Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 13:08:14

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Вінцук Вячорка. Патрэбна беларуская ўлада

Нячаста бывае, што найбольш прынцыповыя, а магчыма, і лёсавызначальныя рашэньні прымаюцца ў навагоднюю ноч. Было трывожна. Хто як, а я падчас бою ўсемагчымых курантаў і прамоваў чырванагальштучных лідэраў не адыходзіў ад кампутара, каб сачыць за навінамі.

Усе мы ведаем з навінаў наступнае. Расейскі газ будзе паступаць у Беларусь за $100 / 1000 м3. Расея выкупляцьме палову “Белтрансгазу” цягам чатырох гадоў. Плату за транзыт Беларусь крышку падыме. Лукашэнка запрашае беларусаў у зямлянкі, дзе мы і будзем выжываць.

Пра зямлянкі – гэта ня проста рытарычная фігура. Нават пры падвышэньні цэнаў на газ да 80 даляраў, як засьведчыў сьв. п. Валеры Дашкевіч на круглым стале “Энэргетычная бясьпека краін Цэнтральнай Эўропы”, усе прадпрыемствы з рэнтабэльнасьцю 12-14% збанкрутуюць.

Стратэгічную беларускую маёмасьць – “Белтрансгаз” – здалі. Назвалі здачу “кампрамісам паміж нацыянальнымі інтарэсамі і сквапнасьцю партнэра”. Дык жа сапраўдная абарона нацыянальных інтарэсаў ня ведае слова “кампраміс”. Такое называецца іншым словам – здрада.

Рэальнае стаўленьне да дзяржавы Беларусі ў Маскве мы пабачылі падчас навагодняе прэс-канфэрэнцыі. Кіраўнік ураду Беларусі змушаны быў даваць яе ў сядзібе “Газпрому” на фоне ягоных лягатыпаў, і не з сваім калегам расейскім прэм’ерам, а з газпромаўскім начальнікам Мілерам. Сідорскаму паказалі ягонае месца.

Цяпер гора-кіраўнікі Лукашэнка зь Сідорскім строяць зь сябе незаслужана пакрыўджаных патрыётаў, а БТ нават спрабуе ляпіць зь іх гэтакіх герояў, што ахвяравалі навагоднім сталом дзеля надзвычайных паседжаньняў у Менску ды перамоваў зь Мілерам у Маскве. Было б сьмешна, каб не было сумна.

Хіба ж яны не разумелі, з кім гуляюць? Сідорскі ледзь ня плача: “наша эканоміка ня мае сыравінных рэсурсаў”. Ці ж ягоныя папярэднікі і ён сам зразумелі гэта толькі ў ноч на новы 2007 год? Усё разумелі. Але так і пераадолелі комплексу служкі, намесьніка, васала.

Лукашэнка – васал, і стаяў ён да Расеі ў адпаведнай пазыцыі. Сюзэрэн (пан) паблажліва дазваляў яму па дробязях (зь яго, сюзэрэна, гледзішча) мець сваю выгоду. Васал загуляўся, вырашыў, што так будзе вечна. Але хіба нехта ня ведаў, што нашыя ўсходія суседзі выкарыстоўваюць паслугача, дакуль ён не пераўтвараецца ў загнанага каня?

Лукашэнка ня стаў, бо ня можа стаць, лідэрам незалежнай эўрапейскай дзяржавы. Васалы па мэнтальнасьці сваёй ніколі ня будуць абаронцамі незалежнасьці, кіраўнікамі сувэрэннай краіны. Лукашэнка і ягоная групоўка цягам дванаццаці гадоў зьнішчалі падмурак нашага сувэрэнітэту. Давялі да небясьпечнай мяжы гульню ў “саюзную дзяржаву”. Нішчылі й нішчаць нашу мову й гістарычную памяць. Робяць штучных ворагаў з суседніх і братніх нам эўрапейскіх народаў. А расейцы паціху – без тэндэраў і канкурэнцыі – скупляюць беларускую нерухомасьць.

Гэтыя ўлады паклёпнічалі на БНФ, палохалі беларускі народ “бээнэфаўцамі”, абклейвалі нас ярлыкамі “нацыяналістаў”. Але “як бяда прыйшла, дык пане Базыль”, кажуць людзі.  Цяпер яны замітусіліся й самі (праўда, на публіку) кажуць тое, што мы гаворым ужо 15 гадоў. Дык ці не пара ім у адстаўку?

Беларусі патрэбны патрыятычны ўрад, не заплямлены васалітэтам і лісьлівасьцю перад усходнім суседам. У новым урадзе не павінна быць людзей, вядомых сумнеўнымі гешэфтамі з расейскімі імпэрыялістамі – няважна, вайсковымі, палітычнымі ці энэргетычнымі. Надалей нафтагазавыя справы з Расеяй павінны весьці справы людзі, не абцяжараныя адказнасьцю за “саюзныя” гульні. Ня проста прафэсіяналы, а сапраўдныя, правераныя часам патрыёты. Такія, скажам, як Станіслаў Гусак, аўтар канцэпцыі Балта-Чарнаморскага нафтагазавага калектара і сябра Сойму БНФ.

Такі калектар, будзь ён збудаваны ў 90-я (а цяпер займеў бы і касьпійскае рукаво), дазволіў бы пераадолець раз назаўжды манапольную энэргетычную залежнасьць ад Расеі ня толькі нам, але і нашым постсавецкім суседзям, а нават даў бы значна лепшыя пазыцыі Заходняй Эўропе ў яе паліўна-энэргетычным клінчы з Расеяй. Сёньня ж сытуацыя прыціснула так, што на палітычных вяршынях Эўрапейскага Зьвязу паважна гаворыцца пра абарончае “энэргетычнае НАТО”, а ў самім НАТО энэргетычная бясьпека называецца прыярытэтам яго эўрапейскай палітыкі. Мы, беларусы, у пэўным сэнсе завінавачаныя перад усёй Эўропай, што ў 1994 годзе далі сябе адкалоць ад роднага кантынэнту. Ідэя калектара так і не была ажыцьцёўленая.

Калісьці, у пачатку 90-х, нашыя суседзі балты перажылі энэргетычную блякаду з боку Расеі. І годна зь яе выйшлі, што праўда, на нейкі час зацягнуўшы паясы, але аздаравіўшы і эўрапеізаваўшы свае эканомікі. Там людзі ведалі, дзеля чаго ідуць на часовыя ахвяры: дзеля мовы й памяці, дзеля продкаў і нашчадкаў, дзеля сваіх незалежных краінаў, дзеля вяртаньня з Расейскай імпэрыі ў Эўропу. А Лукашэнка дзеля чаго зьбіраецца заклікаць нас у зямлянкі? Дзеля ягонай вечнай над намі ўлады?

Лукашэнка загуляўся ў газавыя карты і пачаў-такі прайграваць Беларусь. Расплата наступіць. Бяда ў тым, што плаціць давядзецца ня толькі яму, але ўсім нам і нашым нашчадкам. Сёньня першага студзеня, але ідзе праліўны дождж. Неба плача па бяздарна змарнаваных шанцах.

Але я не зьбіраюся завяршаць свае развагі журботна. Выйсьце ёсьць. Патрэбныя сыход у адстаўку збанкрутаваных гандляроў незалежнасьцю і сапраўды свабодныя выбары кіраўніцтва краіны. Яны адкрыюць нам дарогу да эканамічнай рэформы і да эўрапейскай эканамічнай прасторы. Калі мы будзем даваць сабе рады й стаяць за сваё, нам дапамогуць. Але самае галоўнае -- не бракуе досьведу й працавітасьці ў самога беларускага народу. Трэба толькі, каб і ўлада нарэшце была беларуская.

Менск, 1 студзеня

Offline

 

#2 2008-02-25 15:14:49

VaLaDaR
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-02-25
Паведамленьняў: 3

Re: Вінцук Вячорка. Патрэбна беларуская ўлада

Патрэбна НАРОДНАЯ ўлада... з беларускім дыктатам...
На вялікі жаль, партыі, якія зараз існуюць, нічога реальнага зрабіць не могуць...

Offline

 

#3 2008-02-25 23:03:30

FoBoS
Удзельнік
Адкуль: Гомель
Зарэгістраваны: 2008-02-25
Паведамленьняў: 3
Вэбсайт

Re: Вінцук Вячорка. Патрэбна беларуская ўлада

VaLaDaR напісаў:

Патрэбна НАРОДНАЯ ўлада... з беларускім дыктатам...

Вось наконт гэтага трэба вельмі і вельмі асьцярожна! Ёсьць шмат гарачых галоваў, што ў захапленьні ад ідэі "беларускай улады" прывядуць за адзін крок да "Беларусі для беларусаў". Што ж да рэальных прапановаў, дык я наогул ня бачу аніякай хоць колькі рэальнай прапановы, нават не стратэгічнага пляну, беларускага нацыянальнага адраджэньня. Тое што зараз робяць энтузіясты, у тым ліку і з БНФ, гэта, ізноў жа на мой уласны погляд, на жаль бессыстэмна і зь вельмі туманным уяўленьням канчатковай мэты. На жаль...


= http://www.hockeyby.org = Сусьветны хакей па-беларуску =

Offline

 

#4 2008-02-26 19:57:59

Беларус
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-02-26
Паведамленьняў: 1

Re: Вінцук Вячорка. Патрэбна беларуская ўлада

Я згоднаы з FoBoS,таму што нашая нацыя заусёды талерантна ставiлася да людзей рознай нацыянальнасьцi.Трэба каб на чале была мэта! Мэта тады вызнычае накiрунак у якiм павiнна рухацца Беларусь.Тады вельмiпроста будзе ставiць свае адносiны да iншаземцау.Мне падабаецца мадэль грамадзкасьцi у ЗША. Там ты проста вымушаны вучыць ангельскую мову i выконваць усе патрабаваньнi дзяржавы!Але калi ты не хочаш так жыць, то i адпаведна адчуваешь сябе як чалавек другога гатунку. Асаблiва бяз мовы! Але мне здаецца,каб у сьвядомасьцi беларусау гэта адбылося, трэба высiлкаваць шмат часу i намаганньняу. Трэба каб сьвядомасьць нацыi зьмянiлася. А моцай немагчыма падпарадкаваць сабе усё! Пямятуй досьвед нашых продкау!


Жыве Беларусь Пад Сьцягам Хрыста!

Offline

 

#5 2008-02-27 22:26:59

VaLaDaR
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-02-25
Паведамленьняў: 3

Re: Вінцук Вячорка. Патрэбна беларуская ўлада

тады нам патрэбна нацыянал-кансерватыўная ці нацыянал-сацыялістыная структура дзяржавы...
але ж хто згадзіцца на фашызм????

Offline

 

#6 2008-02-27 22:35:28

FoBoS
Удзельнік
Адкуль: Гомель
Зарэгістраваны: 2008-02-25
Паведамленьняў: 3
Вэбсайт

Re: Вінцук Вячорка. Патрэбна беларуская ўлада

VaLaDaR напісаў:

тады нам патрэбна нацыянал-кансерватыўная ці нацыянал-сацыялістыная структура дзяржавы...

Нешта я зусім не разумею дзе ў тым што я сказаў хоць малая згадка пра фашызм? Хутчэй наадварот.


= http://www.hockeyby.org = Сусьветны хакей па-беларуску =

Offline

 

#7 2008-02-29 09:59:41

Д. Ню.
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-02-26
Паведамленьняў: 2

Re: Вінцук Вячорка. Патрэбна беларуская ўлада

VaLaDaR напісаў:

Патрэбна НАРОДНАЯ ўлада... з беларускім дыктатам...

Быў ужо адзін падобны на Вас, толькі казаў пра дыктат пралетарыята, няўжо не зразумела, што з такімі заклікамі нічога не атрымаецца, навошта гэта ўлада, навошта дзяржава, навошта новая сістэма??? Няўжо нельга жыць вольна, сваёй творчасцю, самастойнымі згуртаваннямі, жыць песнямі вольных вятроў на сваёй зямлі, любіць паганскіх багоў, адчуваць іх дыханне у сваёй вольнасці, а не прасіць павагі у кагосьці. smile
Наконт "Жыве Беларусь пад сцягам Хрыста", Вы упэўнены, што гэта сцяг Хрыста? Мне здаецца, што няма нічога агульнага ў гэтага сцяга і Хрыста, а наадварот ён падкрэслівае паганскія нашы карані, а паганства і хрысціянства рэчы некалькі несумяшчальныя, адно супярэчыць другому. Тое ж і з мовай, у ёй гучыць напеў вольнасці, подых сонца...smile

Адрэдагавана Д. Ню. (2008-02-29 11:15:08)

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson