Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 13:14:58

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Дэклярацыя агульнанацыянальнага сэмінару “Помнікі нашы”

Менск, 13 верасьня 2007 г.

Мы, удзельнікі сэмінару “Помнікі нашы”, прадстаўнікі грамадзянскае супольнасці Беларусі, востра занепакоеныя нэгатыўнымі працэсамі ў галіне зьберажэння гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў і іншых народаў, якія жылі на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны.

У выніку працы нашага сэмінару мы заяўляем:

А) Маштабы зьнішчэньня помнікаў нацыянальнай спадчыны, як унесенай, так і ня ўнесенай у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусі, становяцца катастрафічнымі. Бальшыня зваротаў і апэляцыяў у органы ўлады, у кантрольна-рэаізійныя, наглядныя й праваахоўныя структуры не знаходзяць зь іхнага боку паразуменьня. Упаўнаважаныя ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны арганізацыі й установы, як правіла, ігнаруюць думку грамадзкіх арганізацыяў і актывістаў, дасьведчаных у справе зберажэньня й інтэрпрэтацыі помнікаў. Практыка рэканструкцыяў, зьменаў аўтэнтычнасьці, парушэньня традыцыйнага асяродзьдзя помнікаў практычна не прадугледжвае грамадзкіх абмеркаваньняў. Выканаўчая ўлада зманапалізавала выкарыстаньне нацыянальнай спадчыны насуперак нарматыўна-прававой базе Рэспублікі Беларусі. У арбіту маніпуляцыяў з гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі ўцягнутыя як адказныя супрацоўнікі Міністэрства культуры, так і рэгіянальныя структуры выканаўчай улады ўсіх узроўняў. Больш за тое, распачатая кампанія дыскрэдытацыі й адміністрацыйнага ўціску грамадзянскіх ініцыятываў у абарону помнікаў гісторыі й культуры. Мы вітаем пазытыўныя прыклады супрацы ўладаў з грамадзкасьцю ў некаторых рэгіёнах, але яны, на жаль, ёсьць рэдкім выняткам, а ня правілам.

В) Мы пратэстуем супраць дэзінфармацыі пры асьвятленьні аховы і выкарыстаньня гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў дзяржаўных СМІ й патрабуем галоснасьці й адкрытасьці ў пытаньнях лёсу нашай спадчыны. Пакідаем за сабой права інфармаваць міжнародную супольнасьць пра становішча ў галіне аховы помнікаў у нашай краіне.

С) Мы ўхваляем намаганьні недзяржаўных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці дзеля зьберажэньня гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Мы гатовыя разам праводзіць адрасныя інфармацыйныя кампаніі, каб прадухіліць далейшае руйнаваньне помнікаў гісторыі і культуры.

D) Мы лічым неабходным і выратавальным для культурнае спадчыны краіны рэальнае выкананьне нацыянальнага заканадаўстваУ новых умовах уваходу прыватнага, у тым ліку іншаземнага, капіталу ў горадабудаўніцтва беларускае заканадаўства патрабуе далейшага ўдасканаленьня.

Е) Мы чакаем ад уладаў выкананьня ратыфікаваных Беларусьсю ўсясьветных і эўрапейскіх канвэнцыяў ў справе аховы спадчыны. Мы настойваем на прыняцьці ўмоваў і прапановаў Эўрапейскага Зьвязу, каб Беларусь змагла карыстацца праграмамі падтрымкі зьберажэньня культурнае спадчыны, якія ажыцьцяўляе Эўразьвяз.


F) Мы сьведчым намер і надалей, грунтуючыся на нормах нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, абараняць беларускую культурную спадчыну ад разбурэньня і спадзяемся знайсьці паразуменьне ў гэтай пачэснай справе з адказнымі і патрыятычна настроенымі прадстаўнікамі ўлады.

***
Пакідаючы за сабой права й найдалей публічна выяўляць сваю грамадзянскую пазыцыю, заклікаем прадстаўнікоў усіх галінаў улады Рэспублікі Беларусь неадкладна прыняць рашучыя захады дзеля зьберажэньня нацыянальнае спадчыны.

Антон Астаповіч
Уладзімер Дзянісаў
Сяргей Харэўскі
Вінцук Вячорка
Сьцяпан Сьвідзерскі
Алег Трусаў
Ірына Лаўроўская

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson