Форум за Незалежнасьць

Форум за Незалежнасьць яднае аматараў і экспэртаў у справе выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці. Форум мадэруе Інстытут Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі.

Вы не ўвайшлі.

#1 2008-02-25 12:50:17

admin
Вядоўца
Зарэгістраваны: 2008-01-24
Паведамленьняў: 87

Пятро Садоўскі. Эўрапейская “паліткарэктнасьць”: урокі для Беларусі

У школах Эўразьвязу няма, як у нас,  строга сфармуляванага курсу дзяржаўнай ідэалёгіі. Кожная ўзроставая група мае свой падручнік па гісторыі і грамадазнаўству, які можа называцца “Палітыка” ці як-небудзь інакш, аднак дыдактычна матэрыял пабудаваны так, што вучні маюць магчымасьць (і абавязаны!) шукаць альтэрнатыўныя варыянты адказаў і тлумачэньняў паводле праблемаў, закладзеных у тэкстах падручнікаў.

У публічным жыцьці сітуацыя выглядае трошкі інакш. Тут ужо існуе так званы прынцып паліткарэктнасьці, які паступова фармуецца ў працэсе зьменаў у грамадзстве.  Незалежна ад партыйнай прыналежнасьці публічная асоба прытрымліваецца няпісаных правілаў, што базуюцца на лібералізме, павазе да правоў асобы і законапаслухмянасьці. Напрыклад, дэпутат Бундэстагу ў ФРГ, які выступае за вельмі жорсткі варыянт закону аб імігрантах, публічна ня будзе аспрэчваць рашэньне Канстытуцыйнага суду, які дазволіў мусульманскаму мясьніку рэзаць жывёлу без папярэдняга усыпленьня. Тут правы мусульманіна як асобы на свабодную рэалізацыю веравызнаньня (мусульманін ня можа есьці “крывавага” нячыстага мяса) атрымалі прыярытэт перад палажэньнямі закону, які забараняе мучыць жывёлаў. Гэдак жа некарэктна, напрыклад, публічна сумнявацца ў выключнасьці халякосту, шукаць станоўчае ў дзеяньнях Гітлера, шальмаваць і нават выказвацца іранічна пра іншыя этнасы і нацыі, зьдзеквацца з прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі і г. д.

У розных краінах ЭЗ паліткарэктнасьць, асабліва ў адносінах да ўласнай нацыі, значна адрозьніваецца. Французы працягваюць любіць сябе як Grande Nation, што закладзена яшчэ Напалеонам. Палякі не забываюцца на свае пакутніцкія гістарычныя міты і гераізм, англічане пры ўсёй іхнай адкрытасьці сьвету і моры імігрантаў застаюцца ў значнай ступені герметычнымі брытанцамі…  У немцаў, якія законапаслухмяна штодзень памятаюць пра сваю калектыўную адказнасьць за злачынствы нацыянал-сацыялізму афіцыйная паліткарэктнасьць, спраецыраваная на ўласную нацыю, выклікае часам зьдзіўленьне і трывогу. Так здаецца мне, прафэсыйнаму германісту.

Як першаму амбасадару РБ у ФРГ і даўняму сябру Інстытуту імя Георга Экерта ў Браўншвайгу, што займаецца “міжнародным дасьледаваньнем падручнікаў” (Georg Eckert-Institut für internаtionale Schulbuchforschung), давялося мне нядаўна браць удзел у подыумнай дыскусіі ў Берліне на тэму “Агульны эўрапейскі падручнік гісторыі як інструмэнт інтэграцыі”. Маё амплюа: гаспадары хацелі пачуць думку прадстаўніка краіны, якая ня зьведала “постнацыянальнай” гісторыі і фактычна ў фазе недабудаванай нацыі ўступіла ў перыяд “каляніяльнага мультыкультуралізму”. Дыскусія выглядала як шоў: на сцэне чатыры  рэферэнты і мадэратар, у зале – 70-80 асобаў, -- гісторыкі, педагогі, журналісты. Кожны з чатырох выступоўцаў меў да 10 хвілінаў на маналёг, а потым – адказы на пытаньні з залы. Зь нямецкага боку: два вядомыя тытуляваныя гісторыкі, колішнія ініцыятары “спрэчкі нямецкіх гісторыкаў” 1986 г. пра “гістарыязацыю” нацыянал-сацыялізму, выдавец сумеснага французска-нямецкага падручніка гісторыі для старэйшых клясаў “Эўропа пасьля 1945 году” (абсалютна адэкватны тэкст на абедзьвюх мовах і дадаткі на DVD),  міністар адукацыі Зямлі Заксэн-Ангальт і дырэктарка Інстытуту імя Г. Экерта, паміж іншым аўтарка навуковага бэстсэлеру пра гісторыю эўрапейскіх габрэяў.

Дыскусія пакінула абсалютна унікальнае уражаньне: паліткарэктныя выступоўцы на сцэне і шмат “непаліткарэктных” пытаньняў з залы. Прадметам абмеркаваньня быў зьмест магчымага агульнаэўрапейскага падручніка гісторыі і аналіз ужо ўзгаданага французска-нямецкага пра пасьляваенную Эўропу, -- наколькі кніжная мадэль эўрапейскага грамадзства адпавядае рэальнаму стану рэчаў і разуменьню большасьці ягоных чальцоў?

Нешта “вісела ў паветры”, адчувалася, што існуе пэўная напруга паміж заляй  і рэферэнтамі, якія занадта акуратна падбіралі словы. І рэфэрэнты і прысутныя гаварылі пра сучасную постнацыянальную эўрапейскую ідэнтычнасьць, мусульманізацыю Эўропы (“паралельныя грамадствы” і разбурэньне карэннага этнасу), магчымасьці тыпалягізацыі фэномэну нацыянал-сацыялізму (“гістарыязацыя” супраць “паталягічнага” падыходу), спрачаліся пра мультыкультуралізм і “вызначальную нацыянальную” культуру, нацыянальны і “канстытуцыйны” патрыятызм, “пазітыўную дыскрымінацыю” імігрантаў (дзяржаўныя праграмы інтэграцыі), цытавалі сучасных палітыкаў і філёзафаў, прыводзілі трывожную статыстыку…  Было цікава разумець, што мы ў сябе ў Беларусі маем паводле тэрміналягічных фармулёвак тыя ж праблемы, толькі з іншым гістарычным зьместам ды іншымі акторамі ў сучаснасьці.

Прыгадаю некаторыя пасажы і лічбы, што прагучалі ў той вечар у прадстаўніцтве Зямлі Заксэн-Ангальт на Люізэн-Штрасэ, што недалёка ад Брандэнбургскай брамы, падчас афіцыйных спрэчак і “small talks” на сяброўскім прыёме.

Паводле Infografik 2006 у вялікіх гарадах ФРГ 40% жыхароў узростам да 25 гадоў маюць імігранцкае паходжаньне;

У раёне Берлін-Нойкёльн нямецкай сталіцы ёсьць 4 школы, дзе няма ніводнага нямецкага дзіцяці;

Паводле прынцыпу паліткарэктнасьці ў дзржаўнай інфармацыйнай службе ARD мелі месца выпадкі, калі пры найме на працу аддавалася перавага журналістам імігранцкага паходжаньня;

“Адрозьненьне аўтахтоннай большасьці і прышлай меншасьці, размовы пра вядучую нацыянальную культуру – абсалютныя анахранізмы, таму што Германія стала краінай імігрантаў” (цытата з газэтнага выступу дэпутаткі Бундэстагу Лалы Агкюн, нар. 1951 у Стамбуле, грамадзянкі ФРГ з 1981 г.);

“Тыя гісторыкі, якія спрабуюць зьмясьціць галякост у адзін шэраг з генацыдам армянаў, полпотаўскім людажэрствам, зьнішчэньнем усходніх славянаў, сталінскім клясава-нацыянальным генацыдам і г. д., сасьлізгваюцца ў гістарычны рэлятывізм і становяцца ўскоснымі саюзьнікамі новых правых радыкалаў…”;

“Пасьля краху нацыянал-сацыялізму у Германіі ўзнікла нешта новае. Германія пазбавілася ад сваёй старой ідэнтычнасьці, парвала зь мінулым. Але сярод усіх эўрапейскіх народаў яна стала нацыяй без нацыянальнай сьвядомасьці. Яна перамалола сябе бязьмежнай крытыкай…” (узгадка пра інтэрвію з унукам Томаса Мана);

“Ці можна назваць карэктным шальмаваньне лібэральнымі журналістамі рэмэйкаў  мастацкіх твораў, прысьвечаных гістарычнай патрыятычнай тэматыцы, напрыклад, пастаноўкі оперы “Германія” італьянца Альбэрто Франчэці або твораў Вагнэра ў інтэрпрэтацыі Бэрлінскага сімфанічнага аркестру?” (пытаньне музычнага аглядальніка);

“Нацыя ў традыцыйным разуменьні зьнікла… Міт пра яе падаграваецца толькі ў сродках масавай інфармацыі як карысьлівы гістэрычны самагіпноз…Нацыі – гэта палітычныя парадкі генэтычнага кшталту. У сучасным сьвеце ўсё ўласнае з паходжаньня адступае ў другі шэраг, каб даць месца адносінам абмену з сучасным і чужым. Гэта прывядзе ў трэцім тысячагодзьдзі да зьнікненьня традыцыйных нацыяў. Іхныя прадстаўнікі павінныя будуць прыняць рэчаіснасьць, дзе чужыя жывыя будуць важнейшыя за ўласных мёртвых…”

(кампіляваны пераказ з эсэ Петэра Сьлётэрдайка – “Добрая нагода быць разам “ і “Расповяд пра ўласную краіну”). Peter Sloterdijk (нар. 1947) – знакаміты нямецкі філёзаф, культуроляг і эсэіст, рэктар Акадэміі дызайну ў Карлсруэ (ФРГ), прафэсар Венскага унівэрсытэту, дзіця немкі і галяндца, што “нарадзілася ў віхуры пасьляваеннай Эўропы і ня зьведала бацькоўскага ўплыву” (з аўтабіяграфічнага). Вучыўся ў Гамбургу і Мюнхене, працаваў гасьцявым прафэсарам у Францыі і ЗША. Магістэрская праца – “Структуралізм як паэтычная герменэўтыка”. Найбольш цытаваная праца – “Крытыка цынічнага розуму”.

Offline

 

#2 2008-05-05 11:48:08

czalex
Удзельнік
Зарэгістраваны: 2008-05-05
Паведамленьняў: 2

Re: Пятро Садоўскі. Эўрапейская “паліткарэктнасьць”: урокі для Беларусі

Вельмі і вельмі важная тэма. Беларускай (контар)эліце трэба, назіраючы за працэсамі ў Заходняй Эўропе, ужо загадзя "отделять зёрна от плевел", вучыцца, што з заходнеэўрапейскай паліткарэктнай культуры і эканомікі прымальна, а што - не. Каб у той момант, калі зробіцца актуальным пытаньне пра тое, што ўспрымаць, а што не ўспрымаць ад суседзяў, ведаць на гэтае пытаньне адказ.

Вельмі важна не засярэджвацца на змаганьні зь бяскрыўднымі праявамі (як талерацыя да сэксуальных і нацыянальных меншасьцяў, тэндэнцыя да легалізацыі наркотыкаў), але бачыць сапраўдныя небясьпекі, як "пазытыўная дыскрымінацыя", талерацыя да татлітарнага ісьляму (усё ж недапушчальнасьць зьдзеку з жывёлаў вышэй за асабістыя ідэалягічныя ці рэлігійныя забабоны канкрэтнага чалавека ці іхнай групы), паразытарная "сацыяльная" эканоміка (якая не матывуе імігрантаў да інтэграцыі, а сацыяльныя нізы - да канструктыўнай стваральнай працы: нашто працаваць, калі і на датацыі жыць можна?)

Offline

 

Board footer

Powered by PunBB
© Copyright 2002–2005 Rickard Andersson