Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-05-21 16:21:44

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Пётра Садоўскі. Энэргетычная бясьпека: геапалітыка, эканоміка і экалёг

На мінулым тыдні адбылося другое пасяджэньне аналітычнай камісіі партыі БНФ, прысьвечанае праблемам энэргетычнай бясьпекі. Пра вынікі і высновы першага круглага стала паведамлялася ў публікацыі “Зь якімі лёзунгамі ісьці на Чарнобыльскі шлях?”, зьмешчанай на нашым галоўным сайце 7 красавіка. На другім абмеркаваньні выступілі Л. Баршчэўскі, В. Вячорка, старшыня камісіі ў пытаньнях экалёгіі Ю. Меляшкевіч, акадэмік І. Нікітчанка, выпускнік МВТВ імя Баўмана, антыкрызысны мэнэджэр к.т.н. М. Бурак ды эканамічны аналітык М. Залескі. Выступоўцы адзначалі імпульсіўную і непразрыстую дынаміку афіцыйных расейска-беларускіх двухбаковых адносінаў, зноў вярталіся да пытаньня арганізацыі грамадзкага абмеркаваньня мэтазгоднасьці будаўніцтва ЯЭС да сканчэньня афіцыйнага тэрміну мараторыю на будаўніцтва (красавік 2009 г.), закраналі праблемы рэсурснага патэнцыялу краіны, структуры эканомікі, рэальна неабходных аб’ёмаў энэргіі з улікам пэрспэктыўнага стабільнага разьвіцьця, альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі, выдаткаў на энэргазьберагальныя тэхналёгіі ў параўнаньні з затратамі на будаўніцтва ЯЭС, захаваньня правоў грамадзянаў на экалягічную бясьпеку ў адпаведнасьці з міжнароднымі забавязаньнямі Беларусі. З улікам эўрапейскай арыентаванасьці праграмных дакумэнтаў БНФ абмяркоўваліся магчымыя формы ініцыятываў партыі для дыялёгу з урадам і эўраарганізацыямі наконт набліжэньня да канцэпцыяў энэргетычнай бясьпекі ЭЗ (зважаючы на трансгранічны кантэкст праблемы). Выступы шмат у чым пераклікаліся з абмеркаваньнямі першага круглага стала, былі адкрытыя і эмацыйныя.
Ня маючы магчымасьці працытаваць цалкам кожнага з выступоўцаў. даю ў папулярным пераказе хаду круглага стала. Якая вымалявалася карціна?

Ад беларуска-расейскай газавай сваркі да сакрэтных абдымкаў

Падчас другой расейска-беларускай газавай крызы беларускія тэлегледачы паціралі вочы і дзівіліся, як міністар замежных справаў РБ сп. Мартынаў усьлед за прэзыдэнтам, толькі больш зграбна, фармуляваў канцэпцыю беларускай энэргабясьпекі, амаль слова ў слова паўтараючы канцэпцыю БНФ пачатку 90-х гадоў, сфармуляваную ў дыскусіях ВС 12-га скліканьня: мы не павінныя арыентавацца на адну Расею. Наш лёзунг – дывэрсыфікацыя. Не такі вялікі час прайшоў, -- і на табе: зноў таемныя сяброўскія абдымкі пад кажухом так званай Саюзнай дзяржавы. Расейская дзяржава актывізавалася сама ды багацеяў сваіх – пад уласнымі і пад чужымі вывескамі -- заахвочвае ўкараняцца на беларускай прасторы. Кошты на энэрганосьбіты падымаюць памяркоўна, даюць немалыя крэдыты і новыя абяцаюць, скупляюць пакеты банкаўскіх ды заводзкіх акцыяў. Больш за тое: ядзерную электрастанцыю зьбіраюцца нам будаваць. Так з кіраўніком нашай дзяржавы дамовіліся. Гендырэктар канцэрна “Росэнергоатом” сп. Аляксандар Лакшын выказвае упэўненасьць, што “Беларусь будзе імпартэрам расейскай энэргаатамнай галіны”. Ён канстатуе: “За апошнія тры гады на ўсіх эксплятаваных 31 энэргаблёках расейскіх АЭС не было ніводнай аварыі…”, “Паводле надзейнасьці мы ўваходзім у першую тройку ў сьвеце, зараз мы ўжо, магчыма, і першыя…”. (Гл. “Беларусы і рынак” за 18.02. 2008 г.). Аднак надзейнасьць расейскіх ядзерных праектаў патрабуе крытычнага аналізу. Дарэчы, з часу першага круглага стала – люты 2008 г. – нават на расейскамоўных недзяржаўных сайтах зьявілася некалькі інфармацый пра аварыі на двух расейскіх энэргаблёках. Замежныя крыніцы інфармацыі адзначаюць закрытасьць расейскіх ядзерных праектаў.

Калі расейскія праекты нават акажуцца надзейнымі, то чым ядзерная залежнасьць лепш за нафта-газавую? Куды пойдзе Расея ў сваёй унутранай і зьнешняй палітыцы? Хто гаспадар у Расеі? Хто будзе фінансаваць ды будаваць келейна запланаваную ядзерную электрастанцыю на нашай тэрыторыі? Хто будзе “пілаваць” тыя магчымыя мільярдныя крэдыты і чым гэта закончыцца? На кожнага беларуса наступнага пакаленьня ляжа доўг на больш як 1000 даляраў.

Колькі нам трэба той электраэнэргіі?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба ведаць, што мы будзем ў найбліжэйшы час вытвараць, будаваць, экспартаваць, сабіраць, прадаваць, перавозіць … Кіраўніцтва дзяржавы працуе, як кажуць, з калёс: асноўны загрузачна-разгрузачны абоз пакуль цягнецца ў Расею, па трубах на Захад ціха цякуць нафтапрадукты, пад фанфары едуць на пясчаныя тэрэны эйкумэны калійныя ўгнаеньні па 600 даляраў за тону, а паралельна імпульсіўна і зыгзагамі бягуць фурманкі зь яшчэ савецкімі запасамі зброі і новымі экспартна-імпартнымі праектамі ў Вэнэсуэлу, Кітай, Віетнам, Сырыю, Іран… Яно і добра, што з калёс, што ня ўсё ляжыць на складах, як чыгунныя мыйкі для посуду. І заходнія бізнэсоўцы працуюць “з калёс”, і рынкавыя заходнія дзяржавы апэратыўна рэагуюць на зьмены каньнктуры, але ж калькулююць, што страшней: CO2 ці ядзерная рызыка? Двухблёкавая станцыя будуецца гадоў 10, будаўніцтва пацягне каля 10 млрд. даляраў, агрэгат функцыянуе гадоў 30-40. Фунт (445 г.) урану Uranoxid U3 O8 каштуе паводле стану на пачатак 2008 г. прыблізна 113 US-$. Выходзіць, за адну тону калійных угнаеньняў можна купіць больш за 2 кг урану. Колькі урану зьесьць адзін сярэдні блёк за год? А колькі каштуе “склад” для захаваньня адкідаў? Якую суму трэба ўкласьці ў падрыхтоўку і аплату спэцыялістаў? А калі ўсё гэта ўкласьці ў новыя зьберагальныя энэргатэхналёгіі? Ці дадуць рэальна значную лічбу так званыя альтэрнатыўныя крыніцы (вада, вецер, цяпло зямлі і г. д.) ва ўмовах беларускага ляндшафту, клімату і геалягічнай спэцыфікі?

Пра гэта спрачаецца ўвесь сьвет. Немцы – ня самыя благія гаспадарнікі, аднак вось дыскутуюць ужо гадоў дваццаць. З усёй “васьмёркі” на сёньняшні дзень адны яны ня вызначыліся cтаноўча адносна будучыні ядзернай энэргетыкі (падрабязнасьці пра немцаў можна прачытаць ва ўзгаданым раней артыкуле). У нас, на жаль, да адкрытага дзяржаўнага абмеркаваньня з удзелам спэцыялістаў не дайшло. Прэзідэнт і урад надавілі на вучоных і тыя пагадзіліся: будаваць! Савет бясьпекі прыняў геапалітычнае рашэньне: будаваць! І, як кажуць, -- паводле маўклівай згоды – амаль прызначылі выканаўцу-падрадніка, -- Расею. Калі-некалі, пэўна, для антуражу, ўзгадваецца Францыя як магчымы ўдзельнік “тэндэру”.
Такі падыход правакуе павярхоўную “зялёную” рэакцыю грамадзкасьці: Беларусь не павінна мець ядзерных электрастанцыяў. Без асабліва глыбокага аналізу перабольшваецца магчымая роля альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі, лічба эканоміі энэргіі за кошт энэргазьберагальных тэхналёгіяў абяцаецца да 40% (апанэнты даюць 14-15%), сьцьвярджаецца, што ўсе краіны адыходзяць ад ядзернай энэргетыкі (прыводзяцца састарэлыя дадзеныя), хаця тэндэнцыі апошніх 5-7 гадоў адваротныя …

Прывяду кароткія цытаваньні з выказваньняў некаторых выступоўцаў:

І. Нікітчанка: ”Хто ў нас зь дзяржаўных мужоў падлічыў, колькі нам трэба той энэргіі? Колькі яе трэба нарошчваць? Калі мы выканаем тую заплянаваную астранамічную лічбу з улікам кошту будаўніцтва ЯЭС, то на нашых цяперашніх ужо 9 млн. 700 тысячах жыхароў павісьне на кожнага доўг на 1237 даляраў… Трэба зьніжаць энэргаёмістасьць вытворчасьці… На цеплавыя станцыі трэба ставіць газавыя ўстаноўкі… Наш трактар робіць на полі 7 ходак там, дзе амэрыканскі дзве. Вось дзе трэба шукаць рэзэрвы…”

М. Залескі : “Пры нашай галоснасьці мы ня будзем ведаць, хто і як будзе распараджацца тымі крэдытамі. І што гэта будуць за крэдыты. Чыноўнікам галоўнае атрымаць вялікія грошы, а яны тады будуць думаць, як ціха “расьпілаваць” тыя мільярды. Хто каму будзе даваць адкат, як будзе будавацца і працаваць тая станцыя, пасьля ў жо мала каго зь іх гэта будзе цікавіць…

Л. Баршчэўскі: “Нельга ўсё так з парогу адмаўляць. Трэба аналізаваць комплексна пытаньне энэргетычнай бясьпекі дзяржавы. Калі будаваць ЯЭС, то важна, каб гэта было надзейна і ня ставіла нас ў канчатковую залежнасьць ад адной краіны. Расея тут, мякка кажучы, ня лепшы кандыдат, калі не сказаць прама – немагчымы. На Чарнобыль ня трэба забывацца, але ж ня трэба мець рамантычных ілюзіяў наконт альтэрнатыўных крыніцаў і не перабольшваць магчымасьцяў энэргазьберажэньняў. Трэба прыглядацца да практыкі эўрапейскіх краінаў з цывілізаванымі гаспадарчымі адносінамі і ўзважана пераймаць станоўчы досьвед”.

Ю. Меляшкевіч: “Рашэньне беларускага ураду і Савету бясьпекі, якія прынялі рашэньне пра будаўніцтва АЭС без публічнага абмеркаваньня са спэцыялістамі і шырокай грамадзкасьцю пярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі. Я маю на ўвазе перш за ўсё наша далучэньне да Оргускай канвэнцыі 1998 г., якое гарантуе кожнаму грамадзяніну доступ да экалягічнай інфармацыі…Спасылкі на таннасьць ядзернай энэргетыкі – рэч спрэчная. Ня трэба забывацца, што запасы ядзернага паліва ў сьвеце даволі абмежаваныя, а кошты на іх імкліва растуць. Я ўжо не кажу пра кошты будаўніцтва сховішчаў для адпрацаваных ядзерных рэчываў. Міжнародная практыка, замацаваная ў адпаведных дакументах, прадугледжвае вырашэньня гэтага пытаньня ў першую чаргу…”

В. Вячорка: “Варта прыгледзецца да сучаснага падыходу эканамічна разьвітых краінаў Эўропы. Наша партнэрская Эўрапейская народная партыя, якая прытрымліваецца традыцыйных касэрватыўных падыходаў у пытаньнях нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі, артыкулюе збалянсаванае рэалістычнае стаўленьне да сучаснага разьвіцьця ядзернай энэргетыкі з улікам рамачнай канцэпцыі Эўрапейскай энэргетычнай хартыі…”

М. Бурак: “Трэба рэальна ацэньваць наш нацыянальны рэсурс – эканамічныя магчымасьці, патэнцыял спэцыялістаў, агульны характар гаспадарчых адносінаў паміж суб’ектамі гаспадараньня… У нас – пэрманэнтны крызыс адносінаў, ад самага верху да самага нізу… АЭС – гэта збудаваньне, якуе патрабуе вакол сябе моцную піраміду сістэмных адносінаў, што павінныя працаваць бяз збою… Мне даводзілася працаваць ў сістэме савецкіх АЭС, я ведаў шмат спэцыялістаў зь Беларусі. Зараз я бачу толькі адзінкі… Адны зь іх – у Расеі, другія – ў ЗША, трэція – ў Ізраілі. Спэцыялістаў для АЭС трэба расьціць гадамі…”

П. Садоўскі: Калі партыя БНФ сапраўды пасьлядоўна адстойвае эўрапейскі выбар, сфармуляваны ў праграмных дакумэнтах, то варта разглядаць канцэпцыю энэргабясьпекі Беларусі як трансгранічны эўрапейкі праект і зараз тэрмінова наладжваць грамадзкае абмеркаваньне. Не адмаўляючыся катэгарычна ад ЯЭС, трэба тэрмінова афіцыйна зьвярнуцца да ураду РБ і Эўракамісіі (з улікам неабходнасьці дывэрсыфікацыі энэргакрыніцаў і непразрыстасьці і ненадзейнасьці расейскіх ядзерных праграмаў, пра што сьведчыць нежаданьне Расеі далучацца да Оргускай канвэнцыі) з прапановай разгледзець магчымасьць далучэньня Беларусі да балтыйскага кансорцыюму на базе новай Ігналінскай ЯЭС пад эгідай ЭЗ. Магчымая і верагодная адмова ураду РБ ня зробіць гэты крок бескарысным. Ідэя энэргабясьпекі Беларусі ў межах Эўрапейскай энэргетычнай хартыі павінна стаць на парадак дня нашай практычнай працы. На першым круглым стале я цытаваў дакумент эўраэкспэртаўЭўракамісіі (зарэгістраваны 2. 04. 1998 г. пад шыфрам СОМ (98) 0134-С4-0314/98 у Камітэце Эўрапарлямэнту ў справах навуковых дасьледаваньняў, тэхнічнага разьвіцьця і энэргетыкі), скіраваны да краінаў СНД, якія плянуюць будаўніцтва ЯЭС. Там якраз гаварылася пра закрытасьць ядзерных праектаў Расеі і магчымыя эксплюатацыйныя рызыкі расейскіх ядзерных установак. Пісьмо такое мною падрыхтавана…”

А. Стральцоў: “Спроба далучыцца да балцкага кансорцыюму бачыцца мне вельмі пэрспэктыўнай з стратэгічнага пункту гледжаньня, нават калі на першы час станоўчых вынікаў адразу не атрымаецца…”.
Пра адносіны Расеі да Оргускай канвэнцыі і пра Оргускі цэнтар у Менску

Гэта ўжо не з матэрыялаў круглага стала. Гэта вынікі майго невялікага амаль дэтэктыўнага пошуку. Мне было цікава ведаць, якія адносіны існуюць на практыцы паміж урадам Беларусі і цэнтрам і як яны сутыкаюцца з расейскай інфармацыяй пра экалягічную бясьпеку ядзерных праектаў. Не займаючыся дэталёва пытаньнямі экалёгіі і не маючы поўнага тэксту Оргускай канвэнцыі і магчымых пабочных дакументаў, пачаў я вандраваць па Інтэрнэце. Ад нашых эколягаў у папулярных выданьнях нічога падрабязнага дагэтуль прачытаць не давялося. Асобнага сайту цэнтру ніяк ня мог знайсьці (як высьветлілася пазьней, яго проста няма). З агульных зьвестак пра Оргускую канвэнцыю пра доступ да інфармацыі, удзел грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступ да правасудзьдзя ў пытаньнях асяродзьдзя, якая была падпісаная 41 краінай – у тым ліку і намі – 25.06. 1998 г. у данскім горадзе Оргус (Århus або пры адсутнасьці ў друкарцы “А” з кружочкам -- Aarhus) і ўступіла ў сілу 30, 10. 2001 г., даведаўся, што пытаньні гэтай канвэнцыі знаходзяцца ў адміністрацыйным веданьні ААН, а не АБСЭ (яна выступае як партнэрская арганізацыя) і што паводле афіцыйных зьвестак (osce.org/eea) у Мінску з лістападу 2005 г. існуе Оргускі цэнтар з бібліятэкай, кампутарамі, юрыстамі і да т. п.

Бадай галоўным адкрыцьцём для мяне быў факт, што Расея ня хоча далучацца да Оргускай канвэнцыі і адпаведна пакідае за сабою права не даваць поўную інфармацыю пра стан экалёгіі ў сувязі з эксплюатацыяй ядзерных аб’ектаў рознага прызначэньня. Беларусь падпісала тэкст адразу і без агаворак і заяваў. Але не ратыфікавала, а толькі адобрыла, што на практыцы можа мець істотныя юрыдычныя вынікі ў выпадку судовых зваротаў грамадзянаў па экалягічных пытаньнях. Абсалютная большасьць краінаў ратыфікавала Канвэнцыю. Існуюць чатыры ступені афіцыйнага ўдзелу ў канвэнцыі: ратыфікацыя, прыняцце-акцэптаваньне, адабрэньне і далучэньне. Адпаведна ў англамоўнай юрыдычна-міжнароднай практыцы: Ratification, Acceptance (A), Approval (AA), Accession (a).

Эўропа пераконвае, просіць і нават дае грошы на праекты, каб выхаваць расейскую вайсковую і адміністрацыйную эліту ў духу адкрытасьці да сьвету. На гэты конт ёсьць шмат матэрыялаў ў Інтэрнэце. Як нашым чыноўнікам Захад імкнецца прывіць дэмакратыю, так зь меркаваньняў трансгранічнай бясьпекі краіны-удзельніцы Оргускай канвэнцыі стараюцца “стыкавацца“ з расейскімі ядзернымі праектамі. Так, шырокі розгалас атрымаў праект Данскага агенцтва ў справах аховы навакольнага асяродзьдзя (DANCEE) 2003 г. для разгортваньня кампаніі далучэньня да Оргускай канвэнцыі ў Расеі (Public Outreach Compaign in Russia Concerning the Aarus Convention).
А што ж з Оргускім цэнтрам у Менску? Супрацоўнікам звычайнай даведкі (109) прыйшлося па літарах (Орша, Рэчыца, Хоцімск, Уваравічы, Салігорск) сьлібізаваць назву. Не знайшлі. Значыць, ніхто да мяне не пытаўся. Тады, кажу, дайце АБСЭ. Праз АБСЭ знайшоў тэлефон Оргускага цэнтру. На другім канцы проваду азваўся мужчынскі голас, даволі ветлівы, і з душэўнай прастатой паведаміў, што з 2005 г., калі Цэнтар афіцыйна быў зарэгістраваны, зь Міністэрствам аховы навакольнага асяродзьдзя РБ дагэтуль не падпісаная дамова аб супрацоўніцтве. На маё пытаньне, ці былі якія “прэвэнтыўныя” кантакты Цэнтру з Урадам Беларусі з нагоды прыняцьця Саветам бясьпекі РБ рашэньня пра будаўніцтва ЯЭС, мужчынскі голас адказаў: “Гэта ня нашая справа. Чаму гэтыя кантакты павінны быць... Мы павінныя рэагаваць на скаргі грамадзянаў, такіх пакуль не было…”. На пытаньне пра магчымую юрыдычную кансультацыю ў Цэнтры голас адказаў: “На жаль, пакуль дамова з Міністэрствам не заключаная, грошай на юрыстаў у нас няма.” Увогуле ж голас ветліва запрашаў наведаць Цэнтар, які месьціцца на вул. Веры Харужай 31А, пакой 218, тэл. 334-67-11, што было надзвычай прыемна.

Вось сабе думаю, збудуюць расейскія алігархі нам за шэрыя грошы з адкатам станцыю, бабахне яна, пабяжым мы скардзіцца ў Цэнтар, а там скажуць: “Пардон, у нас нават дамовы з Вашым міністэрствам няма і юрыстаў няма. Беларусь Канвэнцыю толькі адобрыла, а Расея ўвогуле не далучалася. Вы павінныя гэта былі ведаць! Пра які доступ да юрыдчна-судовай інфармацыі Вы гаворыце, таварышы-грамадзяне?”.

І яшчэ адна прыемнасьць. Калі ў канцы гутаркі па тэлефоне да пачатковага “грамадзянін РБ” я назваў сваё імя, прозьвішча і па бацьку і запытаўся, каму я павінен быць удзячны за падрабязную інфармацыю, голас на тым баку назваў сябе і перапытаў: “Дык гэта Вы той Садоўскі, які некалі працаваў ў Лінгвістычным універсітэце?”. “Так,”, -- кажу. – А Вы той Савасьценка-марксіст, які некалі працаваў у нас сакратаром партбюро Інстытуту?”. У 1969 годзе сп. Савасьценка падтрымаў прапанову пра маё выключэньне з выкладчыцкага складу Інстытуту за “неадпаведнасьць займанай пасадзе паводле маральнага аблічча”, артыкул КЗОТ’у СССР 47В.

Меў рацыю к.т.н. Мечыслаў Бурак, калі на другім круглым стале сказаў: “ЯЭС – частка вялікай піраміды грамадства…”. Вось сядзіць былы савецкі парторг-пэнсіянэр ў міжнароднай місіі нашай цяперашняй піраміды, а пра Беларусь і экалёгію яму, як кажуць, і ня шум баравы…

P.S.
Калі артыкул быў ужо напісаны, трапіўся мне на вочы прэс-рэліз руху руху “За Свабоду” ад 14 красавіка, дзе расказваецца пра круглы стол “АЭС – выклік cучаснасці і будучыні”, што прайшоў “пры падтрымцы руху ў межах падрыхтоўкі да Чарнобыльскага шляху”. У тэксьце паміж іншым паведамляецца, што “ў дыскусіі прымалі ўдзел кандыдат тэхнічных навук Юры Варонежцаў, кіраўнік сацыяльна-экалагічнага саюзу “Чарнобыль”, пісьменнік Васіль Якавенка, прафесар фізікі Рыгор Лепін, старшыня чарнобыльскай камісіі Партыі БНФ, актывіст Руху “За Свабоду”, эколаг Юры Меляшкевіч, былы супрацоўнік МЗС, актывіст Руху Карэн Акопаў ды іншыя…”. На заключэньне ў тэксьце адзначаецца: “У свеце зусім іншая тэндэнцыя. З 1991 года ў Еўропе распачата будаўніцтва толькі 1 АЭС (у Фінляндыі)…” У ЗША – паводле Юрыя Варонежцава -- атамныя станцыі не будуюцца з 1978 году…

Я – ня фізік, але статыстыкай ды тэкставай інфармацыяй пра адносіны краінаў да ЯЭС валодаю. Кнігу праф. Лепіна і нябожчыка І. Смоляра, былога старшыні ВС 12 скліканьня прачытаў уважліва. Смоляр быў маім суседам і калегам у Прэзыдыюме ВС. Брашуру праф. Лепіна я прачытаў з алоўкам у руцэ, бо ён у свой час прасіў мяне перакласьці яе на нямецкую мову. Я адмовіўся, спасылаючыся на састарэласьць падыходаў аўтара і зьмену палітычнай каньюнктуры ў ФРГ. З публіцыстыкай В. Якавенкі я добра знаёмы яшчэ з канца 80-х гадоў. Чытаў і ягоную апошнюю публікацыю ў “Народнай волі” за 10 красавіка 2008 г. Неаднойчы чуў я і выступы Юрася Меляшкевіча. Дасьледаваньні Мілінкевіча як фізіка не чытаў. Цалкам падзяляю гнеў аўтараў і заклікі да грамадзкай актыўнасьці супраць келейнага прыняцьця лёсаносных рашэньняў. Аднак ня трэба зьбівацца на папулізм.

Ну як гэта можна сьцьвярджаць пра “зусім іншыя тэндэнцыі ў сьвеце”! На жаль, наадварот. Пра гэта я пісаў у сваім першым артыкуле на сайце pbnf.org. Вось Варонежцаў сьцьвярджае: “ У ЗША станцыі не будуюцца з 1978 году… “. Адкрыйце ў Інтэрнэце тэкст “The Present and Future of the Nuclear Power Stations in USA”. Там вы знойдзеце, напрыклад, такі сказ: “ Блёк Watts Bar I, быў запушчаны ў 1996 годзе… У 2007 г. узноўлена будаўніцтва блёку Watts Bar II, якое павіненна быць закончана ў 2013 годзе”.. Фірмам-будаўнікам зараз зроблена 5 заявак на будаўніцтва новых станцыяў па такіх і такіх тэхналёгіях”. Падобную карціну знойдзеце па ўсіх краінах, акрамя Нямеччыны, якая, маючы адну з самых надзейных ядзерных тэхналёгіяў у сьвеце, пакуль ня выпрацавала адзінага падыходу вучоных і грамадзкасьці і дыскутуе ўжо гадоў 15. Навошта даваць козыры ў рукі ўладных прапагандыстаў, якія ўвесь час далдоняць пра некампэтэнтнасьць апазыцыі? Трэба працаваць разам. Можна ў межах паездак актывістаў руху “За Свабоду” паехаць на базар у Драгічын і расказаць на працягу паўгадзіны дванаццаці бабкам, як Лукашэнка хоча праз ЯЭС займець атамную бомбу і напісаць пра сустрэчу з жыхарамі Драгічына.

Рухі добра, але нічога лепшага за партыі яшчэ ніхто не прыдумаў. Зараз нехта заўсьміхаецца і загаворыць пра нашу партыйную малалікасьць і неўплывовасьць. У немцаў усяго 2% насельніцтва зьяўляецца чальцамі партыяў. Пры гэтым 97% чальцоў удзельнічаюць у грамадзкім жыцьці толькі на муніцыпальным узроўні і толькі тры – на фэдэральным. Але працуюць яны над праблемамі кансалідавана і аналітычна, прыбягаючы пры неабходнасьці да папулізму толькі на ўзроўні тэхналёгіяў, але ніколі не маніпулюючы фактамі.

Пётра Садоўскі
старшыня Аналітычнай камісіі Партыі БНФ

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson