Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 13:22:45

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Іван Саверчанка. Інстытут Прэзідэнта

Прэзідэнцкая рэспубліка – палітычная рэальнасць сучаснай еўрапейскай дэмакратыі. Выбар на карысць прэзідэнцкай мадэлі – лагічны вынік сацыяльных і палітычных эвалюцый грамадстваў паўночнаатлантычнай і міжземнаморскай цывілізацый. Іх сілавыя полі працінаюць Беларусь і ў значнай ступені вызначаюць  палітычныя тэндэнцыі ў нашай краіне.



Палітычныя і ўрадавыя эліты


Сутнасць сучасных тэндэнцый у сферы ўлады выяўляецца ў тым, што мінае эпоха, калі найвышэйшая  выканаўчая сістэма фармавалася выключна, ў чыстым выглядзе з той або іншай алігархіі – гаспадарча-упраўленчай, прамысловай, аграрнай, фінансавай, спецслужбаў  ды інш. Бо яны, як правіла, прапаноўвалі фрагментарную палітыку, аднабаковае развіццё, давалі імпульсы толькі пэўным тэндэнцыям, зусім  не кіруючыся прынцыпам універсалізму. Улада служыла не ўсяму грамадству, а пэўным яе групам. Адбываўся катастрафічны разрыў паміж тымі, каму ўлада належыла тэарэтычна, хто фармаваў яе праз выбары, і тымі, чые інтарэсы яна абараняла рэальна. Улада як бы выстройвала нябачную іерархію пытанняў, паводле крытэрыяў іх  важнасці. У выніку, грамадзяне супольнасці не адчувалі роднасці з уладай, яна станавілася варожай, чужой. Пры такім становішчы ўзнікае вастрэйшая супярэчнасць паміж эгаістычна-кланавым інтарэсамі і агульнымі зацікаўленнямі супольнасцяў. Як непазбежныя ў такой сітуацыі з’яўляліся меркаванні, асабліва пашыраныя на побытавым узроўні, кшталту: “нідзе ў свеце грамадзяне не задаволеныя ўладамі”; “палітыка – брудная справа”, “усё адно падмануць”, “коней на пераправе не мяняюць” і т.п. Насамрэч, улада, яе прадстаўнікі і носьбіты  гэтакім  найпрасцейшым і вельмі танным прыёмам, апраўдваюць свае недахопы, недасканалае функцыянаванне, непрафесіяналізм, эгаізм і г.д.

Ці  існуюць механізмы стрымлівання гэтай натуральнай супярэчнасці, пераводу яе з антаганістычнай разбуральнай стадыі ў фазу канструктыўна-стваральную, ператварэння ў крыніцу пазітыўнай энергіі?

На рубяжы ХХ – ХХІ стст., як сведчыць досвед, найбольш эфектыўная тая ўлада, якая сфармаваная ў большасці з інтэлектуалаў-менеджараў, часова нанятых упраўленцаў, якія дасканала валодаюць комплексам тэхналогій – інфармацыйных, камунікацыйных, адукацыйных ды інш. Неабцяжараныя “уласнай гаспадаркай” у выглядзе банкаў, прамысловых карпарацый, гандлёвых фірмаў ды інш. яны найбольш эфектыўна могуць канцэнтраваць інтэлектуальную энергію на рэгуляванні і каардынаванні сістэм унутры краіны і па-за межамі.

Праз гэта ўдаецца пераадолець згубную для ўсіх краін вайну эліт  (фінансавай, прамысловай, аграрнай, і г.д.), трыумфальныя “перамогі” якіх заўсёды прыводзілі і прыводзяць да аднабаковасці, а часам і выродлівасці. У  выпадку дасягнення балансу эліт, ці хаця б падтрымання іх раўнавагі, натуральна ўзнікне яшчэ адна наймацнейшая крыніца імклівага развіцця краіны. Антаганістычная супярэчнасць, такім парадкам, ператворыцца ў фактар пазітыўнай агрэсіі.

У структурна-функцыянальным плане непазбежна з’яўляюцца групы прафесіяналаў, аб’яднаных у партыі, для якіх палітычная ўлада ёсць “справа” (concern). У такім разе ўлада перастае быць прадметам занятку аматараў, выпадковых асобаў, якія не ўмеюць ці не могуць напоўніцу займацца ёю, што, як вядома, заўсёды з’яўляецца фактарам стрымлівання, тормазам, а то й рэгрэсу. Гаспадарнікі ж, у шырокім сэнсе, якія сёння вымушаныя адхіляцца на палітычную сферу, змогуць канцэнтравацца на ўласнай справе, удасканальваць яе, рабіць  найбольш эфектыўнай,  на партнёрскіх умовах выкарыстоўваючы  прафесійны менеджмент ўлады. Прынцып партнёрства, такім парадкам, ператвараецца ў стваральны эканамічны фактар.

Акрэслены падыход становіцца характэрнай рысай, нутраной уласцівасцю, дамінуючым у нашым постіндустрыяльным грамадстве. Тэхналагічная рэвалюцыя ў мікрапрацэсарах спрычынілася да таго, што ўлада аб’ектыўна  пераходзіць да інфаструктур, якія валодаюць сучаснымі методыкамі і магчымасцямі атрымання гіпераб’ёмнай інфармацыі, яе эфектыўнага выкарыстання і спажывання, што пацвярджаюць найноўшыя даследванні (Дж. Бэрн, Дж. Гэлбрэйт, О.Тофлер).

На  гэтым шляху адбываецца  істотны, таксама пазітыўны зрух уяўлененняў пра ўладу. Яна ўсё больш успрымаецца не як сума здабытых, “заваяваных” правоў і прывілеяў, а найперш як сума шматлікіх абавязкаў, каласальнай асабістай адказнасці, няспыннай напружанай працы, накіраванай на вырашэнне надзённых, актуальных задачаў, развязанне праблемаў і пытанняў жыццёва важных для канкрэтнага чалавека, грамадскіх станаў, прафесійных кангламератаў, усёй краіны.



Функцыянальныя дамінанты

Паліталагічная тэорыя і практыка ведае дзве базавыя, класічныя мадэлі вылучэння палітычных лідараў, прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Першая – вылучэнне незалежнага кандыдата і другая – вылучэнне партыйнага кандыдата, як правіла, лідара партыі.

Для кожнага з варыянтаў ствараюцца роўныя стартавыя магчымасці і ўмовы – абавязковая пісьмовая падтрымка пэўнай колькасці выбаршчыкаў (у Беларусі не менш як 100 тысяч подпісаў). Такім чынам забяспечваецца канкурэнцыя,  што заканадаўча замацавана ў канстытуцыях і выбарчым заканадаўстве.

Якая мадэль у практычным плане найбольш адпавядае палітычным патрэбам дэмакратычных сілаў Беларусі сёння?

У сучасных умовах мадэль незалежнага кандыдата мае найбольш хібаў і слабых месцаў. Па-першае, меркаванне,  нібыта незалежны кандыдат  a priori,  паводле сваёй  непартыйнасці выступае як абаронца інтарэсаў усяго народа, не мае аніякага падмурку. Якраз наадварот, такі кандыдат свабодны ад усялякіх абавязкаў перад супольнасцямі, сацыяльнымі групамі, кангламератамі. Ён не мае ідэалагічных, сацыяльных, дактрынальных абавязкаў, што для грамадства надзвычай небяспечна, бо адсутнічае кампанент прадказальнасці, рацыянальна зразумелай перспектывы. Пры такім варыянце, ва ўмовах сучаснай Беларусі, расейскія менеджары атрымаюць неабмежаваныя магчымасці ўплыву на палітычны выбар народа. Менавіта перад імі, а не перад беларускай грамадзянскай супольнасцю “незалежны” кандыдат возьме нерынкавыя абавязкі, якія вымушаны будзе напоўніцу выконваць, што мы акурат і маем у выпадку з Лукашэнкам. У такім варыянце наагул знікае патрэба ў інстытутах грамадзянскай супольнасці, і іх важнейшай складовай – палітычных партыях.

Найбольш прадуктыўнай на сучасным гістарычным этапе ўяўляецца другая мадэль – вылучэнне кандыдата ад палітычнай дэмакратычнай партыі. Па-першае, беларуская грамадзянская супольнасць у такім разе здабывае найважнейшы стратэгічны плацдарм: пераадольвае архаічныя праявы ў палітыцы, а палітычная культура грамадства выходзіць на якасна новы, адпаведны сачасным патрабаванням узровень. Па-другое, актывізуецца і замацоўваецца фактар надзейнасці: лідар ад дэмакратычнай партыі найбольш палітычна прадказальны, бо ўжо выявіў сябе ў калектыўным дзеянні, засведчыў свае лідарскія здольнасці і патэнцыйныя магчымасці выконваць даручэнні супольнасцяў. Па-трэцяе, важкі аргумент на карысць прапануемай мадэлі палягае ў тым, што грамадства, электаральныя колы атрымаюць рэальную магчымасць рабіць выбар паміж сапраўднымі палітычнымі лідарамі. Пры гэтым, фінансы, піяраўскія тэхналогіі не будуць дамінаваць над сутнаснай складовай выбараў – канкурэнцыяй грамадскіх аўтарытэтаў.  Нарэшце, на карысць мадэлі з партыйнай дамінантай сведчыць шматгадовая практыка сучасных развітых дэмакратый. Такім чынам, можна сфармуляваць істотную зыходную пазіцыю – прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы на сучасным этапе палітычнай эвалюцыі беларускага грамадства хутчэй за ўсё мусіць быць наўпроставы, праўна замацаваны палітычны лідар, магчыма, старшыня ці кіраўнік арганізацыі.

Палітычныя рэаліі Беларусі, панаванне аўтарытарнага прамаскоўскага рэжыму, ставяць на парадак дня пытанне пра адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў краіны, перадусім, палітычных партыяў. Галоўная матывацыя на карысць такога кроку палягае ў тым, што ў змаганні за пасаду кіраўніка дзяржавы традыцыйна возьмуць удзел расейскія транзітныя карпарацыі, найперш, газавыя і нафтавыя, якія на гэты праект вылучаць значныя фінансавыя рэсурсы.  Напоўніцу ўключыцца агентурная сетка расейскай Службы вонкавай разведкі, сумесна з КДБ Беларусі яна складзе стрыжань адміністрацыйнага рэсурса. Прарасейскі кандыдат будзе вызначаны палітычным рашэннем Крамля.

Аб’ектыўнасць расейскага фактара якраз і прымушае дэмакратычныя сілы Беларусі максімальна канцэнтраваць усе наяўныя рэсурсы (людскія, інстытуцыянальныя, фінансавыя), пераадольваць супярэчнасці, пакідаючы іх за дужкамі на цяперашнім этапе, выбудоўваць узгодненую эфектыўную тактыку змагання за найвышэйшую пасаду ў краіне.

Вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў краіны – і тэарэтычна і  тэхналагічна цалкам выканальная задача. Галоўныя этапы на гэтым шляху:  а) стварэнне Кансультацыйных групаў, паўнамоцтвы якіх пацверджаныя найвышэйшымі палітычнымі органамі партыяў; б) падрыхтоўка Мемарандума – пагаднення пра ўзаемныя абавязкі палітычных сілаў дэмакратычнай арыентацыі; в) публічнае падпісанне глыбока прапрацаваных узаемных абавязкаў.

У пагадняльных дакументах мусяць быць выразна і дэталёва акрэсленыя ўсе палітычныя ўмовы і канкрэтныя патрабаванні да адзінага кандыдата і прынцыпы дзейнасці  адзінай каманды. Яны ўлучаюць тры праблемныя блокі: а) асабістыя вартасці лідара, б) палітычную праграму, в) функцыі кіраўніка дзяржавы і ступень уплыву дзяржаўнай бюракратыі на грамадскія працэсы. Сярод асабістых вартасцяў кандыдата, відавочна, павінны быць – прафесійны досвед у сферы палітычнага менеджмента, адданасць беларускасці, набыткі на ніве дэмакратызацыі грамадства ды інш. Ключавое значэнне мае агульная палітычная праграма, узгодненая сістэма канцэптуальных, інстытуцыянальных, прававых і функцыянальна-кадравых прыярытэтаў на пяці асноўных узроўнях – сацыяльная сфера, палітычныя інстытуты, гаспадарка, духоўнае жыццё, міжнародныя дачыненні. Нарэшце, бальшыня функцый у сістэме выканаўчай улады павінна быць у значнай ступені змешчана ад кіраўніка дзяржавы да прэм’ера. Сярод абавязкаў прэзідэнта мусяць дамінаваць прадстаўнічыя і агульнапалітычныя, што больш чым дастаткова.

У змаганні дэмакратычных сілаў за прэзідэнцкую пасаду надзвычай істотны і тэхналагічны момант – выразная акрэсленасць дзеянняў і максімальная эфектыўнасць крокаў на кожным з этапаў: старта, рэгістрацыі кандыдатаў, уласна выбарчай кампаніі. Сённяшні палітычны расклад сілаў, перадвыбарчых зародкавых ядраў паказвае – неаднародныя прамаскоўскія палітыка-эканамічныя кляны і дзейны рэжым выставяць на старт, прынамсі, трох кандыдатаў. Ад незалежніцкіх і дэмакратычных сілаў краіны  будуць, верагодна, стартаваць не менш чатырох кандыдатаў, што цалкам аптымальна, бо дазволіць істотна мінімізаваць рызыку, а таксама створыць спрыяльныя ўмовы для паспяховай гульні на стракатым электаральным полі, дасць магчымасць выбіраць неабходныя інструменты і рабіць выгодныя тактычныя манеўры на  кожным з этапаў.

Offline

 

#2 2008-03-07 20:32:36

Genadij
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-03-07
Паведамленьняў: 2

Re: Іван Саверчанка. Інстытут Прэзідэнта

У нас же есть институт президентства. А вот Республики нет и гражданского общества тоже нет. А может нужно начинать с гражданского общества и защиты прав человека. А не о президентстве мечтать. Человечество имеет тысячелетний опыт царского и президентского правления. Вам наверное этого мало. Мало наступали на грабли? Может помечтаем о республике?

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson