Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

  • Галоўная
  •  » Актуаліі
  •  » Пётра Садоўскі. Зь якімі лёзунгамі ісьці на “Чарнобыльскі шлях”?

#1 2008-05-21 16:25:45

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Пётра Садоўскі. Зь якімі лёзунгамі ісьці на “Чарнобыльскі шлях”?

Сярод тых, хто зьбіраецца прайсьці сёлета 26 красавіка менскімі вуліцамі ў калёнах “Чарнобыльскага шляху” няма адзінства адносна “парадку дня” маршу: ці разумна разам з традыцыйнымі праблемамі (здароўе насельніцтва, сельгасвытворчасьць на забруджаных тэрыторыях, адносіны да ліквідатараў, аздараўленьне дзяцей, інфармацыя для міжнародных арганізацыяў і г. д. ) выстаўляць рашуча вузкі катэгарычны лёзунг “Беларусь бязь ядзерных электрастанцыяў!”.

Безумоўна, лёзунг бязьядзернай энэргетыкі на ўзроўні штодзённай сьвядомасьці сярод большасьці беларусаў надзвычай папулярны. Паводле апошніх апытаньняў незалежных экспэртаў гэта сапраўды так. Чарнобыль нагадвае пра сябе ня толькі ў Брагінскім раёне, але, напрыклад, і ў паўночна-ўсходнім Наваполацку. Калі бацькі з гораду нафтахіміі даведваюцца з дыспансэрных аналізаў, што ў дзіцяці выяўлена пачатковая стадыя лейкозу, яны бядуюць: “Дзіва што! Нашыя ж дзеткі п’юць малачко і ад каровак, што кормяцца камбікармамі, зробленымі з брагінскага зерня! Тыя радыянукліды “размазалі” па ўсёй Беларусі!”. Пры гэтым бацькі забываюцца і на суседнюю нафтарафінэрыю-гігант, і на завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, дзе, калісьці працуючы, самі наглыталіся ўсялякай хіміі і перадалі дрэнныя гены сваім дзецям.

Трывога людзей ўзмацняецца тым, як лёгка і безапэляцыйна, без глыбокага аналізу спэцыялістаў (пра “шырокае народнае абмеркаваньне” ці нават рэфэрэндум тут гаварыць, пэўна, недарэчы) прэзідэнт і урад вузкім колам так званай кіроўнай эліты прымаюць фактычна ня толькі эканамічнае, але і геапалітычнае рашэньне, праграмуючы на будучыню адрасат “энэргнетычна-ядзернай залежнасьці”: будаваць ядзерную электрастанцыю! Не вызначыўшы, дзе і хто будзе будаваць, называюцца мала рэальныя тэрміны і прыблізныя кошты, якія як мінімум заніжаныя ў 1,5 раза. Хто з нацыянальных вучоных можа ўзначаліць будову і стаць магчымым дырэктарам станцыі? Грамадзкасьці вядома, як у Нацыянальнай акадэміі праходзіла абмеркаваньне праблемы. Ня толькі праціўнікі будаўніцтва, але і тыя, хто быў за грунтоўнае абмеркаваньне праблемы , не атрымалі слова.

Непакоіць тое, што ва ўрадавых колах хаця і гавораць пра магчымы тэндэр праектаў і падрадчыкаў для будаўніцтва асноўнага цыклу, аднак усё ўжо як бы вырашана: будаваць станцыю будуць расейскія фірмы. Вось атрымалі мы вялікі крэдыт, вось абяцаюць яшчэ большы, вось жвава пайшла расейская прыватызацыя нашых прамысловых аб’ектаў (цэны рынкавыя – “больш ніхто не дае!”), вось нашы банкі пачалі “класьціся” пад расейскія… Невыпадкова расейскі амбасадар і расейскія ядзершчыкі ненавязьліва і коратка расхвальваюць беларускім мэдыям надзейнасьць і эфектыўнасьць сваіх атамных новабудоўляў за апошнія гады. Пачытайце, напрыклад, “Беларусы і рынак” за за 18.02. 2008 г.. дзе гендырэктар канцэрна “Росэнергоатом” сп. Аляксандар Лакшын у сваім інтэрвію выказвае упэўненасьць, што “Беларусь будзе імпартэрам расейскай энэргаатамнай галіны”. Ён канстатуе: “За апошнія тры гады на ўсіх эксплятаваных 31 энэргаблёках расейскіх АЭС не было ніводнай аварыі…”, “Паводле надзейнасьці мы ўваходзім у першую тройку ў сьвеце, зараз мы ўжо, магчыма, і першыя…”.

На жаль, нам добра вядома расейскае “Авось!”, пра якое пісаў у свой час яшчэ Аляксандр Пушкін у 10-м разьдзеле “Яўгенія Анегіна”: “Авось!”, о Шибболет народный, тебе б я оду посвятил…”. Ведае гэта добра і сам сп. Лакшын, які быў колісь дырэктарам Смаленскай АЭС і зьбіраўся стаць кіраўніком АЭС у Беларусі, пад якую ўжо закладалася пляцоўка пад Рудзенскам, што на Міншчыне. Тое будаўніцтва было прыпынена катастрофай у Чарнобылі. Ня ўсё так танна, празрыста і бліскуча ў расейскім ядравым каралеўстве.
Варта толькі павандраваць па эўрапейскім інтэрнэце, набраўшы ключавыя словы на любой замежнай мове (лепш на нямецкай, французскай ці ангельскай”), такія, напрыклад, як “Ядзерныя электрастанцыі” (у Эўропе зараз рэдка ўжываюць тэрмін “атамныя”), “Фірмы-будаўнікі ЯЭС”, “Аварыі на ЯЭС”, “Эфектыўнасьць ЯЭС”, “Нямецкія ЯЭС”, “Французскія ЯЭС”, “Рускія ядзершчыкі ў Кітаі”, “Рускія ядзерныя спэцыялісты ва Ўсходняй Эўропе”, “Зялёная кніга -- Энэргія будучыні”, спэцыяльныя сайты “Эўрапейская ядзерная індустрыя”, “Захворваньні насельніцтва і ЯЭС” і г. д., як адчынецца трохі іншая інфармацыя. Зь яе вынікае, што расейская ядзерная індустрыя – адна з самых закрытых у сьвеце.

На мой погляд, найбольш аб’ектыўныя -- нямецкамоўныя сайты, таму што Нямеччына ўжо добрых гадоў 15 адкрыта дыскутуе гэтую праблему і будавала станцыі паводле сваёй уласнай тэхналёгіі (Siemens). Французы будуюць паводле амэрыканскіх ліцэнзіяў, японцы – паводле сваіх і толькі сабе. Пры канцлерстве Шродэра, калі пры ўладзе былі сацыял-дэмакраты, Нямеччына плянавала закрыць апошнюю ЯЭС у 2021 годзе пад лёзунгам “Ausstieg aus der Kernenergetik” (“Выхад зь ЯЭ”). Аднак на час кіраваньня кааліцыйнага ураду пры канцлерцы Мэркэль, калі пачалася ўсясьветная нафта-газавая крыза, геапалітычны энэргетычны націск Расеі на Эўразьвяз ды абвастрылася праблема аховы навакольнага асяродзьдзя ў фармаце Кіёцкага пратаколу, грамадзка-палітычная думка пачала зноў хіліцца ў бок ЯЭС. У немцаў пад ціскам ХДС на парадак дня стаў лёзунг “Ausstieg aus dem Ausstieg” (“Выхад з выхаду”). Як кампраміс потым было прынята рашэньне працягнуць на некаторых станцыях тэрмін эксплюатацыі на некалькі гадоў. Зараз пытаньне застаецца адкрытым. Англамоўныя сайты нараджаюцца галоўным чынам паводле інфармацыі МАГАТЭ і нават паводле дызайну носяць рэклямны характар (у шапках артыкулаў напамін пра 16% вытворчасьці глябальнай электрычнасьці на ЯЭС, пра адсутнасьць выкідаў CO2, дробнага пылу і прычынаў смогу і г. д. ).
Прымаючы пад увагу, што на ўсясьветным рынку энэрганосьбітаў і будаўніцтва электрастанцыяў існуе канкурэнцыя, дзе Расея займае не апошняе месца, можна дапусьціць, што ў інфармацыі, зьмешчанай на сайтах ЭЗ, Японіі і ЗША, ёсьць пэўная доля перабольшаньня ў крытычных выказваньнях на адрас расейскіх фірмаў, аднак Беларусі, якая мае нэгатыўны чарнобыльскі досьвед ды імкнецца да дывэрсыфікацыі крыніцаў атрыманьня энэрганосьбітаў, трэба ведаць поўную праўду. На замежных сайтах паведамляецца, што паводле неафіцыйных зьвестак, расейскія фірмы мелі за апошнія два гады сур’ёзныя збоі на будаўніцтве ЯЭС у Кітаі, якія пацягнулі за сабою нават штрафныя санкцыі. Пры гэтым Расея ня хоча адкрыта дзяліцца падобнай інфармацыяй. Выказваецца сумнеў у пасьпяховасьці расейскіх праектаў, якія плягуюцца ў Цэнтральнай Эўропе, падкрэсьліваецца прапагандысцкі характар тэрмінаў і коштаў будаўніцтва аднаго энэргаблёку стандартнай магутнасьці, які дакляруюць расейскія спэцыялісты. Паводле МАГАТЭ і нямецкіх крыніцаў расейскія праекты не фігуруюць сярод найбольш эфэктыўных і надзейных. У першай дзесятцы па эфэктыўнасьці і безаварыйнасьці праектаў (узровень В і С) першых сем пазыцыяў займае Нямеччына. На другім месцы – Японія.

Трэба думаць. Чым залежнасьць па урану лепшая, чым залежнасьць па газу і нафце? Як будуць расьці кошты ядзернага паліва і тэхналёгіяў захаваньня адпрацаваных рэшткаў ядзернага паліва? Як будуць расьці кошты будматэрыялаў і аплата спэцыялістаў? Рынак працоўнай сілы для ядзершчыкаў цяпер адчынены па ўсім сьвеце. Спэцыялістаў, калі яны будуць падрыхтаваныя за нашыя грошы, не прывяжаш. Яны паедуць туды, дзе будуць “атамныя” заробкі. Як гэта вытрывае наша эканоміка?

У фармаце “Энэргетычнай Хартыі” спэцыяльная экспэртная камісія ЭЗ яшчэ ў 1998 годзе перадала ў Эўрапейскую Раду і Эўрапарлямант зварот да краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і краінаў СНД, якія плянуюць будаваць новыя ЯЭС, распачаць празрыстае супрацоўніцтва Расеі і Эўразьвязу у падрыхтоўцы спэцыялістаў, узаемным інфармаваньні пра бясьпечныя тэхналёгіі, выпадкі і характар аварыяў, бо бясьпека эксплюатацыі ядзерных установак перастае быць справай толькі краіны разьмяшчэньня. Гэты дакумэнт можна знайсьці ў Інтэрнэце, зарэгістраваны 2. 04. 1998 г. пад шыфрам КОМ (98) 0134-С4-0314/98 у Камітэце Эўрапарляманта у справах навуковых дасьледаваньняў, тэхнічнага разьвіцьця і энэргетыкі.

Пытаньне абмяркоўвалася таксама ў Камітэце ЭП у справах зьнешніх сувязяў, бясьпекі і абароны, бюджэту і зьнешнеэканамічных сувязяў. У “Белай кнізе пра энэргетычную палітыку ЭЗ” таксама адзначаецца недастатковая гатоўнасьць Расеі ісьці на празрыстае супрацоўніцтва з ЭЗ ў галіне ядзернай энэргетыкі.
Набліжэньне да рынкавых коштаў газу і нафты штурхаюць грамадзкую думку і вучоных Беларусі да больш памяркоўнага стаўленьня да будаўніцтва ЯЭС на нашай тэрыторыі. Аднак, як ужо адзначалася, глыбокага ўсебаковага абмеркаваньня праблемы з удзелам экспэртаў шырокага профілю, у краіне не адбылося. З матэрыялаў двух круглых сталоў, якія былі арганізаваныя у лютым 2008 г. камісіяй БНФ у справах захаваньня навакольнага асяродзьдзя і аналітычнай камісіяй, вынікае, што станавіцца на папулісцкі шлях катэгарычнага адмаўленьня ад будаўніцтва ЯЭС без комплекснага абмеркаваньня праблемы ў фармаце агульнай энэргетычнай бясьпекі краіны, - няслушна як з тэхналягічна-эканамічнага, так і з палітычнага пункту гледжаньня. Галоўны экспэрт, які выступаў на адным з абмеркаваньняў, працаваў 5 гадоў у Вене ў МАГАТЭ і больш за 20 гадоў у Інстытуце ядзерных дасьледаваньняў Акадэмі Навук, наведаў добры дзясятак ядзерных электрастанцыяў на розных кантынентах, не выказаўся рашуча на карысьць таго або іншага варыянту. Адзначыўшы, што водныя, ветравыя і сонечныя рэсурсы нашай краіны даволі сьціплыя, а здабываньне энэргіі празь цяпло зямных недраў і біярэсурсаў вельмі дарагія і патрабуюць надзвычай вялікіх тратаў вады, якая ў хуткім часе можа стаць стратэгічным прадуктам на Зямлі, вучоны не выключыў магчымасьць разумнай каапэрацыі ў будаўніцтве ЯЭС з суседнімі краінамі пры адной умове абсалютнай празрыстасьці праекту і надзейнасьці будаўніка.

Сапраўды, калі мы дапускаем думку сапраўднага супрацоўніцтва з ЭЗ, у тым ліку і ў энэргетычнай сфэры, напрыклад, пры акцыянаваньні трубаправоднай ці іншых энэргасістэмаў, то чаму б нам не зьвярнуцца да ЭЗ і балтыйскіх дзяржаваў з прапановай далучыцца на паявых прынцыпах да будаўніцтва ЯЭС, што плянуецца паводле эўрапейскага праекту для балтыйскіх краінаў? Тут можна было б сапраўды ўкласьціся ў агучаныя 5-6 мільярдаў і забясьпечыць тыя дадатковыя жаданыя 16% энэргіі. Была б тут і геапалітычная і ўсялякая іншая дывэрсэфікацыя, якая б паглыбіла праграму так званага “звышпамежнага супрацоўніцтва” Беларусі як “краіны-суседу” Эўразьвязу. Такі статус мы маем пасьля далучэньня Польшчы і Балтыі да ЭЗ. Мне асабіста даводзілася чуць ад дэпутатаў Бундэстагу, што такі варыянт мог бы стаць зусім мажлівым, калі б Беларусь трошкі вызвалілася з расейскіх абдымкаў. Было гэта, праўда, гады два таму, пасьля нашага першага энэргетычна-газавага канфлікту з Расеяй. Ня ведаю, што думаюць нямецкія парлямантары зараз. Нашае кіраўніцтва ўжо столькі ўсяго нагаварыла і на ЭЗ, і на ЗША, і на Балтыю, у чыіх банках шмат амэрыканскіх даляраў.
Некаторыя аналітыкі і нават спэцыялісты-ядзершчыкі (пэнсіянэры і актыўныя) падчас актуальных спрэчак часам кажуць: “Ужо ўвесь цывілізаваны сьвет адмаўляецца ад ЯЭС. А мы лезем у гэтую пятлю… Вунь той і той амэрыканскі міліярдэр, які ўмее лічыць грошы, адмовіўся фінансаваць у такім і такім штаце будаўніцтва станцыі нават найноўшай канструкцыі…”. Міліярдэры, канешне, грошы лічыць умеюць. На жаль, статыстыка хутчэй гаворыць адваротнае: большасьць прамыслова разьвітых краінаў паводле вядомых прычынаў за апошнія гадоў дзесяць зноў паварочваецца да ядзернай энэргетыкі.

На заключэньне прывяду некаторыя лічбы, узятыя з Інтэрнэту (стан канец 2007 г.) з сайтаў World Nuclear Association, Kernkraftwerke, World Nuclear Industry, European Nuclear Security і некаторых іншых. Разыходжаньні могуць быць значныя. Адны крыніцы лічаць блёкі, другія – станцыі.
•    Усяго ў сьвеце працуе 443 ЯЭС.
• Да 2030 году у “вялікай васьмёрцы” (разам з Расеяй) , Кітаі, Індыі, Бразіліі спажываньне энэргіі падвоіцца.
• Сярод краінаў “васьмёркі” толькі ФРГ ня вырашыла пытаньня пра лёс ЯЭС.
• 31 краіна эксплюатуе ЯЭС (стан: канец 2006 г.)
•    13 краінаў плянуюць распачаць упершыню будаўніцтва ЯЭС (канец 2006 г.).
•    ЯЭС даюць на сёньня 16% электраэнэргіі на Зямлі. У краінах ЭЗ – звыш 30%.
•    Кітай плянуе пабудаваць да 2050 г. 100 ЯЭС. Штотыдзень здае ў эксплюатацыю адну цеплавую электрастанцыю.
•    Расея эксплюатуе 31 блёк, плянуе штогод уводзіць у эксплюатацыю 4 рэактары.
•    Працэнт ЯЭ ад агульнай колькасьці выпрацаванай электраэнэргіі ў некаторых краінах (статыстыка вагаецца):
Францыя (59 станцыяў, 78%), Літва ( 1 ст., 70-72%), Славакія (5 ст., 56%), Бельгія (7 ст., 55-56%), Швэцыя (10 ст., 48-49%), Україна (15 ст., 45-48%), Славенія (1 ст., 42%), Швайцарыя (5 ст., 40-42%), Кітай (10 ст., 2%), Індыя (16 ст., 3%).
•    Кошты і пэрспэктывы на уранавым рынку можна знайсьці на сайце www.uxc.com.
Кошты вызначаюцца у амэрыканскіх далярах за адзін брытанскі фунт (445 г.). Агульная тэндэнцыя – рост кошту. З 1992 па 2007 г. прапанова была меншая, чым попыт. У сьвеце адна новая уранавая шахта здаецца ў эксплюатацыю прыблізна кожныя 10 гадоў.
•    За апошнія гады шмат якія краіны закрылі пэўную колькасьць ядзерных блёкаў: Францыя – 11, Расія – 12, Англія – 22, Германія – 19, Україна – 4, Італія – 4. Аўстрыя пабудавала ЯЭС у Цвэнтэндорфе. Аднак пад ціскам выніку рэфэрэндуму не ўвяла ў эксплюатацыю.
•    З 2006 году самая магутная фірма ў сьвеце, якая будуе ЯЭС, - японская Toshiba. Японія мае 55 энэргаблёкаў, будуецца адзін, заплянавана каля 10 новых.
•    Куба, Аўстрыя, Філіпіны пабудавалі па адной ЯЭС, але па розных прычынах не запусьцілі.

Offline

 
  • Галоўная
  •  » Актуаліі
  •  » Пётра Садоўскі. Зь якімі лёзунгамі ісьці на “Чарнобыльскі шлях”?

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson