназовца, торгующий серьёзным электрическим товаром»: “…Я сам с ног до головы русак, правда, теперь стал бульбашом. А какая разница?...” (СБ, 2002, №201). Вось бачыце, эксперт набірае чарговы аргумент для таго, каб сцвердзіць, што “бульбаш” – гэта наша самаідэнтыфікацыя. Але ж гэта, паводле выказвання самога героя, -- прышлы чалавек, з ног да галавы русак, якому усёроўна, дзе прадаваць “серьёзный электрический товар”, - у родным Урюпінску, у Беларусі-Бульбашыі, ці ў Еўропе. Ягоная рускасць пры ім, ён хлопец круты… А як жа быць тым, каму не ўсёроўна, кім быць?

Непераканаўчым уяўляецца і прыклад, узяты экспертам Шчарбаковай з арсеналу адваката Пташнікава, які прыводзіць “аўтарытэтную” вытрымку з выступу кіраўніка нашай дзяржавы: “…Нас называют (выдзелена мною – С. П.) бульбашамі, но сейчас “бульбы” уже нет той, что была раньше…”. Эксперт падкрэслівае, што ў дадзеным прыкладзе слова “используется как идентификатор” (выдзелена мною- С.П.). Прэзідэнт жа кажа: “Нас называют…”Але ж не як самаідэнтыфікатар, што сцвярджала эксперт у апошнім абзацы на с. 6! Тут, дарэчы, няясна, як ставіцца А. Г. Лукашэнка да гэтага слова ва ўсёй сітуатыўнай “палітры”. Думка прамоўцы ідзе ў “вытворчы” бок: бульба стала дрэннай якасці. Думаю, калі б ён пачуў, напрыклад, вусныя філіпікі Жырыноўскага (віцэ-старшыня расійскай Думы), які падчас газавага расійска-беларускага крызісу гаварыў, што “бульбашы вместе з хохлами разбушевались”, то ён бы не быў у захапленні. Сказ адваката Пташнікава з выказвання Аляксандра Лукашэнкі нічога не даказвае і не абвяргае.

4. Зварот эксперта да марфалогіі, а менавіта спроба аналізу словаўтваральнага суфікса “-аш”, уяўляецца таксама лагічна небеззаганнай. Ніхто ж не будзе аспрэчваць семантычную шматзначнасць гэтага суфікса, але ж гэта не выключае яго абсалютна адмоўнага зместу у пэўнай групе словаў, якія ўжываюць носьбіты сучаснай беларускай мовы пры расійска-беларускім білінгвізме, такіх, як, напрыклад: таргаш (недобрасумленны гандляр), алкаш (алкаголік), легаш (“легавый”, прадстаўнік праваахоўных органаў), звадыяш (зводнік) і г. д. Нават пры адсутнасці, як кажуць псіхалінгвісты, “граматычнай рэфлексіі”, слова “бульбаш” падсвядома далучаецца да гэтай групы адмоўных апелятываў. Канешне ж тут шмат што залежыць ад асобы, якая жыве і працуе на тэрыторыі Беларусі: грамадзянін Рэспублікі Беларусь Міснікоў Валеры думае і адчувае не так, як прышлы «атлетического вида парень с причёской спецназовца, торгующий серьёзным электрическим товаром», – “с ног до головы русак”. Для Валерыя Міснікова, відавочна, Беларусь – не толькі гандлёвая тэрыторыя, але і нешта значна большае.

Высновы

1. Методыка, матэрыял і вывады эксперта Шчарбаковай В. І. пра стылёвы статус слова “бульбаш” нельга прызнаць карэктнымі па некалькіх прычынах:

а) вывад эксперта грунтуецца толькі на аналізе 5 (пяці) прыкладаў з рускамоўных беларускіх СМІ (СБ, Вячэрні Мінск, Белгазета) і аднаго прыкладу з выступу Аляксандра Лукашэнкі, прычым адзін з пяці прыкладаў (пра “парня с прической спецназовца») абсалютна некарэктны (гл. заўвагі);

б) ні ў адным з 22-х слоўнікаў рускай літаратурнай мовы (у тым ліку і слоўнікаў новай лексікі), прааналізаваных экспертам, не устаноўлена слова “бульбаш”, што ускосна сведчыць пра тое, што гэтае слова не мае нейтральнай канатацыі. У сваім вывадзе эксперт сцвярджае адваротнае.

в) эксперт не прыводзіць ніводнага прыкладу са слоўнікаў стылёва зніжанай лексікі, толькі адзначае (гл. п. 2.1.1.): “В большинстве (выдзелена мною – П. С.) словарей стилистически сниженной лексики, включающих в т. ч. и нецензурную лексику, слово «бульбаш не фиксируется»). Значыць ёсць і “меншынство”! Чаму б не прывесці хаця б адзін прыклад? Значыць, эксперт свядома замоўчвае факт наяўнасці негатыўнай канатацыі падразгляднага слова ў некаторых лексікаграфічных крыніцах (гл. мой падобны прыклад з “Слоўніка сучаснай рускай фразеалогіі);

г) эксперт абсалютна ігнаруе навуковыя (не публіцыстычныя, не СМІ!) звесткі з Інтэрнэту, дзе на шматлікіх сайтах даецца спіс “пеяратыўных апелятываў, што абазначаюць расава-нацыянальную прыналежнасць асобы” і тэарэтычныя артыкулы. Сярод іх пастаянна фігуруе слова “бульбаш” як абразлівая мянушка. Тут якраз так, як прасілі эксперта заказчыкі; “вне связи с контекстом высказывания». На пачатку аналізу я адзначаў, што гэта неправільная пастаноўка праблемы.

2. Нарэшце, самым істотным недахопам экспертызы з’яўляецца той факт, што эксперт абсалютна праігнараваў беларускамоўныя тэксты. Усе ж беларусы, у рознай ступені, але ж – білінгвы. Што да некананічнай лексікі, стылёва зніжанай, то яны на 100% разумеюць яе, як па-расійску, так і па-беларуску. Калі эксперт гаворыць пра слова “бульбаш” як “самаідэнтыфікатар” для беларусаў, то няго няго ён думае, што мы шукаем сваю ідэнтычнасць выключна ў расійскамоўнай стыхіі? (Гл. мае заўвагі). Гэта тым больш незразумела, што к. ф. н. Шчарбакова некалі пісала карэктныя артыкулы на тэму беларуска-рускага змешанага білінгвізму (напр. у суаўтарстве з Л. Ц. Выгоннай).

3. Такім чынам, слова “бульбаш” (тым больш з “ерам” на канцы) ніяк нельга прызнаць стылёва нейтральным. Яно мае выразна зніжальную негатыўную канатацыю, калі выстаўляецца на публічнае ўспрыманне, і заўсёды ёсць небяспека, што яно можа сапраўды абразіць значную колькасць карэнных жыхароў Беларусі і проста інтэлігентных людзей. “Дапушчальнае” ужыванне слова як сродак самаіроніі (і то ў прыватным коле) ёсць кампетэнцыя носьбітаў мовы. Што да ўжывання слова на публічным тэлебачанні ў гумарыстычных сюжэтах (“Ты бульбаш і я бульбаш…” ці “Страна бульбаша – наша Бела Раша”), то яно таксама здаецца не вельмі дарэчным ў кантэксце заняпаду нацыянальнай мовы і адукацыі.

4. З улікам усяго выкладзенага, лічу скаргу грамадзяніна Міснікова Валерыя Аркадзевіча слушнай для разгляду ў адпаведнай судовай інстанцыі. Экспертызу сп. Шчарбаковай лічу вартай таго, каб быць прызнанай нікчымнай як аргумент на судзе.

--
[1] У рэкламе і на тавары стылізаванае пад расійскае дарэвалюцыйнае напісанне з літарай “ер” на канцы слова.

[2] На неправамернасць таварнага знаку “Бульбашъ” у Беларусі у свой час падаваў скаргу ў суд і жыхар Віцебска Сяргей Каваленка.

[3] Падрабязней пра “Белоруссию” гл. у раздзеле ”Філалагічныя заўвагі”.

[4] Кастусь Каліноўскі быў павешаны не ў Вільні, не ў Вільнюсе, а менавіта ў “Вильно”.

[5] Дарэчы заўважыць, што апелятыў “жыд” набыў адмоўнае значэнне на нашых землях толькі праз расійскі антысэметызм. Да 2-га і 3-га падзелаў Польшчы, калі “нашыя” часткі ВКЛ і “Рэспублікі абодвух народаў” не належалі да Расіі, на іх тэрыторыі ужываўся апелятыў “жыды” ў нейтральным значэнні, як ва ўсёй Еўропе: “жыдзі” (польск.), “юдэн” (ням.), “жюіф” (фр.), “джу” (англ) і г. д. Пасля падзелаў гэтае слова пачало паступова ўспрымацца праз моўныя паводзіны прышлых расійскіх грамадзян і у нас як абразлівае. Так, у 1787 годзе пры наведванні Кацярынай ІІ горада Шклова паводле пратэкцыі Пацёмкіна ёю быў прыняты Ёшуа Цэйтлін з просьбай ад шклоўскіх іудзеяў не ўжываць у афіцыйных дакументах прыніжальнага ў штодзённых моўных паводзінах расійцаў слова “жыды”. Кацярына дала згоду, загадаўшы выкарыстоўваць у афіцыйных паперах Расійскай імперыі толькі слова “яўрэі”, тым самым ускосна адрэзала нашы абшары ад еўрапейкай традыцыі і закансервавала бытавы антысемітызм. У першыя гады існавання БССР рабілася спроба вярнуцца да еўрапейскай традыцыйнай назвы “жыды”, аднак савецкая ўлада не захацела развітацца з традыцыямі расійскага антысэмітызму.

Offline

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson