Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-05-21 16:03:26

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Слуханьні ў Эўрапарлямэнце. Чарнобыль сёньня.

ЭНП-ЭД
(Група Эўрапейская народная партыя – Эўрапейскія дэмакраты ў Эўрапарлямэнце)


СЛУХАНЬНІ “ЧАРНОБЫЛЬ СЁНЬНЯ”
Эўрапейскі Парлямэнт, Брусэль
17 красавіка 2008 г.



ЗАКЛЮЧНАЯ ДЭКЛЯРАЦЫЯ


Мы, удзельнікі Слуханьняў,
-    зважаючы на Ўсеагульную Дэклярацыю Правоў Чалавека й на ўсе адпаведныя міжнародныя дамовы аб правох чалавека,
-    зважаючы на Хартыю Аб’яднаных Нацыяў,
-    зважаючы на ўсе канвэнцыі й дадатковыя пратаколы Аб’яднаных Нацыяў аб правох чалавека,
-    зважаючы на Канвэнцыю аб правох дзіцяці Аб’яднаных Нацыяў,
-    зважаючы на Хартыю фундамэнтальных правоў Эўрапейскага Зьвязу,
-    зважаючы на рэзалюцыю Эўрапейскага Парлямэнту ад 14 лютага 2006 г. аб разьдзеле аб правох чалавека й дэмакратыі ў пагадненьнях Эўрапейскага Зьвязу,
-    зважаючы на рэзалюцыі Эўрапейскага Парлямэнту пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці яго рэзалюцыю пра Беларусь ад 21 лютага 2008 г.,
-    зважаючы на неафіцыйны дакумэнт Эўрапейскай Камісіі “Што ЭЗ можа даць Беларусі” ад 21 лістапада 2006 г., дзе ЭЗ дэкляраваў гатоўнасьць аднавіць дачыненьні зь Беларусьсю й яе народам у рамках Эўрапейскай Палітыкі Суседзтва (ENP),
-    зважаючы на штогадовыя справаздачы Эўрапейскага Зьвязу аб правох чалавека,
-    зважаючы на справаздачу Ўсясьветнай арганізацыі здароўя “Уплыў на здароўе Чарнобыльскай аварыі й Спэцыяльныя праграмы аховы здароўя”,
-    зважаючы на рэкамэндацыі Чарнобыльскага форуму і рэзалюцыі ААН пра Чарнобыль і яго спадчыну,

A.    паколькі аварыя на Чарнобыльскай ядзернай электрастанцыі ў 1986 г. была найбольш цяжкой у гісторыі ядзернай энэргетыкі й мела значныя экалягічныя, мэдычныя ды сацыяльна-эканамічныя наступствы,

B.    паколькі хада аварыі, адказнасьць за яе ды ейныя наступствы ніколі не былі празрыста дасьледаваныя й апублікаваныя,

C.    паколькі аварыя прывяла да гіганцкага выкіду радыянуклідаў на вялікія абшары Беларусі, Украіны й суседніх краінаў – Дзяржаваў-чальцоў ЭЗ, г. зн. Літвы, Польшчы, Латвіі, Скандынаўскіх краінаў, і значная тэрыторыя Эўропы была забруджаная, такім чынам, наступствы Чарнобылю застаюцца доўгатэрміновай эўрапейскай праблемай,

D.    паколькі найвышэйшыя дозы радыяцыі атрымалі ліквідатары, а ў свой час больш як 600 000 чалавек былі зарэгістраваныя як ліквідатары,

E.    паколькі 1,4 млн чалавек у Беларусі надалей жывуць на забруджаных тэрыторыях, 260 000 зь іх – дзеці; у Беларусі налічваецца 120 000 чалавек, якія ліквідоўвалі наступствы Чарнобыльскай катастрофы, 12 000 зь іх – інваліды; і паколькі ў 2006 г. рэжымам Лукашэнкі ліквідатары былі пазбаўленыя сацыяльных гарантыяў, дапамогі й спэцыяльнае мэдычнае абслугі, і становішча іхнае нават пагоршылася;

F.    паколькі насельніцтва рэгіёну, які ўключае некалькі Дзяржаваў-чальцоў ЭЗ, цягам апошніх дваццаці двух гадоў пасьля аварыі зазнавала ўзьдзеяньне як з вонкавых крыніцаў (цэзіюм-137 у глебе і інш.), гэтак і з пранікненьня радыянуклідаў у арганізм зь ежай, вадой і паветрам (пераважна цэзіюм-137); паколькі востры радыяцыйны сындром (ARS), сьмяротнасьць ад раку, раку шчытападобнай залозы, узрослая рызыка сардэчна-судзінных хваробаў у групах насельніцтва, якія атрымалі вышэйшыя дозы радыяцыі – гэта спадчына Чарнобылю, зь якой людзі Беларусі й некаторых цяперашніх Дзяржаваў-чальцоў ЭЗ сутыкаюцца сёньня,

G.    паколькі структурныя часткі Схову, пабудаванага ў 1986 годзе для захаваньня разбуранага рэактару, цягам апошніх 22 гадоў паддаліся карозіі, што патэнцыйна можа прывесьці да каляпсу Схову і такім чынам да выкіду радыяактыўнага пылу ў навакольнае асяродзьдзе;

H.    паколькі Эўрапейскі Зьвяз пасьля Чарнобыльскай катастрофы адыграў актыўную ролю ў пераадоленьні яе наступстваў у забруджаных рэгіёнах, а таксама ва ўзмацненьні ядзернай бясьпекі ды забесьпячэньні асяродзьдзя й насельніцтва ад магчымых ядзерных катастрофаў у будучыні;

I.    паколькі людзі, якія жывуць на тэрыторыях, закранутых Чарнобыльскай аварыяй, ня ўпэўненыя ва ўплыве радыяцыі на іхнае здароўе й навакольле, ня ведаюць, як весьці здаровае жыцьцё ў такім рэгіёне,

1.    Глыбока шкадуем, што савецкі ўрад ад пачатку затрымліваў любую публічную інфармацыю пра аварыю, і асуджаем паводзіны савецкага кіраўніцтва як злачынства ня толькі супраць насельніцтва тагачаснага СССР, а сёньня грамадзянаў ЭЗ, але супраць усяго чалавецтва;

2.    Заклікаем Эўрапейскую Супольнасьць працягваць намаганьні й фінансавую падтрымку дзеля эканамічнай, сацыяльнай і экалягічнай рэабілітацыі рэгіёнаў, забруджаных Чарнобылем, зважаючы на тое, што ядзерная катастрофа мае доўгатэрміновыя наступствы на вялікіх тэрыторыях шматлікіх краінаў, у тым ліку Беларусі;

3.    Заклікаем Эўрапейскую Супольнасьць надаць асаблівую ўвагу становішчу ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі, такім чынам робячы ўклад у дэмакратызацыю Беларусі і падтрымку правоў чалавека ў краіне;

4.    Падкрэсьліваем, што незалежныя каналы разьмеркаваньня фінансавай падтрымкі для рэабілітацыі забруджаных рэгіёнаў у Беларусі павінны быць распрацаваныя і абароненыя дзеля ўнікненьня кантролю і злоўжываньняў гэтаю фінансаваю падтрымкаю з боку аўтарытарнага рэжыму А.Лукашэнкі; у той самы час пабуджаем Эўрапейскую Камісію ўзмацніць неабходныя захады для запэўненьня празрыстасьці й эфэктыўнасьці існых праектаў і фінансавай дапамогі ЭЗ, скіраваных на Беларусь;

5.    Заклікаем ўрад Беларусі запэўніць сацыяльныя гарантыі, мэдычную дапамогу й абслугу для ўсіх, закранутых Чарнобыльскай трагедыяй;

6.    Падкрэсьліваем, што закранутае Чарнобылем насельніцтва мае патрэбу ў яснай, вычарпальнай і недвухсэнсоўнай інфармацыі пра аварыю й радыяцыю;

7.    Падкрэсьліваем патрэбу для ЭЗ адсочваць і дасьледаваць наступствы Чарнобылю для здароўя людзей і асяродзьдзя Дзяржаваў-чальцоў ЭЗ і суседніх краінаў, гэтаксама як яго сацыяльна-эканамічны ўплыў, і вітаем прапанову заснаваць Міжнародны навукова-досьледны цэнтар “Экалёгія й здароўе” ў Вільні, Літва;

8.    Падкрэсьліваем, што аўтарытарная сутнасьць і самаізаляцыйная палітыка рэжыму ў Беларусі стварае дадатковыя перашкоды эфэктыўнаму пераадоленьню наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, на жаль, не дазваляе шчыльнейшай супрацы з Эўрапейскім Зьвязам у шырокім коле пытаньняў агульнага клопату, у тым ліку чарнобыльскіх, і ўсё яшчэ не дае істотна павялічыць фінансавую падтрымку ЭЗ у гэтай галіне;

9.    Пабуджаем улады Беларусі безь ніякага адкладу пачаць дэмакратычныя рэформы й станоўча адказаць на гатоўнасьць Эўрапейскага Зьвязу аднавіць ягоныя дачыненьні зь Беларусьсю і яе народам у рамках Эўрапейскай палітыкі суседзтва (ENP), як толькі ўрад Беларусі прадэманструе павагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў і асноўных правоў беларускага народу;

10.    З гэтага гледзішча заклікаем урад Беларусі выканаць усе ўмовы, сфармуляваныя ў неафіцыйным дакумэнце Эўрапейскай Камісіі “Што ЭЗ можа даць Беларусі”, у тым ліку вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, скасаваньне сьмяротнай кары, гарантыі для свабодных мас-мэдыяў, незалежны суд і павага дэмакратычных каштоўнасьцяў і асноўных правоў беларускага народу; з гэтага гледзішча станоўча ацэньваем нядаўняе вызваленьне некалькіх палітычных вязьняў, але адначасова патрабуем канчатковага й безумоўнага вызваленьня сп. Аляксандра Казуліна і поўнага спыненьня любых наступных палітычна матываваных арыштаў, запалохваньняў і гвалту супраць мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі ды грамадзянскай супольнасьці;

11.    Вітаем пагадненьне пра заснаваньне ў Менску Дэлегацыі Эўрапейскай Камісіі й спадзяемся, што яна будзе палягчаць рэалізацыю намаганьняў ЭЗ падтрымліваць працэсы палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў у Беларусі і дапамагаць паляпшаць якасьць жыцьця беларускага народу, у тым ліку тых, каго закранула Чарнобыльская катастрофа;

12.    Падкрэсьліваем, што энэргетычны крызыс паміж Беларусьсю й Расеяй у студзені 2007 г. выклікаў вялікую ўстурбаванасьць у Эўрапейскім Зьвязе й выявіў крытычна важную ролю Беларусі ў запэўненьні энэргетычнае бясьпекі ЭЗ; з гэтага гледзішча зазначаем, што ЭЗ мае заўважыць знакі ўраду Беларусі пра ягонае жаданьне ўвайсьці ў энэргетычны дыялёг; адначасова пабуджаем ЭЗ не ісьці на кампраміс у пытаньнях каштоўнасьцяў і пачынаць энэргетычны дыялёг зь Беларусьсю толькі пры ясных умовах;

13.    Выказваем засьцярогу наконт плянаў ураду Беларусі будаваць новую ядзерную электрастанцыю і пабуджаем урад Беларусі своечасова зрабіць ацэнку экалягічнага ўплыву гэтага праекту ў адпаведнасьці зь міжнароднымі экалягічнымі стандартамі, маючы на мэце запэўніць бясьпеку і ўнікнуць любой падобнай да Чарнобылю трагедыі ў будучыні;

14.    Падкрэсьліваем, што любыя палітычныя й эканамічныя рашэньні, якія вядуць да самаізаляцыі ці ізаляцыі Беларусі, будуць наўпрост закранаць дабрабыт звычайных людзей Беларусі; таксама падкрэсьліваем, што эканамічныя санкцыі супраць Рэспублікі Беларусі як мэтады вырашэньня праблемаў, створаных рэжымам А.Лукашэнкі, ня могуць бачыцца як прымальнае рашэньне, калі яны наўпрост закранаюць звычайных людзей Беларусі;

15.    Просім Эўрапейскі Парлямэнт зьвяртацца да вышэйпамянёных пытаньняў у ягоных рэзалюцыях пра сытуацыю з правамі чалавека, а таксама ў ягоных рэзалюцыях пра здароўе й абарону навакольля ды ядзерную энэргію ў ЭЗ.

Пераклад © Прэс-група Партыі БНФ

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson